Ці можа музыка ўплываць на палітыку і ці памёр пасля 2020-га «варушняк» у Беларусі? Пагаварылі пра гэта з культурным актывістам Папам Бо
10 снежня, 2025

Ці можа музыка ўплываць на палітыку і ці памёр пасля 2020-га «варушняк» у Беларусі? Пагаварылі пра гэта з культурным актывістам Папам Бо


Арт-менеджар і дыджэй Аляксандр Багданаў (Папа Бо) — адзін са знакавых людзей для беларускай музыкі. Людзям, што не цікавяцца андэграўндным мастацтвам, ён стаў добра вядомы ў 2020-м, калі граў свае сэты проста падчас вулічных маршаў. Пасля жорсткага затрымання са збіццём, некалькіх месяцаў у СІЗА, прызначэння «хіміі», разгрому культурнага цэнтра «Корпус» і вымушанай эміграцыі ён не пакінуў актывізму. Яго новы праект Belarus Outside Sound System, які атрымаў падтрымку праграмы Еўрасаюза EU4Culture, ператварае рэйвы і канцэрты ў інструмент мяккай сілы. Гэта не проста вечарынкі, а спосаб аб’яднаць дыяспару, расказаць свету пра беларускі крызіс і сабраць грошы для палітвязняў. Напярэдадні Дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня, мы пагаварылі з Папам Бо пра тое, як музыка становіцца голасам свабоды, чаму многія артысты, якія з’ехалі, знаходзяцца на мяжы і як вырасла пакаленне мінчукоў, якія ўжо не памятаюць старых герояў.

«Парада людзям са сферы культуры — вучыць мову, абавязкова»

Прайшло больш за тры гады з вашага апошняга вялікага інтэрв’ю «Люстэрку». Вы тады толькі пераехалі ў Грузію, а цяпер жывяце ў Варшаве. Як за гэты час прайшла вашая асабістая і прафесійная адаптацыя ў эміграцыі? Удалося знайсці сябе на новым месцы?

Нельга назваць гэта словам «удалося». Я ўсё яшчэ ў пошуку і ў надзеі на тое, што хутка з’явіцца месца, дзе я змагу выкарыстаць увесь свой багаж досведу, ведаў і кампетэнцый. Увесь гэты час я займаўся культурнымі праектамі, але гэта было хутчэй удалым выключэннем, чым наладжанай сістэмай.

Вы не толькі дыджэй, але і музычны актывіст — арганізавалі дыскатэку на пратэстах, у кавідным траўні 2020-га запісалі сэт «День победы абсурда» на фоне рэпетыцыі вайсковага парада ў Мінску. Працягваеце працу ў гэтым кірунку?

Так, працягваю. У прынцыпе, практычна ўся мая дзейнасць у эміграцыі скіраваная на ўзаемадзеянне музыкі і сацыяльна карыснай актыўнасці. Мерапрыемствы праекта Belarus Outside Sound System, якія я раблю ў эміграцыі ўжо тры гады, — гэта выкарыстанне музыкі як мяккай сілы для адвакацыі нейкіх сацыяльных праблем. Практычна ўсе яны былі дабрачыннымі. Мы збіралі грошы на падтрымку палітвязняў, а таксама ў першыя месяцы вайны супрацоўнічалі з фондам з Украіны, збіраючы данаты для дзяцей з гэтай краіны. Карацей, мы толькі палітычна і сацыяльна скіраваным культурным актывізмам і займаемся.

У сваіх сацсетках вы часта пішаце пра пошук працы, самарэалізацыі, жыцця ў эміграцыі. Якія парады вы маглі б даць беларускім дзеячам культуры, якія, як і вы, былі вымушаныя з’ехаць і цяпер шукаюць сваё месца?

