Сёння дапамагаюць нам, заўтра дапаможам мы. Салідарнасць як адказ на пандэмію
10 траўня, 2021

Сёння дапамагаюць нам, заўтра дапаможам мы. Салідарнасць як адказ на пандэмію


Дзякуючы ініцыятыве «Салідарнасць у імя здароўя», якая фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца СААЗ, Беларусь атрымала сур’ёзную дапамогу для барацьбы з кавідам.

Мільёны масак, рэспіратараў, шчыткоў і пальчатак, апарат ШВЛ, спецыяльнае абсталяванне для лабараторый, сотні навучаных спецыялістаў — такія вынікі ініцыятывы «Салідарнасць у імя здароўя», якая фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца СААЗ. Для Беларусі дапамога складае 5,3 млн долараў.

«Такой міжнароднай салідарнасці ў ахове здароўя бачыць не даводзілася»

Галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання Эдуард Вальчук паказвае склад «Белмедтэхнікі», куды пастаўляюць гуманітарныя грузы ў межах праекта «Салідарнасць у імя здароўя» СААЗ: «Тут складуецца, захоўваецца і раздаецца па прызначэнні атрыманая намі гуманітарная дапамога. Такой міжнароднай салідарнасці ў ахове здароўя, як цяпер, мне бачыць не даводзілася. Гэта ўражвае».

Любая нават найменшая дапамога значная для беларускай аховы здароўя, адзначыў галоўны ўрач цэнтра: «Адна маска патрапіць аднаму чалавеку, якога абароніць ад віруса. Тая гуманітарная дапамога, якая паступае па лініі праекта «Салідарнасць у імя здароўя», значная ў маштабах краіны — абараняе медыкаў і дапамагае пацыентам».

  • Eduard Valchuk, the chief doctor of the National Centre for the Organisation of Medical Response
  • The humanitarian supplies delivered to Belarus

Вальчук лічыць, што пандэмія згуртавала медыкаў, якія працуюць як адзін жывы арганізм для барацьбы з кавідам і дзеля дапамогі пацыентам. Гэта, вядома, не значыць, што ім лёгка: «Кругласуткавы рэжым, чырвоныя зоны, з якіх медык не можа выйсці да заканчэння змены. Гэта вельмі ўскладніла працу. У бальніцах ляжаць дастаткова цяжкія пацыенты, іх шмат. Ад пачатку пандэміі арганізатары аховы здароўя, спецыялісты ўпраўленняў аховы здароўя абласнога і гарадскога ўзроўню, Міністэрства аховы здароўя працуюць фактычна без выходных. Сітуацыя ўвесь час кантралюецца. Калі недзе ўзнікае патрэба ў тых ці іншых медыкаментах, сродках абароны, мы рэагуем».

Каб дапамагчы медыкам, нам усім трэба насіць маскі і трымаць дыстанцыю, кажа лекар, які сам перахварэў на кавід: «Часам чуеш, ну што такое маска, які ў ёй сэнс? Калі маскі будуць насіць усе, яны спрацуюць, гэта абарона. Калі чалавек абараніўся, значыць, не захварэў. І гэта велізарная падтрымка нашай ахове здароўя. Калі казаць пра міжнародную падтрымку, мы сёння спадзяемся, што хутка нам дапамога не спатрэбіцца, што мы самі зможам каму-небудзь дапамагчы. Мы ўскладаем вялікія надзеі на вакцынацыю».

ЕС дапаможа абараніць насельніцтва Беларусі ад COVID-19 у межах праекта «Дзейнасць Еўрапейскага Саюза і СААЗ па падтрымцы разгортвання вакцынацыі ад COVID-19 у краінах Усходняга партнёрства ў 2021—2023 гадах». Мэта праекта — падтрымаць Беларусь тэхнічна ў правядзенні вакцынацыі супраць COVID-19. 

Бюджэт для першай фазы праекта, якая працягнецца да чэрвеня 2021 года, складае каля 400 тысяч еўра. Гэтыя сродкі ідуць на набыццё спецыяльнага маразільнага абсталявання для транспартавання і захоўвання вакцын, а таксама кантролю захавання «халадовага ланцуга». Таксама ў межах ініцыятывы правядуць навучанне медработнікаў.

«Нічога падобнага службе лабараторнай дыягностыкі раней зведваць не даводзілася»

Пакуль застаецца спадзявацца на сацыяльнае дыстанцыяванне, нашэнне масак і своечасовае выяўленне хворых на каранавірус.

