Пашырэнне ЕС

Украіна, Малдова і Грузія

На дадзены момант Еўрапейскі саюз налічвае 27 дзяржаваў-членаў. Кожная еўрапейская дзяржава, якая хоча далучыцца, павінна быць гатовай да рэалізацыі палітыкі і заканадаўства ЕС. Умовы далучэння да ЕС вызначаюцца ў рамках перамоваў аб уступленні.

Кожны год Еўрапейская камісія прымае Пакет пашырэння - стратэгічны дакумент адносна палітыкі пашырэння ЕС і справаздачы маніторынгу прагрэсу, дасягнутага краінамі-кандыдатамі і патэнцыяльнымі кандыдатамі.

У Пакеце пашырэння на 2023 год Еўракамісія рэкамендавала пачаць перамовы аб уступленні з Украінай і Малдовай і надаць статус кандыдата Грузіі пры ўмове, што Грузія выканае пэўныя крокі.

На гэтай старонцы можна даведацца пра Пакет пашырэння, працэс пашырэння і прагрэс кожнай краіны. 

Матэрыял таксама даступны на азербайджанскай, армянскай, беларускай, грузінскай, румынскай, украінскай і рускай мовах.

Пакет пашырэння

Кожны год Еўрапейская камісія прымае Камюніке аб пашырэнні, у якім выкладаюцца яе рэкамендацыі адносна працэсу пашырэння.

Камюніке суправаджаецца справаздачамі, у якіх змяшчаецца падрабязная ацэнка стану справаў і прагрэсу, дасягнутага краінамі-кандыдатамі і патэнцыяльнымі кандыдатамі ў справе іх руху далучэння да Еўрапейскага саюзу. 

Галоўны фокус ацэнкі - прагрэс у ажыццяўленні фундаментальных рэформаў і канкрэтныя рэкамендацыі адносна прыярытэтаў рэформаў. Разам, гэтае камюніке і даклады называюцца “Пакетам пашырэння".

Украіна 

Украіна падала заяўку на ўступленне ў ЕС 28 лютага 2022 года. 17 чэрвеня 2022 года Еўрапейская камісія апублікавала сваё заключэнне адносна заяўкі. Грунтуючыся на рэкамендацыях Еўракамісіі, Еўрапейская рада 23 чэрвеня 2022 года прызнала еўрапейскую перспектыву Украіны і надала ёй статус краіны-кандыдата. 8 лістапада 2023 года ў рамках свайго Пакету пашырэння Еўрапейская камісія апублікавала справаздачу па Украіне і рэкамендавала пачаць перамовы аб уступленні.

Справаздача па Украіне

У камюніке аб пашырэнні ЕС на 2023 год Еўрапейская камісія заявіла, што Украіна дамаглася істотнага прагрэсу ў рэалізацыі сямі ключавых рэформаў, вызначаных на 2022 год.

"Камісія лічыць, што Украіна ў дастатковай ступені адпавядае крытэрам, што тычацца стабільнасці інстытутаў, якія гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства права, правоў чалавека і павагі і абароны меншасцяў", – гаворыцца ў камюніке ЕК.

У справаздачы адзначаецца, што ў краіне была створаная празрыстая сістэма папярэдняга адбору суддзяў Канстытуцыйнага суда і праведзеная рэформа органаў судовага кіравання. У ёй таксама падкрэсліваецца, што Украіна паслядоўна ідзе шляхам расследавання справаў карупцыі на высокім узроўні і вынясення абвінаваўчых выракаў па іх, і што яна зрабіла пазітыўныя крокі ў рамках больш шырокіх і сістэмных намаганняў па барацьбе з уплывам алігархаў. Паводле Еўракамісіі, Украіна таксама прадэманстравала сваю здольнасць дамагацца прагрэсу ў дастасаванні да заканадаўства ЕС нават у ваенны час. 

Больш падрабязна пра асноўныя высновы справаздачы тут.

Шлях Украіны ў ЕС 

Статус краіны-кандыдата быў нададзены пры ўмове, што Украіна зробіць некалькі ключавых крокаў. Камісія сачыць за іх ажыццяўленнем і прымае адпаведную справаздачу  ў рамках свайго рэгулярнага Пакету пашырэння. 

Націснуць тут, каб даведацца больш пра падтрымку Украіны з боку ЕС і яе шляху да ўступлення ў ЕС.

