Саміт Усходняга партнёрства вызначае шлях да аднаўлення, устойлівасці і рэформаў у рэгіёне
16 снежня, 2021

Саміт Усходняга партнёрства вызначае шлях да аднаўлення, устойлівасці і рэформаў у рэгіёне


Кіраўнікі дзяржаваў ці ўрадаў Арменіі, Азербайджану, Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны, прадстаўнікі Еўрапейскага саюзу і кіраўнікі дзяржаваў ці ўрадаў яго дзяржаваў-членаў сустрэліся ў Бруселі 15 снежня 2021 года.

Саміт быў прысвечаны падтрымцы пяці асноўных сфераў – эканомікі, кіравання, навакольнага асяроддзя, лічбавых тэхналогіяў і грамадства. Гэтыя прыярытэты абапіраюцца на мінулыя дасягненні Усходняга партнёрства, беручы пад увагу новыя выклікі і магчымасці, у прыватнасці пераход да зялёных і лічбавых тэхналогіяў, а таксама пытанні аднаўлення пасля пандэміі.

Падчас саміту Усходняга партнёрства яны ўзгаднілі сумесную дэкларацыю.

Удзельнікі пацвердзілі свае абавязанні, узятыя на папярэдніх самітах і ў рамках двухбаковых пагадненняў, а таксама сваю рашучасць выконваць іх далей. “На гэтым шляху наша амбітная праграма рэформаў і ўзмоцненае супрацоўніцтва застаюцца неабходнай умовай для прагрэсу і падтрымкі: павышэння дабрабыту і ўмацавання міру, стабільнасці, устойлівасці і трываласці ў рэгіёне, асабліва ў кантэксце пандэміі COVID-19”, – гаворыцца ў дэкларацыі.

У дакуменце таксама выказваецца глыбокая занепакоенасць удзельнікаў з прычыны працягу дэстабілізацыі і парушэнняў прынцыпаў міжнароднага права ў многіх частках рэгіёну Усходняга партнёрства, якія ставяць пад пагрозу мір, бяспеку і стабільнасць.

У дэкларацыі таксама гаворыцца, што ЕС шкадуе аб рашэнні ўладаў Беларусі прыпыніць свой удзел ва Усходнім партнёрстве. У той жа час усёабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму да 3 мільярдаў еўра адлюстроўвае заангажаванне ЕС у справу падтрымкі дэмакратычнага выбару беларускага народа.

Акрамя таго, ЕС прызнаў ініцыятыву трох асацыяваных партнёраў – Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны – па ўзмацненні супрацоўніцтва з ЕС. Еўрапейскі саюз таксама высока ацаніў узмацненне каардынацыі паміж імі па пытаннях, якія прадстаўляюць агульны інтарэс і звязаных з рэалізацыяй пагадненняў аб асацыяцыі і пагадненняў аб паглыбленай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю (DCFTAs), а таксама з супрацоўніцтвам у рамках Усходняга партнёрства. У той жа час ЕС і зацікаўленыя партнёры віталі прагрэс у перамовах, якія ідуць паміж ЕС і Азербайджанам адносна новага ўсёабдымнага пагаднення.

Дэкларацыя таксама нагадвае, што новы парадак дня Усходняга партнёрства “Аднаўленне, устойлівасць і рэформы” пабудаваны на двух апірышчах: належнае кіраванне і інвестыцыі. Гэты парадак дня будзе падмацаваны рэгіянальным інвестыцыйна-эканамічным планам на суму 2,3 мільярды еўра, які мае патэнцыял прыцягнуць да 17 мільярдаў еўра дзяржаўных і прыватных інвестыцыяў у рэгіён.

Удзельнікі саміту падкрэслілі, што з нецярпеннем чакаюць наступнага саміту Усходняга партнёрства ў 2023 годзе, які стане “першым істотным крокам у кантэксце ацэнкі і агляду рэалізацыі новага пакалення прыярытэтаў і мэтаў”.

Даведацца больш:

Прэс-рэліз



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,