Агрэсія Расіі супраць Украіны: ЕC прыняў шосты пакет санкцыяў
7 чэрвеня, 2022

Агрэсія Расіі супраць Украіны: ЕC прыняў шосты пакет санкцыяў


3 чэрвеня ЕС прыняў шосты пакет санкцыяў у святле далейшай агрэсіі Расіі супраць Украіны і падтрымкі яе Беларуссю, а таксама паведамленняў пра зверствы, учыненыя расійскімі ўзброенымі сіламі ва Украіне.

ЕС прыняў рашэнне забараніць пакупку, імпарт і транспарціроўку сырой нафты і некаторых відаў нафтапрадуктаў з Расіі ў Еўрапейскі саюз. Паэтапная адмова ад расійскай нафты зойме ад 6 месяцаў для сырой нафты да 8 месяцаў для іншых ачышчаных нафтапрадуктаў.

Прадугледжана часовае выключэнне для імпарту сырой нафты па нафтаправодзе ў тыя краіны-члены ЕС, якія праз сваё геаграфічнае становішча асабліва залежаць ад расійскіх паставак і ў якіх няма рэальных альтэрнатыўных варыянтаў. Акрамя таго, часовае выключэнне будзе зробленае для Балгарыі і Харватыі па пытанні імпарту расійскай сырой нафты марскім шляхам і вакуумнага газойлю адпаведна.

ЕС таксама распаўсюджвае адключэнне ад сістэмы SWIFT яшчэ на тры расійскія крэдытныя арганізацыі (найбуйнейшы расійскі банк “Сбербанк”, Маскоўскі крэдытны банк і Рассельгасбанк) і Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”.

Еўрапейскі саюз прыпыняе вяшчанне на тэрыторыі ЕС яшчэ трох расійскіх дзяржаўных тэлеканалаў: “Расія РТР”/”РТР Планета”, “Расія 24” і “ТВ Цэнтр-International”. Расійскі ўрад выкарыстоўвае гэтыя структуры як інструмент дэзынфармацыі і прапаганды пра ўварванне ва Украіну з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў суседніх з Расіяй дзяржавах, а таксама ў ЕС і яго краінах-членах.

Дадаткова, ЕС пашырае спіс фізічных і юрыдычных асобаў, якіх закрануць абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогіяў двайнога прызначэння. У гэты спіс увойдуць як расійскія, так і беларускія кампаніі. Акрамя таго, ЕС пашырыць спіс тавараў і тэхналогіяў, якія, як мяркуецца, могуць садзейнічаць тэхналагічнаму развіццю расійскага сектара абароны і бяспекі. У яго будуць уключаныя 80 хімічных рэчываў, якія могуць быць выкарыстанымі для вытворчасці хімічнай зброі.

ЕС забароніць аказваць Расіі бухгалтарскія паслугі, паслугі ў сферы сувязяў з грамадскасцю і кансалтынгу, а таксама паслугі “воблачных сэрвісаў”.

Акрамя таго, ЕС вырашыў увесці дадатковыя санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асобаў: супраць тых, хто нясе адказнасць за зверствы, учыненыя расійскімі войскамі ў Бучы і Марыупалі, супраць асобаў, якія падтрымліваюць вайну, буйных бізнесменаў і членаў сем’яў алігархаў і крамлёўскіх чыноўнікаў, ужо ўключаных у санкцыйны спіс, а таксама супраць кампаніяў абароннага комплексу і фінансавай арганізацыі.

У лік 65 пералічаных асобаў уваходзяць вайскоўцы, якія кіравалі дзеяннямі тых падраздзяленняў расійскай арміі, што забівалі, гвалтавалі і катавалі мірных жыхароў ва Украіне ў Бучы, у тым ліку палкоўнік Азатбек Амурбекаў, якога празвалі “мясніком Бучы”. У спіс таксама ўключаныя асобы, адказныя за бесчалавечную аблогу горада Марыупаля, у тым ліку генерал-палкоўнік Міхаіл Мізінцаў па мянушцы “мяснік Марыупаля”, і тыя, хто ўдзельнічаў у сакавіку 2022 году ў стварэнні так званага Камітэту выратавання “За мір і парадак” – органу для супрацоўніцтва з расійскімі акупантамі ў Херсонскай вобласці. Нарэшце, ЕС уводзіць санкцыі ў дачыненні да палітыкаў, прапагандыстаў, вядучых бізнесменаў і членаў сем’яў ужо ўключаных у санкцыйны спіс асобаў. Былая гімнастка і дэпутат Дзярждумы Аліна Кабаева таксама ўключаная ў спіс як асоба, цесна звязаная з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.

У лік 18 арганізацыяў, што трапілі пад санкцыі, уваходзяць розныя кампаніі, якія наўпрост ці ўскосна падтрымліваюць Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі і ўрад Расійскай Федэрацыі, у тым ліку найбуйнейшы ў Расіі дэпазітар каштоўных папераў – Нацыянальны разліковы дэпазітарый.

Увогуле абмежавальныя захады ЕС на дадзены момант распаўсюджваюцца на 1158 фізічных і 98 юрыдычных асобаў. Актывы згаданых асобаў падлягаюць замарожванню, а грамадзянам і кампаніям ЕС забараняецца прадстаўляць ім сродкі. Фізічныя асобы дадаткова падпадаюць пад дзеянне забароны на паездкі, якая не дазваляе ім уязджаць на тэрыторыю ЕС або перасякаць яе транзітам.

Даведацца больш:

 Прэс-рэліз



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,