У адказ на ўварванне Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 году кіраўніцтва Еўрапейскага саюзу і лідары краін ЕС адразу ж і рашуча асудзілі расійскую агрэсію і парушэнне нормаў міжнароднага права. ЕС патрабуе, каб Расія неадкладна спыніла ваенныя дзеянні, без аніякіх умоваў вывела ўсе сілы і ваенную тэхніку з усёй тэрыторыі Украіны. ЕС таксама настойвае, каб Расія паважала тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны. ЕС дэманструе еднасць у сваёй непахіснай падтрымцы Украіны і аказвае палітычную, гуманітарную, фінансавую і ваенную падтрымку гэтай краіне.
Ад пачатку расійскай агрэсіі ЕС і яго фінансавыя інстытуты змабілізавалі каля 104,6 млрд еўра для падтрымкі агульнай эканамічнай, сацыяльнай і фінансавай устойлівасці Украіны ў форме макрафінансавай дапамогі, бюджэтнай падтрымкі, надзвычайнай дапамогі, антыкрызіснага рэагавання і гуманітарнай дапамогі.
Акрамя таго, ваенная дапамога складае каля 75,2 млрд еўра, у выніку чаго агульная падтрымка Украіне перавышае 180 млрд еўра. Разам з рэсурсамі, выдзеленымі, каб дапамагчы дзяржавам-членам падтрымаць украінцаў, якія ўцякаюць ад вайны ў краіны ЕС, сумарная падтрымка Украіне і ўкраінцам складае 200,6 млрд еўра.
Упершыню ў сваёй гісторыі ЕС таксама прафінансуе закупку і дастаўку зброі і іншага ваеннага абсталявання ў краіну, якая не з’яўляецца членам ЕС. У той жа час ЕС увёў беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць Крамля і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
Санкцыі супраць Расіі – найбуйнейшыя ў гісторыі Еўрапейскага саюзу. Іх задача – нанесці цяжкі ўдар па расійскай эканоміцы і Крамлю.
Разам з партнёрамі і саюзнікамі (НАТА, Вялікай сямёркай, ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай, Нарвегіяй, Паўднёвай Карэяй, Японіяй і Аўстраліяй) ЕС ужо ўзгадніў некалькі пакетаў санкцыяў: спачатку 23 лютага 2022 г. у адказ на прызнанне Расіяй тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласцей, некантраляваных урадам Украіны, а пасля былі прынятыя 20 пакетаў санкцыяў з моманту агрэсіі, з іх – 24 лютага ў адказ на ўварванне Расіі ва Украіну, а потым – адпаведна 26 лютага і 28 лютага, 15 сакавіка, 8 красавіка, 30 траўня, 21 ліпеня, 6 кастрычніка, 16 снежня 2022 г., 23 лютага, 23 чэрвеня, 18 снежня 2023 г., 23 лютага, 24 чэрвеня, 16 снежня 2024 г., 24 лютага, 20 траўня, 18 ліпеня і 23 кастрычніка 2025 г., 23 красавіка 2026 г.
Фінансавы сектар
ЕС адключыў ключавыя расійскія банкі ад SWIFT, галоўнай міжнароднай сістэмы перадачы фінансавай інфармацыі і ажыццяўлення плацяжоў. Спачатку, 2 сакавіка, была адключанай першая група банкаў, а 3 чэрвеня 2022 году да іх дадаліся яшчэ тры расійскія крэдытныя ўстановы, у тым ліку найбуйнейшы банк краіны Сбербанк. У наступных пакетах санкцыяў пад санкцыі патрапілі дадатковыя банкі, у выніку чаго пасля зацвярджэння 19-га пакета ў кастрычніку 2025 г. агулам 50 банкаў падлягаюць поўнай забароне на транзакцыі.
Адключэнне Расіі ад SWIFT мае спрычыніцца да сур’ёзных праблемаў у яе эканоміцы, паколькі гэта сур’ёзна абмяжоўвае доступ краіны да сусветных фінансавых рынкаў і ўскладняе аплату імпартных тавараў або атрыманне плацяжоў за іх экспарт для расійскіх фірмаў і прыватных асобаў.
ЕС таксама ўвёў санкцыі супраць Цэнтральнага банку Расіі – найважнейшага фінансавага інстытуту краіны. Гэтыя захады паралізуюць мільярдныя золатавалютныя рэзервы Расіі, якія захоўваюцца за мяжой, і патэнцыйна перакрыюць фінансаванне пуцінскаму рэжыму: грошай на вайну ў яго будзе значна менш.
