Не, час не на баку Расіі
© European Union, 2019
12 красавіка, 2024

Не, час не на баку Расіі


Расійскія ўлады рэгулярна заяўляюць, што іх эканоміка насамрэч нібыта не нясе вялікіх стратаў ад заходніх санкцыяў і што час будзе на баку Расіі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны. Аднак гэтыя заявы не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Нашы санкцыі ўжо істотна аслабілі расійскую эканоміку, і будучыня краіны з кожным днём становіцца ўсё больш змрочнай, таму што Расія працягвае сваю агрэсіўную вайну.

© ANYA MARCHENKOVA / AFP

Еўрапейскі саюз аднагалосна ўзгадніў 13 пакетаў санкцыяў пасля пачатку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны — гэта самыя вялікія санкцыі, якія калі-небудзь прымаў ЕС. Гэтыя санкцыя ўзгадняліся з многімі нашымі партнёрамі. Аднак у апошнія месяцы мы часта чуем, што такія беспрэцэдэнтныя санкцыі могуць нібыта не працаваць. Падобныя галасы сталі яшчэ мацней гучаць пасля заяваў расійскіх уладаў пра рост ВУП на 3,6% у 2023 годзе.

Асцярожна з афіцыйнымі дадзенымі ад пуцінскай Расіі

Па-першае, у такой аўтакратыі, якой з’яўляецца Расія, заўсёды трэба праяўляць вялікую асцярожнасць з афіцыйнымі дадзенымі, бо ў краіне не існуе свабоды інфармацыі і сістэмы стрымак і  супрацьвагаў. Эканамічныя дадзеныя выклікаюць такі ж недавер, як і вынікі галасавання на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

Па-другое, ад самага пачатку было малаверагодна, што расійская эканоміка адразу абваліцца пасля ўварвання ва Украіну. За апошнія два гады мы пастаянна падкрэслівалі, што эфект ад нашых санкцыяў не будзе імгненным і што іх мэтай было аслабленне здольнасці Расіі падтрымліваць ваенную кампанію ў сярэднетэрміновай перспектыве. І гэта тое, што ўжо пачынае адбывацца.

© FEDERAL TREASURY OF RUSSIA
© SOURCE: RUSSIA’S DRAFT BUDGET PLANS, REUTERS, OCT. 16 2023 BY SUMANTA SEN

«Эканамічны рост, які зафіксавалі ў Расіі ў 2023 годзе, стаў класічным вынікам палітыкі «ваеннага кейнсіянства». Такое назіралася ў Германіі ў 1930-я гады».

Эканамічны рост, які зафіксавалі ў Расіі ў 2023 годзе, стаў класічным вынікам палітыкі «ваеннага кейнсіянства». Такое назіралася ў Германіі ў 1930-я гады. Каля 30% бюджэту і 6% ВУП Расіі цяпер афіцыйна выдзяляецца на нацыянальную абарону з яе важнымі дадатковымі рэсурсамі (так званыя сакрэтныя выдаткі) — гэта адбываецца праз павелічэнне выдаткаў на абарону ў 2024 годзе на 70%. Ваенныя выдаткі і выдаткі на бяспеку вярнуліся да ўзроўню савецкіх часоў.

Расійская эканоміка сілкуецца выбуховым ростам выдаткаў на абарону

Расійская эканоміка сілкуецца «выбуховым» ростам выдаткаў на абарону, у тым ліку і высокімі выплатамі салдатам і сем’ям загінулых ва Украіне, асабліва ў бедных рэгіёнах. Дынаміка адлюстроўваецца ў рэгіянальных эканамічных дысбалансах, калі рэгіёны з моцнай ваеннай прамысловасцю або памежныя з Украінай рэгіёны дэманструюць лепшыя эканамічныя паказчыкі — усё праз дзеянні, звязаныя з вайной.

Для аўтарытарнага рэжыму пуцінскай Расіі адносна лёгка скіраваць эканоміку на ваенную вытворчасць, хоць і з вялікімі негатыўнымі наступствамі для іншых сектараў. Зрух да ваеннай эканомікі абавязкова азначае істотна меншыя выдаткі на адукацыю, ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне, дарогі, інфраструктуру, энергетычныя сістэмы… Пераарыентацыя ўжо негатыўна паўплывала на жыццё многіх звычайных грамадзян Расіі, напрыклад, шматлікія збоі сістэмы ацяплення ў некалькіх расійскіх гарадах мінулай зімой. Калі вайна будзе працягвацца, стане толькі горш.