Малдова 

Reuters

Reuters

Рэспубліка Малдова падала заяўку на ўступленне ў ЕС у сакавіку 2022 года.  17 чэрвеня 2022 года Еўрапейская камісія апублікавала сваё заключэнне адносна заяўкі. Грунтуючыся на рэкамендацыях Еўракамісіі, Еўрапейская рада 23 чэрвеня 2022 года прызнала еўрапейскую перспектыву Малдовы і надала ёй статус краіны-кандыдата. 8 лістапада 2023 года ў рамках свайго Пакету пашырэння Еўрапейская камісія апублікавала справаздачу па Малдове і рэкамендавала пачаць перамовы аб уступленні.

Справаздача па Малдове

У камюніке аб пашырэнні ЕС на 2023 год Еўрапейская камісія заявіла, што Малдова дамаглася істотнага прагрэсу ў рэалізацыі дзевяці крокаў, вызначаных ЕК на 2022 год.

"Камісія лічыць, што Малдова ў дастатковай ступені адпавядае крытэрам, што тычацца стабільнасці інстытутаў, якія гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства права, правоў чалавека і павагі і абароны меншасцяў", - гаворыцца ў камюніке.

У справаздачы адзначаецца, што краіна распачала комплексную рэформу судовай сістэмы. У ёй падкрэсліваецца, што Малдова рэфармавала свае антыкарупцыйныя органы і павялічыла колькасць расследаванняў і вынясення абвінаваўчых выракаў у справах аб карупцыі, а таксама прыняла і ўкараніла План дзеянняў па дэаліхархізацыі і зрабіла захады па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. У справаздачы таксама пазначаецца, што краіна прыняла стратэгію дзяржаўнага кіравання і распачала працу над рэфармаваннем кіравання дзяржаўнымі фінансамі і дзяржаўнымі закупкамі. Еўракамісія таксама адзначыла, што Малдова пашырыла ўдзел грамадзянскай супольнасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і ўзмацніла абарону правоў чалавека. 

Больш падрабязна пра асноўныя высновы справаздачы тут.

Шлях Малдовы ў ЕС 

28 чэрвеня 2023 года Старшыня ЕК Урсула фон дэр Ляен прадставіла Пакет падтрымкі Рэспублікі Малдова, дзе змяшчаліся пяць прыярытэтаў, накіраваных на ліквідацыю наступстваў агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны і збліжэнне Малдовы з Еўрапейскім саюзам.

Націснуць тут, каб даведацца больш пра падтрымку Малдовы з боку ЕС і яе шляху да ўступлення ў ЕС.

Грузія

Reuters

Reuters

Грузія падала заяўку на ўступленне ў ЕС у сакавіку 2022 года. 17 чэрвеня 2022 года Еўрапейская камісія апублікавала сваё заключэнне адносна заяўкі. Грунтуючыся на рэкамендацыях Еўракамісіі, Еўрапейская рада 23 чэрвеня 2022 года прызнала еўрапейскую перспектыву Грузіі і прапанавала надаць ёй статус краіны-кандыдата, як толькі будуць выкананыя пэўныя ўмовы. 8 лістапада 2023 годаў рамках свайго Пакету пашырэння Еўрапейская камісія рэкамендавала Радзе надаць Грузіі статус краіны-кандыдата пры ўмове, што Грузія зробіць шэраг важных крокаў.

Еўракамісія вітала намаганні па рэфармаванні, прынятыя Грузіяй у адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны, якая прадугледжвае яе інтэграцыю ў ЕС у якасці прыярытэту для краіны. 

Справаздача па Грузіі

У справаздачы Еўрапейскай камісіі па Грузіі за 2023 год адзначаецца, што ў сувязі з дванаццаццю прыярытэтамі, названымі ў яе першапачатковым заключэнні ад чэрвеня 2022 года, Грузія прыняла заканадаўчыя акты і палітычныя дзеянні адносна забеспячэння гендарнай роўнасці і барацьбы з гвалтам у дачыненні да жанчынаў, уліку рашэнняў Еўрапейскага суду па правах чалавека ў рашэннях грузінскіх судоў і змагання х арганізаванай злачыннасцю. Грузія таксама прызначыла новага Ўпаўнаважанага па абароне правоў (Амбудсмена). Аднак у справаздачы падкрэслівалася, што працэсу рэформаў перашкаджалі працяглая палітычная напружанасць, глыбокая палярызацыя і праблемы дасягнення кансенсусу па ключавых пытаннях, што складаюць нацыянальны інтарэс.

Камісія рэкамендавала надаць Грузіі статус краіны-кандыдата пры ўмове, што будуць зробленыя належныя дзеянні ў шэрагу сфераў, у тым ліку: барацьба з дэзынфармацыяй і маніпуляваннем з боку знешніх сілаў, лепшае дастасаванне да агульнай знешняй палітыкі і палітыцы бяспекі ЕС, вырашэнне праблемы палітычнай палярызацыі, забеспячэнне свабоднага, справядлівага і канкурэнтнага выбарчага працэсу і забеспячэнне сістэмнага падыходу да дэаліхархізацыі і правядзенне цэласнай і эфектыўнай судовай рэформы.

