EUvsDisinfo: сем самых папулярных міфаў пра расійска-ўкраінскі канфлікт
8 лютага, 2022

EUvsDisinfo: сем самых папулярных міфаў пра расійска-ўкраінскі канфлікт


Украіна належыць Расіі, а ў канфлікце вінаватыя NATO, Захад і сама Украіна, сцвярджаюць пракрамлёўскія СМІ, якія асвятляюць цяперашні расійска-ўкраінскі канфлікт. Рэагуючы на гэтую новую хвалю дэзынфармацыі, якая распаўсюджваецца Расіяй, вядучая ініцыятыва ЕС па супрацьдзеянні дэзынфармацыі EUvsDisinfo выкрывае найбольш распаўсюджаныя і небяспечныя міфы, а часта адкрытую хлусню. 

Міф 1. Цяперашняя напружанасць – вынік устойлівых агрэсіўных паводзінаў Украіны і яе саюзнікаў на Захадзе. Расія толькі і робіць, што абараняе свае законныя інтарэсы, і не нясе адказнасці за гэты канфлікт

Хлусня. Справа ў тым, што Расія працягвае парушаць міжнароднае права, а таксама іншыя пагадненні, якія яна ўзяла на сябе.  Праз незаконную анексію паўвострава Крым і здзяйсненне актаў узброенай агрэсіі супраць Украіны, Расія, адзін з пастаянных членаў Рады бяспекі ААН, парушыла як мінімум 12 міжнародных і двухбаковых дамоваў. Іншымі словамі, дзеянні Расіі, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, у прыватнасці на Данбасе, з’яўляюцца незаконнымі.  Яны працягваюць пагражаць еўрапейскаму парадку бяспекі ў яго аснове і ставяць пад пагрозу міжнародны парадак, заснаваны на правілах.

Што тычыцца ахвяраў, пачынаючы з 2014 году у выніку расійскай агрэсіі загінулі каля 14 тысяч украінцаў, і значна больш параненых. Канфлікт таксама прывёў да перасялення больш за 1,5 мільёна жыхароў (вымушаных перасяленцаў) з Крымскага паўвострава і на ўсходзе Украіны.

Міф 2: Гэты канфлікт выклікала сітуацыя ва Украіне.  Ёсць доказы таго, што Украіна чыніць зверствы супраць свайго рускамоўнага насельніцтва на ўсходзе краіны. Расія павінна была ўмяшацца, не ў апошнюю чаргу таму, што Украіна і Расія — «адзін народ». Украіна проста належыць да «прывілеяванай сферы ўплыву Расіі».

Хлусня. Насамрэч няма ніякіх доказаў таго, што рускамоўныя або этнічныя рускія жыхары на ўсходзе Украіны падлягаюць пераследу, не кажучы ўжо пра генацыд, з боку ўкраінскіх уладаў. Гэта пацвярджаецца ў дакладах, апублікаваных Радай Еўропы, Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека  і АБСЕ. Каб актывізаваць унутраную падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі, расійскія дзяржаўныя СМІ нястомна імкнуліся ганіць Украіну, абвінавачваючы яе ў нібыта генацыдзе на ўсходзе Украіны, праводзячы беспадстаўныя паралелі з нацызмам і Другой сусветнай вайной і фабрыкуючы гісторыі, накіраваныя на тое, каб выклікаць негатыўную эмацыйную рэакцыю ў аўдыторыі. Напрыклад, сфабрыкаваны рэпартаж расійскага тэлебачання, у якім украінскія сілы абвінавачваюцца ў распяцці маленькага хлопчыка на ўсходзе Украіны ў пачатку канфлікту. Праверка фактаў паказала, гэтая гісторыя цалкам выдуманая.

Пашыранае сцверджанне пра тое, што Украіна і Расія «адзін народ» з’яўляецца адным з самых старых і глыбока ўкаранёных міфаў, якія выкарыстоўваюцца супраць Украіны. У той час як яны маюць агульныя карані, што ўзыходзяць да Кіеўскай Русі, якая існавала з IX стагоддзя да сярэдзіны XIII стагоддзя, сцвярджаць, што ўкраінцы і рускія з’яўляюцца адным народам праз 800 гадоў, — азначае проста хлусіць. Нягледзячы на працяглыя перыяды замежнага кіравання, Украіна мае моцную нацыянальную культуру ды саматоеснасць і з’яўляецца суверэннай краінай.

