Недавер, хаос і паніка. Як дэзынфармацыя ўплывае на людзей і што з гэтым рабіць
17 красавіка, 2020

Недавер, хаос і паніка. Як дэзынфармацыя ўплывае на людзей і што з гэтым рабіць


«Амерыканцы могуць ствараць бактэрыялагічную зброю», «Грузія спецыяльна заражае камароў і адпраўляе іх у Расію», «Апублікаваныя дадзеныя пра масавыя смерці ў грузінскай лабараторыі».

Не, гэта не фразы з галівудскага трылера пра апакаліпсіс, як вы маглі падумаць. Гэта ўрыўкі паведамленняў расійскіх СМІ пра даследчы цэнтр грамадскай аховы здароўя імя Рычарда Лугара, які размешчаны на ўскраіне Тбілісі. Гэтая лабараторыя працуе ў партнёрстве Грузіі і ЗША. Але дзейнасць цэнтра чамусьці найбольш турбуе Расію, якая проста бамбардзіруе лабараторыю дэзынфармацыяй і прапагандай.

«У верасні 2018 года ўвесь свет гаварыў пра тое, як Расія ўжыла ў Вялікабрытаніі нервова-паралітычнае рэчыва “Навічок”. У той жа час, Расія гаварыла пра лабараторыю Лугара, як пра месца, дзе ЗША нібыта рыхтавалі біялагічную зброю супраць РФ», — распавядае Сопо Гелава, даследчыца грузінскага Фонду развіцця медыя.

Калі ўвесці словазлучэнне «лабараторыя лугара» ў пошукавы радок Google або YouTube, то вы ўбачыце, што большасць страшных навін пра яе зроблены менавіта расійскімі медыя. Каб развянчаць гэтыя міфы, лабараторыя Лугара адкрыла свае дзверы і паказала, што адбываецца ўнутры.

«Лабараторыю наведала больш расійскіх журналістаў, чым грузінскіх. І іх дапускалі ва ўсе памяшканні і будынкі», — распавядае намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра па кантролі захворванняў Грузіі Пата Імнадзэ.

Але нават пастаянныя адкрытыя экскурсіі ў лабараторыю не дапамаглі таму, каб расійскія прапагандысцкія СМІ змянілі свой інфармацыйны наратыў.

Напрыклад, расійскае навінавае агенцтва Sputnik грэбліва і з недаверам апісала «дзень адчыненых дзвярэй» у лабараторыі.

Вядома, ні адна з гучных заяў расійскіх медыя пра лабараторыю Лугара не была праўдай, і ўсе яны былі абвергнутыя экспертамі ў сферы аховы здароўя. Але патрэбнага эфекту дасягнулі — 20% грузін упэўненыя, што лабараторыя спрыяе распаўсюджванню эпідэмій. Вось такім чынам працуе дэзынфармацыя ў эпоху постпраўды.

Дэзынфармацыя = недавер, хаос, паніка

У 2017 годзе Еўрапейскі саюз запусціў рэсурс euvsdisinfo.eu для барацьбы з дэзынфармацыяй з боку Расіі. Яго вядуць на трох мовах — англійскай, рускай і нямецкай. На сайце ёсць база дадзеных дэзынфармацыі, у якой сабрана амаль 8 тысяч прыкладаў (пачынаючы з 2015 года).

Палова дэзынфармацыйных мэсэджаў былі накіраваны на шэсць краін — былых членаў Савецкага Саюза. Азербайджан (31), Арменія (80), Малдова (132), Беларусь (252), Грузія (345), Украіна (3193). Менавіта іх Расія даўно хоча ўтрымаць у арбіце свайго ўплыву.

Многія з прыкладаў дэзынфармацыі, якія ўжываюць супраць гэтых краін, накіраваны на нагнятанне панікі, расхістванне ўнутрыпалітычнай сітуацыі, застрашванне або падаграванне ваеннага напружання (у выпадку з Украінай). Часта мэсэджы выглядаюць проста абсурдна, часта гэта адкрытая хлусня або перакручаная інфармацыя. Але ад гэтага іх эфектыўнасць не памяншаецца.

  • EUvsDisinfo.eu contains nearly 8,000 examples of disinformation starting from 2015

«З найбольшым узроўнем дэзынфармацыі Украіна сутыкнулася падчас анексіі Крыма Расіяй і ўварвання на Данбас. Гэта былі гібрыдныя інструменты прапаганды ў медыях і сацыяльных сетках», — распавядае Крысціна Зелянюк, палітычны аглядальнік украінскага анлайн-медыя «Сёння».

Па словах армянскага медыя-эксперта Самвела Марцірасяна, рынак дэзынфармацыі вельмі вялікі і на ім працуюць добрыя спецыялісты, якія пастаянна шукаюць новыя інструменты і метады маніпуляцыі людзьмі.

