За пяць гадоў сваёй дзейнасці ў Беларусі праграма EU4Youth падрыхтавала сотні настаўнікаў і ментараў   
29 чэрвеня, 2023

За пяць гадоў сваёй дзейнасці ў Беларусі праграма EU4Youth падрыхтавала сотні настаўнікаў і ментараў   


Беларускія выкладчыкі зараз могуць навучыць маладых людзей з сельскай мясцовасці таму, як развіваць аграбізнес. І гэта толькі адзін з вынікаў пяцігадовага цыкла праграмы EU4Youth, зробленых на падставе даных, сабраных за пяцігадовы перыяд яе дзейнасці ў Беларусі, які падыходзіць да свайго канца.

Як адзначана ў  штогадовых справаздачах праграмы EU4Youth, дзейнасць у Беларусі ўключала непасрэдную падрыхтоўку і ментарства, усталяванне кантактаў паміж працаўнікамі і работадаўцамі, гранты новым прадпрыемствам, распрацоўку палітыкі стварэння новых працоўных месцаў і ўдасканалення ведаў, адаптацыю адукацыі да патрабаванняў рынку і мясцовыя ініцыятывы для падтрымкі самых уразлівых маладых людзей.

Нягледзячы на наступствы палітычных рэпрэсій у краіне і падтрымку ўрада расійскай агрэсіі супраць суседняй Украіны, а таксама на наступствы пандэміі COVID-19, даныя сведчаць аб тым, што EU4Youth змагла працягваць падтрымліваць маладых беларусаў.

Адукацыя і працаўладкаванне

З 2018 года больш за 7 000 маладых людзей набылі новыя навыкі дзякуючы ўдзелу ў праграме EU4Youth. Напрыклад, праект EU4Youth Школьны сад для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва навучыў сотні школьнікаў разумець неабходныя прынцыпы садоўніцтва і гародніцтва, што з’яўляюцца важным элементам сельскагаспадарчага бізнесу.

Аляксандр Мішко, удзельнік эксперыменту з Іялчанскай сярэдняй школы Брагінскага раёна распавядае: «Спачатку мы навучыліся браць узоры грунту для лабараторнага аналізу, а потым пад кіраўніцтвам настаўнікаў мы падрыхтавалі глебавую сумесь для расады і пасеялі насенне. Калі парасткі ўзышлі, мы даглядалі іх, сачылі за тым, як яны растуць».

Зараз дзеці могуць распаўсюджваць свае веды і выкарыстоўваць набытыя навыкі ў якасці падмурка для будучага аграбізнесу. У межах праекта таксама быў распрацаваны навучальны курс па арганічнай сельскай гаспадарцы, які знаёміць з арганічнай сельскай гаспадаркай, агратэхнікамі, сістэмай сертыфікацыі і гарантый у арганічнай сельскай гаспадарцы і культывацыі. 

Дзякуючы праекту амаль 360 выкладчыкаў таксама даведаліся пра новыя метады арганізацыі падрыхтоўкі моладзі да заняцця сучаснай сельскай гаспадаркай, а таксама пра тое, як адкрыць новыя галіновыя інкубатары.

Прадпрымальніцтва і занятасць

За апошнія пяць гадоў пры падтрымцы праектаў EU4Youth у Беларусі запусціліся 18 стартапаў. Адзін з іх – гэта школьнае прадпрыемства, што пачало вырабляць здаровыя снэкі і ласункі ў межах праекта EU4Youth «Школьны сад».

«Мы працуем у садзе, вывучаем метады арганічнага земляробства і тэхналогіі сушэння, а ў будучыні будзем спрабаваць рэкламаваць і прадаваць нашу прадукцыю», – тлумачыць Арцём Шакуноў, адзін са шматабяцальных прадпрымальнікаў.

Валерыя Краўчанка, вучаніца Баравікоўскай школы, тлумачыць, што значыла заснаванне малога бізнесу па вырошчванні слімакоў у школе для навучэнцаў, што ўдзельнічалі ў праекце. «Набытыя веды і досвед і зробленыя адкрыцці дапамаглі нам атрымаць новыя магчымасці зарабляць грошы ў сельскай мясцовасці». 

