Цяжар для ЕС ці гарантыя міру? Колькі каштуе падтрымка Украіны
© EFE/Roman Pilipey/Source: El Confidencial
13 студзеня, 2026

Цяжар для ЕС ці гарантыя міру? Колькі каштуе падтрымка Украіны


У дэбатах у Брусэлі і ў кампаніях — асабліва папулісцкіх — на нацыянальным узроўні на працягу некалькіх месяцаў паўтараліся словы: фінансаванне Украіны — «празмерна дарагое» для Еўрапейскага саюза. Аднак лічбы кажуць іншае: цяпер ЕС плаціць за абарону Украіны прыкладна столькі ж, колькі б выдаткаваў, калі б Расія перамагла Украіну і напала на краіны НАТА. Хіба апошні сцэнарый звязаны са значна большымі рызыкамі для ЕС.

Разнагалоссі пра гэта адлюстроўваюцца ў тым, наколькі па-іншаму розныя еўрапейскія СМІ пішуць пра фінансавы цяжар падтрымкі Украіны.

Напрыклад, ірландскае выданне The Journal, якое ўваходзіць у буйную трансгранічную еўрапейскую журналісцкую ініцыятыву пад назвай PULSE, нядаўна падрабязна развянчала міф пра тое, што «фінансаванне Украіны каштавала Ірландыі мільярды еўра». У сваю чаргу, венгерскі праўладны навіновы сайт Origo сцвярджае, што «выдаткоўваць грошы на Украіну — як насіць у рэшаце ваду». І гэта цудоўны прыклад таго, як праўладныя медыя рэагуюць на тэмы, асабліва адчувальныя для іх аўдыторыі.

Аднак у цэлым у Еўропе адзначаецца тэндэнцыя: усё больш палітыкаў падчас выбарчых кампаній сцвярджаюць, што фінансавы цяжар вайны ва Украіне стаў не пад сілу для іх краін і ЕС. Гэта адбываецца ў вырашальны момант, калі Еўропа павінна ўзяць на сябе поўную адказнасць за фінансаванне вайны ва Украіне, якая амаль зраўнялася па працягласці з дзвюма войнамі, а Вашынгтон практычна сышоў на другі план. Гэта, у сваю чаргу, сур’ёзнае выпрабаванне для прававой базы ЕС і лідараў еўрапейскіх краін — іх майстэрства дамаўляцца.

Хто пазычае на дапамогу Украіне?

Апошнія дадзеныя Ukraine Support Tracker Кільскага інстытута паказваюць, што Венгрыя выдаткоўвае адносна мала на падтрымку Украіне, нягледзячы на блізкасць вайны ў суседняй краіне ці, магчыма, менавіта з-за гэтага.

Унёсак Венгрыі рэзка кантрастуе з падтрымкай, якая аказваецца менш багатымі краінамі Балтыі і Паўночнай Еўропы, якія нясуць найбольшую нагрузку ў адносінах да свайго УВП (унутраны валавы прадукт). Польшча, Чэхія і Славакія таксама выключна шчодрыя ў «сярэднім дыяпазоне», у той час як у абсалютных лічбах найбольшую падтрымку аказваюць Германія і Францыя.

Міжнародныя крэдытныя арганізацыі і донары пагаджаюцца, што Украіну неабходна забяспечваць далейшай падтрымкай як мага хутчэй. У сваёй заяве ад 26 лістапада 2025 года Міжнародны валютны фонд кажа: «Для прадухілення праблем з ліквіднасцю неабходны неадкладныя дзеянні з боку донараў».

МВФ таксама падкрэслівае, што патрэбы Украіны ў бюджэтных і знешніх фінансавых рэсурсах вялікія, а рызыкі «выключна высокія» з-за працягласці і інтэнсіўнасці вайны, а таксама хістаннях у падтрымцы з боку донараў. Тым часам, Сусветны банк дае канкрэтныя лічбы, ацэньваючы патрэбы Украіны ў знешнім фінансаванні на 2025 год у 37 мільярдаў еўра. Значыць,  забяспечыць Украіну фінансаваннем ужо ў пачатку 2026 года — неадкладная задача.

Трывогу выклікаюць свежыя дадзеныя Кільскага інстытута, якія кажуць пра рэзкае скарачэнне ваеннай і абароннай падтрымкі ў 2025 годзе. Украіна ўступае ў новы год з найменшай, чым у мінулыя гады, колькасцю гарантый па ваеннай дапамозе з моманту пачатку вайны ў 2022 годзе. Еўропа выдаткавала Украіне толькі каля 4,2 мільярдаў еўра новай ваеннай дапамогі — гэта занадта мала, каб кампенсаваць спыненне падтрымкі з боку ЗША, папярэджвае аналіз Кільскага інстытута.

У той жа час адрозненні ўнутры Еўропы ўмацаваліся. Францыя, Германія і Вялікабрытанія значна павялічылі свае асігнаванні, але яны па-ранейшаму адстаюць ад краін Паўночнай Еўропы. А Італія і Іспанія ўкладваюцца толькі мінімальна.