Паняцце «агульнарускага народу» без палітычных межаў — гэта ідэалагічны канструкт яшчэ з імперскіх часоў, які выкарыстоўваўся як інструмент для падрыву ўкраінскага суверэнітэту і нацыянальнай ідэнтычнасці. З 2014 года расійскі ўрад з новай сілай культывуе гэты міф, спрабуючы рацыяналізаваць і апраўдаць сваю ваенную агрэсію супраць Украіны.

Каб прасунуць ідэю, што Украіна належыць да «сферы ўплыву» Расіі, расійскія ўлады і кантраляваныя дзяржавай СМІ часта заяўляюць, што Украіна не з’яўляецца «сапраўднай» дзяржавай.  Расійская прапаганда, якая спансуецца дзяржавай, спрабуе скажаць гісторыю, каб легітымізаваць ідэю, што Украіна належыць да натуральнай сферы інтарэсаў Расіі.

Міф 3: У любым выпадку, Украіна павінна павярнуцца да Расіі, таму што ЕС і Захад не зацікаўленыя ў гэтай краіне і адмовіліся ад яе.

Хлусня. ЕС развівае стратэгічнае партнёрства з Украінай. Фактычна, Украіна ператварылася ў аднаго з найбліжэйшых партнёраў ЕС; у апошнія гады гэтае партнёрства было замацаванае Пагадненнем пра асацыяцыю паміж Украінай і ЕС, а таксама працуе Паглыбленая і ўсёабдымная зона свабоднага гандлю. Сёння ЕС з’яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Украіны, на яго долю прыпадае больш за 40% яе таваразвароту. ЕС падтрымлівае шырокі спектр праграмаў ва Украіне ў рамках Усходняга партнёрства і падтрымлівае Украіну ў рэалізацыі яе праграмы рэформаў. Пачынаючы з 2014 года ЕС выдзеліў Украіне 17 мільярдаў еўра ў выглядзе крэдытаў і грантаў.

З 2014 года ЕС цвёрда падтрымлівае суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласць і незалежнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і ўжывае абмежавальныя захады супраць Расіі за наўмысную дэстабілізацыю Украіны, у тым ліку на Крымскім паўвостраве. ЕС таксама падтрымлівае Украіну ва ўмацаванні яе ўстойлівасці да дэзынфармацыі і кібератакаў.

Міф 4: У цяперашнім крызісе вінаватыя НАТА і Захад. Калі б яны выканалі сваё абяцанне не пашыраць альянс, Расія не адчувала б сябе пад пагрозай.

Хлусня. Такое абяцанне ніколі не давалі, і гэтага ніколі не прасілі ў НАТА. Расійскія дзяржаўныя СМІ часта сцвярджаюць, што савецкаму лідару Міхаілу Гарбачову «вусна» паабяцалі, што НАТА не будзе пашырацца па-за межы аб’яднанай Нямеччыны. Насамрэч, сам Гарбачоў у 2014 годзе зняпраўдзіў гэта ў інтэрв’ю, сказаўшы, што “тэма пашырэння НАТА наогул не абмяркоўвалася і не падымалася ў тыя гады”.

Члены НАТА ніколі не бралі на сябе палітычных або юрыдычных забавязанняў не пашыраць саюз па-за межы аб’яднанай Нямеччыны.

Больш за тое, сцверджанне, што НАТА паабяцала не пашырацца, у корані няправільна адлюстроўвае прыроду альянсу. НАТА як абарончы саюз не «пашыраецца» ў імперыялістычным сэнсе. Рашэнні адносна сяброўства ў НАТА прымаюцца па кожным паасобным заяўніку і цяперашнімі 30 саюзнікамі па НАТА. Кожная суверэнная дзяржава можа выбраць свой шлях, а памежныя дзяржавы — у дадзеным выпадку Расія —не маюць права ўмешвацца.

