У няволі, пад атакай і змушаныя маўчаць: як журналісты змагаюцца за праўду
© Olga Konsevych
20 лістапада, 2025

У няволі, пад атакай і змушаныя маўчаць: як журналісты змагаюцца за праўду


«Дзіўнае адчуванне — стаяць на сцэне ў Еўропе і атрымліваць узнагароду за калегу, якую ты добра ведаў, вядомую журналістку, якой больш няма з намі», — сказала ўкраінская журналістка Ганна Бабінец падчас выступлення ў Венскім універсітэце, дзе прымала ўзнагароду International Press Institute Press Freedom Hero.

Калега, пра якую яна казала, — 26-гадовая фрыланс-рэпарцёрка Вікторыя Рошчына, якая адна паехала на тэрыторыі, акупаваныя Расіяй, каб задакументаваць уварванне расійскіх войск ва Украіну. Яе цела вярнулі ва Украіну і пахавалі ў Кіеве амаль праз год пасля афіцыйнай даты смерці ў расійскай турме.

«Уявіце сабе, — сказала Бабінец публіцы, — што прафесійная журналістка з еўрапейскай краіны ў XXI стагоддзі памірае ў турме ад катаванняў і галадання».

«Кожная ўкраінская рэдакцыя цяпер архіў»

Украіна стала самай жорсткай у свеце лабараторыяй журналістыкі. Калі ляцяць расійскія ракеты, рэдактары пішуць тэксты паміж паветранымі трывогамі; калі знікае электрычнасць, журналісты працуюць у сховішчах пры генератарах.

Праз некалькі дзён пасля пачатку ўварвання рэдакцыя пад кіраўніцтвам Бабінец апублікавала сваё першае OSINT-расследаванне: журналісты ўстанавілі асобу забітага расійскага пілота па нумары на яго шлеме. «Мы за адну ноч сталі ваеннымі журналістамі», — сказала яна.

Вайна змяніла і гендарную карту ўкраінскай журналістыкі. «Раней мне казалі: «Ты жанчына, сядзі дома». А цяпер 80% маёй рэдакцыі — жанчыны. Мужчыны на фронце, таму праўду абараняем мы».

У Кіеве выканаўчы дырэктар «Украінскай праўды» Андрэй Бабарыкін усё яшчэ лічыць кожны ўдар, які трапляе каля офіса. «Некалькі месяцаў таму ракета зноў выбіла ў нас вокны, — расказвае ён. — Мы адрамантавалі іх і працягнулі працу. Бо калі мы спынімся, хтосьці іншы запоўніць цішыню хлуснёй. Кожная ўкраінская рэдакцыя цяпер — архіў. Мы дакументуем вайну і жывём ёю».

Нягледзячы на стомленасць, этыка застаецца. «Выкрываць карупцыю падчас вайны — гэта нібы разразаць уласную скуру, — прызнаецца Бабінец. — Але мы павінны гэта рабіць. Інакш за што мы змагаемся?»

Грузія: калі проста працаваць журналістам — небяспечна

У Грузіі журналісты, якія асвятляюць мірныя пратэсты ў Тбілісі, усё часцей становяцца мішэнню паліцэйскай агрэсіі і адвольных затрыманняў. Паводле мясцовых назіральнікаў, больш за 50 журналістаў былі збітыя за мінулы год. Некаторых абвінавацілі ў «парушэнні грамадскага парадку» толькі за тое, што яны здымалі пратэсты.

Незалежныя медыя сутыкаюцца з ростам фінансавага і палітычнага ціску. Медыя, якія крытыкуюць уладу, сутыкаюцца з замарожваннем банкаўскіх рахункаў, блакаваннем рэкламных кантрактаў і раптоўнымі падатковымі праверкамі, якія паралізуюць штодзённую працу.

Наталля Антэлава, вядомая грузінская журналістка і заснавальніца Coda Story, адзначае, што рэпрэсіі цяпер выходзяць далёка за межы медыя: «Гэта не толькі пра журналістаў. Гэта пра ўсіх — дырэктараў музеяў, музыкаў, дырыжораў сімфанічных аркестраў. Але журналісты застаюцца на першай лініі для атакі ўлады».