Новыя санкцыі ЕС абмяжоўваюць для Расіі доступ да важнейшых рынкаў капіталу. Яны забараняюць любыя аперацыі з акцыямі расійскіх дзяржаўных прадпрыемстваў на гандлёвых пляцоўках ЕС. Акрамя таго, новыя захады значна абмяжоўваюць фінансавыя плыні з Расіі ў ЕС: яны тычацца ўкладаў ад расійскіх грамадзянаў і рэзідэнтаў Расіі, рахункаў расійскіх кліентаў у цэнтральных дэпазітарыях каштоўных папераў ЕС, а таксама продаж расійскім кліентам каштоўных папераў, дэнамінаваных ў еўра. Санкцыі таксама тычацца крыптавалютаў.
ЕС таксама забараніў прадстаўленне любых паслугаў па ацэнцы крэдытаздольнасці, а таксама доступ да любых падпісных паслугаў, звязаных з дзейнасцю па ацэнцы крэдытаздольнасці, любой расійскай фізічнай або юрыдычнай асобе. Гэта азначае, што яны страцяць яшчэ большы доступ да фінансавых рынкаў ЕС.
3 чэрвеня 2022 г. ЕС таксама прыняў рашэнне забараніць аказанне ўраду Расіі, а таксама юрыдычным асобам, арганізацыям або ведамствам, створаным у Расіі, шэрагу бізнес-паслугаў, такіх як бухгалтарскі ўлік, аўдыт, абавязковы аўдыт, бухгалтарскія і падатковыя кансультацыі, бізнес- і ўпраўленчы кансалтынг, а таксама паслугі па сувязях з грамадскасцю.
24 чэрвеня 2024 г. ЕС таксама вырашыў забараніць выкарыстанне “Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банку Расіі” (SPFS), спецыялізаванага сэрвісу абмену фінансавымі паведамленнямі, распрацаванага Цэнтрабанкам Расіі для нейтралізацыі эфекту ад санкцыяў. Юрасобам ЕС, якія працуюць за межамі Расіі, будзе забаронена падлучацца да SPFS або эквівалентных спецыялізаваных службаў абмену фінансавымі паведамленнямі.
Гэтыя санкцыі закранулі 70% расійскага банкаўскага рынку, а таксама ключавыя дзяржаўныя кампаніі, у тым ліку ў сферы абароны. Праз іх вырастае кошт расійскіх пазыкаў, інфляцыя набірае абароты і паступова руйнуецца прамысловая база Расіі. Акрамя таго, расійская эліта больш не зможа хаваць свае банкаўскія рахункі і маёмасць у Еўропе.
Паветраная прастора і транспарт
Еўрапейскі саюз закрыў сваю паветраную прастору для ўсіх самалётаў, што належаць або зарэгістраваныя ў Расіі, у тым ліку для прыватных самалётаў. Яны больш не змогуць прызямляцца або ўзлятаць з аэрапортаў ЕС або пралятаць над тэрыторыяй ЕС.
8 красавіка 2022 г. ЕС увёў забарону заходзіць у парты ЕС судам пад расійскім сцягам, а таксама забарону на дзейнасць расійскіх і беларускіх транспартных прадпрыемстваў, якія працуюць у ЕС. Некаторыя выключэнні зробленыя для шэрагу тавараў першай неабходнасці, такіх як сельскагаспадарчыя і харчовыя тавары, гуманітарная дапамога, а таксама энергетыка.
ЕС таксама ўвёў захады “ценявога флоту” расійскіх танкераў, што перавозяць звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) праз Еўропу ў абыход санкцыяў. Агульная колькасць закранутых суднаў, у дачыненні да якіх дзейнічае забарона на доступ у порты і на аказанне шырокага спектру паслугаў, звязаных з марскім транспартам, на сённяшні дзень складае 557.
ЕС таксама ўвёў забарону на экспарт тавараў і тэхналогіяў у авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці і на прадстаўленне паслугаў страхавання і тэхнічнага абслугоўвання ў гэтай сферы. Гэтыя санкцыі будуць вельмі эфектыўнымі, паколькі тры чвэрці цяперашняга камерцыйнага авіяпарку Расіі былі пабудаваныя ў ЕС, ЗША і Канадзе.
Энергетыка
30 траўня 2022 году ЕС увёў эмбарга на пастаўкі расійскай нафты. Аператарам ЕС таксама забаронена страхаваць і фінансаваць транспарціроўку, у прыватнасці па марскіх маршрутах, расійскай нафты ў трэція краіны.
ЕС таксама забараніў продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Расію пэўных тавараў і тэхналогіяў у галіне нафтаперапрацоўкі, а таксама ўвёў абмежаванні на прадстаўленне адпаведных паслугаў.
З дапамогай забароны на экспарт ЕС наносіць удар па расійскім нафтавым сектары і зробіць немагчымай мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі.
