Як ЕС дапамагае Украіне: ад санкцыяў да ваеннай і гуманітарнай дапамогі

1 ліпеня, 2023

  • Як ЕС дапамагае Украіне?
  • ЕС паабяцаў увесці "маштабныя санкцыі" супраць Расіі. Каго і як яны закрануць?
  • Якія санкцыі ўвялі супраць Беларусі за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне?
  • ЕС заявіў, што будзе пастаўляць ваеннае абсталяванне Украіне. Што гэта азначае на практыцы?
  • Якую гуманітарную дапамогу выдзяляе ЕС?
  • Як ЕС дапамагае ўкраінскім бежанцам?
  • Што робіць ЕС, каб Украіна не засталася без энергіі?
  • Украіна афіцыйна падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Як адрэагаваў ЕС?
  • Як у гэтай сітуацыі ЕС падтрымлівае Рэспубліку Малдова?
Картка %1 з %2

Як ЕС дапамагае Украіне?

У адказ на ўварванне Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 году кіраўніцтва Еўрапейскага саюзу і лідары краін ЕС адразу ж і рашуча асудзілі расійскую агрэсію і парушэнне нормаў міжнароднага права. ЕС патрабуе, каб Расія неадкладна спыніла ваенныя дзеянні, без аніякіх умоваў вывела ўсе сілы і ваенную тэхніку з усёй тэрыторыі Украіны. ЕС таксама настойвае, каб Расія паважала тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны. ЕС дэманструе еднасць у сваёй непахіснай падтрымцы Украіны і аказвае палітычную, гуманітарную, фінансавую і ваенную падтрымку гэтай краіне.

Ад пачатку расійскай агрэсіі ЕС і яго фінансавыя інстытуты змабілізавалі 40,6 млрд еўра для падтрымкі агульнай эканамічнай, сацыяльнай і фінансавай устойлівасці Украіны ў форме макрафінансавай дапамогі, бюджэтнай падтрымкі, надзвычайнай дапамогі, антыкрызіснага рэагавання і гуманітарнай дапамогі.

Упершыню ў сваёй гісторыі ЕС таксама прафінансуе закупку і дастаўку зброі і іншага ваеннага абсталявання ў краіну, якая не з’яўляецца членам ЕС. У той жа час ЕС увёў беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць Крамля і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

ЕС паабяцаў увесці "маштабныя санкцыі" супраць Расіі. Каго і як яны закрануць?

Санкцыі супраць Расіі – найбуйнейшыя ў гісторыі Еўрапейскага саюзу. Іх задача – нанесці цяжкі ўдар па расійскай эканоміцы і Крамлю. 

Разам з партнёрамі і саюзнікамі (НАТА, Вялікай сямёркай, ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай, Нарвегіяй, Паўднёвай Карэяй, Японіяй і Аўстраліяй) ЕС ужо ўзгадніў некалькі пакетаў санкцыяў: спачатку 23 лютага 2022 году ў адказ на прызнанне Расіяй тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласцей, некантраляваных урадам Украіны, а пасля былі прынятыя 12 пакетаў санкцыяў з моманту агрэсіі, першы з іх – 24 лютага ў адказ на ўварванне Расіі ва Украіну, а потым – адпаведна  26 лютага і 28 лютага, 15 сакавіка8 красавіка, 30 траўня, 21 ліпеня, 6 кастрычніка, 16 снежня 2022 г., 23 лютага,  23 чэрвеня  і 18 снежня 2023 г.

Фінансавы сектар

ЕС адключыў ключавыя расійскія банкі ад SWIFT, галоўнай міжнароднай сістэмы перадачы фінансавай інфармацыі і ажыццяўлення плацяжоў. Спачатку, 2 сакавіка, была адключанай першая група банкаў, а 3 чэрвеня 2022 году да іх дадаліся яшчэ тры расійскія крэдытныя ўстановы, у тым ліку найбуйнейшы банк краіны Сбербанк16 снежня 2022 году санкцыі дадаткова пашырыліся на чарговыя 3 расійскія банкі былі, у тым ліку на Ўсерасійскі банк развіцця  рэгіёнаў, каб яшчэ больш паралізаваць пуцінскую скарбонку фінансавання вайны.

Адключэнне ад SWIFT істотна абмежавала эканамічныя аперацыі расійскіх кампаніяў і прыватных асобаў, яны не змогуць плаціць за імпарт тавараў і атрымліваць аплату за свой экспарт. Усё гэта спрычыніцца да сур’ёзных эканамічных праблемаў у Расіі.

Акрамя таго, ЕС увёў поўную забарону на транзакцыі і замарозку актываў чатырох ключавых расійскіх банкаў, якія цяпер цалкам адрэзаныя ад рынкаў. Іх доля на рынку расійскага банкаўскага сектару складае 23%, што, у выніку,  яшчэ больш аслабіць фінансавую сістэму Расіі.