© CREA, 2024
© CSR, 2024

«Прыбытак, які расійская эканоміка атрымлівае ад экспарту выкапнёвага паліва, скараціўся ўдвая з вясны 2022 года».

Нашы санкцыі таксама б’юць па даходах Расіі. Прыбытак, які расійская эканоміка атрымлівае ад экспарту выкапнёвага паліва, скараціўся ўдвая з вясны 2022 года, калі ўвялі еўрапейскае эмбарга на вугаль і нафту. Наша мэта ніколі не палягала на тым, каб перашкодзіць Расіі экспартаваць выкапнёвае паліва, што магло б выклікаць сур’ёзны крызіс на сусветных энергетычных рынках. Мэта была ў тым, каб істотна скараціць прыбыткі Расіі ад гэтага экспарту, і мы гэтай мэты дасягнулі. Пра гэта сведчаць лічбы: як буйны экспарцёр выкапнёвага паліва Расія традыцыйна мае велізарны знешні прафіцыт, але за апошнія два гады гэты прафіцыт скараціўся практычна да нуля.

© FEDERAL STATE STATISTICS SERVICE, 2024

У Расіі вялікая інфляцыя

У 2022 годзе расійская эканоміка перажыла рэзкі рост інфляцыі, які шмат у чым быў абумоўлены заходнімі санкцыямі. У першай палове 2023 года інфляцыя значна знізілася, а з сярэдзіны 2023 года зноў павялічылася. Цяпер гадавы ўзровень інфляцыі ў Расіі перавышае 8% у параўнанні з 2,6% у еўразоне. Асабліва гэта тычыцца цэн на харчовыя прадукты, напрыклад, у 2023 годзе кошт на яйкі вырас на 40% — а гэта адзін з асноўных прадуктаў для многіх расіян. Выдаткі на харчаванне ў бюджэце сярэднестатыстычнай расійскай сям’і выраслі больш чым на 30% ад агульнага аб’ёму.

© GOOGLE, 2024

З вясны 2022 года курс рубля таксама ўстойліва падае. Дэвальвацыя робіць імпарт больш дарагім. Каб спыніць падзенні расійскай валюты і інфляцыю, расійскі Цэнтральны банк вымушана павялічыў кароткатэрміновыя працэнтныя стаўкі — яны складаюць 16% у год, што ў 3,5 разы перавышае працэнтную стаўку Еўрапейскага цэнтральнага банка. Вялікія выдаткі, звязаныя з вайной, больш высокі кошт імпарту і жорсткі рынак працы азначаюць, што інфляцыя ў Расіі будзе заставацца такой жа высокай. Гэта прымушае Цэнтральны банк падтрымліваць працэнтныя стаўкі на высокім узроўні.

«З вельмі высокімі працэнтнымі стаўкамі прыватныя інвестыцыі ў Расіі сур’ёзна зменшыліся, а сама расійская дзяржава не можа дазволіць сабе пазыкі. У выніку, брак інвестыцыяў яшчэ больш пагоршыць эканамічную будучыню Расіі».

У той жа час упэўненасць інвестараў у будучыні расійскай эканомікі настолькі нізкая, што расійскі ўрад павінен браць крэдыты на дзесяць гадоў пад 14% у год – у параўнанні з сярэднім паказчыкам у 2,9% у еўразоне. Расія ўжо перажыла значны адток капіталу, і нават тыя, каго Расія называе «сяброўскімі» краінамі, не жадаюць рабіць стаўку на будучыню Расіі. З вельмі высокім узроўнем працэнтных ставак прыватныя інвестыцыі ў Расіі сур’ёзна зменшыліся, а сама расійская дзяржава не можа дазволіць сабе пазыкі. У выніку, брак інвестыцыяў яшчэ больш пагоршыць эканамічную будучыню Расіі.

Праца па абмежаванні абыходу санкцыяў

Нашы санкцыі часткова абыходзяцца, у прыватнасці, праз экспарт прадукцыі ў суседнія з Расіяй краіны, якія пасля рээкспартуюцца ў Расію. У адказ разам з іншымі партнёрамі па Вялікай сямёрцы мы пастаянна працуем над абмежаваннем такога абыходу: імкнёмся прыцягнуць да адказнасці ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак, асабліва — банкі, якія ўдзельнічаюць у такіх аперацыях. Гэтыя намаганні становяцца ўсё больш эфектыўнымі. Нягледзячы на частковы абыход нашых санкцыяў, Расіі стала значна цяжэй атрымаць неабходную для вядзення вайны прадукцыю — у асаблівасці, высокатэхналагічную. Цяпер Расія атрымлівае толькі частку таго, што ёй трэба, і па значна вышэйшых цэнах, чым да лютага 2022 года.