У пятым пакеце санкцыяў ад 8 красавіка 2022 году ўводзіцца забарона на імпарт усіх відаў расійскага вугалю. Гэта закранае чацвёртую частку ўсяго расійскага экспарту вугалю, што азначае каля 8 мільярдаў еўра на год страчаных даходаў для Расіі.
Восьмы пакет, прыняты 6 кастрычніка 2022 году, уводзіць у заканадаўства ЕС аснову для ўвядзення ліміту цэнаў на транспартаванне морам расійскай нафты ў трэція краіны і для далейшых абмежаванняў на транспартаванне морам сырой нафты і нафтапрадуктаў у трэція краіны.
ЕС таксама ўвёў санкцыі супраць “ценевага флоту”, які Расія выкарыстоўвае для абыходу цэнавых абмежаванняз. Усяго 632 суднаў падпадаюць пад забарону на доступ у порты і забарону на аказанне шырокага спектру паслугаў, звязаных з марскім транспартам.
Тэхналогіі
ЕС увёў абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогіяў двайнога прызначэння. Пад санкцыі таксама падпаў экспарт некаторых тавараў і тэхналогіяў, якія могуць спрыяць тэхналагічнаму ўдасканаленню расійскага сектару абароны і бяспекі. Сюды ўваходзяць такія тавары, як паўправаднікі або перадавыя тэхналогіі, а таксама авіяпаліва і
паліўныя дабаўкі, якія могуць выкарыстоўвацца расейскай арміяй.
9 сакавіка 2022 году ЕС увёў дадатковыя абмежаванні на экспарт тэхналогіяў марской навігацыі і радыёсувязі, дадаў расійскі марскі рэгістр суднаходства ў спіс дзяржаўных прадпрыемстваў, на якія распаўсюджваюцца абмежаванні фінансавання, і ўвёў палажэнне аб папярэднім абмене інфармацыяй адносна экспарту абсталявання марской бяспекі.
8 красавіка ЕС увёў далейшую мэтавую забарону на экспарт у тых сферах, у якіх Расія ўразлівая праз высокую залежнасць ад паставак з ЕС. Гэта тычыцца квантавых камп’ютараў, перадавых паўправаднікоў, сенсарных апаратаў, транспартных машынаў і хімічных рэчываў. Забарона таксама закранае спецыяльныя каталізатары, што выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай прамысловасці.
3 чэрвеня ЕС пашырыў свой спіс абмежаванняў экспарту, дадаўшы ў яго хімічныя рэчывы, якія могуць быць выкарыстаныя ў працэсе вытворчасці хімічнай зброі.
Спіс забароненых тавараў быў пашыраны 6 кастрычніка. Туды дадалі пэўныя электронныя кампаненты, дадатковыя хімічныя рэчывы і тавары, якія могуць быць выкарыстаныя для смяротнага пакарання, катаванняў або іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання. Восьмы пакет санкцыяў таксама забараняе продаж, пастаўку, перадачу або экспарт цывільнай агнястрэльнай зброі і яго асноўных кампанентаў і боепрыпасаў, ваенных транспартных сродкаў і абсталявання, напаўваеннага рыштунку і запасных частак.
Дзевяты пакет санкцыяў, зацверджаны 16 снежня 2022 году, дадаў забарону на экспарт рухавікоў для беспілотнікаў, камуфляжнага рыштунку, дадатковага хімічнага/біялагічнага абсталявання, сродкаў барацьбы з масавымі беспарадкамі і дадатковых электронных кампанентаў, знойдзеных у расійскіх ваенных сістэмах на полі бою, а таксама дадатковых прамысловых тавараў і тэхналогіяў, такія як цацкі/дроны для хобі, складаныя генератары, партатыўныя камп’ютары і камп’ютарныя кампаненты, друкаваныя схемы, сістэмы радыёнавігацыі, апараты радыёдыстанцыйнага кіравання, авіяцыйныя рухавікі і іх кампаненты, камеры і аб’ектывы.
23 лютага 2024 года ЕС увёў дадатковыя забароны на экспарт кампанентаў для беспілотнікаў.
Прамысловасць
15 сакавіка 2022 году ЕС увёў абмежаванні на гандаль чыгуну і сталі, што азначае страту Расіяй экспартнай выручкі прыкладна ў 3,3 мільярды еўра.
Гандаль
ЕС разам з іншымі членамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) 15 сакавіка 2022 году вырашыў адмяніць для расійскіх тавараў і паслугаў рэжым найбольшага спрыяння на рынках ЕС. Гэта адбылося ў працяг заявы членаў Вялікай сямёркі ад 11 сакавіка. Гэта азначае скасаванне значных прэферэнцыяў, якімі карыстаецца Расія як член СГА.
