E-курс: Рэдакцыйная палітыка

Міранда Хёрст

выкладчыца журналістыкі ў Эдынбургскім універсітэце Напір

Міранда Хёрст з’яўляецца выкладчыкам журналістыкі ў Эдынбургскім універсітэце Напір і спецыялізуецца на тэлевізійных навінах. Да гэтага яна больш за 25 гадоў працавала журналісткай на BBC на тэлебачанні, радыё і онлайн. Міранда правяла 11 гадоў у Лондане, працуючы на BBC World News – міжнародны кругласуткавы тэлеканал BBC, дзе яна кіравала службай навін, адказвала за жывыя эфіры навінавых праграмаў для аўдыторыі ў 110 мільёнаў чалавек кожны тыдзень. Яна таксама працавала на выбарах у Велікабрытаніі ў 2015, 2017 і 2019 гадах і на рэферэндуме аб незалежнасці Шатландыі ў 2014 годзе. Да гэтага яна 13 гадоў працавала на BBC Scotland, асвятляючы палітычныя тэмы. Яна таксама відэажурналіст, трэнер і ментар.


Што такое рэдакцыйныя палітыка?

Рэдакцыйная палітыка – гэта ДАПАМОЖНІК. Гэта не правілы, якія вы мусіце выконваць. Гэта набор тэрмінаў і практыкаў, якія створаны для таго каб ПАДТРЫМЛІВАЦЬ вас і дапамагаць у стварэнні найлепшых навін у незалежнасці ад таго, наколькі цяжкія ўмовы і наколькі комплексная тэма.
Рэдакцыйная палітыка таксама дапамагае рэдакцыям быць паслядоўнымі. Калі кожны ведае, якія крокі зрабіць для таго, каб навіны былі зробленыя паводле найвышэйшых стандартаў, то каманды могуць працаваць разам для ажыццяўлення гэтага. Калегі могуць дапамагаць пераправяраць крыніцы ці спраўджваць інфармацыю, рэдактары будуць ведаць куды накіраваць свае высілкі і прапанаваць дапамогу, вядоўцы могуць быць упэўненымі ў матэрыяле, якія яны прэзентуюць.

Чаму рэдакцыйная палітыка з’яўляецца важнай?

Адным словам – ДАВЕР. Давер з’яўляецца адной з самых важных якасцяў для інфармацыйных арганізацый. Калі вашая аўдыторыя давярае вашым навінам, яна будзе прыходзіць да вас як да пастаўшчыка навін. Яны будуць звяртацца да вас, каб зразумець, што адбываецца, яны будуць упэўненыя ў вашых рэпартажах і будуць дзяліцца вашым кантэнтам. Больш за тое, калі вашыя крыніцы вам давяраюць, яны будуць дапамагаць вам знаходзіць і развіваць новыя тэмы і будуць даваць інфармацыю. Калі вашыя камерцыйныя партнёры будуць ведаць, што вам давярае вашая аўдыторыя, яны будуць хацець працаваць з вамі.

Што стварае давер?

Давер трэба заваёўваць. Аўдыторыя павінна БАЧЫЦЬ, што СМІ робяць усё магчымае, для таго каб іх матэрыялы былі дакладнымі, бесстароннымі і сумленнымі. Працэс павінен быць адкрытым і відавочным, таму ўспрыманне навін можа быць такім жа важным як і тое, што насамрэч адбываецца. Навіны павінны выглядаць дакладнымі і заслугоўваць даверу. Калі факты не могуць быць правераны ці робяцца памылкі, інфармацыйная арганізацыя павінна пра гэта адкрыта казаць. Абавязацельствы СМІ перад аўдыторыяй павінны быць яснымі. Тут і з’яўляецца рэдакцыйная палітыка.