Сярод гэтых журналістаў — Мзія Амаглабелі, адзін з галоўных незалежных галасоў Грузіі і заснавальніца медыя Batumelebi і Netgazeti, якая цяпер знаходзіцца ў зняволенні. Замест яе ўзнагароду Press Freedom Hero атрымала калега Тамар Рухадзэ і апісала ўзровень рэпрэсій:

«Толькі за некалькі дзён у маёй краіне арыштавалі больш за 80 чалавек. І колькасць затрыманых журналістаў расце. Баюся нават уявіць, як гэтыя лічбы могуць змяніцца да таго часу, калі гэта выдатная ўзнагарода дасягне Грузіі».

Непахіснасць Амаглабелі — яе 38-дзённая галадоўка, адмова заняць месца абвінавачванай на судзе — зрабілі яе сімвалам сумленнасці для ўсёй грузінскай медыйнай супольнасці.

Арменія: жанчыны, якія расказваюць пра вайну

Нягледзячы на прагрэс у Індэксе свабоды прэсы 2025, медыйнае асяроддзе Арменіі застаецца крохкім. Журналісты працягваюць сутыкацца з палітычным ціскам і грамадскімі нападамі. Асвятленне пытанняў бяспекі і вайны за Нагорны Карабах стварае дадатковае напружанне для мясцовых СМІ, выстаўляючы на першы план глыбокія этычныя і эмацыянальныя дылемы журналісцкай працы.

Рубіна Маргасян, галоўная рэдактарка EVN Report, незалежнага анлайн-выдання, кажа, што гісторыя армянскай журналістыкі — гэта таксама гісторыя жаночай устойлівасці і самапераўтварэння. «Каб жанчыны маглі стаць захавальніцамі памяці і тымі, хто перадае яе далей, ім спачатку трэба заняць месца ў першым шэрагу. Каб гэта адбылося, мы павінны быць вельмі глыбока ўцягнутымі, і ў выпадку вайны, якую я асвятляла, важна разумець тое, пра што мы мала гаворым: вайна змяняецца. Кожная вайна, з тыдня ў тыдзень, змяняецца».

Заснаваны ў 2017 годзе, EVN Report паўстаў, каб пераадолець разрыў паміж Арменіяй і светам — «бо армянскія медыя расказвалі пра армян, для армян, сярод армян», — узгадвае Маргасян. Цалкам жаночая каманда выдання развівалася ў часы рэвалюцыі і вайны, стала двухмоўнай і мультымедыйнай па меры таго, як крызісы ў краіне паглыбляліся. «Мы развіваліся вельмі хутка і шматбакова, — кажа яна. — І шмат у чым я прыпісваю гэта таму, што мы — жанчыны: мы гнуткія, мы дазваляем сабе свабоду ў фармаце, мысленні, уяўленні — свабоду, на якую іншыя медыйныя арганізацыі, магчыма, не адважыліся б».

Малдова: дэзінфармацыя і расійскія тактыкі

Нядаўнія парламенцкія выбары ў Малдове паказалі, як дэзынфармацыя становіцца палітычнай зброяй, але, нягледзячы на каардынаваныя атакі, прадэмакратычныя сілы ўрэшце перамаглі. Лічбавыя сеткі, звязаныя з Расіяй, масава накіроўвалі выбаршчыкам маніпулятыўны кантэнт, скіраваны на падрыў праеўрапейскіх настрояў і дэстабілізацыю дэмакратычных інстытутаў. Журналісты-расследавальнікі апісваюць усё больш варожае анлайн-асяроддзе, дзе платныя тролі, фальшывыя «медыя-трэнінгі» і каардынаваныя кампаніі па дыскрэдытацыі працуюць разам, каб разбураць давер да СМІ.

«Гэтыя лічбавыя арміі былі створаны для выбараў у Малдове», —кажа Аліна Раду, вядомая журналістка-расследавальніца і рэдактарка Ziarul de Gardă, вядучага выдання краіны ў расследавальніцкай журналістыцы. «Запрашэнні далучыцца да бясплатнага трэнінгу атрымлівалі ўсе — у Facebook, TikTok. Спачатку гаворка ішла пра пасты пра наша жыццё… а потым раптам — пра цэны, палітыку, газ, і ўрэшце: “нам не падабаецца гэты прэзідэнт”. Гэта складаныя аперацыі ўплыву, створаныя для распаўсюджвання незадаволенасці і антызаходніх наратываў. Мэта Пуціна — знішчыць дэмакратыю. Ён прыйдзе ўсюды, дзе ёсць выбары і дзе жыццё лепшае, чым у Расіі. Проста будзьце гатовы».