ЕС таксама ўвёў забароны на імпарт цэменту, гумовых вырабаў, драўніны, моцных спіртных напояў (у тым ліку гарэлкі), лікёра-гарэлачных вырабаў і высакаякасных морапрадуктаў (у тым ліку ікры). 21 ліпеня была дададзенай забарона на імпарт золата расійскага паходжання. Гандлёвыя абмежаванні былі пашыраныя 6 кастрычніка і ахопліваюць машыны і прылады, пластмасы, транспартныя сродкі, тэкстыль, абутак, скуру, кераміку, некаторыя хімічныя прадукты, драўняную масу і паперу, цыгарэты, касметыку, а таксама элементы, якія выкарыстоўваюцца ў ювелірнай прамысловасці, такія як камяні і каштоўныя металы, якія прыносяць значныя даходы Расіі. 18 снежня 2023 г. у рамках 12-га пакету санкцыяў ЕС таксама ўвёў забарону на імпарт расійскіх алмазаў.
СМІ
Еўрапейскі саюз прыпыніў вяшчальную дзейнасць на сваёй тэрыторыі агенцтва “Спутнік” і “RT/Russia Today”, а таксама каналаў “Расія РТР”/”РТР Планета”, “Расія 24” і “ТВ Цэнтр-International”, якія з’яўляюцца галоўнымі інструментамі прапаганды ў падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіну і распаўсюду дэзынфармацыі сярод насельніцтва Ўкраіны і дзяржаваў-членаў ЕС. У выніку 9 пакету санкцыяў, НТВ, Первый канал, Расія 1 і REN TV былі дададзеныя да санкцыйнага спісу СМІ.
Гэтая мера будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль не спыніцца агрэсія супраць Украіны і пакуль Расія і звязаныя з ёй СМІ не спыняць праводзіць акцыі дэзынфармацыі супраць ЕС і краінаў, якія ўваходзяць у ЕС.
Cанкцыі
Абмежавальныя захады цяпер прымяняюцца сукупна ў дачыненні да больш за 2400 фізічных і юрыдычных асобаў: яны тычацца замарожванне актываў і забароны на прадстаўленне сродкаў. Акрамя таго, асобы, якія трапілі пад санкцыі, не змогуць уязджаць у ЕС або вандраваць транзітам праз яго.
У спіс трапілі прэзідэнт і міністр замежных справаў, а таксама члены Савета бяспекі Расіі, якія падтрымалі прызнанне Расіяй двух непадкантрольных Украіне тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласцей, усе члены Дзяржаўнай Думы Расіі, якія ратыфікавалі рашэнне ўраду адносна заключэння Дамовы пра сяброўства, супрацоўніцтва і ўзаемную дапамога паміж Расіяй і гэтымі двума ўтварэннямі. Сюды таксама ўваходзяць алігархі і бізнесмены, якія працуюць у нафтавым, банкаўскім і фінансавым сектарах, металургічнай, фармацэўтычнай, тэлекамунікацыйнай і лічбавай прамысловасцях і сельскай гаспадарцы, а таксама члены ўраду, высокапастаўленыя ваенныя чыноўнікі і вышэйшыя вайсковыя афіцэры, датычныя да зверстваў ва Украіне, а таксама прапагандысты. Усе яны спрыялі распаўсюджванню антыўкраінскай прапаганды і фармаванню пазітыўнага стаўлення расійцаў да ўварвання ва Украіну. Ад 6 кастрычніка спіс пашырыўся на асобаў, датычных да расійскай акупацыі, незаконнай анексіі і фіктыўных “рэферэндумаў” на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцёў.
ЕС таксама вырашыў забараніць усе аперацыі з шэрагам дзяржаўных прадпрыемстваў у розных сектарах ваенна-прамысловага комплексу Крамля, і 6 кастрычніка забараніў грамадзянам ЕС займаць якія-небудзь пасады ў кіроўных органах расійскіх дзяржаўных або кантраляваных дзяржавай юрыдычных асобаў, кампаніяў або арганізацыяў.
Акрамя таго, расійскія ўладальнікі дыпламатычных пашпартоў больш не змогуць ездзіць у ЕС без візы, а расійскія дзяржслужбоўцы і бізнесмены – не атрымаюць ільготы ў выглядзе больш нізкага візавага збору пры падачы анкеты на атрыманне візы. Аднак гэта рашэнне не закране звычайных расійскіх грамадзянаў.
ЕС таксама абмяжоўвае выдачу так званых “залатых пашпартоў”, якія дазваляюць заможным расійцам станавіцца грамадзянамі ЕС і ўвёў забарону на экспарт з ЕС прадметаў раскошы (напрыклад, аўтамабіляў класу люкс, ювелірных вырабаў і г.д.), што наўпрост ударыць па расійскай эліце.
