Чаму навакольнае асяроддзе гэта важна, і што робіць ЕС для яго аховы ў краінах Усходняга партнёрства

29 траўня, 2020

  • Навошта клапаціцца пра навакольнае асяроддзе?
  • Як змяненне клімату можа паўплываць на наша паўсядзённае жыццё?
  • Пра што Парыжскае пагадненне?
  • Як ЕС дапамагае ахоўваць навакольнае асяроддзе ў шасці краінах Усходняга партнёрства?
  • Для чаго гэтыя праграмы? Якую карысць яны прыносяць?
  • Як мне стаць больш экалагічным?
Картка %1 з %2

Навошта клапаціцца пра навакольнае асяроддзе?

Наш дом, адзенне, тэхналогіі і адпачынак залежаць ад прыродных рэсурсаў. У той час як прырода імкнецца падтрымліваць баланс, дзейнасць чалавека, наадварот, аказвае адчувальны ўплыў на крохкую экалагічную раўнавагу. Гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на нашым дабрабыце і здароўі.

Бліжэйшыя дзесяць гадоў стануць і для ЕС і для краін Усходняга партнёрства вызначальнымі ў плане вырашэння кліматычных і экалагічных праблем. Разам мы павінны пачаць выпраўляць наступствы мінулых памылак, якія прывялі да страты біялагічнай разнастайнасці, эрозій глебы, нелегальных высечак лесу, забруджвання паветра і рэк, нерацыянальнага кіравання адходамі і іншых негатыўных наступстваў. Таму сумесная праца па ахове навакольнага асяроддзя і ўстойлівасці да змен клімату мае жыццёва важнае значэнне.

Інвестыцыі ў «зялёнае» развіццё могуць даць пазітыўныя вынікі, прынесці карысць не толькі для здароўя чалавека, але і стварыць магчымасці для эканамічнага росту.

Як змяненне клімату можа паўплываць на наша паўсядзённае жыццё?

Чакаецца, што змяненне клімату, выкліканае выкідамі парніковых газаў у выніку дзейнасці чалавека, будзе паскарацца і станавіцца ўсё больш адчувальным. Яго наступствы для эканомікі і грамадства будуць набываць усё больш сур’ёзны характар.

Еўрапейскі саюз і яго краіны-партнёры сутыкнуліся з экстрэмальнымі кліматычнымі праявамі – анамальнымі ліўнямі, паводкамі, а таксама пажарамі з-за спёкі, эрозіяй глебы, стратай біяразнастайнасці і дэфіцытам водных рэсурсаў. Усё гэта ўплывае на прамысловасць, сельскагаспадарчую вытворчасць і звычайнае жыццё людзей.

Зусім нядаўна ў Чарнобыльскай зоне адчужэння больш за два тыдні бушавалі лясныя пажары, выкліканыя анамальна цёплым, сухім і ветраным надвор’ем ва Украіне. Яны знішчылі больш за 11 тысяч гектараў лесу. Гэтыя пажары — яскравы прыклад наступстваў змены клімату.

Па ўсім рэгіёне ўсё часцей будзе ўзнікаць засуха. Малдова лічыцца найбольш уразлівай краінай у Еўропе з пункту гледжання змены клімату — агульная даступнасць вады праз пару дзесяцігоддзяў будзе ніжэй за неабходны ўзровень. У некаторых краінах асабліва высокая небяспека паводак. Напрыклад, Азербайджан знаходзіцца ў адным з найбольш схільных да паводак рэгіёнаў свету. Раставанне леднікоў у Грузіі можа прывесці да пагаршэння якасці вады і рызык для водазабеспячэння.

Сумесныя дзеянні супраць змены клімату прынясуць вялікую карысць навакольнаму асяроддзю, нашаму здароўю і эканоміцы. Пераасэнсаванне і змяненне парадыгмы нашага развіцця і паводзін дазволіць больш эфектыўна і эканомна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы, забяспечваючы эканамічны рост.

Не варта думаць, што ахова навакольнага асяроддзя абыходзіцца занадта дорага, у рэальнасці наступствы бяздзейнасці нашмат даражэй. Напрыклад, па прагнозах, з прычыны небяспечных кліматычных з’яў у Грузіі, на працягу наступных 10 гадоў краіна страціць парадку 10-12 млрд долараў. Адаптавацца да змены клімату за той жа перыяд часу выйдзе ў дзесяць разоў танней.

Пра што Парыжскае пагадненне?