Вучыць мову, абавязкова. Я ўпэўнены, што калі б у мяне англійская і польская былі на пару узроўняў вышэйшыя, то з’явіліся б і іншыя магчымасці, я быў бы больш рэалізаваны. Мне не хапае добрай англійскай, каб, напрыклад, падавацца ментарам у міжнародную праграму для маладых артыстаў, дзе плацяць добрыя ганарары. Ведаў, досведу і кваліфікацыі для гэтага хапае, але ўзровень мовы недацягвае, каб у поўнай меры весці інтэнсіўныя курсы для дзесяці замежных музыкаў.
Таксама праз гэта я не магу паўнавартасна ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, бо, хоць маёй англійскай хапае для разумення і базавага тлумачэння, гэтага недастаткова, каб удзельнічаць у панэлі на канферэнцыі або даваць глыбокае інтэрв’ю, шчыльна дыскутаваць і разважаць.

«Не для лозунгаў, а для яднання»

26 студзеня 2025-га, у дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, у чатырох гарадах Польшчы прайшлі буйныя вечарынкі Belarus Outside Sound System. Як нарадзілася гэтая ідэя і чаму мерапрыемствы былі прымеркаваныя менавіта да выбараў?

Нам падумалася, што для беларусаў за мяжой гэта досыць сумны дзень — праз бяссілле і немагчымасць паўплываць на сітуацыю. І мы вырашылі, што як мінімум у Польшчы, дзе мы знаходзімся, трэба зрабіць нейкае мерапрыемства, стварыць сэйф-плэйс, каб яны маглі сустрэцца, прабавіць гэты дзень у добрай атмасферы, пабачыцца і адчуць, што ў эміграцыі ёсць супольнасць.

Пачалі думаць, які б гэта канцэрт мог сабраць нашых з усёй Польшчы. І прыйшлі да высновы, што ў Варшаве не атрымаецца зрабіць мерапрыемства, на якое прыедуць з Познані, Кракава, Гданьска не дзесяць заўзятых тусоўшчыкаў, а вялікая колькасць людзей. Таму мы вырашылі, наадварот, дэцэнтралізаваць гэта і зрабіць у адзін дзень мерапрыемства ў чатырох гарадах, дзе ў нас былі партнёры і валанцёры, з якімі можна было працаваць на месцах. Ну і было адчуванне, што там таксама ёсць людзі, якія прыйдуць на канцэрты.

Колькі вы сабралі людзей на ўсіх гэтых мерапрыемствах?

Крыху больш за дзве тысячы чалавек. Недзе былі проста канцэрты, недзе — маркеты, выставы, недзе — дзённыя або вечаровыя актыўнасці, якія перарастаюць у ноч. Розныя фарматы і розная праходнасць людзей.

У апісанні гаворыцца, што праект падтрымлівае беларускіх артыстаў у эміграцыі і прыцягвае ўвагу да сацыяльных і палітычных праблем у Беларусі. Як вы інтэгравалі палітыку ў музычныя мерапрыемствы?

Мы дэкларавалі гэта ў слогане Freedom is our choice («Свабода — наш выбар». — Заўв. рэд.). Акцэнтавалі ў прэс-рэлізах, навінах, анонсах увагу на тое, што гэта збор беларусаў для пачуцця адзінства і салідарнасці. Артысты, якія ў нас гралі, выступаюць з публічнай цвёрдай пазіцыяй. Усе яны вымушана эмігравалі. Насамрэч мы не хацелі актыўна рабіць гэтую акцыю палітычнай. Але думалі, што праз дзень — для беларусаў адназначна сумны — усім будзе відавочна, чаму гэтыя мерапрыемствы адбываюцца і для чаго: не для лозунгаў, а для яднання.

Праект Belarus Outside Sound System падтрымала праграма Еўрасаюза EU4Culture. Як гэта дапамагло ў яго рэалізацыі і развіцці і якую ролю наогул адыгрываюць такія праграмы ЕС для развіцця беларускай незалежнай культуры?