Незалежныя журналісты, якія выкрываюць карупцыю або расійскую прапаганду, сутыкаюцца з лічбавымі атакамі амаль адразу пасля публікацыі. Як кажа Раду: «Мы ведаем, хто адказны, і ведаем, хто плаціць. Наступны крок — проста прыцягнуць вінаватых да адказнасці».

Азербайджан: лічбавая пятля для свабодных медыя

Азербайджан з’яўляецца адной з краін, дзе знаходзіцца найвялікшая колькасць зняволеных журналістаў у свеце: паводле дадзеных «Рэпарцёраў без межаў», у сярэдзіне 2025 года іх было не менш за 25. Міжнародныя структуры, уключаючы Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі саюз і Amnesty International, асудзілі гэтыя дзеянні і заклікалі вызваліць усіх зняволеных журналістаў.

Хваля арыштаў пачалася напрыканцы 2023 года з затрымання каманды Abzas Media. «З таго моманту рэпрэсіі не спыняюцца», — кажа Лэйла Мустафаева, галоўная рэдактарка Qazetci, азербайджанскага выдання ў выгнанні, што спецыялізуецца на фактчэкінгу і расследаваннях. «Няма ніводнага незалежнага журналіста, які б наважыўся супрацоўнічаць з намі ўнутры краіны».

Каманда распрацавала строгія пратаколы лічбавай бяспекі пасля хвалі складаных фішынгавых атак — электронных лістоў і паведамленняў у WhatsApp, якія выглядалі так, нібыта іх дасылаюць вядомыя НДА з прапановамі «IT-падтрымкі». «Яны выкарыстоўвалі рэальныя імёны і пасады супрацоўнікаў міжнародных арганізацый, — узгадвае Мустафаева. — Усё выглядала дакладна і сапраўдна, але гэта была падробка. Адзін з журналістаў, які атрымаў такі ліст, цяпер у турме».

Акрамя арыштаў улады Азербайджана пабудавалі экасістэму лічбавага кантролю, накіраваную як супраць унутраных крытыкаў, так і супраць тых, хто знаходзіцца ў выгнанні. Мустафаева апісвае дзяржаўную базу даных, якая адсочвае каля 20 000 азербайджанцаў — журналістаў, актывістаў, палітыкаў — аўтаматычна запісваючы іх каментарыі і актыўнасць у сацсетках. «Калі ўлады хочуць на каго-небудзь націснуць, кажа яна, яны адкрываюць файл і бачаць кожны ваш пост крытычны ці не».

Гэта сістэма грунтуецца на ранейшых адкрыццях Pegasus Project, які ў 2019 годзе выявіў больш за 1 000 азербайджанскіх нумароў у спісе праграмы-шпіёна, у тым ліку сотні журналістаў і праваабаронцаў. «Нават жывучы ў выгнанні, мы гэта адчуваем. Акаўнт майго мужа ў Twitter быў заблакаваны ў Азербайджане, і ён неаднаразова атрымліваў пагрозы. Чым больш гаворыш, тым большая небяспека», дадае Мустафаева.

Беларусь: як паведамляць свабодна, нягледзячы ні на што

Адно з самых уплывовых медыя ў Беларусі TUT.BY было закрытае ўладамі ў 2021 годзе пасля двух дзесяцігоддзяў працы. Дзесяткі яго журналістаў і супрацоўнікаў былі затрыманыя па сфабрыкаваных «эканамічных» абвінавачваннях. Але каманда аднавілася за мяжой пад назвай Zerkalo.io.

«Наш сайт заблакавалі ў першы ж дзень яго запуску, — узгадвае Ілона Эльяшэвіч, менеджарка Zerkalo. — А ў Расіі яго заблакавалі на наступны дзень пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну».

Беларускі рэжым абвясціў Zerkalo «экстрэмісцкім фарміраваннем», таму цяпер медыя стварае рызыку для чытачоў: ім пагражае да сямі гадоў турмы проста за лайк або рэпост матэрыялаў. Каб абараніць аўдыторыю, рэдакцыя змяніла мадэль працы — ад сайта да мультыплатформеннай прысутнасці на YouTube, Instagram, TikTok, дзе гісторыі даходзяць да людзей праз алгарытмы, а не падпіску.

