Быць татам – быць побач. Як ЕС і ААН спрыяюць гендарнай роўнасці ў краінах Усходняга партнёрства
13 ліпеня, 2021

Быць татам – быць побач. Як ЕС і ААН спрыяюць гендарнай роўнасці ў краінах Усходняга партнёрства


Шчаслівая сям’я – гэта не толькі клапатлівая мама, але і ўважлівы тата, які з дня ў дзень удзельнічае ў жыцці дзяцей.

Праект «ЕС за гендарную роўнасць: разам супраць гендарных стэрэатыпаў і гендарнага гвалту», які фінансуецца ЕС і рэалізуецца ААН, вучыць татаў у краінах Усходняга партнёрства не баяцца выходзіць за межы традыцыйных гендарных роляў: быць бліжэй да сваіх дзяцей і браць на сябе хатнія клопаты нароўні з жонкай.

«Калі я рос, мой бацька казаў: “Я мужчына ў доме, і будзе па-мойму”, – з сумам прыгадвае сваё выхаванне Думітру Дунас, малады бацька з Малдовы. – Ён ніколі не дазваляў маці займацца нечым, акрамя хатняй гаспадаркі, казаў, што жанчына павінна быць запэцканая мукой, а мужчына – пылам дарог».

Ажаніўшыся, Думітру вырашыў жыць іначай: «Калі я рос, таты не было побач, і цяпер я разумею, як важна для бацькоў і дзяцей быць бліжэй адзін да аднаго». Кожны дзень ён удзельнічае ў хатніх справах: гатуе ежу і выхоўвае пяць сваіх дзяцей.

Падтрымка такіх бацькоў, як Думітру Дунас, і заахвочванне іншых мужчын да больш актыўнага ўдзелу ў штодзённым доглядзе дзяцей – адна з мэтаў праекта «ЕС за гендарную роўнасць: разам супраць гендарных стэрэатыпаў і гендарнага гвалту» (EU4GE), які фінансуецца ЕС і рэалізуецца арганізацыяй «ААН-жанчыны» і Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне. Праект распачаўся вясной 2020 года. З тых часоў мільёны людзей даведаліся, як важна роўна размяркоўваць сямейныя абавязкі. У межах праекта таксама па ўсім рэгіёне былі арганізаваныя клубы для татаў, трэнінгі і сямейныя мерапрыемствы.

Быць татам – весела

У рэгіёнах, дзе аўтарытарныя нормы бацькоўства могуць аслабіць сямейныя адносіны, перш за ўсё трэба стварыць прастору для татаў, каб яны маглі добра бавіць час са сваімі дзецьмі. Ва Украіне, Грузіі і Малдове ў клубах для татаў яны разам з малымі пяклі печыва, распавядалі гісторыі, вучыліся маляваць і рабілі шмат чаго іншага. На фотаздымках, што трапілі на конкурсы ад партнёраў «ЕС за гендарную роўнасць», бачна, як таты вяселяцца са сваімі дзецьмі — напрыклад, як у гэтай галерэі татаў і дачок у Facebook.

У Азербайджане, дзе нормы грамадскага жыцця жорстка замацоўваюць пэўныя гендарныя бацькоўскія ролі і дзе пэўныя пары часта выбіраюць мець сыноў, прайшла інфармацыйная кампанія «Мой бацька любіць мяне». Яна падкрэсліла важнасць сувязі паміж татамі і дзецьмі, асабліва дочкамі. У адным відэа бацька тлумачыць, як ён адстойваў спартыўныя памкненні сваёй дачкі, нягледзячы на сумневы іншых. Яна стала прызёрам сярод маладых барцоў. Калі таты граюць пэўную ролю ў жыцці сваіх дзяцей, яны могуць ганарыцца іх дасягненнямі.

Ва Украіне сем’і ў дзесяці гарадах аб’ядналіся ў музычным флэшмобе – яны гралі на інструментах і спявалі. У Арменіі інтэрактыўны лялечны паказ пра сям’ю трусоў падштурхнуў юных гледачоў пераасэнсаваць ролю таты – і «жаночую працу» – у сям’і.

Быць татам – гэта праца

Акрамя гульняў і святаў дзецям патрэбныя бацькі, якія бяруць на сябе хатнія справы штодзень. Праведзенае ў рэгіёне ў 2020 годзе даследаванне гендарных стэрэатыпаў, падчас якога былі апытаныя тысячы прадстаўнікоў абодвух палоў, паказала, што значны працэнт мужчын і жанчын лічаць, што кар’ера мужчын стаіць на першым месцы, а кар’ера жанчын – на другім. У грамадствах, дзе жанчыны, як чакаецца, будуць выконваць большую частку неаплатнай працы па доме, маці непрапарцыйна шмат часу аддаюць хатнім справам і догляду дзяцей. Намагаючыся апраўдаць чаканні грамадства, жанчыны меней часу надаюць прафесійнаму развіццю. Праект «ЕС за гендарную роўнасць: разам супраць гендарных стэрэатыпаў і гендарнага гвалту» змагаецца супраць такіх абмежавальных стэрэатыпаў, спрыяючы роўнаму размеркаванню абавязкаў паміж жанчынамі і мужчынамі.

Праз клубы, па тэлевізары, праз сацыяльныя сеткі і іншыя захады праект заахвочвае татаў займацца штодзённымі хатнімі справамі, такімі як гатаванне ежы, мыццё і прыборка пасля сваіх дзяцей. У Арменіі ў межах праграмы былі запушчаныя «Сямейныя куткі», дзе бацькі паляпшаюць навыкі, вучацца справядліва размяркоўваць абавязкі па доглядзе дзяцей і хатняй гаспадарцы і абмяркоўваюць гендарныя стэрэатыпы, якія могуць быць шкоднымі для дзяцей. Яны таксама закранаюць такія тэмы, як кіраванне гневам, прадухіленне гвалту ў сям’і і гендарна прадузяты выбар полу.