У Беларусі шэсцьдзесят лабараторый, у якіх могуць рабіць ПЛР-тэсты на COVID-19, распавяла намесніца галоўнага пазаштатнага спецыяліста Міністэрства аховы здароўя па лабараторнай дыягностыцы Наталля Калядка, якая працуе начальнікам аддзела РУП «Белмедпрэпараты».

Цяпер у Беларусі выкарыстоўваюцца айчынныя тэст-сістэмы ПЛР ад чатырох вытворцаў: «Нашы вытворцы проста героі — яны хутка стварылі тэст-сістэмы для ПЛР і аператыўна вырашалі бягучыя праблемы».

  • The medical supplies
  • The boxes with medical supplies

Для спецыялістаў лабараторнай дыягностыкі, адзначыла Калядка, пандэмія стала асаблівым перыядам, нічога падобнага службе зведваць не даводзілася: «Людзі працавалі з вельмі вялікай нагрузкай. Кантакты паміж рознымі лабараторыямі пашырыліся, спецыялісты сталі больш узаемадзейнічаць паміж сабой, асвойваючы новыя метады даследаванняў. Людзі згуртаваліся і адной камандай перамагалі».

У такой сітуацыі значнасць міжнароднай падтрымкі цяжка пераацаніць. У перыяд пандэміі супрацоўніцтва ў сферы лабараторнай дыягностыкі пачалося з арганізацыі ў межах праекта ЕС/СААЗ «Салідарнасць у імя здароўя» навучальных вебінараў па біябяспецы, распавяла Наталля Калядка: «Цяпер інфармацыі пра дыягностыку COVID-19, з аднаго боку, вельмі шмат, а з іншага — яна разрозненая. Пошук таго, што будзе добра працаваць на практыцы, патрабуе часу. Медыкі з розных рэгіёнаў Беларусі, якія займаюцца лабараторнай дыягностыкай, атрымалі важную для працы інфармацыю ад вядучых беларускіх спецыялістаў на вебінарах».

У межах сумеснага праекта ЕС і СААЗ закуплена некалькі аўтаматызаваных сістэм выдзялення РНК/ДНК: «Гэта палягчае, паскарае працу лабараторый, мінімізуе чалавечы фактар, паляпшае якасць і павялічвае аб’ём даследаванняў. Да таго ж СААЗ дапамагла з закупкай ампліфікатараў, неабходных для правядзення другога этапу полімеразнай ланцуговай рэакцыі. У Беларусь паступіць некалькі такіх прыладаў».

Таксама ў межах праекта «Салідарнасць у імя здароўя» лабараторная служба Беларусі атрымала экспрэс-тэсты для вызначэння антыгенаў, якія выкарыстоўваюцца ў дыягностыцы COVID-19 і ў нейкіх выпадках могуць замяніць ПЛР. Прычым гэты хуткі аналіз (тэставанне займае да паўгадзіны) добра стасуецца з ПЛР.

«Мы плануем, — сказала Наталля Калядка, — што тэсты на вызначэнне антыгенаў будуць выкарыстоўвацца ў нейкіх аддаленых раёнах пры тэрміновых сітуацыях, напрыклад, пры экстраннай шпіталізацыі».

Яшчэ ў планах — правядзенне знешняга кантролю якасці ПЛР-даследаванняў. На практыцы гэта выглядае так: у беларускую лабараторыю дасылаюць біялагічны матэрыял, які там правяраюць на COVID-19 з дапамогай ПЛР-даследавання. Далей вынікі адпраўляюцца ў спецыяльную ўпаўнаважаную арганізацыю, якая вызначыць, ці правільна было праведзенае даследаванне.

  • Natallia Kaliadka, deputy chief external expert of the Ministry of Health for laboratory diagnostics
  • Delivery of medical supplies to Belarus

Гэты міжнародны кантроль дазваляе лабараторыі атрымаць адпаведны сертыфікат, які з’яўляецца паказчыкам высокага ўзроўню правядзення даследаванняў: «Знешні кантроль якасці незалежнай арганізацыяй павінен праводзіцца рэгулярна, гэта агульнасусветная практыка. Для лабараторыі гэта дадатак да ўнутранага кантролю, пытанне не толькі прэстыжу, але і ўпэўненасці ў тым, што даследаванні праводзяцца якасна».