Ніл Макінтош

рэдактар New Scotsman UK

Транскрыпт: “Без даверу, навошта ім пакупаць нас ці заходзіць на нашую онлайн-старонку ці пакупаць падпіску? Які сэнс, калі яны не вераць таму, што чытаюць, калі не давяраюць нашым метадам збору і прэзентацыі інфармацыі, без даверу мы прайграем. Таму, канешне, рэдакцыйная палітыка важная частка будавання гэтага даверу. Знаходжанне рэдакцыйнай палітыкі ў адкрытым доступе і магчымасць указаць на яе, калі людзі скардзяцца, а таксама існаванне зразумелай публічнай працэдуры падачы скаргі ў незалежную інстанцыю, усё гэта важная частка таго, каб быць здольным утрымаць давер, нягледзячы на крытыку, на тэму, якую вы асвятлілі ці адносна пазіцыі, якую занялі. Гэта крытыка можа з’явіцца канешне не таму, што вы зрабілі штосьці не так, а таму што людзі не хочуць чуць тое, што вы кажаце. Такая праца, таму так, рэдакцыйная палітыка дапамагае выконваць нашую працу.”

Як рэдакцыйная палітыка дапамагае ў рэдакцыі?

Рэдакцыйная палітыка забяспечвае эфектыўны пакрокавы працэс для забеспячэння таго, каб навіны адпавядалі самым высокім стандартам. Наяўнасць сістэмы, якую разумее кожны журналіст і якой прытрымліваецца, робіць працэс вытворчасці навін больш эфектыўным і паслядоўным, ужываючы аднолькавыя стандарты да кожнай публікацыі. Такая сістэма таксама робіць лягчэй для журналістаў прасіць аб падтрымцы, робіць прасцей для рэдактараў зразумець, дзе засяродзіць свае высілкі, а таксама ўкараняе веды і экспертызу ў рэдакцыі.

Аліна Гірне

Diez Moldova

Транскрыпт: “Прытрымліванне рэдакцыйнай палітыкі ў нашай рэдакцыі дазваляе нам мець кожнага чалавека ў камандзе «на адной хвалі». Бо рэпарцёры працуюць у розныя змены і сутыкаюцца з рознымі перашкодамі ў сваёй працы. Наяўнасць правілаў, прытрымлівацца якіх пагадзіліся ўсе чальцы каманды, дапамагае нам вызначаць стандарты якасці ў зборы інфармацыі, вядзенні інтэрв’ю, рэдагаванні і публікаванні (у тым ліку публікаванні ў сацыяльных сетках) і ўзаемадзеянні з нашымі партнёрамі і аўдыторыяй. Больш за тое, паколькі парадак дня часта вызначаецца навакольнымі падзеямі, якія часта бываюць непрадказальнымі, наяўнасць такога дапаможніка дапамагае нам арыентавацца ў акіяне інфармацыі, з якой мы сутыкаемся кожны дзень, выбіраць тое, што актуальна для нашай аўдыторыі, і факусавацца на тым, што мы лічым самым важным.”

Большасць рэдакцыйных палітык у СМІ па ўсім свеце канцэнтруюцца на трох ключавых аспектах. Гэта дакладнасць, бесстароннасць і справядлівасць. Чаму менавіта гэтыя тры? Таму што, калі журналіст можа паказаць, што асвятленне навін дакладнае, бесстаронняе і шчырае, то існуе бОльшая верагоднасць таго, што вашым навінам будуць давяраць. Давайце разбяром кожны аспект па чарзе.

Дакладнасць

гэта азначае праверку вашых фактаў, праверку вашых крыніц, праверку вашых здагадак, праверку тэрмінаў і апісанняў, якія вы выкарыстоўваеце. І калі вы не можаце гэтага зрабіць, напрыклад, у канфліктных сітуацыях, вы так і кажаце. Быць шчырым у тым, што вы ведаеце і наколькі вы ў гэтым упэўнены, жыццёва важна для падтрымання даверу аўдыторыі.

Бесстароннасць

гэта азначае рабіць так, каб вашыя навіны не схіляліся да аднаго з удзельнікаў канфлікту і не залежалі ад любога ўплыву. Аб’ектыўнае асвятленне падзей збалансавана і дае кантэкст. Гэта стварае давер вашай аўдыторыі. Аўдыторыя будзе давяраць вашай арганізацыі, калі будзе лічыць, што вы прадстаўляеце іх інтарэсы, а не інтарэсы больш магутнай арганізацыі або ўладаў.