Апошнія навіны пра санкцыі можна знайсці на нашай старонцы #StandWithUkraine і на старонцы Еўрапейскай камісіі “Салідарнасць ЕС з Украінай” (EU Solidarity with Ukraine).
Рэжым Лукашэнкі ў Беларусі падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны: дазваляе Расіі запускаць балістычныя ракеты з беларускай тэрыторыі, забяспечвае транспартаванне расійскага ваеннага персаналу і цяжкага ўзбраення, танкаў і ваенных транспарцёраў, адкрывае расійскім ваенным самалётам беларускае неба для баявых вылятаў ва Украіну, дае пункты дазапраўкі і захоўвае расійскую зброю і ваеннае абсталяванне на сваёй тэрыторыі.
У адказ на гэта ЕС увёў санкцыі супраць асобаў у Беларусі, якія ўдзельнічаюць ва ўварванні ва Украіну, і абмежаваў гандаль у шэрагу ключавых сектараў.
Абмежавальныя меры былі ўведзеныя супраць шэрагу высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў за іх ролю ў вайне. Гэтыя санкцыі ўключаюць у сябе замарожванне актываў і забарону на паездкі.
Акрамя таго, ЕС увёў абмежаванні на гандаль таварамі, неабходнымі для вытворчасці тытунёвых вырабаў, мінеральнага паліва, будаўнічых матэрыялаў, угнаенняў і інш. Таксама ёсць абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогіяў двайнога прызначэння і некаторых стратэгічна важных тавараў і тэхналогіяў для ваеннага сектару, сектару абароны і бяспекі Беларусі. Нельга таксама прадстаўляць паслугі, звязаныя з санкцыйнымі таварамі і тэхналогіямі.
9 сакавіка 2022 году ЕС прыняў рашэнне пра адключэнне ад SWIFT трох беларускіх банкаў – Белаграпрамбанку, Банку “Дабрабыт” і Банку развіцця Рэспублікі Беларусь, да якіх 3 чэрвеня быў дададзены Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”. Таксама забароненыя трансакцыі з Нацыянальным банкам Беларусі, звязаныя з кіраваннем рэзервамі або актывамі, а таксама прадастаўленнем дзяржаўнага фінансавання гандлю і інвестыцыяў у Беларусь.
3 жніўня 2023 года ЕС увёў шэраг дадатковых абмежавальных захадаў, каб прывесці санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў адпаведнасць з рэжымам санкцыяў у дачыненні да Расіі. Сярод іх забарона на экспарт тавараў і тэхналогіяў, прызначаных для выкарыстання ў авіяцыі і касмічнай прамысловасці, у тым ліку авіярухавікоў і беспілотнікаў; забарона продажу, пастаўкі, перадачы або экспарту агнястрэльнай зброі, яе частак і асноўных кампанентаў і боепрыпасаў; далейшае абмежаванне экспарту тавараў, якія выкарыстоўваюцца Расіяй для яе агрэсіўнай вайны супраць Украіны, у тым ліку паўправадніковых прыладаў, электронных інтэгральных схемаў, вытворчага і выпрабавальнага абсталявання, фотакамераў і аптычных кампанентаў; і пашыраная забарона на экспарт тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння.
ЕС таксама ўвёў санкцыі яшчэ супраць 38 фізічных і 3 юрыдычных асобаў з Беларусі, якія нясуць адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, спрыяюць рэпрэсіям супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, а таксама ў дачыненні да тых, хто атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго. Агулам абмежавальныя захады ЕС у дачыненні да Беларусі цяпер распаўсюджваюцца на 310 фізічных і 46 юрыдычных асобаў.
Даведацца больш пра санкцыі ЕС супраць Беларусі.
Як сказаў Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль, “адпала яшчэ адно табу”: упершыню ў сваёй гісторыі ЕС пастаўляе смяротную зброю трэцяй краіне.
22 лютага 2022 г. ЕС першапачаткова пагадзіўся мабілізаваць 500 мільёнаў еўра з Еўрапейскага фонду міру, каб прафінансаваць пастаўкі смяротнага і несмяротнага ўзбраення для ўкраінскай арміі. Да гэтай сумы ў далейшым былі дададзеныя новыя траншы; агульная сума роўная 11,1 мільярды еўра.