«Нягледзячы на частковы абыход нашых санкцыяў, цяпер Расіі ўдаецца атрымаць толькі частку таго, што ёй трэба, і па значна вышэйшых цэнах, чым да лютага 2022 года».

Гэта цяжкасць ужо адлюстроўваецца ў афіцыйнай расійскай статыстыцы. Доля інвестыцыйных выдаткаў у бюджэце Расіі падскочылі больш чым на 20% ад пачатку агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Але гэта не прыкмета таго, што расійская эканоміка мадэрнізуецца з шалёнай хуткасцю. Наадварот, аб’ём рэальных інвестыцый, верагодна, істотна знізіўся. Скачок інвестыцыйных выдаткаў адлюстроўвае рэзкі рост цэн на капітальныя тавары, якія Расія ўсё яшчэ паспявае імпартаваць.

© JONATHAN MCDOWELL, PLANET4589.ORG

Расійскі аўтарытарны рэжым здольны масава перанакіроўваць эканоміку на вытворчасць зброі і боепрыпасаў, але Расія ўсё роўна залежыць ад боепрыпасаў, беспілотнікаў і ракет з Ірана і Паўночнай Карэі. Ваенныя намаганні Расіі таксама адлюстроўваюць устойлівую слабасць прамысловасці, якую пагаршаюць заходнія санкцыі. Вытворчасць аўтамабіляў у Расіі ўпала ўдвая ад даваеннага ўзроўню. Касмічная галіна, якая некалі была гонарам для краіны, знаходзіцца ў цяжкім стане. Паветраны транспарт стаў даволі небяспечным з-за адсутнасці тэхнічнага абслугоўвання, абнаўленняў праграмнага забеспячэння і запасных частак.

Вялікі крызіс на рынку працы ў Расіі

Пасля лютага 2022 года ў Расіі пачаўся адток сотняў тысяч кваліфікаваных маладых людзей у дадатак да сотняў тысяч мабілізаваных, загінулых або скалечаных праз вайну. Гэта адбываецца ў краіне, якая хутка старэе і насельніцтва якой скарачаецца пачынаючы ад 2000 года, і вядзе да глыбокага крызісу на рынку працы. У спробе змякчыць крызіс расійскі ўрад адкрыў вароты для іміграцыі з Цэнтральнай Азіі. Аднак пасля трагічнага тэрарыстычнага нападу на Crocus City Hall, адказнасць за які ўзяла на сябе Ісламская дзяржава, многія з мігрантаў былі высланыя дадому, што пагаршае крызіс працоўнай сілы ў Расіі.

Праз вайну расійская эканоміка як ніколі сканцэнтравалася на гандлі сыравінай, часта па зніжанай цане, наўзамен на тавары сярэдняга і высокатэхналагічнага ўзроўню. Кітай выкарыстоўвае гэту сітуацыю слабасці, каб купляць танную нафту ў Расіі і экспартаваць больш тавараў у Расію, якая становіцца ўсё больш залежнай ад свайго вялікага суседа. Цяпер каля 50% расійскага імпарту ідзе з Кітая.

Расійская эканоміка значна аслабленая нашымі санкцыямі

Вера ў тое, што расійская эканоміка будзе ўстойлівай да санкцыяў Захаду і што час спрыяе Расіі ў яе агрэсіўнай вайне, не вытрымлівае крытыкі. Калі мы зробім усё неабходнае, каб працягнуць падтрымку Украіны ў эканамічным і ваенным плане, у прыватнасці ў частцы боепрыпасаў, яна зможа перамагчы. Расія, якая ў тры разы большая па колькасці насельніцтва, насамрэч ужо значна аслабленая нашымі санкцыямі. З цягам часу іх эфект будзе адчувацца ўсё больш, паколькі чалавечы капітал слабее, аб’ём і якасць інвестыцыяў пагаршаецца, а Расія пазбаўляецца перадавых тэхналогіяў, неабходных для падтрымкі сваёй будучыні.

HR/VP Blog – Высокі Прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,