Справядлівасць

гэта азначае, што вы адкрытыя, шчырыя і паважлівыя да ўсіх, з кім маеце справу. Гэта азначае быць сумленным да аўдыторыі, памочнікаў, крыніц і людзей, якія ўдзельнічаюць у вашых матэрыялах. Гэта азначае павагу да ўсіх, хто працуе ў рэдакцыі, і аднолькавае стаўленне да іх. Кожны, хто з’яўляецца суб’ектам навіны, павінен мець права адказаць на любыя абвінавачанні і выкласці свой бок гісторыі, калі толькі няма важкіх рэдакцыйных прычын не рабіць гэтага.

Давайце паглядзім больш дэталёва.

Дакладнасць

Дакладнасць ляжыць у аснове кожнай навіны і з’яўляецца ключавой для даверу аўдыторыі ў выніку. СМІ павінны прыкладаць усе намаганні, каб тое, што яны публікавалі або транслявалі, з’яўлялася праўдай. Навінавыя арганізацыі не павінны ўводзіць у зман сваю аўдыторыю або распаўсюджваць ілжывую інфармацыю або фэйкавыя навіны. У самым фундаментальным сэнсе гэта азначае, што ўсе навіны павінны грунтавацца на надзейных крыніцах, пацвярджацца, а факты павінны быць пераправераны. Гэта таксама азначае, што дакладнасць важней хуткасці. Няма сэнсу быць першым з навіной, калі яна акажацца памылковай.
І як гэта выглядае на практыцы?

Юлія МакГафі

NV Ukraine

Транскрыпт: “Вельмі просты прыклад. Чарговы ракетны ўдар па Кіеве. Мы чуем выбухі, але не публікуем спекулятыўныя здагадкі, ці гэта ракета, ці праца СПА. Мы чакаем пацверджання з надзейнай крыніцы або афіцыйнай інфармацыі – і толькі пасля гэтага публікуем. Мы можам страціць у хуткасці ў параўнанні з некаторымі старонкамі ў сацыяльных сетках, але ў нас будуць дакладныя факты, а не істэрычная рэакцыя. Другі выпадак. У навагоднюю ноч (22/23) у Макееўцы на акупаванай тэрыторыі ўкраінская армія знішчыла сотні мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў – таму было шмат прамых і ўскосных пацверджанняў. Праз восем дзён Мінабароны Расеі абвясціла пра акцыю ў адказ і заявіла, што «у горадзе Краматорск (найбуйнейшым горадзе Данбасу, які кантралюецца Украінай) загінулі 600 украінскіх вайскоўцаў». Такая інфармацыя з’явілася ў расейскіх прапагандысцкіх інфармацыйных агенцыях. Чаму мы нічога не апублікавалі адразу? Мы не пішам, што «расейцы паведамілі, што забілі 600 украінцаў» – гэта відавочны прапагандысцкі наратыў. Замест гэтага мы просім афіцыйнай рэакцыі ўкраінскага боку. І мы падаем навіны праз прызму ўкраінскай рэакцыі. У нас у Краматорску нікога няма, але туды паехалі журналісты Reuters – і пацвердзілі, што там стаіць пустая школа, па якой меркавана расейцы патрапілі. Па меры развіцця гісторыі дадаюцца новыя крыніцы. Фактчэкінг заахвочвае супрацьстаяць расейскай прапагандзе.”

Праверка інфармацыі жыццёва важная, незалежна ад таго, ці з’яўляецца яна фактычнай, ці гэта зліў ад нейкай крыніцы, ці гэта лічбавая інфармацыя накшталт фота і відэа. Верыфікацыя зʼяўляецца ключавым інструментам у супрацьдзеянні ілжывай інфармацыі і дэзынфармацыі.
Калі вы можаце, то самі станьце сведкам падзей. Калі вы не можаце, паспрабуйце знайсці відавочца або надзейны аповед з першых вуснаў. Калі вам трэба абапірацца на крыніцы, знайдзіце як мінімум дзве, якія могуць пацвердзіць тое, што адбылося, і чый аповед пацвярджае адзін аднаго. Прэтэнзіі і абвінавачванні таксама павінны быць пацверджаны другой крыніцай. Правярайце любыя факты і статыстыку і ўстанавіце, ці зʼяўляецца гэтая інфармацыя якім-небудзь чынам абмежаванай (напрыклад, інфармацыя некалькі гадовай даўніны).
Калі, нягледзячы на ўсе вашыя намаганні, вы не можаце праверыць, кажыце пра гэта. Пэўныя абставіны, такія як тэрарыстычныя акты, канфлікты або стыхійныя бедствы, вельмі ўскладняюць устанаўленне фактаў. Інфармацыйныя арганізацыі заўсёды павінны пазбягаць спекуляцый і быць шчырымі ў тым, чаго яны не ведаюць. Гэта асабліва актуальна падчас канфліктаў або катастроф.

