Вялікія магчымасці – нават калі ў вас няма грошай. Магчымасці ад ЕС для беларускіх выкладчыкаў і студэнтаў
3 красавіка, 2024

Вялікія магчымасці – нават калі ў вас няма грошай. Магчымасці ад ЕС для беларускіх выкладчыкаў і студэнтаў


Падзеі апошніх гадоў – пандэмія і вымушаная эміграцыя многіх беларусаў – істотна паўплывалі на традыцыйную сістэму адукацыі. З аднаго боку, дыстанцыйнае навучанне стала нормай. З іншага – беларуская сістэма адукацыі стала часткай рэпрэсіўнай машыны ўладаў. Куды зараз звяртацца беларусам, калі ёсць жаданне вучыцца, але грошай на гэта няма? Мы сабралі магчымасці, якія ёсць для беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў у Еўропе прама цяпер.

SALT: фінансавая падтрымка і гранты для акадэмічнай супольнасці

SALT (Support for Advanced Learning and Training – Падтрымка паглыбленага навучання і прафесійнай падрыхтоўкі) – гэта праграма, якая дзейнічае ў рамках EU4Belarus: ініцыятывы Еўрапейскага cаюзу па падтрымцы беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў.

“У Польшчы выбрала спецыялізацыю ў галіне праектнага менеджменту, – распавяла беларуская студэнтка Ганна, удзельніца SALT. “Даведалася пра стыпендыяльную праграму SALT ад EU4Belarus. Мне параілі знаёмыя, якія ўжо ёй скарысталіся. Спачатку ў мяне не было асаблівых чаканняў ад праграмы. Проста спадзявалася на сустрэчы і камунікаванне з іншымі студэнтамі. Але стыпендыя дала фінансавую стабільнасць і знізіла ўзровень трывожнасці”.

У SALT вялікі спіс даступных магчымасцяў, таму што гэта праграма максімальна шырокага пакрыцця: яна прызначаная і для навучэнцаў, і для выкладчыкаў, і для даследнікаў. Гэта стыпендыі на навучанне, фінансавая падтрымка пры вывучэнні моваў і распрацоўцы адукацыйных праектаў, гранты на стажыроўкі і даследаванні ў краінах ЕС, ментарства ў пытаннях паступлення.

Праграма даступная як для тых, хто з’ехаў з Беларусі, так і для тых, хто застаецца – для асобных спецыялістаў і цэлых каманд. Як гэта працуе? Напрыклад, даследчыкі падаюць на разгляд свой навуковы праект. У выпадку зацікаўленасці якога-небудзь еўрапейскага ўніверсітэту аўтарам ад яго будзе высланым запрашэнне на тэрмін 3-10 месяцаў для працы, а грант ад SALT пакрые ўсе выдаткі на знаходжанне.

“Мая гісторыя навучання ў Еўропе пачалася з некалькіх важных рашэнняў, – кажа Яўген, удзельнік SALT. – Першым было рашэнне завяршыць навучанне ў Беларусі. Пры выбары ўніверсітэту і краіны я кіраваўся некалькімі крытэрамі Важнымі фактарамі былі падобная мова, рэйтынг універсітэту, водгукі знаёмых, а таксама ўзровень жыцця і палітычная сітуацыя ў краіне. Я выбраў універсітэт у Вільні, дзе знайшоў цікавы курс. Для атрымання стыпендыі я падаў заяўку, запоўніў анкету і прайшоў інтэрв’ю, дзе апісаў сваю сітуацыю. Пазней мне паведамілі, што заяўка была ўхваленая. Стыпендыя дапамагла аплаціць жыллё і забяспечыць бытавыя патрэбы, вызваліўшы час і рэсурсы для навучання і прафесійнага развіцця.  На дадзены момант мой досвед працы звязаны з маёй будучай прафесіяй”.