Пры гэтым Германія дае найбольшае фінансаванне для сістэм супрацьпаветранай абароны і танкаў. Польшча, Чэхія і краіны Балтыі робяць найбольшую колькасць паставак цяжкага ўзбраення.

Што датычыцца Ірландыі, то ў пачатку гэтага месяца прэм’ер-міністр Міхол Мартын абвясціў аб тым, што краіна дасць дадатковую фінансавую дапамогу Украіне ў памеры 125 мільёнаў еўра на бліжэйшыя пяць гадоў у рамках плана двухбаковага супрацоўніцтва.

Гэты план уключае дадатковыя 100 мільёнаў еўра на нялётнае ваеннае абсталяванне ў дадатак да 100 мільёнаў еўра, што выдалі раней. Таксама Ірландыя дасць 25 мільёнаў еўра на аднаўленне і абарону ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.

Акрамя гэтага, сёлета ірландскі ўрад абвясціў аб 35,4 мільёнах еўра, якія выдаткоўвае на гуманітарную дапамогу і стабілізацыю.

Варта адзначыць, што выдаткі на бежанцаў асабліва цяжка кладуцца на Германію, Польшчу, Румынію і Чэхію.

Колькі Украіна каштуе для ЕС? Што кажуць лічбы

Згодна з аглядам Еўрапейскай парламенцкай даследчай службы (EPRS) за кастрычнік 2025 года, інстытуты ЕС і 27 дзяржаў-членаў разам, у якасці «Каманда Еўропа» (Team Europe), з лютага 2022 года мабілізавалі каля 177,5 мільярдаў еўра ў якасці фінансавай, ваеннай і гуманітарнай дапамогі для Украіны.

Сюды ўваходзіць макрафінансавая дапамога і Механізм падтрымкі Украіны (Ukraine Facility), у рамках якога ў 2024-2027 гадах Украіна атрымае 50 мільярдаў еўра. З іх 38,27 мільярдаў еўра — прамая бюджэтная падтрымка, у асноўным у якасці льготных крэдытаў. Да гэтага трэба дадаць ваенную дапамогу, якую EPRS ацэньвае прыкладна ў 63-65 мільярдаў еўра, уключаючы пастаўкі дзяржаў-членаў і выплаты з Еўрапейскага фонда міра (EPF).

Нарэшце, падтрымка бежанцаў — гэта выдаткі, якія грамадства рэдка звязвае непасрэдна з Украінай. Аднак, зыходзячы з дадзеных Ukraine Support Tracker Кільскага інстытута, EPRS ацэньвае выдаткі дзяржаў-членаў ЕС, звязаныя з бежанцамі, прыкладна ў 155 мільярдаў еўра ад пачатку 2022 года па жнівень 2025 года.

Калі скласці ўсё разам — бюджэтныя праграмы ЕС, ваенную дапамогу і расходы на бежанцаў, то на дадзены момант кошт Украіны для ЕС складае прыкладна 330 мільярдаў еўра за 3,5 гады. У год гэта каля 90-100 мільярдаў еўра. У той жа час агульны УВП 27 краін ЕС у 2024 годзе значна перавысіў 15 трыльёнаў еўра. Ад гэтай сумы штогадовыя затраты на Украіну складаюць прыкладна 0,6-0,7%.

ЕІБ і ЕБРР: эканоміка развіцця падчас вайны

Фінансавыя ўстановы ЕС таксама гуляюць ключавую ролю ў фінансаванні Украіны. Згода з заявай Групы Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) ад ліпеня 2025 года, з пачатку расійскага ўварвання яна мабілізавала 3,6 мільярдаў еўра ў якасці падтрымкі і крэдытаў для Украіны — у асноўным для фінансавання энергетычнай інфраструктуры, транспарта, малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) — найбуйнейшы інстытуцыянальны інвестар Украіны падчас вайны. На Канферэнцыі па аднаўленню Украіны, якая адбылася ў 2025 годзе ў Рыме, банк паведаміў, што фінансаванне ў ваенны час дасягнула 7,6 мільярдаў еўра і ў далейшым ён плануе падтрымліваць узровень у 1,5-2 мільярды еўра штогод.

Інвестыцыі ЕБРР ва Украіну падчас вайны — гэта зусім не раскоша. Яны накіраваны на аднаўленне электрастанцый, мастоў, сістэм цэнтралізаванага цеплазабеспячэння гарадоў, пагранічных пераходаў і выжывання малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Карацей кажучы, ЕБРР укладаецца ў тое, без чаго краіна ў абароне хутка ператварылася б у нестабільнага суседа.

Еўропа супраць ЗША: хто насамрэч плаціць за вайну ва Украіне?

Спрэчкі еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў, «хто плаціць больш», павінны вырашыць апошнія дадзеныя, якія паказалі: у пачатку гэтага года Еўропа змяніла ролю «безбілетніка» на ролю галоўнага спонсара. Па дадзеных Кільскага інстытута, ад 2022 года інстытуты і дзяржавы-члены ЕС сумесна выдаткавалі каля 165,7 мільярдаў еўра на падтрымку Украіны, у той час як ЗША далі каля 130,6 мільярдаў еўра.

