Расія – самая наўпроставая пагроза сусветнаму парадку, заявіла фон дэр Ляен на саміце ЕС-Японія
13 траўня, 2022

Расія – самая наўпроставая пагроза сусветнаму парадку, заявіла фон дэр Ляен на саміце ЕС-Японія


Расія “сёння з’яўляецца самай наўпроставай пагрозай сусветнаму парадку”, заявіла Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен пасля саміту ЕС-Японія ў Токіо сёння. Яна спаслалася  на “варварскую вайну супраць Украіны, трывожны пакт Расіі з Кітаем і іхны супольны заклік да “новых” – і вельмі адвольных – міжнародных дачыненняў”.

Расійская агрэсія супраць Украіны і яе наступствы былі адной з галоўных тэмаў саміту ЕС-Японія, у якім узялі ўдзел фон дэр Ляен і Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль разам з прэм’ер-міністрам Японіі Фумія Кісідам.

“Як і Еўрапейскі саюз, Японія разумее, што тут пастаўлена на карту”, – зазначыла фон дэр Ляен. “Не толькі будучыня Украіны. Не толькі будучыня Еўропы. Але будучыня сусветнага парадку, заснаванага на правілах”.

У сумеснай заяве ЕС і Японія рашуча асудзілі агрэсію Расіі “якая спрычыняецца да масавых ахвяраў і пакутаў сярод грамадзянскага насельніцтва“. Яны падкрэслілі, што ” тыя, хто нясе адказнасць за ваенныя злачынствы і зверствы, учыненыя Расіяй, будуць прыцягнутыя да адказнасці і суду”.

Абодва бакі забавязаліся працаваць разам, каб мінімізаваць негатыўныя глабальныя наступствы, выкліканыя агрэсіяй, прадухіляць абыход санкцыяў і працягваць аказваць скаардынаваную палітычную, фінансавую, матэрыяльную і гуманітарную падтрымку Украіне.

Яны таксама асудзілі ролю рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў садзейнічанні ваеннай агрэсіі з боку Расіі.

Мішэль і фон дэр Ляен выказалі ўдзячнасць Японіі за забеспячэнне ў пачатку гэтага года дастатковых і канкурэнтных па кошце паставак звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) на рынкі ЕС.

У святле санкцыяў у дачыненні да Расіі мы будзем супрацоўнічаць, каб захаваць стабільнасць сусветных энергетычных рынкаў і дапамагчы гарантаваць бяспеку двухбаковых паставак, у прыватнасці, паставак ЗПГ”, – гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай па выніках саміту. “Мы будзем супрацоўнічаць, каб зменшыць залежнасць Еўропы ад паставак энерганосьбітаў з Расіі і забяспечыць дыверсіфікацыю крыніцаў энергазабеспячэння, і прызнаем неабходнасць інвестыцыяў для дасягнення гэтай мэты”.

ЕС і Японія таксама заявілі, што будуць умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы гуманітарнай дапамогі і змяншэння небяспекі бедстваў, рэагавання і аднаўлення пасля іх.

Вайна Расіі супраць Украіны паказала, што паглыбленае супрацоўніцтва – гэта не раскоша, а жыццёвая неабходнасць”, – заявіў Шарль Мішэль на прэсавай канферэнцыі пасля саміту.

Даведацца больш:

Заява Урсулі фон дэр Ляен

Сумесная заява

Асноўныя вынікі саміту ЕС-Японія, 12 траўня 2022 года



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,