У Азербайджане пра хатнюю працу мужчын ідзе гаворка ў сацыяльнай рэкламе ад дзяржаўных органаў. Папулярны тэлеканал ва Украіне напярэдадні Дня бацькі ў чэрвені 2021 года заклікаў татаў дасылаць здымкі і відэа, на якіх тыя клапоцяцца пра дзяцей, напрыклад, заплятаюць косу дачцэ. Пра ўдзельнікаў конкурсу #21daysofrealfatherchallenge (21 дзень пабыць рэальным бацькам) ва Украіне распавядаюць у ранішнім шоу канала.

Бацькоўства ад самага пачатку

Праект намагаецца зрабіць так, каб бацькі ўзаемадзейнічалі са сваімі дзецьмі з першага дня. Фінансаваныя EU4GE школы для татаў вучаць мужчын, чаго чакаць, калі яны суправаджаюць сваіх цяжарных партнёрак на дародавыя візіты, а таксама асновам догляду немаўлят, напрыклад, як трымаць галаву дзіцяці. Спецыяльна для заняткаў быў распрацаваны даведнік, перакладзены на мовы краін Усходняга партнёрства. Таксама праект распрацаваў навучальныя матэрыялы для супрацоўнікаў клінік, якія кантактуюць з парамі, каб заахвочваць мужчын да ўдзелу ў дародавых аглядах.

Мірыян Джугелі стаў адным з першых татаў у Грузіі, хто ўзяў адпачынак для догляду дзіцяці. Ён – сузаснавальнік кампаніі MenCare Georgia, якая запусціла ў краіне фінансаваныя EU4GE школы для татаў (глядзіце анімаванае відэа на Facebook). «Многія мужчыны думаюць, што ў хатняй гаспадарцы ёсць мужчынскія і жаночыя ролі, а дзіця – гэта праца жанчыны», – кажа Джугелі. – Я ненавіджу, калі людзі пытаюць: “Ці ты дапамагаеш сваёй жонцы?” Выхаванне дзяцей – гэта не “дапамога” партнёру, а роўныя абавязкі і магчымасці для выхавання дзіцяці». Замест таго каб разглядаць татаў як нейкі дадатак, удзел якога неабавязковы, гэтыя школы вучаць мужчын успрымаць сваю бацькоўскую ролю як паўнапраўнага ўдзельніка выхавання.

Падчас заняткаў у Грузіі, расказвае Джугелі, таты задаюць практычныя пытанні, накшталт, што рабіць, калі дзіця папярхнулася ежай. Таты таксама атрымліваюць розныя карысныя парады, напрыклад, як спакаваць «бацькаву торбу» з падгузкамі, крэмам і сродкамі першай дапамогі.

У Малдове ўдзельнікі клуба для татаў пачынаюць з асэнсавання досведу – добрага і дрэннага – адносінаў з уласным бацькам. Яны разважаюць над пытаннем, што б не хацелі паўтарыць у дачыненнях са сваім дзіцём. Клубы таксама арыентаваныя на маладых мужчынаў, якія яшчэ не сталі бацькамі. 17-гадовы Януц Кінця кажа, што ён навучыўся адрозніваць здаровыя звычкі ад стэрэатыпаў і даведаўся больш пра далікатнае выхаванне. «Калі я стану бацькам, я буду як мага лепш ставіцца да сваіх дзяцей, – кажа ён. – Я буду бавіць з імі час, буду казаць ім “я люблю цябе”, буду часткай іхнага жыцця».

Бацькоўства наступае разам з правамі

Часам мужчыны хочуць аддаваць больш часу сваім дзецям, але на працы ім кажуць: кар’ера перадусім. «ААН-жанчыны» і ЮНФПА разам з партнёрамі па праекце выступаюць за ўкараненне ў кампаніях палітыкі, арыентаванай на сям’ю, у тым ліку адпачынкаў для татаў для догляду дзіцяці, і заканадаўчыя змены, накіраваныя на тое, каб таты бавілі больш часу са сваімі дзецьмі. Напрыклад, на анлайн-сесіі ў маі 2021 года ў Беларусі кампаніі даведаліся, як зрабіць кадравую палітыку больш прыязнай для сем’яў.

«Праблема ў тым, што сацыяльныя і ментальныя змены патрабуюць часу, бывае, і дзесяцігоддзяў. Рым не адзін дзень пабудаваўся, – кажа Джугелі з MenCare. – Але мы ўжо ўбачылі вынікі нашай працы. Мы поўныя рашучасці пабудаваць такое грамадства, у якім мужчыны бяруць на сябе поўную адказнасць за сваіх дзяцей і ўдзельнічаюць у штодзённым жыцці сваіх сем’яў».

Гэты артыкул быў падрыхтаваны ў межах праграмы «ЕС за гендарную роўнасць: разам супраць гендарных стэрэатыпаў і гендарнага гвалту», якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца арганізацыяй «ААН-жанчыны» і ЮНФПА. Праграма накіраваная на ўмацаванне роўных правоў і магчымасцяў для жанчын і мужчын, яна імкнецца змяніць уяўленні пра іхныя ролі ў сям’і і грамадстве і працуе над выкараненнем гвалту па прыкмеце полу.



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,