Юлія МакГафі

NV Ukraine

Транскрыпт: “Саледар – адзін з ключавых для Украіны гарадоў на Данбасе, за які ідуць цяжкія баі. Расейцы шмат разоў заяўлялі, што Саледар захоплены імі.
Што мы робім, калі расейцы ў чарговы раз заяўляюць, што яны ўзялі Саледар? Мы просім улады пацвердзіць або абвергнуць гэта. Міністэрства абароны часта апярэджвае запыты і робіць заявы вельмі хутка. Стараемся таксама скантактавацца і з тымі, хто знаходзіцца на перадавой.
У рэшце рэшт, мы аналізавалі развіццё сітуацыі па розных фактах, якія мы сабралі, і ніхто не пацвердзіў, што Саледар быў узяты. У гэтым выпадку было вельмі важна быць вельмі ўважлівым і не рабіць паспешлівых высноваў. На некаторых участках нашы вайскоўцы адступілі, але горад не пакінулі.”

На любыя прэтэнзіі, факты або сцверджанні, якія не могуць быць пацверджаны, павінна быць дадзена спасылка. «Reuters паведамляе…», «прэс-сакратар прэм’ер-міністра заявіў…», «паводле дзяржаўных СМІ…».
Гэтак жа, калі вы зрабілі памылку, прызнайце яе і выпраўце як мага хутчэй. Аўдыторыя, хутчэй за ўсё, будзе давяраць арганізацыі, якая адкрыта паказвае памылку, чым арганізацыі, якая спрабуе яе схаваць.

Бесстароннасць

Бесстароннасць – гэта тое, што захоўвае незалежнасць рэдакцый. Гэта азначае, што вашыя прафесійныя меркаванні нельга купіць або паўплываць на іх і што вашы асабістыя перакананні не ўплываюць на навіны, якія вы ствараеце. Апошні элемент можа быць сапраўдным выклікам для журналістаў, але ён вельмі важны.
Вось як Бі-Бі-Сі вызначае бесстароннасць: «Мы бесстароннія, імкнемся адлюстроўваць погляды і гісторыі нашай аўдыторыі – так, каб нашыя матэрыялы ўключалі ў сябе ўсю шырыню і разнастайнасць меркаванняў, і ніякая, нават нязначная, частка меркаванняў не была прадстаўлена недастаткова або зусім апушчана».
Гэта больш, чым баланс паміж рознымі бакамі праблемы. Гаворка ідзе пра адлюстраванне разнастайнасці меркаванняў і інклюзіўнасць. Гэта можа азначаць не толькі адлюстраванне розных палітычных поглядаў, але варыяцыі культурнага ландшафту, якія адлюстроўваюць погляды розных полаў і сексуальных арыентацый, гарадскога і сельскага насельніцтва, старэйшых і маладых людзей, бяднейшых і заможных. Навіны павінны надаваць належную вагу падзеям, меркаванням і асноўным аргументам.
Карысным словам тут з’яўляецца «належны», і яго выкарыстоўваюць многія вядомыя СМІ. Гэта азначае «адэкватны або адпаведны». Па сутнасці, навінавыя арганізацыі не павінны надаваць аднолькавую вагу ўсім поглядам і меркаванням. Меркаванне невялікай часткі людзей не патрабуе такой жа ўвагі, як меркаванне большасці або тое, што было ўстаноўлена экспертызай.