ЕС таксама ўвёў санкцыі супраць Цэнтральнага банка Расіі – найважнейшага фінансавага інстытуту краіны. Гэтыя меры паралізуюць мільярдныя золатавалютныя рэзервы Расіі, якія захоўваюцца за мяжой, і патэнцыйна перакрыюць фінансаванне пуцінскаму рэжыму: грошай на вайну ў яго будзе значна менш.

Новыя санкцыі ЕС абмяжоўваюць для Расіі доступ да важнейшых рынкаў капіталу. Яны забараняюць любыя аперацыі з акцыямі расійскіх дзяржаўных прадпрыемстваў на гандлёвых пляцоўках ЕС. Акрамя таго, новыя захады значна абмяжоўваюць фінансавыя плыні з Расіі ў ЕС: яны тычацца ўкладаў ад расійскіх грамадзянаў і рэзідэнтаў Расіі, рахункаў расійскіх кліентаў у цэнтральных дэпазітарыях каштоўных папераў ЕС, а таксама продаж расійскім кліентам каштоўных папераў, дэнамінаваных ў еўра. Санкцыі таксама тычацца крыптавалютаў.

ЕС таксама забараніў прадстаўленне любых паслугаў па ацэнцы крэдытаздольнасці, а таксама доступ да любых падпісных паслугаў, звязаных з дзейнасцю па ацэнцы крэдытаздольнасці, любой расійскай фізічнай або юрыдычнай асобе. Гэта азначае, што яны страцяць яшчэ большы доступ да фінансавых рынкаў ЕС.

3 чэрвеня 2022 году ЕС таксама прыняў рашэнне забараніць аказанне ўраду Расіі, а таксама юрыдычным асобам, арганізацыям або ведамствам, створаным у Расіі, шэрагу бізнес-паслугаў, такіх як бухгалтарскі ўлік, аўдыт, абавязковы аўдыт, бухгалтарскія і падатковыя кансультацыі, бізнес- і упраўленчы кансалтынг, а таксама паслугі па сувязях з грамадскасцю.

Гэтыя санкцыі закранулі 70% расійскага банкаўскага рынку, а таксама ключавыя дзяржаўныя кампаніі, у тым ліку ў сферы абароны. Праз іх вырастае кошт расійскіх пазыкаў, інфляцыя набірае абароты і паступова руйнуецца прамысловая база Расіі. Акрамя таго, расійская эліта больш не зможа хаваць свае банкаўскія рахункі і маёмасць у Еўропе.

Паветраная прастора і транспарт

Еўрапейскі саюз закрыў сваю паветраную прастору для ўсіх самалётаў, што належаць або зарэгістраваныя ў Расіі, у тым ліку для прыватных самалётаў. Яны больш не змогуць прызямляцца або ўзлятаць з аэрапортаў ЕС або пралятаць над тэрыторыяй ЕС. 

8 красавіка 2022 году ЕС увёў забарону заходзіць у парты ЕС судам пад расійскім сцягам, а таксама забарону на дзейнасць расійскіх і беларускіх транспартных прадпрыемстваў, якія працуюць у ЕС. Некаторыя выключэнні зробленыя для шэрагу тавараў першай неабходнасці, такіх як сельскагаспадарчыя і харчовыя тавары, гуманітарная дапамога, а таксама энергетыка.

ЕС таксама ўвёў забарону на экспарт тавараў і тэхналогіяў у авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці і на прадстаўленне паслугаў страхавання і тэхнічнага абслугоўвання ў гэтай сферы. Гэтыя санкцыі будуць вельмі эфектыўнымі, паколькі тры чвэрці цяперашняга камерцыйнага авіяпарку Расіі былі пабудаваныя ў ЕС, ЗША і Канадзе.

Энергетыка

30 траўня 2022 году ЕС увёў эмбарга на пастаўкі расійскай нафты. Аператарам ЕС таксама забаронена страхаваць і фінансаваць транспарціроўку, у прыватнасці па марскіх маршрутах, расійскай нафты ў трэція краіны. 

ЕС таксама забараніў продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Расію пэўных тавараў і тэхналогіяў у галіне нафтаперапрацоўкі, а таксама ўвёў абмежаванні на прадстаўленне адпаведных паслугаў.

З дапамогай забароны на экспарт ЕС наносіць удар па расійскім нафтавым сектары і зробіць немагчымай мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі.

15 сакавіка 2022 году ЕС забараніў новыя інвестыцыі ў расійскі энергетычны сектар і ўвёў ўсеабдымнае абмежаванне на экспарт абсталявання, тэхналогіяў і паслугаў для энергетычнага сектару. 

У пятым пакеце санкцыяў ад  8 красавіка 2022 году ўводзіцца забарона на імпарт усіх відаў расійскага вугалю. Гэта закранае чацвёртую частку ўсяго расійскага экспарту вугалю, што азначае каля 8 мільярдаў еўра на год страчаных даходаў для Расіі.

Восьмы пакет, прыняты 6 кастрычніка 2022 году, уводзіць у заканадаўства ЕС аснову для ўвядзення ліміту цэнаў на транспартаванне морам расійскай нафты ў трэція краіны і для далейшых абмежаванняў на транспартаванне морам сырой нафты і нафтапрадуктаў у трэція краіны.