Размова ідзе пра фінансаванне паставак дзяржавамі-членамі ЕС тэхнікі і матэрыялаў для ўзброеных сілаў Украіны, у тым ліку сродкаў індывідуальнай абароны, аптэчак першай дапамогі і паліва, а таксама вайсковага ўзбраення і платформаў, прызначаных для запуску смяротнай зброі ў абарончых мэтах. Акрамя таго, 17 кастрычніка 2022 году ЕС узгадніў стварэнне двухгадовай місіі ваеннай дапамогі ў падтрымку Украіны (EUMAM Ukraine), якая забяспечыць падрыхтоўку ўкраінскіх узброеных сілаў, а таксама каардынацыю і сінхранізацыю ўласнай вучэбнай падтрымкі Украіны з боку дзяржаваў-членаў ЕС. Бюджэт міссіі – 362 мільёны еўра, у рамках яе навучанне прайшлі больш за 90 000 украінскіх вайскоўцаў.
Сумарна, ваенная падтрымка з боку ЕС Украіне, прадстаўленая ў рамках Еўрапейскага фонду міру і непасрэдна дзяржавамі-членамі, складае каля 75,2 млрд еўра.
Больш за 1,4 млрд еўра былі выдзеленымі на праекты гуманітарнай дапамогі для цывільнага насельніцтва, што пацярпела ад вайны ва Украіне.
Камісія таксама каардынуе дастаўку матэрыяльнай дапамогі ва Украіну праз Механізм грамадзянскай абароны ЕС. Да гэтага самага буйнога задзейнічання Механізму далучыліся ўсе 27 дзяржаваў ЕС, а таксама Нарвегія, Турцыя, Паўночная Македонія, Ісландыя і Сербія. Дапамога налічвае ў тым ліку больш за 157 000 тон рэчавай дапамогі, такіх як аптэчкі першай неабходнасці, абсталяванне для прытулкаў, супрацьпажарнае абсталяванне, вадзяныя помпы, электрагенератары і паліва. ЕС працягвае атрымліваць новыя прапановы штодня.
Малдова таксама запусціла механізм падтрымкі ўкраінцаў, што прыбываюць у гэтую краіну. Аўстрыя, Францыя і Нідэрланды ўжо прапанавалі Малдове надзвычайную дапамогу – усё неабходнае для часовага размяшчэння людзей і медыцынскую дапамогу. 3 сакавіка 2022 г.ЕС абвясціў пра неадкладнае выдзяленне падтрымкі для Малдовы ў памеры 15 млн еўра і яшчэ 5 млн еўра у якасці садзейнічання грамадзянскай абароне.
ЕС аказвае шырокамаштабную падтрымку Украіне, каб дапамагчы ёй супрацьстаяць крызісу, у тым ліку экстранную макрафінансавую дапамогу ў памеры да 25,2 мільярдаў еўра ў выглядзе крэдытаў і дадатковыя 620 мільёнаў еўра ў якасці бюджэтнай падтрымкі Украіны.
Паколькі рост патрэбаў ідзе ў геаметрычнай прагрэсіі, далейшая дапамога скіроўваецца ва Украіну праз медыцынскія склады rescEU, размешчаныя ў Германіі, Венгрыі і Нідэрландах. З агульным сумай дапамогі больш за 127 мільёнаў еўра падтрымка праз rescEU ўключае апараты ШВЛ, інфузійныя помпы, маніторы пацыентаў, маскі і халаты, ультрагукавыя апараты і канцэнтратары кіслароду.
Апошнія навіны пра санкцыі можна знайсці на нашай старонцы #StandWithUkraine і на старонцы Еўрапейскай камісіі “Салідарнасць ЕС з Украінай” (EU Solidarity with Ukraine).
Паводле дадзеных агенцтва ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), ад пачатку вайны ў Еўропе зарэгістравана больш за шэсць мільёнаў бежанцаў з Украіны.
4 сакавіка 2022 году Рада ЕС аднагалосна пагадзілася актываваць Дырэктыву аб часовай абароне, каб хутка і эфектыўна дапамагаць людзям, якія ратуюцца ад вайны ва Украіне.
Гэта азначае, што бежанцам будзе прадстаўляцца часовая абарона на ўсёй тэрыторыі ЕС: яны атрымліваюць права жыць і працаваць у ЕС, доступ да жылля, сацыяльную, медыцынскую або іншую дапамогу і сродкі на пражыванне.
Часовая абарона для бежанцаў з Украіны адразу ж уступіла ў сілу і будзе дзейнічаць адзін год. Яе можна падаўжаць – у агульнай складанасці да трох гадоў – да таго часу, пакуль сітуацыя ва Украіне не палепшыцца настолькі, што людзі змогуць вярнуцца дадому.