EU4Culture далі пачатак праекту, за іх грант быў зроблены старт BOSS у выглядзе чатырох фестываляў запар у 2023 годзе. Мы іх спланавалі, прыдумалі канцэпцыю, падабралі склады артыстаў, распрацавалі фарматы — чатыры гарады, у якіх была сканцэнтраваная найбольшая колькасць моладзі, якая хоча прасунутай беларускай тусоўкі. Былі абраныя Тбілісі, Вільнюс, Варшава і Берлін.

Мы жылі тады ў Тбілісі і падаліся на гэтую праграму. Распісалі канцэпцыю так, што гэта будуць напалову канцэрты, а напалову — рэйвы з электроннымі артыстамі, якія збіраюць сотні людзей.
Усюды быў свой хэдлайнер. У Тбілісі — Super Besse, у Вільнюсе — Галя Чыкіс і Света Бень, у Берліне — Shuma, а ў Варшаве мы зрабілі асобную сцэну на першым фестывалі «Варушняк». Плюс у кожным горадзе — лакальны дыджэй для сувязі з мясцовым андэграўнд-кам’юніці і яшчэ склад нашых дыджэяў і музыкаў, якія эмігравалі ў гэты горад.

Уваход — за данаты, якія мы перадалі Беларускай радзе культуры для падтрымкі палітвязняў-артыстаў. Мы тады сабралі каля чатырох тысяч еўра. Усё атрымалася. За гэта вялікі дзякуй EU4Culture. Рэспект і ўважуха.

Было шмат і людзей, і водгукаў. Вельмі добра ўсё прайшло — і фінансава, і па цікавасці, і па закрыцці патрэбаў аўдыторыі. Таму што было відавочна: ёсць вялікая праслойка эмігранцкай моладзі, якой нецікава хадзіць на класічны склад беларускай эмігранцкай сцэны. Гэтым людзям хочацца чагосьці больш перадавога і авангарднага.

Чаму такія мерапрыемствы немагчыма правесці на камерцыйнай аснове без падтрымкі фондаў?

Гэта вельмі дорага. Выдаткі на правядзенне такіх канцэртаў у чатыры разы большыя, чым збіраецца данатаў з уваходу. Калі прадаваць білеты, то яны атрымаюцца вельмі дарагімі. Пры гэтым для акупнасці трэба ўсюды збіраць поўныя залы. Гэта малаімаверна ў выпадку вечарынак з андэграўнднай музыкай без суперхэдлайнераў.

«Вырасла новае пакаленне без культурнай пакаленчай пераемнасці»

На вінілавай кружэлцы Belarus Outside Sound System імёны многіх артыстаў схаваныя за псеўданімамі. На вокладцы напісана, што яны застаюцца ў Беларусі. Як яны сябе там адчуваюць?

Кепска. Адзін нядаўна сеў. Нехта з’ехаў у вёску і не вылазіць адтуль. Нехта наогул адышоў ад музыкі, займаецца чымсьці сумежным і «не гудзіць». Нехта ўжо не вытрымаў і з’ехаў з Беларусі.

Але ад некаторых з гэтых музыкаў прыходзяць вестачкі пра тое, што ў Мінску ўжо аднаўляецца культурнае жыццё ў нейкай новай форме. Рэйвы праводзяцца, іншыя актыўнасці. Нават падобная на «Корпус» прастора адкрылася — «Рэха» ў двары завода «Луч». Там быў раней няўдалы фудкорт.

Вам у цэлым цікава, што адбываецца цяпер у гэтай сферы ў Мінску?

Мне гэта вельмі цікава. Я ўважліва сачу і спрабую нават аналізаваць. Падпісаны на ўсе маладыя гурты і артыстаў, якія нешта робяць у Беларусі. Гэта людзі, якім у 2020-м было 16−17 гадоў. Вырасла новае пакаленне без культурнай пакаленчай пераемнасці. Большасць з іх ужо не ведае, што быў калісьці ў Мінску культурны цэнтр «Корпус», у якім нейкі Папа Бо рабіў вечарынкі і канцэрты. Не ведаюць пра «Серебряную свадьбу» і іншыя супергурты. Яны на голай перааранай глебе адаптаваліся і знайшлі варыянты, як усё роўна рабіць варушняк унутры Беларусі.