Тэхналогіі

ЕС увёў абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогіяў двайнога прызначэння. Пад санкцыі таксама падпаў экспарт некаторых тавараў і тэхналогіяў, якія могуць спрыяць тэхналагічнаму ўдасканаленню расійскага сектару абароны і бяспекі. Сюды ўваходзяць такія тавары, як паўправаднікі або перадавыя тэхналогіі, а таксама авіяпаліва і 

паліўныя дабаўкі, якія могуць выкарыстоўвацца расейскай арміяй.

9 сакавіка 2022 году ЕС увёў дадатковыя абмежаванні на экспарт тэхналогіяў марской навігацыі і радыёсувязі, дадаў расійскі марскі рэгістр суднаходства ў спіс дзяржаўных прадпрыемстваў, на якія распаўсюджваюцца абмежаванні фінансавання, і ўвёў палажэнне аб папярэднім абмене інфармацыяй адносна экспарту абсталявання марской бяспекі.

8 красавіка ЕС увёў далейшую мэтавую забарону на экспарт у тых сферах, у якіх Расія ўразлівая праз высокую залежнасць ад паставак з ЕС. Гэта тычыцца квантавых камп’ютараў, перадавых паўправаднікоў, сенсарных апаратаў, транспартных машынаў  і хімічных рэчываў.  Забарона таксама закранае спецыяльныя каталізатары, што выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай прамысловасці.

3 чэрвеня ЕС пашырыў свой спіс абмежаванняў экспарту, дадаўшы ў яго хімічныя рэчывы, якія могуць быць выкарыстаныя ў працэсе вытворчасці хімічнай зброі.

Спіс забароненых тавараў быў пашыраны 6 кастрычніка. Туды дадалі пэўныя электронныя кампаненты, дадатковыя хімічныя рэчывы і тавары, якія могуць быць выкарыстаныя для смяротнага пакарання, катаванняў або іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання. Восьмы пакет санкцыяў таксама забараняе продаж, пастаўку, перадачу або экспарт цывільнай агнястрэльнай зброі і яго асноўных кампанентаў і боепрыпасаў, ваенных транспартных сродкаў і абсталявання, напаўваеннага рыштунку і запасных частак.

Дзевяты пакет санкцыяў, зацверджаны 16 снежня 2022 году, дадаў забарону на экспарт рухавікоў для беспілотнікаў, камуфляжнага рыштунку, дадатковага хімічнага/біялагічнага абсталявання, сродкаў барацьбы з масавымі беспарадкамі і дадатковых электронных кампанентаў, знойдзеных у расійскіх ваенных сістэмах на полі бою, а таксама дадатковых прамысловых тавараў і тэхналогіяў, такія як цацкі/дроны для хобі, складаныя генератары, партатыўныя камп’ютары і камп’ютарныя кампаненты, друкаваныя схемы, сістэмы радыёнавігацыі, апараты радыёдыстанцыйнага кіравання, авіяцыйныя рухавікі і іх кампаненты, камеры і аб’ектывы.

У 11-ы пакет санкцыяў ЕС дадаў механізм барацьбы з іх абыходам, які дазволіць ЕС уводзіць абмежаванні на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт вызначаных падсанкцыйных тавараў і тэхналогіяў у шэраг трэціх краінаў, чые юрыдычныя асобы могуць быць задзейнічанымі ў рэгулярным спрыянні абыходу санкцыяў.

Прамысловасць

15 сакавіка 2022 году ЕС увёў абмежаванні на гандаль чыгуну і сталі, што азначае страту Расіяй экспартнай выручкі прыкладна ў 3,3 мільярда еўра;

Гандаль

ЕС разам з іншымі членамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) 15 сакавіка 2022 году вырашыў адмяніць для расійскіх тавараў і паслугаў рэжым найбольшага спрыяння на рынках ЕС. Гэта адбылося ў працяг заявы членаў Вялікай сямёркі ад 11 сакавіка. Гэта азначае скасаванне значных прэферэнцыяў, якімі карыстаецца Расія як член СГА.

ЕС таксама ўвёў забароны на імпарт цэменту, гумовых вырабаў, драўніны, моцных спіртных напояў (у тым ліку гарэлкі), лікёра-гарэлачных вырабаў і высакаякасных морапрадуктаў (у тым ліку ікры). 21 ліпеня была дададзенай забарона на імпарт золата расійскага паходжання. Гандлёвыя абмежаванні былі пашыраныя 6 кастрычніка і ахопліваюць машыны і прылады, пластмасы, транспартныя сродкі, тэкстыль, абутак, скуру, кераміку, некаторыя хімічныя прадукты, драўняную масу і паперу, цыгарэты, касметыку, а таксама элементы, якія выкарыстоўваюцца ў ювелірнай прамысловасці, такія як камяні і каштоўныя металы, якія прыносяць значныя даходы Расіі. 18 снежня 2023 г. у рамках 12-га пакету санкцыяў ЕС таксама ўвёў забарону на імпарт расійскіх алмазаў.