Парыжскае пагадненне — гэта першы ў гісторыі дакумент з юрыдычнымі абавязацельствамі па глабальнай змене клімату. Яго прыняло і падпісала большасць краін свету, уключаючы ЕС і краіны Усходняга партнёрства (усяго 190 падпісантаў) на Парыжскай кліматычнай канферэнцыі ў снежні 2015 года. Пагадненне ўстанаўлівае глабальныя правілы, якія дазваляюць пазбегнуць небяспечнай змены клімату. Зараз неабходна абмежаваць максімальнае павышэнне тэмпературы ў межах 2 градусаў Цэльсія, а ў будучыні знізіць да 1,5 градусаў. У пагадненні падкрэсліваецца, што неабходна скараціць глабальныя выкіды як мага хутчэй і дасягнуць кліматычнай нейтральнасці ў другой палове гэтага стагоддзя. Пагадненне таксама павінна дапамагчы краінам спраўляцца з наступствамі змянення клімату.

Галоўнае дасягненне Еўрапейскага саюза ў сферы клімату — Еўрапейскі зялёны курс. Ён скіраваны на тое, каб да 2050 года зрабіць клімат Еўропы нейтральным, а эканоміку ЕС – устойлівай. Гэта павінна адбыцца за кошт таго, што эканамічны рост перастане залежаць ад выкарыстання рэсурсаў. Запуск «Зялёнага курса» — гэта адказ ЕС на экалагічныя і кліматычныя праблемы, якія патрабуюць неадкладных дзеянняў з боку ЕС і яго краін-партнёраў.

ЕС дапамагае сваім усходнім партнёрам выконваць абавязацельствы па Парыжскім пагадненні, уключаючы рэалізацыю нацыянальных кліматычных планаў, распрацоўку доўгатэрміновых стратэгій развіцця з нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў, а таксама мадэрнізацыю эканомікі для пераходу да кліматычнай нейтральнасці. Для рэалізацыі гэтых планаў патрэбен адчувальны зрух у тэхналогіях, энергетыцы, эканоміцы, фінансах і, вядома, у грамадстве ў цэлым.

Як ЕС дапамагае ахоўваць навакольнае асяроддзе ў шасці краінах Усходняга партнёрства?

У апошні час падтрымка ЕС у сферы навакольнага асяроддзя адчувальна ўзрасла. Чвэрць грантаў, прадастаўленых праз інвестыцыйную платформу суседства ў 2018-2019 гадах была накіравана на «зялёныя» інвестыцыі. Толькі за гэты перыяд краінам Усходняга партнёрства было выдзелена 1,3 млрд еўра на экалагічныя ініцыятывы.

ЕС таксама прадаставіў 60 млн еўра на рэалізацыю рэгіянальных праграм, якія дапамагаюць палепшыць палітыку і дзейнасць дзяржаўных інстытутаў у адпаведнасці з «зялёным курсам» ЕС. Падтрымка муніцыпалітэтаў складае каля 24 млн еўра. Краіны-партнёры таксама атрымліваюць падтрымку ў рамках праграм TAIEX і Twinning.

Сярод рэгіянальных праграм ЕС — EU4Environment (19,5 млн еўра), яна дапамагае краінам-партнёрам захаваць іх прыродны капітал і павысіць дабрабыт людзей. Праграма дапамагае ў стварэнні экалагічных законаў і планаў развіцця, стымулюе інавацыйныя тэхналогіі, гандаль і стварэнне працоўных месцаў. Яна таксама паляпшае кіраванне запаведнікамі і лясамі.

EU4Climate (8 млн еўра) падтрымлівае рэалізацыю Парыжскага пагаднення і дапамагае ўдасканаліць заканадаўства ў сферы клімату. Праграма дапамагае змякчыць наступствы змены клімату і адаптавацца да іх, развівае эканамічную мадэль з нізкім узроўнем выкідаў.

Водная ініцыятыва ЕС для Усходняга партнёрства (23,5 млн еўра) дапамагае краінам-партнёрам прывесці сваё заканадаўства ў адпаведнасць з палітыкай ЕС у галіне кіравання воднымі рэсурсамі. Праграма дапамагае палепшыць якасць вады і зрабіць яе даступнай для ўсіх.

