ЕС з нагоды трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі: сітуацыя “горшая, чым калі-небудзь”
9 жніўня, 2023

ЕС з нагоды трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі: сітуацыя “горшая, чым калі-небудзь”


Напярэдадні трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня Еўрапейскі саюз выступіў з заявай, дзе падкрэсліў, што сітуацыя сёння горшая, чым калі-небудзь раней, і заклікаў улады распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі слаямі грамадства, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў. 

“Тры гады таму сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна абараніць сваё права на выбар уласнай будучыні.  Гэтыя спантанныя дэманстрацыі былі з надзвычайнай жорсткасцю падаўленыя рэжымам Лукашэнкі”, – гаворыцца ў заяве.

“Сёння, праз тры гады, для тых, хто адважваецца выказваць любую крытыку сістэмы, сітуацыя горшая, чым калі-небудзь раней. Мы глыбока занепакоеныя станам правоў чалавека ў Беларусі. У цяперашні час каля 1500 палітычных зняволеных утрымліваюцца ў жахлівых умовах, падлягаюць жорсткаму абыходжанню і катаванням, не маючы доступу да базавых медыцынскіх паслугаў. “ЕС працягвае трымаць гэтую сітуацыю ў цэнтры глабальнага парадку дня міжнародных форумаў і прасоўваць намаганні, накіраваныя на прыцягненне да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека”. 

У заяве ЕС таксама падкрэсліваецца, што рэжым Лукашэнкі таксама стаў пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы праз такія дзеянні, як прымусовая пасадка грамадзянскага самалёта ў маі 2021 года і працяг выкарыстання нелегальных мігрантаў на ўсходніх межах ЕС у якасці інструменту ціску.  24 лютага 2022 года рэжым стаў саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, паставіўшы пад пагрозу ўласны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, каб падтрымліваць злачынствы Расіі ва Украіне.  Гэты саўдзел даў магчымасць Расіі незаконна дэпартаваць украінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю.  26 мая 2023 года Расія і Беларусь зрабілі яшчэ адзін крок да эскалацыі, падпісаўшы пагадненне, якое дазваляе размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на беларускай тэрыторыі. ЕС занепакоены нядаўнім размяшчэннем у Беларусі наймітаў групы “Вагнер”, іх дэстабілізуючым уплывам у рэгіёне і рызыкай, якую яны ўяўляюць для суверэнітэту Беларусі”.

ЕС увёў санкцыі ў адказ на рэпрэсіі супраць усіх незалежных галасоў і супраць асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасцяў, парушэнні міжнароднага права і падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны рэжымам Лукашэнкі. Апошні пакет санкцыяў з’яўляецца адказам на парушэнні правоў чалавека і ўнутраныя рэпрэсіі, якія пастаянна ўзмацняюцца, і сігналам пра тое, што ЕС застаецца ў поўнай меры ўцягнуты ў намаганні па абароне правоў чалавека і дэмакратыі. Ён таксама накіраваны на зніжэнне рызыкі абыходу санкцыяў. “ЕС будзе працягваць ціснуць на беларускі рэжым так доўга, як гэта спатрэбіцца”, – падкрэсліваецца ў заяве.

ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху, а “рашучасць беларускага народу, які з высокай рызыкай для сябе працягвае адстойваць дэмакратыю, з’яўляецца фактарам, які ўсяляе вялікую надзею”.

ЕС аказвае падтрымку ахвярам рэпрэсіяў, праваабаронцам, арганізацыям грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і журналістам, студэнтам і кампаніям у выгнанні, а таксама ініцыятывам, накіраваным на захаванне беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы.

“Мы заклікаем улады Беларусі распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі слаямі грамадства, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў”, гаворыцца ў заяве ЕС. ЕС забавязваецца дапамагчы Беларусі стабілізаваць сваю эканоміку і рэфармаваць свае інстытуты, калі Беларусь стане на шлях пераходу да дэмакратыі. Наша мэта – садзейнічаць павышэнню ўстойлівасці і ажыццяўленню новых дэмакратычных рэформ, ствараць новыя працоўныя месцы і павышаць узровень жыцця людзей, у тым ліку праз Усеабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі з бюджэтам да 3 мільярдаў еўра”.

“ЕС будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна, на іх шляху да пабудовы незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны, якая б з’яўлялася часткай мірнай Еўропы”.

Даведацца больш:

Прэс-рэліз



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,