СМІ

Еўрапейскі саюз прыпыніў вяшчальную дзейнасць на сваёй тэрыторыі агенцтва “Спутнік” і “RT/Russia Today”, а таксама каналаў “Расія РТР”/”РТР Планета”, “Расія 24” і “ТВ Цэнтр-International”, якія з’яўляюцца галоўнымі інструментамі прапаганды ў падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіну і распаўсюду дэзынфармацыі сярод насельніцтва Ўкраіны і дзяржаваў-членаў ЕС. У выніку 9 пакету санкцыяў, НТВ, Первый канал, Расія 1 і REN TV былі дададзеныя да санкцыйнага спісу СМІ.

Гэтая мера будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль не спыніцца агрэсія супраць Украіны і пакуль Расія і звязаныя з ёй СМІ не спыняць праводзіць акцыі дэзынфармацыі супраць ЕС і краінаў, якія ўваходзяць у ЕС.

Cанкцыі

Абмежавальныя захады цяпер прымяняюцца сукупна ў дачыненні да больш за 1900 фізічных і юрыдычных асобаў: яны тычацца замарожванне актываў і забароны на прадстаўленне сродкаў. Акрамя таго, асобы, якія трапілі пад санкцыі, не змогуць уязджаць у ЕС або вандраваць транзітам праз яго.

У спіс трапілі прэзідэнт і міністр замежных справаў, а таксама члены Савета бяспекі Расіі, якія падтрымалі прызнанне Расіяй двух непадкантрольных Украіне тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласцей, усе члены Дзяржаўнай Думы Расіі, якія ратыфікавалі рашэнне ўраду адносна заключэння Дамовы пра сяброўства, супрацоўніцтва і ўзаемную дапамога паміж Расіяй і гэтымі двума ўтварэннямі. Сюды таксама ўваходзяць алігархі і бізнесмены, якія працуюць у нафтавым, банкаўскім і фінансавым сектарах, металургічнай, фармацэўтычнай, тэлекамунікацыйнай і лічбавай прамысловасцях і сельскай гаспадарцы, а таксама члены ўраду, высокапастаўленыя ваенныя чыноўнікі і вышэйшыя вайсковыя афіцэры, датычныя да зверстваў ва Украіне, а таксама прапагандысты. Усе яны спрыялі распаўсюджванню антыўкраінскай прапаганды і фармаванню пазітыўнага стаўлення расійцаў да ўварвання ва Украіну. Ад 6 кастрычніка спіс пашырыўся на асобаў, датычных да расійскай акупацыі, незаконнай анексіі і фіктыўных “рэферэндумаў” на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцёў.

ЕС таксама вырашыў забараніць усе аперацыі з шэрагам дзяржаўных прадпрыемстваў у розных сектарах ваенна-прамысловага комплексу Крамля, і 6 кастрычніка забараніў грамадзянам ЕС займаць якія-небудзь пасады ў кіроўных органах расійскіх дзяржаўных або кантраляваных дзяржавай юрыдычных асобаў, кампаніяў або арганізацыяў.

Акрамя таго, расійскія ўладальнікі дыпламатычных пашпартоў больш не змогуць ездзіць у ЕС без візы, а расійскія дзяржслужбоўцы і бізнесмены – не атрымаюць ільготы ў выглядзе больш нізкага візавага збору пры падачы анкеты на атрыманне візы. Аднак гэта рашэнне не закране звычайных расійскіх грамадзянаў. 

ЕС таксама абмяжоўвае выдачу так званых “залатых пашпартоў”, якія дазваляюць заможным расійцам станавіцца грамадзянамі ЕС і ўвёў забарону на экспарт з ЕС  прадметаў раскошы (напрыклад, аўтамабіляў класу люкс, ювелірных вырабаў і г.д.), што наўпрост ударыць па расійскай эліце. 

Апошнія навіны пра санкцыі можна знайсці на нашай старонцы #StandWithUkraine і на старонцы Еўрапейскай камісіі “Салідарнасць ЕС з Украінай” (EU Solidarity with Ukraine).

Якія санкцыі ўвялі супраць Беларусі за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне?

Рэжым Лукашэнкі ў Беларусі падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны: дазваляе Расіі запускаць балістычныя ракеты з беларускай тэрыторыі, забяспечвае транспартаванне расійскага ваеннага персаналу і цяжкага ўзбраення, танкаў і ваенных транспарцёраў, адкрывае расійскім ваенным самалётам беларускае неба для баявых вылятаў ва Украіну, дае пункты дазапраўкі і захоўвае расійскую зброю і ваеннае абсталяванне на сваёй тэрыторыі.

У адказ на гэта ЕС увёў санкцыі супраць асобаў у Беларусі, якія ўдзельнічаюць ва ўварванні ва Украіну, і абмежаваў гандаль у шэрагу ключавых сектараў.

Абмежавальныя меры былі ўведзеныя супраць 42 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў за іх ролю ў вайне. Гэтыя санкцыі ўключаюць у сябе замарожванне актываў і забарону на паездкі.

