Кавуны ў Беларусі: EU4Youth сее насенне поспеху
14 студзеня, 2020

Кавуны ў Беларусі: EU4Youth сее насенне поспеху


Да ініцыятывы падключыліся 42 каманды з сельскіх школ і ўстаноў дадатковай адукацыі Лоеўскага, Брагінскага, Чачэрскага, Калінкавіцкага, Хойніцкага, Гомельскага, Петрыкаўскага і Мазырскага раёнаў. Гэта нетолькі навучэнцы і педагогі, але і мясцовыя жыхары, бо эксперымент выйшаў за межы школ і працягнуўся на спецыяльных доследных пляцоўках на прысядзібных участках вучняў, педагогаў і іншых паслядоўнікаў кавуновай ідэі.

Акрамя таго, геаграфія кавуновага эксперымента не абмежавалася Гомельскай вобласцю: у ім узяла ўдзел каманда Хімаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, а таксама дзеці з сямейнага клуба, створанага на базе адукацыйнага цэнтра “Экалогія і здароўе” грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” на Смалявіччыне (Мінская вобласць). Ды і ўласна кавун не стаў адзінай мэтай: у некаторых школах вырасцілі яшчэ і яго сяброў — дыні, гарбузы і іншыя віды сельгаскультур.

Метадычнае суправаджэнне эксперымента ўзяў на сябе Гомельскі абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, а яго навуковым кансультантам стаў доктар сельска­гаспадарчых навук дацэнт Інстытута агародніцтва НАН Беларусі Мечаслаў Францавіч Сцяпура. Менавіта дзякуючы яму, кавуны ўжо не першы год вырошчваюць у рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі.

Ініцыятыва праводзіцца ў рамках праекта “EU4Youth: школьны сад для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”.

  • Students of Malažyn school learn how to prune the watermelon vines
  • Students of Malažyn school learn how to prune the watermelon vines
  • Watermelon grown within the project

У межах праекта яшчэ вясной падчас семінара і некалькіх вучэбных заняткаў прадстаўнікі каманд і патэнцыяльныя мясцовыя кансультанты атрымалі ўсю неабходную інфармацыю па агратэхніцы вырошчвання кавуноў і методыцы правядзення доследу, а таксама ўсё неабходнае для вырошчвання кавуноў ад спонсараў праекта: насенне трох галандскіх гібрыдаў (“топ ган”, “раманза” і “бедуін”), гаршкі, паддоны і глебу для расады, укрывальныя матэрыялы, гумінавыя экаўгнаенні, біягумус і інш. Тады ж быў прадстаўлены электронны журнал эксперымента — спецыяльная інтэрнэт-платформа, дзе ўдзельнікі праекта павінны былі рэгулярна фіксаваць свае назіранні і даныя, размяшчац­ь фатаграфіі і задаваць пытанні кансультантам. Журнал адкрыты для ўсіх, і любы жадаючы можа пазнаёміцца з камандамі і ўбачыць, як ідзе работа на іх доследных пляцоўках.

На першым этапе работ юныя эксперыментатары вучыліся рыхтаваць глебавую сумесь для расады і адбіраць пробы грунту для лабараторнага аналізу, сеялі насенне, назіралі і даглядалі ўсходы, рабілі разбіўку схем участкаў, уносілі ўгнаенні, высаджвалі расаду і ўкрывалі яе ад холаду, праполвалі і палівалі пасадкі, фіксавалі назіранні ў дзённіках дос­леднай працы — іншымі словамі, асвойвалі навыкі карыснай працы, вывучалі агратэхніку вырошчвання сельгаскультур і спасцігалі асновы эксперыментальнай дзейнасці.

Са слоў педагогаў, дзеці з задавальненнем вучыліся клапаціцца пра сваіх зялёных гадаванцаў і радаваліся, назіраючы за іх ростам. Першыя поспехі ўжо ёсць. Яшчэ ў першай дэкадзе ліпеня на доследных пляцоўках пачалі спець першыя кавуны, чаму паспрыяла гарачае надвор’е пачатку лета. Нават тыя калівы, лёс якіх спачатку выклікаў асцярогі, цяпер развіваюцца цалкам паспяхова. Зараз на эксперыментальных дзялянках ужо грэюць бакі сакавітыя кавуны, многія з якіх школьнікі пакаштавалі.

Так, у невялічкай Ручаёўскай сярэдняй школе Лоеўскага раёна 68 вучняў не могуць нават справіцца з вырашчаным ураджаем. Кіраўніком эксперымента і ў школе, і ў раёне з’яўляецца настаўнік хіміі і біялогіі гэтай школы Уладзімір Абібок.

«У нас ужо заканчваецца трэцяя хваля ўраджаю. За гэты час мы знялі са школьнай бахчы 134 кавуны. Надвор’е нам па­спрыяла — паўтара месяца не было дажджоў, што пры паспяванні — неабходная ўмова. Толькі цяпер крыху пахаладала і часта ідуць даж­джы, таму мы ўжо не надта спадзяёмся на багаты жнівеньскі ўраджай. Ва ўсялякім разе, не ўпэўнены, што нам удасца паставіць новы рэкорд па вазе. Пакуль самы вялікі кавун у нас заважыў 12 кг 250 г. Цяпер у школе працуе летнік працы і адпачынку, таму яго ўдзельнікі ахвотна частуюцца ўраджаем. Кажуць, вельмі смачныя кавуны», — дзеліцца вынікамі эксперымента Уладзімір Канстанцінавіч, а на маё пытанне: “Няўжо самі не пакаштавалі?” адказвае: — «Пакаштаваў, але яны надта салодкія, а я салодкае не люблю. Лепш буду яблыкі есці».