Нягледзячы на выгнанне, каманда сутыкаецца з пастаяннай лічбавай вайной: штомесячныя кібератакі, фішынгавыя спробы, каардынаваная прапаганда, скіраваная на раскрыццё журналістаў. Большасць супрацоўнікаў застаюцца ананімнымі, каб абараніць сваякоў, якія ўсё яшчэ ў Беларусі.

«На нас нападаюць амаль кожны месяц, кажа Эльяшэвіч. Для нас ужо стала звычкай папярэджваць гэтыя атакі».

Фінансавае выжыванне — яшчэ адна штодзённая бітва. Цяпер, калі аўдыторыя медыяў раскіданая па ўсёй Еўропе, а рэкламны рынак фактычна знішчаны, даходы з камерцыйных крыніц паступаюць толькі часткова.

Шлях наперад

Міністарка замежных спраў Аўстрыі Беата Майнль-Райзінгер выказалася проста: «Свабода слова — гэта не тое, што можна лічыць дадзеным. Мы павінны абараняць і ўмацоўваць яе штодня, у кожнай краіне і на кожным узроўні».

З іншага боку, Андрэа Каірола з UNESCO апісаў свабоду прэсы не толькі як права, але і як інфраструктуру для прагрэса.

«Доступ да інфармацыі — гэта не проста дэмакратычная каштоўнасць, — сказаў ён. — Гэта частка ўстойлівага развіцця. Медыя — гэта адначасова вартаўнік і каталізатар».

На панэлі UNESCO у Вене Каірол расказаў пра сувязь паміж свабодай і Парадкам дня ААН на перыяд да 2030 года. Журналістыка, паводле яго слоў, падтрымлівае падсправаздачнасць як у палітыцы, так і ў эканоміцы, раскрываючы злоўжыванні, але таксама забяспечвае празрыстае функцыянаванне грамадства.

Па ўсім Усходнім партнёрстве рэдактары і эксперты вылучаюць адны і тыя ж прыярытэты для выжывання і адраджэння.

Па-першае, абараніць журналіста — фізічна і лічбава. Ад куленепрабівальных камізэлек у Кіеве да сетак шыфравання ў Баку — падрыхтоўка па бяспецы і прававая дапамога павінны быць сістэмнымі, а не імправізаванымі пасля кожнай атакі.

Па-другое, неабходна пераасэнсаваць бізнес-мадэлі. Незалежныя медыя не могуць спадзявацца толькі на гранты. Змешаныя крыніцы даходаў — падпіскі, сяброўствы, мерапрыемствы — ствараюць устойлівасць і аўтаномію.

Па-трэцяе, развіваць трансгранічнае супрацоўніцтва. Агульныя расследаванні і шматмоўныя публікацыі пашыраюць ахоп і дадаюць пласт калектыўнай бяспекі.

Па-чацвёртае, супрацьдзейнічаць дэзынфармацыі. Фактчэкінгавыя цэнтры, празрыстаць алгарытмаў і адукацыйныя ініцыятывы — неабходныя, каб дзейнічаць супраць маніпуляцый.

Па-пятае, умацоўваць прававыя рамкі. Гарманізацыя з такімі стандартамі, як Еўрапейскі акт аб свабодзе медыя, можа замацаваць незалежнасць СМІ у законе, а не толькі ў прынцыпе.

Як нагадаў аўдыторыі Джозэф Стыгліц, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, сёння цэнзура не абмяжоўваецца паліцэйскімі рэйдамі ці арыштамі. Яна можа быць ціхай, бюракратычнай, эканамічна сканструяванай — «спосабам наганяць страх, каб людзі не выступалі, не пісалі».

Тым не менш, як паказалі журналісты рэгіёна — ад Кіева да Тбілісі, ад Ерэвана да Кішынёва — інстынкт паведамляць, дакументаваць і працягваць расказваць гісторыю застаецца нязломным.

Аўтар: Вольга Кансевіч

Артыкул апублікаван на ўкраінскай мове на сайце TSN.ua



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС"). Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пашырэнні і ўсходнім суседстве (DG ENEST)і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Праект "УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС" рэалізуюцца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,