Акрамя таго, ЕС увёў абмежаванні на гандаль таварамі, неабходнымі для вытворчасці тытунёвых вырабаў, мінеральнага паліва, будаўнічых матэрыялаў, угнаенняў і інш.  Таксама ёсць абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогіяў двайнога прызначэння і некаторых стратэгічна важных тавараў і тэхналогіяў для ваеннага сектару, сектару абароны і бяспекі Беларусі. Нельга таксама прадстаўляць паслугі, звязаныя з санкцыйнымі таварамі і тэхналогіямі.

9 сакавіка 2022 году ЕС прыняў рашэнне пра адключэнне ад SWIFT трох беларускіх банкаў – Белаграпрамбанку, Банку “Дабрабыт” і Банку развіцця Рэспублікі Беларусь, да якіх 3 чэрвеня быў дададзены Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі  “Белінвестбанк”. Таксама забароненыя трансакцыі з Нацыянальным банкам Беларусі, звязаныя з кіраваннем рэзервамі або актывамі, а таксама прадастаўленнем дзяржаўнага фінансавання гандлю і інвестыцыяў у Беларусь.

3 жніўня 2023 года ЕС увёў шэраг дадатковых абмежавальных захадаў, каб прывесці санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў адпаведнасць з рэжымам санкцыяў у дачыненні да Расіі. Сярод іх забарона на экспарт тавараў і тэхналогіяў, прызначаных для выкарыстання ў авіяцыі і касмічнай прамысловасці, у тым ліку авіярухавікоў і беспілотнікаў; забарона продажу, пастаўкі, перадачы або экспарту агнястрэльнай зброі, яе частак і асноўных кампанентаў і боепрыпасаў; далейшае абмежаванне экспарту тавараў, якія выкарыстоўваюцца Расіяй для яе агрэсіўнай вайны супраць Украіны, у тым ліку паўправадніковых прыладаў, электронных інтэгральных схемаў, вытворчага і выпрабавальнага абсталявання, фотакамераў і аптычных кампанентаў; і пашыраная забарона на экспарт тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння.

ЕС таксама ўвёў санкцыі яшчэ супраць 38 фізічных і 3 юрыдычных асобаў з Беларусі, якія нясуць адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, спрыяюць рэпрэсіям супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, а таксама ў дачыненні да тых, хто атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго. Агулам абмежавальныя захады ЕС у дачыненні да Беларусі цяпер распаўсюджваюцца на 233 фізічных і 37 юрыдычных асобаў.

ЕС заявіў, што будзе пастаўляць ваеннае абсталяванне Украіне. Што гэта азначае на практыцы?

Як сказаў Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль, “адпала яшчэ адно табу”: упершыню ў сваёй гісторыі ЕС пастаўляе смяротную зброю трэцяй краіне.

22 лютага 2022 г. ЕС першапачаткова пагадзіўся мабілізаваць 500 мільёнаў еўра з Еўрапейскага фонду міру, каб прафінансаваць пастаўкі смяротнага і несмяротнага ўзбраення для ўкраінскай арміі.  Да гэтай сумы ў далейшым  былі дададзеныя новыя траншы; агульная сума роўная 5,6 мільярды еўра.

Размова ідзе пра фінансаванне паставак дзяржавамі-членамі ЕС тэхнікі і матэрыялаў для ўзброеных сілаў Украіны, у тым ліку сродкаў індывідуальнай абароны, аптэчак першай дапамогі і паліва, а таксама вайсковага ўзбраення і платформаў, прызначаных для запуску смяротнай зброі ў абарончых мэтах. Акрамя таго, 17 кастрычніка 2022 году ЕС узгадніў стварэнне двухгадовай місіі ваеннай дапамогі ў падтрымку Украіны (EUMAM Ukraine), якая забяспечыць падрыхтоўку ўкраінскіх узброеных сілаў, а таксама каардынацыю і сінхранізацыю ўласнай вучэбнай падтрымкі Украіны з боку дзяржаваў-членаў ЕС.

Сумарна, ваенная падтрымка з боку ЕС Украіне, прадстаўленая ў рамках Еўрапейскага фонду міру і непасрэдна дзяржавамі-членамі, складае каля 27 мільярдаў еўра.

 

Якую гуманітарную дапамогу выдзяляе ЕС?

Сукупная сума ў 785 мільёнаў еўра была выдзеленай на праекты гуманітарнай дапамогі для цывільнага насельніцтва, што пацярпела ад вайны ва Украіне. З гэтай сумы мільёнаў еўра выдзеленыя для Малдовы на аказанне дапамогі бежанцам з Украіны. Гэтая гуманітарная дапамога ад ЕС ідзе на ежу, ваду, медыцынскую дапамогу, жыллё і асноўныя патрэбы людзей, а таксама на праграму экстраннага прытулку на зіму.