«Цяпер можна пасеяць паніку за некалькі гадзін, выкарыстоўваючы сацсеткі. Інфармацыя распаўсюджваецца так хутка, што людзям амаль немагчыма распазнаць дэзынфармацыю», — распавядае Самвел.

У сакавіку 2020 года Еўрапейская служба знешніх сувязяў апублікавала спецыяльную справаздачу «Дэзынфармацыя пра каранавірус» у якой асобным раздзелам згадваецца «пракрамлёўская дэзынфармацыя».

  • Kristina Zelenyuk, political commentator for the Ukrainian portal Segodnya
  • Armenian media expert Samvel Martirosyan
  • Alexander Starikevich, editor-in-chief of the Belarusian ‘Solidarity’ internet portal

Толькі за люты-сакавік у базе EUvsDisinfo было зарэгістравана больш за 110 прыкладаў дэзынфармацыі пра каранавірус, якую распаўсюджвалі прарасійскія медыя. Гэтыя прыклады адпавядалі традыцыйнай стратэгіі Крамля — сеяць недавер і хаос, пагаршаць крызісныя сітуацыі і праблемы, якія выклікаюць грамадскі неспакой. Прычым дэзынфармацыя для расійскай аўдыторыі апісвала вірус як форму замежнай агрэсіі, сцвярджаючы, што каранавірус паходзіць з сакрэтных амерыканскіх ці заходніх лабараторый. Дэзынфармацыя для міжнароднай аўдыторыі была сканцэнтравана на тэорыях змовы аб «глабальных элітах», якія мэтанакіравана выкарыстоўваюць вірус у якасці зброі для дасягнення сваіх уласных мэт.

Вялікая колькасць фэйкавых і маніпулятыўных навін, якія транслююць шакавальныя або канспіралагічныя тэорыі, паступова змяняе ўспрыняццё інфармацыі. Спачатку людзі проста не ўспрымаюць дэзынфармацыю, потым проста не вераць ёй, а потым, з-за частага ўкіду такіх матэрыялаў, людзі пачынаюць ужо сумнявацца. Менавіта гэтай мэты дамагаюцца арганізацыі і краіны, якія маніпулююць інфармацыяй.

«Дэзынфармацыя з’яўляецца страшнай пагрозай, і яна тычыцца не толькі тых, хто малаадукаваны ці не разбіраецца ў палітыцы. Па сутнасці пад ударам усе», — рэзюмуе Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар Беларускага анлайн-медыя «Салідарнасць».

Амбасадары крытычнага мыслення супраць фэйкаў

Частата змены навінавай павесткі ў лічбавым свеце настолькі хуткая, што людзі проста не паспяваюць прааналізаваць падзеі глыбей. З-за гэтага фэйкі і маніпуляцыі ўспрымаюцца як рэальныя навіны. Працу па дэкадзіраванні дэзынфармацыі забіраюць на сябе медыя, арганізацыі якія выкрываюць фэйкі, інфармацыйныя валанцёры.

«Але гэтая праца не павінна знаходзіцца толькі ў межах маленькай групы людзей. Яе вынік павінен распаўсюджвацца на ўсё грамадства. Мы павінны вучыць грамадства», — лічыць Самвел Марцірасян.

Эфектыўнымі памочнікамі ў барацьбе з дэзынфармацыяй могуць быць маладыя людзі. Такога меркавання прытрымліваецца Аніна Тэпнадзэ, дырэктар грузінскай анлайн-медыя платформы On.ge.

На яе думку, маладыя людзі ведаюць больш пра дэзынфармацыю і яны больш скептычныя. Таму могуць вучыць правільнаму спажыванню інфармацыі сваіх бацькоў і суседзяў.

«Але каб уцягнуць маладых людзей у гэта, ім трэба даць мэсэдж, што гэта сапраўды важна, што гэта не “не іх праблема”, а гэта праблема ўсіх. І маладыя людзі могуць быць сапраўды добрымі амбасадарамі праўды», — удакладняе Тэпнадзэ.

Але каб купіраваць нават само ўспрыманне дэзынфармацыі людзьмі, трэба навучанне крытычнаму мысленню яшчэ з дзіцячага саду. Так лічыць Аляксандр Старыкевіч.

  • Anina Tepnadze, director of the Georgian online media platform On.ge
  • Saadat Mammadova, head of the news department of CBC TV channel (Azerbaijan)

Таксама, на яго думку, складана працаваць з людзьмі, якія ўжо сфармавалі свае ўяўленні аб свеце. «У многіх людзей будзе рэакцыя “што вы мяне тут вучыце, я сам усё разумею”. Але заўсёды будзе частка аўдыторыі, якая не ўспрымае тлумачэнні, і з імі трэба працаваць», — удакладняе Старыкевіч.