То-бок страта «Корпуса» ўжо не такая страшная для культурнага развіцця горада?

Так, ужо нястрашная. Вядома, пяць гадоў прайшло. Будынак, у якім быў «Корпус», цалкам перарабілі, знішчылі мурал на яго фасадзе. Гэта нават добра. «Корпус» быў у супераварыйным стане. Мы вельмі доўга дабіваліся яго рэстаўрацыі. Са сцен другога паверха на галовы людзей падалі шматкілаграмовыя кавалкі тынкоўкі.

І добра, што будынак не знеслі, але капітальна адрэстаўравалі. Як яно выглядае — гэта іншае пытанне. Але там цяпер і не патрэбны стракаты фасад, бо ўжо недапушчальны стракаты варушняк. Вулічнае мастацтва рана ці позна знікае. Наш мурал пражыў доўгае жыццё на самай справе. Ён сімвалізаваў той варушняк вакол «Корпуса», які знік. І яго там больш не будзе.

«Публічная звязка мяне і праекта або гурта з Беларусі — гэта ўжо небяспечна»

Вы жывяце ў Варшаве, гэта найбуйнейшы цэнтр беларускай творчай эміграцыі. Музыкі яшчэ ў дэпрэсіі ці ўжо сталі на ногі і адаптаваліся?

Хтосьці яшчэ не прыйшоў у сябе, хтосьці ўжо зарыентаваўся. Але мала хто стаў на ногі і адаптаваўся. Многія на мяжы. Большасць перастае займацца музыкай і ідуць у нешта, што прыносіць грошы. У Варшаве шмат людзей, музычная тусоўка вельмі разрозненая, шмат аматараў пасварыцца.

Што дзеляць?

Я не ў курсе, не ў кантэксце. Ужо год нікуды не хаджу. Мне стала нецікава. Хочацца новай тусоўкі. Няма сэнсу прыходзіць і абмяркоўваць чуткі, што нехта зрабіў ці сказаў. Гэта неінфарматыўна і не развівае.

Таму я нідзе не тусуюся. У мяне ёсць дзяўчына, мне хапае яе кампаніі. Нам разам весела.

Тым музыкам, хто стаў на ногі, удаецца інтэгравацца ў польскі, еўрапейскі рынкі?

Гэта хутчэй выключэнне. Але, з іншага боку, калі для параўнання ўзяць харвацкую, славенскую або літоўскую музычныя сцэны, то там жа сітуацыя нават горшая. Калі ты моцны меламан, то ў рэдкім выпадку ўспомніш адзін-два цікавыя андэграўндныя гурты з гэтых краін. А ў Беларусі ёсць Molchat DomaDlina VolnyЯгор ЗабелаўSuper BesseNürnberg. Гэта артысты, якія збіраюць ад сотняў да дзясяткаў тысяч небеларусаў на канцэртах у Еўропе і па ўсім свеце. Думаю, гэтага больш чым дастаткова.

І ныццё пра тое, што беларускую сцэну не заўважаюць і нас нікуды не бяруць, — гэта неправамоцна. Бо наш андэграўнд ужо ў дастатковай для невялікай краіны колькасці прысутнічае ў сусветным парадку дня.

Вы згадвалі, што сочыце за музыкамі, якія застаюцца ў Беларусі. Раскажыце, што там цікавага ёсць.

Не буду. Яны і так усе баяцца са мной кантактаваць. Любая публічная звязка мяне і праекта або гурта з Беларусі — гэта ўжо небяспечна. Менавіта таму я не магу нават непублічна арганізаваць іх канцэрты тут. Бо маё імя засвеціцца ў інфармацыі білетнага аператара або ў якога-небудзь арганізатара падзеі ў Facebook. І ўсё, гэта ўжо небяспечна.