Яшчэ 330 мільёнаў еўра ідуць на праграму экстранай падтрымкі, якая дапамагае забяспечыць доступ да асноўных тавараў і паслугаў, такіх як адукацыя, ахова здароўя і харчаванне. Праграма таксама дапамагае абараніць насельніцтва, як унутрана перамешчаных асобаў, так і грамады, што іх прымаюць, а таксама падтрымаць малыя і сярэднія прадпрыемствы і сельскую гаспадарку. Яшчэ адна важная мэта – рэканструкцыя маламаштабнай грамадзянскай інфраструктуры, забеспячэнне энергетычнай бяспекі, умацаванне кібербяспекі, свабоды СМІ і дзеянняў супраць дэзынфармацыі.

У выніку акцыі 9 красавіка ў рамках глабальнай кампаніі “Stand Up for Ukraine”, ініцыяванай Еўрапейскай камісіяй і Канадай, было сабрана 9,1 мільярдаў еўра для людзей, якія ўцякаюць ад расійскага ўварвання як унутры Украіны, так за мяжу, у тым ліку 1 мільярд еўра ад Еўракамісіі. Апроч гэтага, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця абвясціў аб дадатковай пазыцы ў памеры 1 мільярда еўра для пакрыцця патрэбаў людзей, перамешчаных у выніку ўварвання.

Камісія таксама каардынуе дастаўку матэрыяльнай дапамогі ва Украіну праз Механізм грамадзянскай абароны ЕС  Да гэтага самага буйнога задзейнічання Механізму далучыліся ўсе 27 дзяржаваў ЕС, а таксама Нарвегія, Турцыя, Паўночная Македонія, Ісландыя і Сербія.  Дапамога складаецца ў тым ліку 80 млн прадметаў першай неабходнасці, такіх як аптэчкі, абсталяванне для прытулкаў, супрацьпажарнае абсталяванне, вадзяныя помпы, электрагенератары і паліва. ЕС працягвае атрымліваць новыя прапановы штодня. 

Малдова таксама запусціла механізм падтрымкі ўкраінцаў, што прыбываюць у гэтую краіну. Аўстрыя, Францыя і Нідэрланды ўжо прапанавалі Малдове надзвычайную дапамогу – усё неабходнае для часовага размяшчэння людзей і медыцынскую дапамогу. 3 сакавіка ЕС абвясціў пра неадкладнае выдзяленне падтрымкі для Малдовы ў памеры 15 млн еўра і яшчэ 5 млн еўра у якасці садзейнічання грамадзянскай абароне. 

ЕС аказвае шырокамаштабную падтрымку Украіне, каб дапамагчы ёй супрацьстаяць крызісу, у тым ліку экстранную макрафінансавую дапамогу ў памеры да 25,2 мільярдаў еўра ў выглядзе крэдытаў і дадатковыя 620 мільёнаў еўра ў якасці бюджэтнай падтрымкі Украіны.

Паколькі рост патрэбаў ідзе ў геаметрычнай прагрэсіі, далейшая дапамога скіроўваецца ва Украіну праз медыцынскія склады rescEU, размешчаныя ў Германіі, Венгрыі і Нідэрландах. З агульным сумай дапамогі больш за 127 мільёнаў еўра падтрымка праз rescEU ўключае апараты ШВЛ, інфузійныя помпы, маніторы пацыентаў, маскі і халаты, ультрагукавыя апараты і канцэнтратары кіслароду.

Апошнія навіны пра санкцыі можна знайсці на нашай старонцы #StandWithUkraine і на старонцы Еўрапейскай камісіі “Салідарнасць ЕС з Украінай” (EU Solidarity with Ukraine).

Як ЕС дапамагае ўкраінскім бежанцам?

Паводле дадзеных агенцтва ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), ад пачатку вайны ў Еўропе зарэгістравана амаль  шэсць   мільёнаў бежанцаў з Украіны.

4 сакавіка  2022 году Рада ЕС аднагалосна пагадзілася актываваць Дырэктыву аб часовай абароне, каб хутка і эфектыўна дапамагаць людзям, якія ратуюцца ад вайны ва Украіне.  

Гэта азначае, што бежанцам будзе прадстаўляцца часовая абарона на ўсёй тэрыторыі ЕС: яны атрымліваюць права жыць і працаваць у ЕС, доступ да жылля, сацыяльную, медыцынскую або іншую дапамогу і сродкі на пражыванне.

Часовая абарона для бежанцаў з Украіны адразу ж уступіла ў сілу і будзе дзейнічаць адзін год. Яе можна падаўжаць – у агульнай складанасці да трох гадоў – да таго часу, пакуль сітуацыя ва Украіне не палепшыцца настолькі, што людзі змогуць вярнуцца дадому.

Грамадзяне іншых краінаў і асобы без грамадзянства, што законна пражываюць ва Украіне і якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну або рэгіён паходжання (напрыклад, якія папрасілі прытулку або знаходзяцца пад міжнароднай абаронай і члены іх сем’яў), таксама атрымаюць абарону ў ЕС. Асобам, што знаходзяцца ва Украіне на законных падставах, прыехалі ў краіну на кароткі тэрмін і могуць вярнуцца ва Украіну без рызыкі для сябе, дазволена вярнуцца дадому транзітам праз ЕС. 