Першы конкурс праектаў ужо адбыўся,  дзякуючы яму магчымасць вучыцца і працаваць у Еўропе атрымалі дзясяткі студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў з Беларусі. Якраз зараз дзейнічае другі –  ён называецца SALT II і налічвае сем грантавых праграмаў да 2025 года. Прыём заявак на стыпендыі для студэнтаў ужо завершаны,  але ёсць і іншыя варыянты. Усе падрабязнасці – на афіцыйным сайце EU4Belarus.

Каледж Еўропы ў Натоліне: поўнае пакрыццё ўсіх выдаткаў на навучанне

Каледж Еўропы (College of Europe) месціцца ў варшаўскім раёне Натолін. Навучанне ў ім праводзіцца на англійскай і французскай мовах. Веданне англійскай мовы абавязковае. А з слабой французскай існуе магчымасць умоўнага залічэння, калі студэнт абавязуецца дасягнуць узроўню А2/В1 да пачатку навучальнага года – а каледж дапамагае ў гэтым пытанні.

– Тут вучацца будучыя лідары грамадства, – сцвярджае Якуб Кубіца, кіраўнік аддзелу камунікацыяў Каледжу Еўропы. Магчыма, наш кірунак працы гучыць занадта шырока – еўрапейскія міждысцыплінарныя даследаванні. Але гэта менавіта той прастор, які трэба нашым студэнтам. Яны могуць самі выбраць курсы і дысцыпліны, спатрэбяцца ў будучай кар’еры, такія як кібербяспека, лічбавыя тэхналогіі або змяненне клімату”.

Зараз у Каледжы Еўропы вучацца і жывуць у адным кампусе студэнты з больш як 35 краінаў свету.

Беларусы, якія трапляюць у Каледж Еўропы, могуць скарыстаць з шэрагу стыпендыяў: для выпускнікоў па гісторыі і сумежных прадметах, у сферы журналістыкі і СМІ і іншымі.

Магчымасць даступная людзям з адукацыяй на ўзроўні магістра ці бакалаўра на апошнім чацвёртым курсе навучання, а таксама ўладальнікам кандыдацкіх ступеняў. Курсы можна падбіраць самастойна: паводле слоў прадстаўнікоў Каледжу Еўропы, за апошнія пяць гадоў у іх не было двух студэнтаў з аднолькавай праграмай на адным курсе.

Падаваць заяўку на наступны навучальны год можна бясплатна анлайн, штогод з кастрычніка да сярэдзіны студзеня. Важна мець добры ўзровень валодання англійскай мовай і ўмець сказаць некалькі словаў пра сябе па-французску, калі вас запросяць на сумоўе, а таксама ўзяць на сябе забавязанне падвучыць размоўную французскую да верасня. Усе падрабязнасці – на афіцыйным сайце каледжу.

Што такое EU4Youth?

Гэтая ініцыятыва падтрымлівае імкненне моладзі краінаў Усходняга партнёрства да дэмакратычнага жыцця. Яна прапануе маладым людзям гранты, тэхнічную дапамогу і стыпендыі. У 2024 годзе беларусам і беларускам будуць даступныя гульня ў спецыяльным чат-боце, а таксама курс электроннага навучання прадпрымальніцкім навыкам і крэатыўнаму мысленню. Інструмент самаацэнкі для маладых прадпрымальнікаў ужо даступны зараз, але пакуль толькі на ўкраінскай мове.

З грантаў зараз даступны Green House for social innovators (Зялёны дом для сацыяльных інаватараў)– на яго ўжо можна паспрабаваць падацца. Мэта праекту – падтрымка сацыяльна адказных прадпрыемстваў Грузіі, Беларусі і Украіны, якія робяць акцэнт на ўстойлівай “зялёнай” і лічбавай бізнес-мадэлі, прыцягненне ментараў і інвестараў, міжнародныя праграмы абмену.