Больш падрабязна пра асноўныя высновы справаздачы тут.

Шлях Грузіі ў ЕС

Цягам апошніх месяцаў Грузія распачала крокі па ўмацаванні ўзаемадзеяння з ЕС і паскорыла тэмпы рэформаў, каб выканаць дванаццаць прыярытэтніх задачаў, вызначаных у Заключэнні Еўракамісіі адносна яе заяўкі на ўступленне.

У святле дасягнутых вынікаў Еўрапейская камісія рэкамендуе Радзе надаць Грузіі статус краіны-кандыдата пры ўмове, што будзе зроблены шэраг крокаў.

Націснуць тут, каб даведацца больш пра падтрымку Грузіі з боку ЕС і яе шляху да ўступлення ў ЕС. 

Як працуе далучэнне?

Як праходзяць перамовы?

Перамовы

Перамовы падзеленыя на 35 перамоўных раздзелаў, згрупаваных у 6 тэматычных блокаў. Перамовы па кожным блоку пачынаюцца ў цэлым пасля таго, як краіна выканае пачатковыя кантрольныя паказчыкі. Праца над кожным раздзелам вядзецца паасобку.  

Асновы

Перамовы па асновах адкрываюцца першымі і завяршаюцца апошнімі; прагрэс па гэтым блоку вызначае агульны тэмп перамоваў.

Што з'яўляецца ключавым у гэтым працэсе?

Ключавыя каштоўнасці

У большасці краінаў, якія імкнуцца далучыцца да Еўрапейскага саюзу, існуе шэраг падобных агульнапалітычных пытанняў, што выклікаюць заклапочанасць  Гэта тычыцца забеспячэння вяршэнства права, гарантавання ролі грамадзянскай супольнасці, абароны правоў чалавека і свабоды выказвання меркаванняў і сродкаў масавай інфармацыі. Больш матэрыялаў пра асноўныя каштоўнасці і палітыку на англійскай мове можна знайсці тут.

Ключавыя тэрміны

Ніжэй пералічваюцца толькі некаторыя з тэрмінаў, якія наўпрост тычацца працэсу далучэння. Поўны слоўнік тэрмінаў на англійскай мове знаходзіцца тут.

Крытэры далучэння

Крытэры далучэння, або Капенгагенскія крытэры (па назве Еўрапейскай рады ў Капенгагене ў 1993 годзе, якая іх вызначыла) – асноўныя ўмовы, якім павінны адпавядаць усе краіны-кандыдаты, каб стаць дзяржавай-членам. Даведацца, што гэта такое.

Супольны здабытак ЕС (acquis)

Здабытак ЕС – гэта сукупнасць агульных правоў і абавязкаў, якія з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх дзяржаваў-членаў ЕС. Ён увесьчасна развіваецца. Даведацца, што ў яго ўваходзіць.

Краіны-кандыдаты

Краіне, якая падае заўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз, Еўрапейская рада можа надаць статус краіны-кандыдата на падставе рэкамендацыі Еўрапейскай камісіі.

Статус краіны-кандыдата не дае права аўтаматычнага далучэння да ЕС. Еўрапейская камісія разглядае заяўку на ўступленне ў святле крытэраў далучэння (Капенгагенскія крытэры) і робіць сваё заключэнне, на падставе якога Еўрапейская рада прымае рашэнне пачаць перамовы аб далучэнні з краінай-кандыдатам.

Даведацца больш

Пакет пашырэння на 2023 год змяшчае падрабязную ацэнку стану справаў і адпаведнага прагрэсу ў далучэнні з боку Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Косава, Чарнагорыі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Турцыі і, упершыню, Украіны, Рэспублікі Малдова і Грузіі.

Місія Генеральнага дырэктарату па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні (DG NEAR) палягае ў прасоўванні палітыкі добрасуседства і пашырэння ЕС. DG NEAR дапамагае краінам, за якімі прызнаная перспектыва ўступлення ў ЕС, адпавядаць крытэрам, вызначаным Дамовай аб Еўрапейскім саюзе і Еўрапейскай радай.

Далучэнне з'яўляецца і будзе заставацца працэсам, заснаваным на дасягненнях, якія цалкам залежаць ад аб'ектыўнага прагрэсу, дасягнутага кожнай краінай. Падрабязную інфармацыю пра статус кожнай краіны можна знайсці тут.