Грамадзяне іншых краінаў і асобы без грамадзянства, што законна пражываюць ва Украіне і якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну або рэгіён паходжання (напрыклад, якія папрасілі прытулку або знаходзяцца пад міжнароднай абаронай і члены іх сем’яў), таксама атрымаюць абарону ў ЕС. Асобам, што знаходзяцца ва Украіне на законных падставах, прыехалі ў краіну на кароткі тэрмін і могуць вярнуцца ва Украіну без рызыкі для сябе, дазволена вярнуцца дадому транзітам праз ЕС.
ЕС таксама распарадзіўся спрасціць памежны кантроль для тых, хто бяжыць ад вайны, і адкрыць дадатковыя часовыя пункты перасячэння мяжы. Правілы ўезду становяцца больш гнуткімі: гэта тычыцца дакументаў, асабістых рэчаў і хатніх жывёлаў. Акрамя таго, спрашчаецца доступ выратавальных службаў і гуманітарнай дапамогі.
Адмысловая вэб-старонка ЕС змяшчае інфармацыю для бежанцаў, якія пакідаюць Украіну, з усёабдымнай інфармацыяй аб іхныя правах у ЕС, практычнымі парадамі і спасылкамі на наяўную падтрымку ў асобных дзяржавах-членах. Інфармацыя для людзей, якія ўцякаюць ад вайны ва Ўкраіне
Ад моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі Украіна атрымала падтрымку ў памерах не менш за 2 мільярды еўра на энергетычную бяспеку, у прыватнасці праз Фонд энергетычнай падтрымкі Украіны і Механізм грамадзянскай абароны ЕС.
У жніўні 2025 г. Еўрапейская камісія падпісала гарантыйнае пагадненне з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), якое дазволіць мабілізаваць 500 мільёнаў еўра на падтрымку энергетычнай бяспекі Украіны. Гэтае фінансаванне дапаможа папоўніць вычарпаныя газавыя запасы краіны пасля расійскіх удараў па аб’ектах здабычы і перапрацоўкі газу.
ЕС таксама выдзеліў каля 160 мільёнаў еўра на падтрымку энергетычнай бяспекі Украіны ў зімовы перыяд 2024-2025 гадоў.
Акрамя таго, каб зменшыць нагрузку на энергетычную сістэму краіны, ЕС паставіў Украіне больш за 11 500 генератараў і мільёны святлодыёдных лямпаў.
16 сакавіка 2022 году ўкраінскія электрасеткі – разам з электрасеткамі Малдовы – былі паспяхова сінхранізаваныя з еўрапейскімі кантынентальнымі сеткамі ў выніку паскарэння рэалізацыі праекту, пачатага ў 2017 годзе.Украіна адключыла свае электрасеткі ад расійскай сістэмы ў дзень уварвання.
23 чэрвеня 2022 году на сваім саміце лідары ЕС пагадзіліся надаць Украіне статус краіны-кандыдата ў адпаведнасці з рэкамендацыяй Еўракамісіі ад 17 чэрвеня. 14 снежня 2023 года лідары ЕС прынялі рашэнне пачаць перамовы пра ўступленне з Украінай, якія афіцыйна распачаліся 25 чэрвеня 2024 г. падчас міжурадавай канферэнцыі ў Люксембургу.
Зараз Украіне неабходна дасягнуць прагрэсу ў спаўненні ўмоваў, выкладзеных у Заключэнні Еўрапейскай камісіі адносна заяўкі Украіны, у тым ліку ў такіх сферах, як барацьба з карупцыяй і вяршэнства права. Еўрапейская камісія будзе адсочваць прагрэс Украіны ў выкананні гэтых крокаў і зробіць даклад пра іх восенню 2023 году ў рамках “пакету наконт пашырэння”. ЕС прыме рашэнне пра наступныя крокі, як толькі згаданыя ўмовы будуць цалкам споўненыя.Украіна афіцыйна падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз 28 лютага 2022 году. Праз тыдзень, 7 сакавіка, ЕС пагадзіўся пачаць разгляд заявак на ўступленне ад трох краінаў. Хоць гэты крок з’яўляецца тэхнічным, ён запускае працэс прызнання Украіны, Грузіі і Малдовы ў якасці краін-кандыдатаў.
8 красавіка 2022 году падчас візіту ў Кіеў Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен перадала прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму анкету, якая стане адпраўной кропкай для прыняцця ЕС рашэння пра сяброўства Украіны.
Анкета з’яўляецца афіцыйным дакументам, з дапамогай якога Еўрапейская камісія ацэньвае гатоўнасць краіны рухацца наперад у працэсе далучэння, а менавіта атрымаць статус краіны-кандыдата і пачаць перамовы пра далучэнне.
“Дзякуючы Пагадненню пра асацыяцыю, Украіна ўжо цесна далучаная да нашага Саюзу. Такім чынам, мы паскараем гэты працэс наколькі можам пры адначасовым спаўненні ўсіх умоваў”, — падкрэсліла фон дэр Ляен.
