Rhisoma Lab: міжкультурны хаб для крэатыўных людзей у Тбілісі
7 лютага, 2024

Rhisoma Lab: міжкультурны хаб для крэатыўных людзей у Тбілісі


У цэнтры Тбілісі творцы шукаюць новыя рашэнні для разнастайных прастораў, якія б не шкодзілі прыродзе і ядналі супольнасць. Яны працуюць у лабараторыі Rhisoma Lab, створанай пры падтрымцы Еўрапейскага cаюзу ў рамках праекту EU4Culture. Лабараторыя дае хутка пашыральнай супольнасці архітэктараў і дызайнераў не толькі дах над галавой і абсталяванне, але і магчымасць працаваць над праектамі нелінейна, выходзячы за рамкі традыцыі і іерархіі. Такі падыход называецца рызаматычным, ад французскага слова rhyzome (перакладаецца як карэнішча), што стала грунтам для канцэпцыі філасофіі постмадэрнізму “рызома”.

Беларускі архітэктар Георгі Заборскі цяпер жыве ў Грузіі. Тут ён выявіў, што “шмат хто з так званых вымушаных мігрантаў новай хвалі здольныя ствараць праекты на скрыжаванні сацыяльнай і творчай сфераў”. Паводле яго словаў, такія людзі, як ён, не інтэграваныя ў мясцовую сацыяльную тканіну і маюць зносіны толькі ў рамках сваёй “бурбалкі”. У пошуках неіерархічных сувязяў паміж творчымі супольнасцямі мясцовых жыхароў і эмігрантаў, Георгі разважаў над новым праектам і запісваў ідэі ў нататнік.

Падтрымка ад EU4Culture: каталізатар для рэалізацыі новай ідэі

Неўзабаве пасля гэтага ён даведаўся пра фінансаваны ЕС конкурс у рамках EU4Culture для беларускіх творцаў, зацікаўленых у распрацоўцы культурных і крос-інавацыйных праектаў. Паводле Георгія, конкурс паслужыў матывацыяй і “інструментам для пераходу ад толькі мыслення пра [праект] да рэальнага дызайну”. Такім чынам, заяўка на EU4Culture для падтрымкі Rhisoma Lab стала падмуркам будавання платформы для стварэння і пашырэння магчымасцяў дэцэнтралізаваных творчых супольнасцяў.

Ад лістапада 2022 года па чэрвень 2023 года Георгі і яго калегі змаглі, дзякуючы гранту ЕС у памерах 25 000 еўра, атрымаць доступ да абсталявання і прасторы, неабходнай для паўставання лабараторыі і асяродку для нэтворкінгу і супрацоўніцтва. Лабараторыя Rhisoma Lab размясцілася ў будынку 19-га стагоддзя ў Тбілісі, побач з якім італьянскі сад і квартал шчыльна заселены жылы квартал.

Супольнасць Rhisoma Lab

Цяпер супольнасць Rhisoma Lab налічвае каля 150 чалавек – архітэктараў, дызайнераў і іншых прадстаўнікоў творчага сектару. Rhisoma Lab прапануе сваёй дынамічнай супольнасці архітэктараў і дызайнераў магчымасць кінуць выклік іерархічным стандартам, прапаноўваючы рызаматычныя працэсы распрацоўкі праектаў, доступ да абсталявання і творчы нэтворкінг для ўсіх зацікаўленых. Сюды таксама можна звярнуцца па кансультацыю. Дзякуючы гэтаму дасягаецца мэта праекту – злучыць беларускіх творцаў з мясцовымі супольнасцямі і падтрымаць іх у пераадоленні “ашаламляльнай трывожнасці і поўнай страты ўласнай значнасці ў новых і жудасных абставінах”.

“Ядро супольнасці складаецца з 50 чалавек, а наагул нас каля 150 “, – кажа Георгі. – “У нас няма выразных межаў, таму мы назвалі праект Rhisoma (Рызома). Гэтая спроба паказаць магчымасць існавання неіерархічных і адкрытых структураў асабліва важная цяпер, улічваючы ўсе палітычныя падзеі – пратэсты і рэпрэсіі ў Беларусі і расійскае ўварванне ва Украіну”.

У партнёрстве з грузінскімі ўстановамі і творчымі асобамі

Георгі адзначае, што ў рамках фінансаванага ЕС праекту Rhisoma Lab беларусы і грузіны актыўна супрацоўнічаюць у розных праектах. На дадзены момант у супрацоўніцтве з тбіліскім Цэнтрам сучаснага мастацтва супольнасць архітэктараў і дызайнераў распрацоўвае прасторавую канцэпцыю навучальнай установы паблізу руінаў старажытнага пячорнага гораду Уплісцыхэ. Паводле яго словаў, гэты праект дапаможа наладзіць дыялог паміж мастакамі і мясцовымі фермерамі і актывістамі. Таксама там будуць праходзіць арт-рэзідэнцыі мастакоў, якія будуць браць удзел у гэтым працэсе. Rhisoma Lab дапамагае Цэнтру вызначыць “зялёную” і даступную для рэалізацыі канцэпцыю дызайну для будучай навучальнай установы.