ЕС таксама распарадзіўся спрасціць памежны кантроль для тых, хто бяжыць ад вайны, і адкрыць дадатковыя часовыя пункты перасячэння мяжы. Правілы ўезду становяцца больш гнуткімі: гэта тычыцца дакументаў, асабістых рэчаў і хатніх жывёлаў. Акрамя таго, спрашчаецца доступ выратавальных службаў і гуманітарнай дапамогі.

Адмысловая вэб-старонка ЕС змяшчае інфармацыю для бежанцаў, якія пакідаюць Украіну, з усёабдымнай інфармацыяй аб іхныя правах у ЕС, практычнымі парадамі і спасылкамі на наяўную падтрымку ў асобных дзяржавах-членах. Інфармацыя для людзей, якія ўцякаюць ад вайны ва Ўкраіне

Што робіць ЕС, каб Украіна не засталася без энергіі?

16 сакавіка  2022 году ўкраінскія электрасеткі – разам з электрасеткамі Малдовы – былі паспяхова сінхранізаваныя з еўрапейскімі кантынентальнымі сеткамі ў выніку паскарэння рэалізацыі праекту, пачатага ў 2017 годзе. Тэхнічныя адмыслоўцы з Еўрапейскай сеткі аператараў сістэмы перадачы электраэнергіі (ENTSO E) выканалі “гадовую працу за два тыдні” пасля таго, як Украіна адключыла свае электрасеткі ад расійскай сістэмы ў дзень уварвання.

ЕС таксама пастаўляе газ ва Украіну праз рэверсіўную падачу з захаду на ўсход.

Еўрапейская камісія таксама дала краінам ЕС спіс неабходнай дапамогі для Украіны ў энергетычным сектары, напрыклад, пастаўкі дызельнага паліва, бензіну, авіяцыйнага паліва і генератараў. Ужо запланаваныя канкрэтныя пастаўкі з Польшчы, Літвы і Чэхіі. Дапамагчы абяцалі і іншыя дзяржавы ЕС.

 

 

11 траўня Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) выдзяліў 50 мільёнаў еўра экстранай ліквіднасці для “Укрэнерга”, нацыянальнай кампаніі па перадачы электраэнергіі, каб забяспечыць стабільнае функцыянаванне ўкраінскіх электрасетак, а таксама атамных генератараў і падтрымліваць энергазабеспячэнне прамысловасці і хатніх гаспадарак.

ЕС таксама пастаўляе 2400 дадатковых электрагенератараў у дадатак да 3000, ужо пастаўленых ад пачатку вайны. Па запыце Еўрапейскай камісіі больш за 157,5 мільёна еўра былі выдзелены на неадкладныя патрэбы ў энергетычным сектары ў рамках Фонду энергетычнай падтрымкі Украіны, створанага Энергетычнай супольнасцю. ЕС таксама выдзяляе 30 мільёнаў еўра на закупку 35 мільёнаў святлодыёдных лямпачак для Украіны.

Украіна афіцыйна падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Як адрэагаваў ЕС?

23 чэрвеня 2022 году на сваім саміце лідары ЕС пагадзіліся надаць Украіне статус краіны-кандыдата ў адпаведнасці з рэкамендацыяй Еўракамісіі ад 17 чэрвеня. 14 снежня 2023 года лідары ЕС прынялі рашэнне пачаць перамовы пра ўступленне з Украінай.

Зараз Украіне неабходна дасягнуць прагрэсу ў спаўненні ўмоваў, выкладзеных у Заключэнні Еўрапейскай камісіі адносна заяўкі Украіны, у тым ліку ў такіх сферах, як барацьба з карупцыяй і вяршэнства права. Еўрапейская камісія будзе адсочваць прагрэс Украіны ў выкананні гэтых крокаў і зробіць даклад пра іх восенню 2023 году ў рамках “пакету наконт пашырэння”. ЕС прыме рашэнне пра наступныя крокі, як толькі згаданыя ўмовы будуць цалкам споўненыя.Украіна афіцыйна падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз 28 лютага 2022 году. Праз тыдзень, 7 сакавіка, ЕС пагадзіўся пачаць разгляд заявак на ўступленне ад трох краінаў. Хоць гэты крок з’яўляецца тэхнічным, ён запускае працэс прызнання Украіны, Грузіі і Малдовы ў якасці краін-кандыдатаў.

8 красавіка 2022 году падчас візіту ў Кіеў Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен перадала прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму анкету, якая стане адпраўной кропкай для прыняцця ЕС рашэння пра сяброўства Украіны.

Анкета з’яўляецца афіцыйным дакументам, з дапамогай якога Еўрапейская камісія ацэньвае гатоўнасць краіны рухацца наперад у працэсе далучэння, а менавіта атрымаць статус краіны-кандыдата і пачаць перамовы пра далучэнне.

“Дзякуючы Пагадненню пра асацыяцыю, Украіна ўжо цесна далучаная да нашага Саюзу. Такім чынам, мы паскараем гэты працэс наколькі можам пры адначасовым спаўненні ўсіх умоваў”, — падкрэсліла фон дэр Ляен.