Але ёсць і больш радыкальныя метады барацьбы з дэзынфармацыяй —заканадаўчы ўзровень. Кіраўнік дэпартамента навін азербайджанскага тэлеканала CBC Саадат Мамадава лічыць, што неабходна прыняць міжнароднае заканадаўства, дакументы або статут, каб вырашыць праблему фэйкавых навін.

«Fake News цяпер ператвараецца ў праблему нацыянальнай бяспекі, інструмент, які можа дэстабілізаваць свет, і прыйшоў час разгледзець яго ў кантэксце бяспекі», — сцвярджае Мамадава.

Блогеры супраць дэзынфармацыі

Рост папулярнасці сацсетак прывёў да таго, што ў медыя з’явіліся канкурэнты, якія таксама збіраюць вялікія аўдыторыі — блогеры. І для барацьбы з дэзынфармацыяй апошнія могуць быць добрымі памочнікамі.

«Часта людзі давяраюць больш блогерам, чым традыцыйным крыніцам інфармацыі. Улічваючы гэтую ступень даверу, лідары меркаванняў здольныя сумесна спыняць хвалі дэзынфармацыі і чутак», — лічыць Самвел Марцірасян.

Папулярны влогер з Малдовы Дорын Галбен лічыць, што сацыяльныя сеткі ператварыліся ў «гняздо» фальшывых навін, і яго неабходна дэканспіраваць.

«Наша (блогераў, – рэд.) роля заключаецца ў тым, каб ахапіць як мага больш людзей і казаць ім пра феномен фэйкавых навін і аб тым уплыве, які яны могуць аказваць на будучыню краіны і грамадзян», — дадае ён. 

  • Dorin Galben, vlogger from Moldova

Пра адказнасць лідараў меркаванняў таксама кажа блогер з Азербайджана Сеймур Казімаў. Ён лічыць, што блогеры павінны аналізаваць фэйкі і дэзынфармацыю, і публікаваць абвяржэнні.

«Блогерам трэба публічна дэманстраваць прыклады з фэйкавымі публікацыямі сяброў/знаёмых і тых, каго чытае гэты самы лідар меркаванняў. Канкрэтныя прыклады заўсёды спрацоўваюць лепш за тэарэтычныя», — лічыць блогер і грамадзянскі актывіст з Беларусі Антон Матолька. І адразу ўдакладняе: «Першае, і самае галоўнае — самім не стаць крыніцай распаўсюджвання фэйкаў. Ёсць залатое правіла: калі здаецца што гэта фэйк — не публікуй».

Грузінскі тэлевядучы і блогер Зура Баланчадзэ раіць уважліва прыглядацца да загалоўкаў навін, гэта дапаможа вызначыць іх фэйкавасць. «У фэйкавых навін часта жоўтыя загалоўкі або ў іх прысутнічае моцнае перабольшанне. Таксама прааналізуйце сайт, на якім бачыце сумнеўную інфармацыю, і які тып кантэнту ў асноўным гэты рэсурс публікуе», — дадае блогер.

  • Roman Vintoniv, TV presenter and vlogger from Ukraine

«Адкрытую хлусню лёгка заўважыць, а вось лёгкую хлусню або маніпуляцыю з фактамі — цяжэй. Кансультуйцеся з экспертамі па розных тэмах. Навучыцеся адрозніваць факты ад суб’ектыўных меркаванняў. Не ўспрымаць усё на веру. Заўсёды сумнявайцеся, думайце і задавайце пытанні», — рэзюмуе тэлевядучы і блогер з Украіны Раман Вінтоніў.

Мы папрасілі ў журналістаў і блогераў з Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Беларусі, Малдовы і Украіны параіць людзям, як не стаць ахвярай дэзынфармацыі. З усіх адказаў атрымалася скласці спіс правілаў, які дапаможа не трапіцца на кручок маніпулятыўнай інфармацыі.

  • Заўсёды шукайце некалькі крыніц інфармацыі. Гэта могуць быць і СМІ, і журналісты ў сацсетках, і эксперты. Але абавязкова крыніц павінна быць некалькі.
  • Не варта давяраць інфармацыі з малавядомых сайтаў. Пашукайце гэтую ж інфармацыю на правераных, сур’ёзных і прафесійных інфармацыйных сайтах.
  • У сацыяльных сетках больш верагоднасці сустрэць фэйкі. Часта ўкіды ідуць або ад пустых свежа створаных акаўнтаў у сацсетках, або ад акаўнтаў, якія мімікрыруюць пад вядомыя навінавыя медыя, але з’яўляюцца падробкамі.
  • Не ўпэўненыя ў інфармацыі — не распаўсюджвайце яе, каб мімаволі не стаць часткай дэзынфармацыйнага патоку.
  • Давярайце сабе і прыслухоўвайцеся да здаровага сэнсу. Чалавекам, які думае, складана маніпуляваць.

Аўтар: Віктар Кішчак 



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,