EPRS падкрэслівае, што да 2025 года «Каманда Еўропа» перагнала Злучаныя Штаты па агульнаму аб’ёму выдаткаванай фінансавай, гуманітарнай і ваеннай дапамогі.

У вобласці ваеннага абсталявання дзяржавы-члены ЕС у гэтым годзе таксама выдаткавалі Украіне больш сродкаў, чым Вашынгтон: 65,1 мільярдаў еўра ў параўнанні з 64,6 мільярдамі еўра ад ЗША, а таксама дадатковыя 32,8 мільярдаў еўра ў якасці еўрапейскіх абавязальніцтваў.

Аднак карціна нашмат складаней. Большая частка дапамогі ЗША складаецца з грантаў, у той час як каля 75% фінансавання ЕС даецца ў якасці льготных крэдытаў з доўгімі льготнымі перыядамі і субсідыямі па адсотках. Вядома, гэта азначае больш нізкія неадкладныя затраты, але ЕС прымае на сябе большую доўгатэрміновую фінансавую рызыку — часткова, чакаючы, што крэдыты ў выніку пагасяць расійскія актывы ці «крэдыты на ваенныя рэпарацыі».

Што будзе каштаваць даражэй: перамога Украіны ці Расіі?

Парадаксальна, але самы значны аргумент у спрэчцы пра тое, што «фінансаванне Украіны абыходзіцца надта дорага», гэта ацэнка таго, колькі будзе каштаваць адмова ад гэтай падтрымкі.

Нядаўняе даследаванне нарвежскай аналітычнай кампаніі Corisk, фінансаванай грамадзянскім сектарам, і Нарвежскага інстытута міжнародных адносін (NUPI) прапаноўвае для параўнання два сцэнарыя:

  • Сцэнарый №1 — перамога (нават частковая) Расіі: Масква ссоўвае фронт на захад, Украіна вымушана прыняць «дрэнны мір» і губляе да паловы сваёй тэрыторыі. Згодна з даследаваннем, гэта абыйдзецца Еўропе ў 524-952 мільярды еўра ў якасці расходаў на бежанцаў і сацыяльныя выдаткі на працягу чатырох гадоў, плюс дадатковыя выдаткі на абарону, у выніку агульная сума складзе 1,2-1,6 трыльёнаў еўра.
  • Сцэнарый №2 — перамога Украіны: Еўропа ўзбройвае Украіну (1500-2500 танкаў, 2000-3000 артылерыйскіх сістэм, да 8 мільёнаў дронаў, сучасныя сродкі СПА), што дазваляе ёй адсунуць расійскія войскі і прымусіць Крэмль пайсці на мір, які будзе выгадны для Украіны. Даследчыкі ацэньваюць гэты выдаткі ў 522-838 мільярдаў еўра за чатыры гады — прыкладна палову ад таго, што Еўропа заплаціла бы ў выпадку перамогі Расіі.

Даследчыкі таксама прапаноўваюць змяншенне ролі ЗША, а гэта азначае, што асноўная частка цяжару, як і сёння, кладзецца на Еўропу.

Колькі будзе каштаваць Расіі напад на НАТА?

Не існуе афіцыйных разлікаў ЕС, колькі будзе каштаваць вайна Расіі з НАТА. Але ёсць прыблізныя ацэнкі таго, колькі патрабуецца для абароны Еўропы, нават калі ЗША адмовяцца ад ваеннай прысутнасці на еўрапейскім кантэненце.

Згодна з аналізам, праведзеным у 2025 годзе брусэльскім аналітычным цэнтрам Bruegel, калі б Еўропа павінна была стрымліваць Расію без дапамогі ЗША, то ў бліжэйшыя гады ёй бы штогод патрабавалася як мінімум 300 тысяч дадатковых вайскоўцаў і каля 250 мільярдаў еўра дадатковых выдаткаў на абарону.

Згодна з вышэй згаданым нарвежскім даследаваннем, дадатковыя выдаткі на абарону для ўмацавання ўсходняга фланга НАТА у выпадку вайны Расіі супраць НАТА павялічаць агульныя выдаткі Еўропы на сцэнарыі №1 да 1,2-1,6 трыльёнаў еўра.

Гэта ўжо перавышае суму, якую ЕС цяпер выдаткоўвае агулам на падтрымку Украіны, і ў гэтым разліку нават не ўлічваюцца патэнцыяльныя разбурэнні інфраструктуры ў краінах Балтыі ці Скандынавіі, а таксама новыя хвалі бежанцаў.

Аўтар: Гыёрг Фолк

Арыгінальны артыкул быў апублікаваны на венгерскай мове ў выданні HVG



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС"). Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пашырэнні і ўсходнім суседстве (DG ENEST)і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Праект "УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС" рэалізуюцца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,