ЕС гатовы рабіць далейшыя абмежавальныя захады супраць рэжыму Лукашэнкі
21 лютага, 2024

ЕС гатовы рабіць далейшыя абмежавальныя захады супраць рэжыму Лукашэнкі


Міністры замежных справаў ЕС на пасяджэнні 19 лютага ў Бруселі выказалі “сваю ранейшую і глыбокую” заклапочанасць адносна пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. 

У сваіх заключэннях Рада па замежных справах рашуча асудзіла кампаніі пераследу і запалохвання, якія працягваюцца супраць усіх слаёў беларускага грамадства, беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсіяў і абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці, якія “падрываюць патэнцыял для забеспячэння справядлівасці і легітымнасці парламенцкіх і мясцовых выбараў, прызначаных на 25 лютага 2024 года”.

Рада таксама выказвала сваю глыбокую занепакоенасць дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі, і пацвярджае сваю прыхільнасць падтрымцы і прасоўванню беларускай мовы і культуры.

ЕС таксама рашуча асудзіў падтрымку, якую працягвае аказваць беларускі рэжым агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, і заклікаў Беларусь устрымлівацца ад такіх дзеянняў і выконваць свае міжнародныя забавязанні. ЕС таксама асудзіў гібрыдныя атакі рэжыму на знешнія межы ЕС, у тым ліку выкарыстанне мігрантаў у якасці інструменту.

У Заключэннях Рады таксама нагадваецца, што ЕС увёў мэтавыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і “гатовы рабіць далейшыя абмежавальныя і мэтавыя захады, пакуль улады Беларусі працягваюць свае дзеянні”.

У Заключэннях Рада вітае стварэнне Кансультацыйнай групы ЕС з удзелам беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама нагадвае пра ўзятае ЕС забавязанне прадставіць 3 мільярды еўра будучай дэмакратычнай Беларусі праз Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі.

“У будучай дэмакратычнай Беларусі ёсць месца ў еўрапейскай сям’і”, – гаворыцца ў Заключэннях Рады па замежных справах.

Даведацца больш

Прэс-рэліз



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,