З моманту падпісання Пагаднення пра асацыяцыю ў 2014 годзе Украіна прыступіла да рэалізацыі амбітнай праграмы рэформаў. Яе задача – паскорыць эканамічны рост і палепшыць умовы жыцця грамадзянаў краіны. За гэты час ЕС і яго фінансавыя інстытуты мабілізавалі больш за 17 млрд еўра ў выглядзе грантаў і крэдытаў для падтрымкі рэформаў.

2-3 лютага 2023 году Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен наведала Кіеў  ў суправаджэнні 15 еўракамісараў на першую ў гісторыі сустрэчу паміж Еўрапейскай камісіяй і ўрадам Украіны. На сустрэчы была абмяркоўвалася пытанне падтрымкі Украіны з боку ЕС у розных сферах, у тым ліку ў фінансавай, гуманітарнай, энергетычнай, бюджэтнай сферах, а таксама ў дыпламатычнай дзейнасці. Акрамя таго, на ёй былі разгледзеныя намаганні Украіны па рэформах, накіраваных на далейшы рух па шляху ў ЕС, і вызначаныя далейшыя крокі па ўмацаванні галіновага супрацоўніцтва.

3 сакавіка  2022 году Рэспубліка Малдова і Грузія таксама падалі афіцыйныя заяўкі на ўступленне ў Еўрапейскі саюз. 23 чэрвеня ЕС надаў Малдове статус краіны-кандыдата на сяброўства ў ЕС, а ў наступным годзе, 14 снежня 2023 года, надаў Грузіі статус краіны-кандыдата  і прыняў рашэнне пачаць перамовы пра ўступленне з Малдовай.

Апошнія навіны пра санкцыі можна знайсці на нашай старонцы, прысвечанай пашырэнню ЕС, і на старонцы Еўрапейскай камісіі “Салідарнасць ЕС з Украінай” (EU Solidarity with Ukraine).

Як у гэтай сітуацыі ЕС падтрымлівае Рэспубліку Малдова?

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ЕС падкрэсліў сваю непахісную падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Малдова.

“Малдова мае права выбіраць свой знешнепалітычны курс, і мы цвёрда верым, што Малдова належыць да еўрапейскай сям’і. Мы працягнем інтэнсіўна супрацоўнічаць на падставе нашага Пагаднення пра асацыяцыю “, – заявіў Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль падчас візіту ў Малдову 3 сакавіка.

У першы тыдзень вайны Малдова прыняла больш за 100 тысяч бежанцаў, якія ратуюцца ад вайны ва Украіне, з іх больш за 20 тысяч дзяцей.

ЕС падкрэсліў сваю салідарнасць з Малдовай у сувязі з наплывам бежанцаў. Еўрапейскі саюз выдзялі 15 млн еўра на пераадоленне крызісу бежанцаў і яшчэ 5 млн еўра на грамадзянскую абарону. Малдова таксама звярнулася па дапамогу ў рамках Механізму грамадзянскай абароны ЕС. Многія краіны ЕС – Харватыя, Данія, Грэцыя, Фінляндыя, Швецыя, Францыя, Аўстрыя і Нідэрланды – ужо перадаюць дапамогу для бежанцаў: машыны хуткай дапамогі, палаткі, палявыя кухні і шмат іншага. 10 сакавіка 2022 году ЕС абвясціў, што выдзеліць Малдове дадатковыя 3 мільёны еўра гуманітарнай дапамогі для падтрымкі ўкраінцаў, вымушаных пакінуць сваю краіну. Сродкі будуць скіраваныя на зімовыя рэчы і прытулкі, паслугі аховы, транспарт і доступ да аховы здароўя, а таксама грашовую дапамогу.

5 красавіка ЕС абвясціў пра дадатковыя 53 мільёны еўра, каб дапамагчы Рэспубліцы Малдова справіцца з шматлікімі наступствамі расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Падтрымка будзе аказвацца ў рамках праграмы бюджэтнай падтрымкі, якая будзе разгорнутай у бліжэйшы час.

Акрамя таго, ЕС абвясціў пра дапамогу ў сферы бяспекі і абароны. У Кішынёў была накіраваная місія экспертаў у сферы кібербяспекі, каб вызначыць канкрэтныя захады падтрымкі, якія можна рэалізаваць у самыя кароткія тэрміны. ЕС таксама прадставіць узброеным сілам Малдовы медыцынскае абсталяванне і іншую падтрымку, у тым ліку лагістычную, у выпадку крызісу.  

ЕС таксама пагадзіўся як мага хутчэй падключыць электраэнергетычную сістэму Малдовы да энергасістэмы ЕС

Аднак ЕС не абмяжоўваецца толькі экстранай дапамогай. Ужо запушчаны план эканамічнага аднаўлення на суму 600 млн еўра, а таксама інвестыцыйна-эканамічны план з пяццю флагманскімі ініцыятывамі для Малдовы на суму да 3,4 млрд еўра.

Убудаваць
The recommended iFrame size is 100% width and 750px height


САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ


Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,