“Мы зразумелі, што для таго, каб спраектаваць такі “зялёны” будынак, трэба дэталёва вывучыць мясцовыя гістарычныя будынкі”, – адзначае Георгі. Ён падкрэслівае, што “ўстойлівая архітэктура выкарыстоўвае ў якасці прыкладу не гістарычныя помнікі, а звычайныя даўнія канструкцыі, такія як дамы, будынкі для жывёлагадоўлі. Такі падыход, на яго думку, прадугледжвае выкарыстанне наяўных у мясцовасці будаўнічых матэрыялаў, што робіць працэс будаўніцтва больш ашчадным.

Мастацтва правядзення сходаў

Rhisoma Lab адкрыта дзеліцца інфармацыяй пра ўсе бягучыя праекты, у тым ліку пра адукацыйны цэнтр на беразе ракі Мтквары. Гэта робіцца з мэтай прыцягнення ў праекты розных групаў людзей. “Мы – каманда экспертаў XXI стагоддзя”, – кажа Георгі. – Цяпер веды лёгка атрымаць. Галоўнае – умець слухаць і звязваць погляды розных людзей”. Ён дадае, што стандартныя нэтворкінгавыя імпрэзы доўжацца дзве гадзіны – “і праз дзве гадзіны вы проста развітваецеся адзін з адным”. Але дзеля пабудовы ўстойлівай супольнасці, здольнай да эфектыўнай сумеснай працы, кожнаму трэба быць гатовым да актыўнага супрацоўніцтва.

Акрамя таго, члены шматкультурнай супольнасці рэгулярна збіраюцца на экспертныя прэзентацыі, прысвечаныя інавацыйным рашэнням. Напрыклад, 3D-друку або кампутарызаванаму дызайну рэалістычных візуалізацыяў будынкаў і розных прадметаў.

Акрамя таго, Rhisoma Lab у партнёрстве з грузінскімі ўстановамі, такімі як Цэнтр сучаснага мастацтва, арганізавала шматкультурную выставу. У ёй узялі ўдзел мастакі з Грузіі, Швейцарыі, Расіі, Украіны, Ірану і Польшчы. Такім чынам, акрамя архітэктуры і прамысловага дызайну, праект закранае і больш шырокія сферы творчай індустрыі.

Сучаснае і будучае Rhisoma Lab

Абсталяванне і імпрэзы, што ладзяцца ў Rhisoma Lab, заклалі падмурак для 12 прыкладаў плённага супрацоўніцтва паміж беларускімі і грузінскімі творчымі асобамі. Супольнасць архітэктараў і дызайнераў удзельнічала ў пяці праектах грузінскіх установаў і ў дзвюх міжнародных ініцыятывах. Такім чынам, першапачатковая мэта Rhisoma Lab – “будаўніцтва мастоў і сувязяў” паміж беларускімі творчымі мігрантамі і грузінскім грамадствам – была паспяхова дасягнутай і далей рэалізуецца.

Поспех Rhisoma Lab палягае і ў яе эканамічнай устойлівасці. У дадатак да гранту ад EU4Culture супольнасць змагла сабраць сродкі ад іншых донарскіх арганізацыяў і партнёраў. Больш за тое, праект выйшаў за межы Грузіі праз наладжванне сувязі з архітэктарамі і дызайнерамі, якія пражываюць у Еўрапейскім саюзе і Арменіі. Георгі лічыць, што Rhisoma Lab прапануе “магчымую мадэль творчай лабараторыі будучыні”. Паводле яго словаў, у лабараторыі можна навучыцца навыкам медыяцыі ў гарызантальных, менш іерархічных працэсах, якія потым могуць распаўсюджвацца на іншыя рэгіёны. Паколькі яе праекты і дзейнасць заснаваныя на экалагічнай устойлівасці, інклюзіўнасці, роўнасці і іншых прынцыпах гарызантальнага развіцця грамадства, Rhisoma Lab працягвае расці рызаматычна, прапаноўваючы дэцэнтралізаваныя, узаемазвязаныя і лёгка адаптавальныя прасторавыя рашэнні, якія кідаюць выклік традыцыйным іерархічным падыходам. “Мы не павінны спрабаваць нешта прадаць камусьці, але вырашаць рэальныя праблемы”, – кажа Георгі. “Сапраўдная філасофія дызайну – вырашаць праблемы”.

Як EU4Culture падтрымлівае крос-інавацыйныя праекты з Беларусі

У рамках двух конкурсаў заявак праект EU4Culture ужо аказаў фінансавую падтрымку 28 культурным і крос-інавацыйным праектам дзеячаў культуры і мастацтва з Беларусі. Мэта грантаў – прасоўванне культуры і творчых індустрыяў як крыніцаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, інклюзіі і ўцягвання грамадзянаў, а таксама пашырэнне міжкультурнага дыялогу і абмену ведамі сярод творчых асобаў з Беларусі.

EU4Culture – чатырохгадовы праект, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам для падтрымкі культурнага і творчага сектару з асаблівым акцэнтам на пазасталічных гарадах і мястэчках краінаў Усходняга партнёрства. Праект рэалізуецца Інстытутам Гётэ (галоўны партнёр), чэшскімі цэнтрамі, Дацкім інстытутам культуры і Французскім інстытутам у Грузіі.



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,