Міф 5: Праз агрэсіўнае пашырэнне НАТА Расія цяпер «акружаная ворагамі» і павінна абараняцца.

Хлусня. Фактычна ЕС і Украіна з’яўляюцца яркімі прыхільнікамі ўсталяванага парадку еўрапейскай бяспекі. Пагатоў, што Расія з’яўляецца самай вялікай па плошчы краінай у свеце, а мяжа Расіі з членамі НАТА складае менш за адну шаснаццатую частку яе сухапутных межаў. З 14 краін, якія мяжуюць з Расіяй, толькі пяць з’яўляюцца сябрамі НАТА.

Таксама няма аргументаў, якія б пацвярджалі, што ваенная сіла з’яўляецца адзіным рашэннем. Ёсць некалькі міжнародных арганізацыяў, двухбаковых пагадненняў і фарматаў, на падставе якіх Расія можа весці сумесны і мірны дыялог — напрыклад, у рамках АБСЕ і рэжыму кантролю над узбраеннямі. ЕС трымае адкрытымі каналы камунікацыі з Расіяй як неад’емную частку палітыкі ЕС у дачыненні да Расіі, якая складаецца з пяці кіруючых прынцыпаў. 

Міф 6: У любым выпадку Расія не нясе адказнасці за цяперашнюю напружанасць ва Украіне. Украіна свядома парушыла мінскія пагадненні, і Захад узбройвае Украіну далей. Расія павінна хутка рэагаваць, абараняючы свае межы. 

Хлусня. Фактычна, менавіта Расія сабрала 140 тысяч вайскоўцаў і тэхніку на межах Украіны, у тым ліку на незаконна анексаваным Крымскім паўвостраве.

Расія з’яўляецца ўдзельнікам мінскіх пагадненняў, і гэта апошнія афіцыйныя дакументы, у якіх Расія пацвярджае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласць Украіны. Аднак Расія не выканала са свайго боку мінскіх пагадненняў. Расійскі бок і яго стаўленікі на месцы не здолелі выканаць рэжым спынення агню, адвесці ўсе цяжкія ўзбраенні, ажыццявіць поўны абмен палітычнымі зняволенымі і забяспечыць дастаўку гуманітарнай дапамогі на аснове міжнароднага механізма.  Наадварот, Расія ўзмацняе незаконныя ўзброеныя фармаванні на ўсходзе Украіны. Расія таксама не дазваляе бесперашкодны доступ назіральнікаў СММ АБСЕ, у тым ліку да ўкраінска-расійскай мяжы.

Тым не менш, Украіна выканала столькі мінскіх пагадненняў, наколькі можна гэта разумна зрабіць, не маючы кантролю над тэрыторыяй, і прыняла меры па кожным пункце. Быў прыняты і пазней пашыраны закон аб асаблівым статусе і амністыі (2014 г.), падрыхтаваны праект закона аб мясцовых выбарах (2014 г.). Украіна прыняла папраўкі ў канстытуцыю, каб даць больш аўтаноміі тэрыторыям, якія знаходзяцца па-за яе кантролем (2015 г.).

Міф 7: ЕС у любым выпадку слабы і бездапаможны.  Навошта наагул размаўляць з ЕС?

Хлусня. Расійскія афіцыйныя асобы і дзяржаўныя СМІ звычайна прадстаўляюць ЕС бездапаможным і няздольным справіцца з крызісамі,  У студзені 2022 года міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў зайшоў так далёка, што абвінаваціў ЕС у «імпатэнцыі». Тое, што ў Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны быў мір, — дастатковы доказ, каб зняпраўдзіць гэтае сцверджанне.  ЕС у каардынацыі з ААН, НАТА, АБСЕ, Радай Еўропы, членамі G7 і іншымі міжнароднымі партнёрамі зрабіў адчувальны ўнёсак у мір і бяспеку ў шырокім еўрапейскім рэгіёне і за яго межамі, у тым ліку ва Украіне.

Даведацца больш:

Прачытаць артыкул цалкам



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,