Праграмы Еўрапейскі корпус салідарнасці і Erasmus+: валанцёрства і моладзевыя праекты краінах Еўропы

Праграму падтрымліваюць 11 рэсурсных цэнтраў SALTO (Рэсурсным цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі) у некалькіх краінах, дзе маладыя людзі могуць браць удзел у разнастайных тыпах дзейнасці. Асноўная аўдыторыя – ад 13 да 30 гадоў.  У рамках праграмы Erasmus+ арганізуюцца розныя віды праектаў (моладзевыя абмены, трэнінг-курсы, семінары, канферэнцыі і адукацыйныя візіты). Маладыя людзі, у тым ліку і з Беларусі, маюць магчымасць рэалізаваць свой валанцёрскі праект у еўрапейскіх краінах працягласцю ад двух тыдняў да 12 месяцаў пры фінансавай падтрымцы праграмы Еўрапейскі корпус салідарнасці.

Беларускія арганізацыі адносяцца да філіі SALTO Усходняя Еўропа і Каўказ (SALTO EECA): на яго сайце можна азнаёміцца з магчымасцямі для беларускай моладзі, знайсці новых партнёраў і даведацца больш пра рэгіянальныя аспекты працы з моладдзю ў краінах Усходняга партнёрства. Каляндар з даступнымі праектамі пастаянна абнаўляецца на афіцыйным сайце філіі SALTO.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт: свабодная навука і некалькі варыянтаў навучання

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) з Вільні — бадай, найбольш вядомы беларусам адукацыйны брэнд з прадстаўленых. Яго ключавая асаблівасць – ліберальная адукацыя: так называюць адукацыйную мадэль свабодных навук і мастацтваў, у якой студэнт сам выбірае траекторыю свайго навучання.

Прапанова ЕГУ традыцыйна шырокая: гэта класічная адукацыя, міжнародныя праграмы, адкрытыя лекцыі і Летняя школа. Прычым большая частка магчымасцяў суправаджаецца фінансавай падтрымкай студэнцкіх праектаў і навучання.

Сярод новых кірункаў навучання ў ЕГУ – праграмы магістратуры па міжнародным гандлёвым і бізнес-праве: яны дапамагаюць прасунуць сваю кар’еру і стаць кампетэнтным юрыстам у міжнародных пытаннях.

Яшчэ адна новая прапанова – бакалаўрская праграма па гісторыі. Гэтая праграма накіраваная на вывучэнне важных аспектаў гістарычнага дыскурсу ў сучасным кантэксце. Набор на яе адкрыецца ўжо ў новым навучальным годзе.

Падрабязнасці на афіцыйным сайце ўніверсітэту.

Вольны беларускі ўніверсітэт: анлайн-адукацыя ад беларусаў і на беларускай мове

Вольны беларускі ўніверсітэт (ВБЎ) пакуль не з’яўляецца паўнавартасным універсітэтам. Гэта адукацыйная анлайн-платформа, створаная беларусамі пры падтрымцы шэрагу еўрапейскіх міністэрстваў і фондаў,  якая імкнецца стаць лічбавым універсітэтам.

“Мы прапануем сучасную і якасную адукацыю беларусам незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца — унутры Беларусі ці за яе межамі. І што вельмі важна – у асноўным на беларускай мове”, – кажа Алесь Лагвінец, праграмны дырэктар універсітэту. “Мы хочам прапаноўваць сучасныя веды ў ключавых галінах з улікам агульнаеўрапейскага досведу. Курсы ВБУ атрымліваюць сертыфікацыю ад нашых еўрапейскіх універсітэтаў-партнёраў. Ведаючы, якая сітуацыя зараз у Беларусі, мы спрабуем стаць пляцоўкай, якая будзе садзейнічаць лепшаму разуменню тых працэсаў, якія адбываюцца зараз у палітыцы, эканоміцы і ў грамадстве. Бо нам спатрэбяцца падрыхтаваныя кадры”.

Студэнты Вольнага беларускага ўніверсітэту могуць вучыцца бясплатна, а пры жаданні — захоўваць ананімнасць. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на афіцыйным сайце ініцыятывы.



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,