Аналізуючы асаблівасці трох гатункаў, настаўнік больш плюсоў ставіць “бедуіну F1”, бо, кажа, яны вельмі добра завязваюцца. А самым далікатным аказалася “раманза F1”: прыжываецца яна горш, праўда, тыя, якія пайшлі ў рост, даюць ураджай з лішкам. Менавіта на “раманзу F1” яму найбольш скардзіліся ўдзельнікі эксперымента з раёна, бо яна вяла, сохла на ўчастках.

  • Alyaksandr Mishko and Illia Šejn, students of the Jolča school in Brahin region, take soil samples
  • Watermelons grown within the project
  • The student of Ručajoŭka school Dyjana Kalesnikava shows the watermelon at the schoolgarden

Не абышлося без цяжкасцей і ў Іялчанскай сярэдняй школе Брагінскага раёна, якая каардынуе работу чатырох каманд: тры з іх, з мясцовых жыхароў, ставяць эксперыменты на сваіх прысядзібных участках, і дзве, са школьнікаў,  — пры школе. Дырэктар гэтай школы Таццяна Нікалаенка расказала, што яе каманда сутыкнулася з праблемай дрэннай усходжасці насення з-за нізкай тэмпературы ў памяшканнях пасля ацяпляльнага сезона, а з-за недахопу асвятлення параст­кі выцягваліся і павольна развіваліся. Таму, як толькі пацяплела, яна вырашыла падстрахавацца і пасеяць кавуны яшчэ і насеннем прама ў грунт.

«У нашым эксперыменце прымалі ўдзе­л лі­таральна ўсе навучэнцы школы, а іх у нас 60. Акрамя таго, далучыліся і выхаванцы дзіцячага садка. Кожны назіраў за сваімі гаршчочкамі, выстаўляючы ў радочак, мералі вышыню расады, імкнучыся абагнаць іншых. У гэтым годзе мы распрацоўвалі новы ўчастак на 50 сотак. З іх 4 соткі адвялі пад кавуновы эксперымент. На дзвюх сотках выса­дзілі расаду, а яшчэ на дзве засеялі насенне. Праўда, распрацавалі ўчастак мы пазнавата, таму насенне ў грунт удалося пасеяць толькі 30 мая. І вельмі знерваваліся, бо гэта было занадта позна: у нашым раёне ў гэты час была засуха і моцная спякота. Але кропельны паліў выправіў сітуацыю, і цяпер кавуны растуць на “дзясятку”», — расказвае Таццяна Іванаўна і запэўнівае, што не меншую адзнаку кавуны атрымалі і на дэгустацыі: — «Ніхто з нас не верыў, што яны мо­гуць быць такімі смачнымі. У прывазных кавунах салодкая толькі сярэдзіна. Нашы ж кавуны аднолькава салодкія да самай скуркі. Праўда, хутка яны адыдуць, але ў ліпені толькі сталі завязвацца кавуны на познім участку, дзе мы сеялі насеннем. Таму кавуноў нам хопіць і на жнівень, і, думаю, яшчэ на верасень. У наступным годзе мы будзем, ужо не баючыся, са­дзіць кавуны не толькі расадай, але і сеяць адразу ў грунт».

Святлана Лявоненка, педагог Мікуліцкай школы Брагінскага раёна, адзначыла, што складанасці ў іх ўзніклі пасля высадкі расады ў грунт: доўгі час расада была млявай і зжаўцела, частка яе нават загінула. У некаторых школах расаду пасля высадкі пабіла даж­джом. Псавалася надвор’е і калі ўтвараліся плады, таму на некаторых дзялянках частка іх падгніла.

Безумоўна, кавун — культура новая для вырошчвання, таму натуральна, што ў хо­дзе эксперымента ўзнікалі самыя розныя пытанні: як дапамагчы раслінам у перыяд адаптацыі пасля высадкі, як правільна праводзіць апрацоўкі і падкормкі, як прысыпаць плеці, калі рабіць прышчыпванне, ці трэба абрывац­ь лішнія завязі? Па ўсіх гэтых пытаннях удзельнікаў кансультаваў Мечыслаў Сцяпура.

Але галоўнае, на што разлічваюць ініцыятары праекта,— цяпер школы стануць цэнтрамі распаўсюджвання ведаў аб сучасных бяспечных агратэхналогіях, новых прадукцыйных гатунках і відах сельгаскультур, а тыя веды і навыкі, якія дзеці атрымаюць дзякуючы ўдзелу ў праекце, спатрэбяцца ім у будучыні. Магчыма, хтосьці з іх, атрымаўшы вопыт паспяховай працы на зямлі, пачне вырошчваць кавуны на сваёй малой радзіме, а значыць, дапаможа зрабіць жыццё ў роднай вёсцы лепшым.

Автор: Святлана НІКІФАРАВА
Фота: Сямёна ШАЎЦОВА

Артыкул апублікаваны на беларускай мове на сайце ‘Настаўніцкая газета’

  • Watermelon grown within the project


САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,