COVID-19: як Еўрапейскі Саюз дапамагае Беларусі ў барацьбе з пандэміяй?
8 верасня, 2021

COVID-19: як Еўрапейскі Саюз дапамагае Беларусі ў барацьбе з пандэміяй?


Ва ўсёй Еўропе краіны, рэгіёны, гарады і проста людзі працягваюць руку дапамогі суседзям, дбаючы пра тых, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу. Вось еўрапейская салідарнасць у дзеянні. Еўрапейскі Саюз (ЕС) лічыць: ніхто не будзе ў бяспецы, пакуль не будуць у бяспецы ўсе. 

Ад самага пачатку пандэміі ЕС і яго ініцыятыва Team Europe, якая аб’ядноўвае рэсурсы ЕС, яго дзяржаў-членаў і міжнародных фінансавых інстытутаў, аказалі шырокую дапамогу ўсім шасці краінам Усходняга партнёрства (УП). 

На сёння выдзелена больш за 3 млрд еўра на пакрыццё неадкладных патрэбаў краін, а таксама на дапамогу нацыянальным сістэмам аховы здароўя і сацыяльна-эканамічнае аднаўленне Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.  

Хто і як карыстае з гэтай падтрымкі?

➔ СЕКТАР АХОВЫ ЗДАРОЎЯ

ЕС супрацоўнічае з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ) для падтрымкі сектара аховы здароўя ў шасці краінах Усходняга партнёрства ў межах ініцыятывы “Салідарнасць у імя здароўя”, пастаўляючы медычнае абсталяванне і сродкі індывідуальнай абароны. На сёння ў рамках гэтага праекта было пастаўлена больш за 11 млн адзінак сродкаў індывідуальнай абароны, 12 тыс. лабараторных набораў, больш за 1,5 тыс. апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, кіслародных канцэнтратараў і пульсаксіметраў, а таксама больш за 20 тыс. набораў для ПЛР-тэставання.

➔ НАЙБОЛЬШ УРАЗЛІВЫЯ ГРУПЫ НАСЕЛЬНІЦТВА

Ва ўсіх шасці краінах УП ЕС падтрымлівае найбольш уразлівыя групы грамадства, накіраваўшы на гэта больш як 11 млн еўра. Гранты да 60 тыс. еўра выдзяляюцца ў рамках Праграмы салідарнасці з краінамі Усходняга партнёрства па COVID-19 арганізацыям грамадзянскай супольнасці. На гэтыя сродкі яны, напрыклад, дапамагаюць школам наладзіць дыстанцыйнае навучанне, падтрымліваюць незалежных журналістаў або ініцыятывы па маніторынгу сітуацыі.

➔ МАЛЫ БІЗНЕС

ЕС у цесным супрацоўніцтве з фінансавымі інстытутамі ў краінах-членах і ва ўсім свеце падтрымлівае малы бізнес і самазанятых людзей. Ініцыятыва EU4Business  дазваляе атрымаць крэдыты ў мясцовай валюце і гранты на развіццё бізнесу падчас і пасля крызісу. Уся гэтая дапамога аказваецца ў межах ініцыятывы Team Europe, якая аб’ядноўвае рэсурсы ЕС, яго дзяржаў-членаў і фінансавых інстытутаў, у прыватнасці Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

➔ ЖАНЧЫНЫ

Пандэмія COVID-19 абвастрыла гендарную няроўнасць. Яе асабліва адчулі жанчыны, якія працуюць з дома, бо ў дадатак ім даводзіцца даглядаць дзяцей, хворых або пажылых людзей і рабіць іншую хатнюю працу. ЕС падтрымлівае жанчын і прапаноўвае ім розныя магчымасці ў краінах УП, якія дазваляюць ім пераадолець стэрэатыпы і дапамагчы людзям вакол даць рады цяжкасцям. Падтрымка ўключае гранты і крэдыты для прадпрымальніц, адукацыйныя магчымасці і мерапрыемствы па ўкараненні больш справядлівага грамадскага ладу.

➔ ЛЮДЗІ, ЯКІЯ ХОЧУЦЬ ПРЫШЧАПІЦЦА

  • Еўрапейскі Саюз – адзін з найбуйнейшых донараў COVAX, глабальнага механізму супрацоўніцтва ў паскарэнні распрацоўкі, вытворчасці і справядлівага доступу да вакцын ад COVID-19.  Team Europe уклала ў COVAX больш як 2,47 млрд еўра, у тым ліку 1 млрд еўра з бюджэту ЕС. Першыя вакцыны ад COVID-19 у межах праграмы COVAX з дапамогай яе партнёра ЮНІСЕФ былі дастаўленыя ў Азербайджан, Арменію, Грузію, Малдову і ва Украіну.
  • З лютага 2021 года ЕС і Еўрапейскае рэгіянальнае бюро СААЗ сумесна дапамагаюць размяркоўваць вакцыны ад COVID-19 і праводзіць вакцынацыю ў шасці краінах УП. Гэта самая буйная сумесная акцыя ЕС і СААЗ, што калі-небудзь ажыццяўлялася ў рэгіёне. Яе бюджэт на тры гады – 40 млн еўра. Праграма навучае, кансультуе і аказвае лагістычную дапамогу ў размеркаванні вакцын, у тым ліку праз COVAX і механізмы абмену вакцынамі з краінамі ЕС. 
  • Усе вакцыны і лекі, дазволеныя ў ЕС для прафілактыкі або лячэння COVID-19, правяраюцца Еўрапейскім агенцтвам па лекавых сродках (EMA) і праходзяць строгі кантроль бяспекі. СААЗ разам з ЕС і партнёрамі ва ўсім свеце працуе над тым, каб дазволеныя вакцыны адпавядалі самыя высокім стандартам бяспекі. На сайце EMA можна даведацца, якія вакцыны ад COVID-19 знаходзяцца ў стадыі вывучэння, ацэнкі, а якія ўжо дазволеныя да ўжывання ў ЕС. Таксама можна атрымаць ад СААЗ апошнія дадзеныя наконт бяспекі вакцын ад COVID-19

➔ ЛЮДЗІ, ЯКІЯ НЕ ХОЧУЦЬ БЫЦЬ ДЭЗЫНФАРМАВАНЫМІ

Крызіс у сферы аховы здароўя, выкліканы COVID-19, па-ранейшаму дае шырокія магчымасці для дэзынфармацыі. Фэйкі і тэорыі змовы сеюць страхі і сумневы, пераконваючы, што прышчэпкі могуць выклікаць пабочныя эфекты і нават смерць. Адна з асноўных тэмаў дэзынфармацыі ў краінах Усходняга партнёрства – еўрапейскія вакцыны небяспечныя. Кампанія EUvsDisinfo, галоўная ініцыятыва ЕС па барацьбе з дэзынфармацыяй, увесь час адсочвае і аналізуе распаўсюджванне і ўплыў ілжывых навін у краінах Усходняга партнёрства. Вы можаце праглядзець актуальную базу дадзеных фэйкавых навін, у тым ліку наконт COVID-19, дзе таксама ёсць іх абвяржэнне, або прачытаць тут аналітычны артыкул. У рамках EUvsDisinfo таксама распрацаваны кароткі дапаможнік па зносінах з людзьмі, якія вераць у тэорыі змовы аб вакцынах.



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,