У дадатак да праграм супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза значны ўклад для пераходу да «зялёнай» эканомікі ўносяць еўрапейскія фінансавыя інстытуты, такія як Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) і Усходне-еўрапейскае партнёрства па пытаннях энергаэфектыўнасці і экалогіі (E5P) — шматбаковы мэтавы фонд, асноўным донарам якога з’яўляецца ЕС. Фонд спрыяе прытоку інвестыцый у муніцыпальныя праекты, якія павышаюць энергаэфектыўнасць і пашыраюць ахову навакольнага асяроддзя. ЕС таксама фінансуе Інструмент падтрымкі муніцыпальных праектаў (MPSF), які дапамагае гарадам станавіцца больш энергаэфектыўнымі, і Green for Growth Fund (GGF).

Для чаго гэтыя праграмы? Якую карысць яны прыносяць?

За кожнай з праграм ЕС стаяць рэальныя гісторыі поспеху пра тое, як людзі ахоўваюць прыроду ў сваёй краіне, у сваіх гарадах і вёсках, як яны супрацьстаяць зменам клімату і клапоцяцца пра сваю будучыню.

Напрыклад, ЕС дапамагае распрацаваць сучасную водную палітыку для паляпшэння водазабеспячэння і якасці вады для 30 млн чалавек у шасці краінах-партнёрах.

Пры падтрымцы ЕС Беларусь, Малдова і Грузія прыступілі да распрацоўкі нацыянальных стратэгій «зялёнай» эканомікі. Украіна ўжо ўваходзіць у дваццатку вядучых краін свету па арганічнай сельскай гаспадарцы. У 2016 годзе краіна экспартавала арганічныя прадукты на суму 59 млн еўра. Большасць з гэтых прадуктаў былі сертыфікаваныя па стандартах ЕС.

ЕС падтрымаў у рэгіёне больш за сто пілотных прадпрыемстваў. Сродкі былі вылучаныя на развіццё больш эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў і больш чыстай вытворчасці. Гэтыя праграмы дазволілі зэканоміць 9,4 млн еўра: у сярэднім ад 2000 да 20 000 еўра для аднаго прадпрыемства, у некаторых выпадках нават да 100 тысяч еўра. Фінансаванне выдзяляецца ў рамках праграмы EU4Environment.

Экалагічныя дадзеныя ва ўсіх шасці краінах-партнёрах маніторацца ў адпаведнасці з перадавой практыкай ЕС. Гэтыя дадзеныя даступныя праз інтэрнэт-інструмент адсочвання, створаны Еўрапейскім агенцтвам па навакольным асяроддзі (ЕАНА).

Каб абараніць унікальныя прыродныя зоны і біяразнастайнасць, шэсць краін Усходняга партнёрства стварылі амаль 700 запаведных зон Ізумруднай сеткі плошчай 12,8 млн гектараў, гэта ў чатыры разы больш за тэрыторыю Бельгіі.

Значныя інвестыцыі ўкладваюцца ў «зялёную» інфраструктуру. На гэта выдзяляюць сродкі ЕБРР, ЕІБ, E5P і іншыя партнёры.

Ва Украіне інвеставалі ў «чысты» грамадскі транспарт з новымі паркамі тралейбусаў у Херсоне, Марыупалі і Львове, а таксама выдзелілі 35 мільёнаў еўра на кіраванне адходамі ў Львове.

У Малдове інвестыцыямі ЕБРР у энергаэфектыўнае ацяпленне і новыя электрычныя аўтобусы скарысталіся жыхары Бельцаў.

У сталіцы Арменіі Ерэване фінансаванне ЕІБ дазволіла мадэрнізаваць метро і павысіць энергаэфектыўнасць грамадскіх будынкаў, напрыклад, дзіцячых садкоў.

У Азербайджане ЕБРР выдзеліў фінансаванне, каб набыць 35 новых экалагічна эфектыўных аўтобусаў, дзякуючы чаму выкідаў CO2 стала на 2 853 тоны менш штогод.

У Беларусі 300 000 чалавек у сямі муніцыпалітэтах карыстаюцца вадой лепшай якасці дзякуючы крэдыту ЕБРР і гранту ад Е5Р на будаўніцтва ачышчальных збудаванняў сцёкавых водаў.

У Грузіі ЕІБ прадаставіў доўгатэрміновую пазыку Тбіліскаму водаканалу. Яна падтрымала праграму развіцця інфраструктуры водазабеспячэння і каналізацыі. Акрамя таго, ЕБРР плануе інвеставаць 75 млн еўра ў мадэрнізацыю Тбіліскага метрапалітэна.