З моманту падпісання Пагаднення пра асацыяцыю ў 2014 годзе Украіна прыступіла да рэалізацыі амбітнай праграмы рэформаў. Яе задача – паскорыць эканамічны рост і палепшыць умовы жыцця грамадзянаў краіны. За гэты час ЕС і яго фінансавыя інстытуты мабілізавалі больш за 17 млрд еўра ў выглядзе грантаў і крэдытаў для падтрымкі рэформаў.
2-3 лютага 2023 году Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен наведала Кіеў ў суправаджэнні 15 еўракамісараў на першую ў гісторыі сустрэчу паміж Еўрапейскай камісіяй і ўрадам Украіны. На сустрэчы была абмяркоўвалася пытанне падтрымкі Украіны з боку ЕС у розных сферах, у тым ліку ў фінансавай, гуманітарнай, энергетычнай, бюджэтнай сферах, а таксама ў дыпламатычнай дзейнасці. Акрамя таго, на ёй былі разгледзеныя намаганні Украіны па рэформах, накіраваных на далейшы рух па шляху ў ЕС, і вызначаныя далейшыя крокі па ўмацаванні галіновага супрацоўніцтва.
3 сакавіка 2022 году Рэспубліка Малдова і Грузія таксама падалі афіцыйныя заяўкі на ўступленне ў Еўрапейскі саюз. 23 чэрвеня ЕС надаў Малдове статус краіны-кандыдата на сяброўства ў ЕС, а ў наступным годзе, 14 снежня 2023 года, надаў Грузіі статус краіны-кандыдата і прыняў рашэнне пачаць перамовы пра ўступленне з Малдовай. 25 чэрвеня 2024 году Рэспубліка Малдова афіцыйна распачала перамовы аб далучэнні да ЕС падчас міжурадавай канферэнцыі ў Люксембургу.
Апошнія навіны пра санкцыі можна знайсці на нашай старонцы, прысвечанай пашырэнню ЕС, і на старонцы Еўрапейскай камісіі “Салідарнасць ЕС з Украінай” (EU Solidarity with Ukraine).
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ЕС падкрэсліў сваю непахісную падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Малдова.
ЕС падкрэсліў сваю салідарнасць з Малдовай у сувязі з наплывам бежанцаў: больш за 750 000 бежанцаў прыбылі ў краіну і каля 102 000 усё яшчэ заставаліся на тэрыторыі Малдовы на пачатак 2023 году.
Еўрапейскі саюз выдзяліў 71 млн еўра на гуманітарныя мэты, каб падтрымаць бежанцаў і прымаючы бок у Малдове.
У лютым 2022 г. Малдова таксама звярнулася па дапамогу, каб справіцца з наплывам бежанцаў, ў рамках Механізму грамадзянскай абароны ЕС. На дадзены момант, 19 краінаў ЕС і Нарвегія аказалі экстранную дапамогу Малдове ў рамках згаданага Механізму. Яна ахоплівае пастаўкі абсталявання для часовых прытулкаў, медыцынскіх тавараў, электрагенератараў і іншых прадметаў першай неабходнасці.
Акрамя таго, ЕС абвясціў пра дапамогу ў сферы бяспекі і абароны. У Кішынёў была накіраваная місія экспертаў у сферы кібербяспекі, каб вызначыць канкрэтныя захады падтрымкі, якія можна рэалізаваць у самыя кароткія тэрміны. ЕС таксама прадставіць узброеным сілам Малдовы медыцынскае абсталяванне і іншую падтрымку, у тым ліку лагістычную, у выпадку крызісу.
ЕС таксама пагадзіўся як мага хутчэй падключыць электраэнергетычную сістэму Малдовы да энергасістэмы ЕС.
Аднак ЕС не абмяжоўваецца толькі экстранай дапамогай. Ужо запушчаны план эканамічнага аднаўлення на суму 600 млн еўра, а таксама інвестыцыйна-эканамічны план з пяццю флагманскімі ініцыятывамі для Малдовы на суму да 3,4 млрд еўра.
У лютым 2025 г. ЕС дамовіўся стварыць Механізм рэформ і росту для Рэспублікі Малдова, новы інструмент для падтрымкі рэформаў па інтэграцыі з ЕС, і эканамічнага росту ў краіне. Чакаецца, што ў перыяд з 2025 па 2027 гг. у рамках Механізму Малдове будуць выдзеленыя гранты на суму да 385 мільёнаў еўра і пазыкі на 1,5 мільярда еўра.
Іншыя інфармацыйныя кампаніі:
Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?
Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС"). Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пашырэнні і ўсходнім суседстве (DG ENEST)і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Праект "УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС" рэалізуюцца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.
Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,