Нарэшце, у межах сумеснага праекта ЕС і СААЗ абмяркоўваецца закупка для РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі высокатэхналагічнага абсталявання для вывучэння геному віруса.

«Мы гатовыя да супрацоўніцтва, яно спрыяе паляпшэнню эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і рэгіёне», — сказала Наталля Калядка.

«Каб клапаціцца пра кожнага»

Наогул у межах праекта ЕС «Салідарнасць у імя здароўя» сродкі для Беларусі накіраваныя на закупкі, адукацыю і даследчую дзейнасць.

Як паведаміў Naviny.by спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі/Кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Масуд Дара, на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны і абсталявання ўжо выдаткавана 3,8 млн долараў. Былі закупленыя і дастаўленыя ў медустановы па ўсёй краіне 2,4 млн медыцынскіх масак, 1 млн рэспіратараў, 85 тыс. ізалявальных халатаў, 50 тыс. ахоўных акуляраў, 51 тыс. шчыткоў для твару, 1,282 млн медыцынскіх пальчатак, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Найбліжэйшым часам будуць размеркаваныя паміж медустановамі 160 апаратаў для высокаструменевай назальнай аксігенатэрапіі, 20 тыс. экспрэс-тэстаў для дыягностыкі SARS-CoV-2 Ag-RDTs, 5482 кіслародныя маскі з рэзервуарам — усяго на 850 тыс. долараў.

Медыцынскія спецыялісты прайшлі навучанне па інтэнсіўнай тэрапіі для пацыентаў з COVID-19, а супрацоўнікі больш чым са 150 нацыянальных лабараторый узялі ўдзел у вебінарах па біябяспецы і асаблівасцях дыягностыкі COVID-19.

  • Masoud Dara, Head of the WHO Country Office in Belarus
  • The boxes with medical supplies

У РНПЦ псіхічнага здароўя прайшоў першы курс навучання для лекараў агульнай практыкі і выкладчыкаў з усёй Беларусі па праграме «Дыягностыка і лячэнне псіхічных і паводзінавых разладаў ва ўмовах эпідэміі СOVID-19». Усяго плануецца 13 такіх курсаў, навучаць 78 чалавек.

У межах праекта «Салідарнасць у імя здароўя» ў Беларусі праходзяць два даследаванні — распаўсюджанасці COVID-19 (яшчэ ідзе) і паводзінаў насельніцтва (ужо скончанае, вынікі аналізуюцца).

Даследуючы паводзіны, спецыялісты хочуць атрымаць уяўленне пра ўспрыманне людзьмі рызыкі заражэння каранавірусам, веды, вартыя даверу крыніцы інфармацыі. Падобнае даследаванне праводзяць каля 30 краін. На сёння ў межах праекта яно праходзіць таксама ў Грузіі і Малдове.

«Гэта дапаможа распрацаваць эфектыўныя меры рэагавання на ўспышку COVID-19, у тым ліку кіраўніцкія рашэнні і камунікацыі», — сказаў Дара.

Ён падкрэсліў, што ініцыятыва ЕС «Салідарнасць у імя здароўя» дапамагла СААЗ своечасова даць неабходнае абсталяванне і падтрымаць Беларусь у пандэмію.

  • Delivery of medical supplies
  • The boxes with medical supplies

«Салідарнасць, як паказвае назва праекта, ляжыць у аснове ўсёабдымнай і комплекснай падтрымкі ў адказ на пандэмію, яна аб’ядноўвае ўсіх нас як людзей, каб клапаціцца пра кожнага», — падкрэсліў Масуд Дара.

Ініцыятыва «Салідарнасць у імя здароўя» фінансуецца Еўрапейскім Саюзам у шасці краінах усходнееўрапейскага рэгіёна — Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне. Ініцыятыва скіраваная на забеспячэнне эфектыўнага рэагавання на пандэмію COVID-19 і ўмацаванне патэнцыялу нацыянальных сістэм аховы здароўя па прадухіленні, падрыхтоўцы, выяўленні і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі ў галіне грамадскай аховы здароўя.

Праект разлічаны на два гады: з 27 сакавіка 2020-га па 26 сакавіка 2022-га. Агульны аб’ём фінансавання для Беларусі складае 5,3 млн долараў.

Аўтар: Алена Спасюк

Артыкул апублікаваны на рускай мове на сайце Naviny.by

European Union Solidarity for Health Initiative in the Eastern Partnership countries



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,