На жаль, большасці артыстаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, складана выехаць сюды, таму што ў любым выпадку нехта прынясе на канцэрт бел-чырвона-белы сцяг, выгукне «Жыве Беларусь!», гэта здымуць і размесцяць у сторыс. А ім вяртацца назад. Таму людзі, якія прыязджаюць з Беларусі ці туды вяртаюцца, робяць тут канцэрты вельмі асцярожна. Напрыклад, у афішах не змяшчаюць імені або назвы, заяўляючы, што выступіць «сакрэтны госць». Ці просяць гледачоў паставіцца ўважліва і не фоткаць, не махаць сцягамі. Кагосьці не анансуюць да апошняга моманту.

«Я за разнастайнасць досведу і супраць прынцыпу „Слухай сваё“»

Ці ёсць стомленасць ад палітычнага парадку ў музыкаў і аўдыторыі?

Вялікая. Расчараванне, адчуванне таго, што нічога не вырашаецца і нічога не мяняецца. Як і ў простых людзей, у музыкаў і ў музычным варушняку ўсё роўна гэтак жа.

Вы неяк казалі, што ваш галоўны страх — гэта настолькі адарвацца ад Беларусі, што не захочацца вяртацца туды. Пакуль яшчэ ёсць такое жаданне?

Вядома, хочацца вярнуцца. Бо ёсць адчуванне, што гэтая магчымасць з’явіцца ў такіх абставінах, пры якіх я зноў змагу і прыдацца, і знаходзіцца на сваім месцы. Каб быць карысным у пабудове новай культурнай палітыкі і стварэнні кантэксту.

Інтэрв’ю выходзіць напярэдадні Дня правоў чалавека. Як вы лічыце, ці могуць артысты і музыка ў цэлым рэальна ўплываць на грамадскія змены і сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі?

У Беларусі — ніяк. Але музыка можа быць адным з інструментаў данясення інфармацыі пра палітычны крызіс. Вялікая сцэна — гэта ўплыў на вялікія аўдыторыі. З дапамогай музыкаў і мерапрыемстваў можна абвяшчаць нейкія важныя рэчы, ствараць трыбуну для выказванняў, не пабаюся гэтага пафаснага слова. Салідарызаваць людзей і збіраць данаты таксама немалаважна. А таксама захоўваць і папулярызаваць беларускую культуру і ідэнтычнасць.

У Spotify я знайшоў ваш плэйліст «Беларусь, я цябе не баюсь». У ім усяго 46 песень. Каго б параілі паслухаць з гэтага спісу?

Гэтыя трэкі я адбіраў для беларускага мікса, які мне замовілі беларусы Сіэтла для іх мерапрыемства Dranik Fest. Яны не змаглі мяне туды прывезці, але ў іх быў запыт на тое, каб я сабраў двухгадзінны мікс чыста з беларускіх трэкаў.

Паслухаць раю Анастасію Рыдлеўскую — абавязкова, рэпера ЛайтовагаDomsun з Познані — яны клёвыя, Dlina Volny — класны гурт, у KOOB добры альбом Zubraniatka сумесна з Sw@da, у Palina выйшаў круты апошні альбом, Žulavl нядрэнныя, і праект Sloznie — беларускі рэп з 2012 года, які я не разумею як прайшоў тады міма мяне.

Мала, бачыш. Але я не аматар толькі беларускай музыкі, не пазіцыяную сябе экспертам па ёй. Я за разнастайнасць досведу і супраць прынцыпу «Слухай сваё». Бо потым атрымліваецца так, што чалавек не можа зарыентавацца ў сусветным кантэксце.

Артыкул апублікаваны на рускай і беларускай мовах на сайце Zerkalo.io



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС"). Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пашырэнні і ўсходнім суседстве (DG ENEST)і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Праект "УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС" рэалізуюцца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,