Уцягнутасць і пашырэнне магчымасцей

З моманту запуску Сеткі выпускнікоў EU4Youth сем выпускнікоў з Беларусі прынялі ў ёй удзел і запусцілі свае ініцыятывы, удзельнікамі якіх сталі каля 150 чалавек. Нягледзячы на абмежавальныя палітычныя абставіны, EU4Youth прадоўжыла падтрымліваць выпускнікоў з Беларусі ў 2022 годзе, дазволіўшы ім пачаць свае праекты па пашырэнні магчымасцей беларускай моладзі.

Бехроз Мотамед-Афшары, спецыяліст па моладзевай палітыцы і актыўнасці і кіраўнік каманды праекта «Каардынацыя і падтрымка» EU4Youth, гаворыць: «Сетка выпускнікоў – гэта моцны інструмент, які дазваляе маладым беларусам пашыраць магчымасці менш прывілеяванай моладзі ў сваіх супольнасцях, каб яна магла задаволіць свае патрэбы, дзякуючы інклюзіўнаму падыходу. Нягледзячы на цяжкасці і абмежаванні, моладзевыя ініцыятывы аказваюць адчувальны ўплыў на мясцовыя супольнасці і ў той жа час даюць пляцоўку для персанальнага і прафесійнага развіцця выпускнікоў».

Больш таго, Каледж Еўропы выдаў  двум беларускім студэнтам поўныя стыпендыі EU4Youth на атрыманне магістарскіх ступеняў у 2021-2022 акадэмічным годзе. Каб стварыць дадатковыя магчымасці для беларускай моладзі, больш за 800 маладых людзей таксама атрымалі ментарскую падтрымку ў такіх абласцях, як прафарыентацыя і развіццё бізнесу.

Стан моладзевай палітыкі

Маладыя людзі адыгралі вырашальную ролю ў масавым пратэсным руху, які патрабаваў дэмакратычных пераўтварэнняў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Многія з іх былі вымушаныя пакінуць краіну з прычыны жорсткіх рэпрэсій, што пачаліся ў 2020 годзе.

Стратэгія развіцця нацыянальнай моладзевай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2030 гг. была прынятая ў чэрвені 2021 года. Аднак ва ўсё больш рэпрэсіўным палітычным клімаце пэўная колькасць незалежных грамадскіх арганізацый зачынілася, а ўдзел у «незарэгістраваных» арганізацыях і ініцыятывах быў крыміналізаваны. Забароненыя моладзевыя арганізацыі, якія пераехалі ў ЕС і іншыя Усходнія краіны-партнёры, цяпер прапануюць маладым людзям з Беларусі нефармальнае навучанне, падрыхтоўку і іншыя магчымасці анлайн з-за мяжы.

Цягам апошніх пяці гадоў розныя праекты EU4Youth засяроджваліся на паляпшэнні мяккіх навыкаў, развіваючы ў маладых людзей упэўненасць ў сабе і крытычнае мысленне. Гісторыі поспеху маюцца, але трэба як мага хутчэй стварыць бяспечнае асяроддзе, каб маладыя людзі маглі ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і ўплываць на развіццё краіны.

Даныя за год і рэкамендацыі

Справаздача аб дасягненнях 2022 года закрывае пяцігадовы цыкл ацэнкі і маніторынгу. Праграма EU4Youth прапануе чатыры комплексныя справаздачы для дырэктыўных органаў, лідараў грамадскай супольнасці і настаўнікаў, што распрацоўваюць і ажыццяўляюць ініцыятывы і палітычныя меры па пашырэнні магчымасцей моладзі ў Беларусі і ва Усходнім партнёрстве ў цэлым. Гэтыя справаздачы змяшчаюць цэласны малюнак мерапрыемстваў, праведзеных на сённяшні дзень у межах праграмы, а таксама іх уплыву. Кожная справаздача заканчваецца заўвагамі наконт эфектыўнасці і рэкамендацыямі па распрацоўцы моладзевай палітыкі на падставе вынікаў за кожны год.



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,