Ініцыятывы ЕС дапамагаюць клапаціцца пра навакольнае асяроддзе на розных узроўнях: навучаючы дзяцей малодшых класаў і дапамагаючы ўраду ствараць дзяржаўныя праграмы. Вось некалькі прыкладаў:

У Арменіі праект «Яднанне з прыродай» (Connecting Nature) падтрымлівае пошук новых, экалагічных ідэй і рашэнняў праблем з навакольным асяроддзем у Ерэване – напрыклад, вызначэнне тыпаў раслін і дрэваў, найбольш прыдатных для экалагічнай сітуацыі ў розных раёнах горада.

У Азербайджане эксперты ЕС з Фінляндыі, Аўстрыі і Латвіі навучылі больш за 200 супрацоўнікаў Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў кантраляваць якасць паветра. У рамках праекта Twinning быў распрацаваны дэталёвы план мадэрнізацыі сістэм маніторынгу якасці паветра і набытыя 25 новых станцый кантролю якасці паветра.

У Беларусі школьнікі бяруць удзел у трансмежным праекце па ачыстцы ракі Стыр, якая цячэ паміж Украінай і Беларуссю. Яны правяраюць якасць вады і вучацца выяўляць нітраты, фасфаты і арганічных забруджвальнікаў.

У Батумскім рэгіёне Грузіі праект коштам 6,1 млн еўра дазволіў аднавіць сістэмы водазабеспячэння і пабудаваць ачышчальныя збудаванні. Гэта прывяло да бесперабойнага водазабеспячэння насельніцтва і зніжэння забруджвання марской вады.  

У Малдове спальванне сельскагаспадарчых адходаў раней забруджвала навакольнае асяроддзе. Цяпер, пры падтрымцы ЕС, адходы актыўна выкарыстоўваюць для вытворчасці біяпаліва, якое ідзе на ацяпленне 206 школ, дзіцячых садоў і дзяржаўных устаноў .

Ва Украіне больш за 7 000 чалавек узялі ўдзел у акцыі «ЕС за чыстыя пляжы» (#EUBeachCleanup challenge) – 2019. У рамках Міжнароднага Дня чыстага пляжу, калі людзі па ўсім свеце выходзяць, каб ачысціць берагі рэк і пляжы, украінцы арганізавалі 234 прыборкі ў кожнай вобласці краіны. Сабралі і вывезлі больш за 35,7 тон смецця.

Дзяржслужачыя з шасці краін дзякуючы семінарам TAIEX навучыліся экалагічна ўтылізаваць пластыкавыя адходы, уключаючы марское смецце, і нават здабываць энергію з выкарыстанага пластыка.

Як мне стаць больш экалагічным?

Кожны з нас мае права, магчымасць і абавязак клапаціцца пра навакольнае асяроддзе.

Кожны дзень мы робім свой выбар на ўзроўні паўсядзённага жыцця. Што і як мы робім уплывае на нашу будучыню. Больш экалагічныя звычкі — падмурак нашага здароўя, эканамічнага дабрабыту і бяспекі. З чаго можна пачаць?

Не купляйце тое, што вам не трэба, выбірайце мясцовыя прадукты, Пазбягайце забруджвальных рэчываў у касметыцы і бытавой хіміі, такіх як фасфаты, пазбягайце выкарыстання аднаразовых пластыкавых пакетаў і посуду. Старайцеся паўторна выкарыстоўваць рэчы, даючы ім другое жыццё, перапрацоўвайце і сарціруйце адходы, будзьце асцярожныя з медыкаментамі і батарэйкамі, іх нельга выкідваць у смеццевы кантэйнер.

Простыя звычкі дапамогуць эканоміць энергію. Напрыклад, выключайце святло і прыборы. Выкарыстоўвайце жалюзі і праветрывайце памяшканне, каб падтрымліваць аптымальную тэмпературу ў пакоі. Прымайце душ замест ванны, не пакідайце краны адкрытымі і не дапускайце працечак (унітаз, які працякае, можа марнаваць 200 літраў вады на дзень). Палівайце расліны познім вечарам ці раніцай, калі менш выпараецца вады. Выкарыстоўвайце каршэрынг і ровары, дзяліцеся прадуктамі харчавання, вырошчвайце зеляніну, ежце менш мяса, аддавайце перавагу менш апрацаваным прадуктам, хадзіце ў краму з уласнымі экасумкамі і кантэйнерамі.

Натхняйцеся эка ідэямі і дзяліцца са сваімі блізкімі і сябрамі.

Убудаваць
The recommended iFrame size is 100% width and 750px height


САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ


Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,