Ніл Макінтош

рэдактар New Scotsman UK

Транскрыпт: “Давайце возьмем дыскусію, якая, на жаль, актуальная для некаторых: свет плоскі ці не? Я думаю, што мы можам сказаць, што свет у цэлым сферычны, і што мы можам не прымаць пад увагу людзей, якія сцвярджаюць, што ён плоскі. Але мы зрабілі там рэдакцыйную ацэнку і вырашылі праігнараваць кучу галасоў. Мы не надаем ім належнай увагі, таму што ведаем, што навука даказала, што свет сферычны. Тое ж самае тычыцца змены клімату. Мы ведаем, што гэта адбываецца, і значна больш цікавая дыскусія, пра якую жадаюць ведаць нашы чытачы, існуе ў шэрагу меркаванняў аб тым, што з гэтым рабіць. Але ў любым выпадку мы прызнаем, што гэта адбываецца. Мы павінны ўжываць гэтую прызму да шэрагу розных гісторый. Гэта справядліва і дзейнічае ў інтарэсах нашых чытачоў. Але ў гэты момант вы выносіце ацэначнае суджэнне аб тым, якія меркаванні ігнараваць. І будуць некаторыя меркаванні, значнасць якіх мы па якіх-небудзь прычынах вырашылі прынізіць. Гэта можа зыходзіць ад палітычнай партыі, якая вельмі маленькая, напрыклад, даволі маргінальная, так што іх галасы не такія ж, як мэйнстрым, і яны не такія важныя для нашых чытачоў, як мэйнстрым. Такім чынам, мы павінны выносіць такія ацэначныя суджэнні ўвесь час. І мы таксама павінны супрацьстаяць спакусе шукаць маргінальныя галасы дзеля арыгінальнасці, таму што гэта толькі дадае шуму, і гэта не наша задача.”

Журналісты павінны прымаць абгрунтаваныя рашэнні аб тым, якія погляды прадстаўляць і колькі часу ім надаваць. Добрае эмпірычнае правіла: чым больш супярэчлівая тэма, тым важней адлюстроўваць розныя пункты гледжання.
Бесстароннасць асабліва складаная ў часы канфліктаў або вайны. Бесстароннасць – гэта не тое самае, што нейтральнасць. Таксама ніхто не чакае, што журналісты будуць нейтральнымі або адарванымі ад асноўных дэмакратычных прынцыпаў, такіх як права голасу, свабода слова і вяршэнства закона.

Ёсць сітуацыі, калі проста немагчыма заставацца нейтральным, бо калі ты застаешся нейтральным, ты робішся саўдзельнікам. Аб’ектыўнасць не азначае аднолькавае стаўленне да ўсіх бакоў. Аб’ектыўнасць азначае даць слова кожнаму.

Крысціян Аманпур, CNN

Асабістае меркаванне: ніхто, хто спажывае навіны, няважна, па тэлебачанні, у інтэрнэце або ў друкаваных выданнях, не павінен зразумець з матэрыяла асабістае меркаванне журналіста або як ён/яна ставяцца да праблемы, якая асвятляецца. Вельмі важна памятаць пра гэты прынцып у сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках. Нават калі вашае асвятленне навін бесстаронняе, калі грамадскасць ведае пра вашыя асабістыя погляды, іх уяўленне аб вашай бесстароннасці будзе сапсавана.

  • Вы рэдактар. У вас ёсць палітычны карэспандэнт, які бліскуча знаходзіць тэмы. Ён таксама вельмі актыўны ў сацыяльных сетках. Ён выкарыстоўвае сацыяльныя платформы, каб адзначаць сваю працу і публікаваць аналіз палітычных тэмаў. Нядаўна ўрад абвесціў пра новыя захады бяспекі, якія ваш карэспандэнт адкрыта крытыкаваў. Ён апублікаваў некалькі каментарыяў з заклікам да ўрада адмовіцца ад прапаноў аб павелічэнні паўнамоцтваў паліцыі ў назіранні за людзьмі. Што бы вы зрабілі?

  • Паразмаўляйце са сваім карэспандэнтам. Нагадайце яму, што яго прысутнасць у сацыяльных сетках з’яўляецца працягам ягонай ролі як журналіста. У сваіх пастах у сацыяльных сетках яму трэба прытрымлівацца дакладна такіх ж прынцыпаў (дакладнасць, незалежнасць і сумленнасць), што і ў апублікаваных матэрыялах. Інакш ён рызыкуе паставіць пад пагрозу сваю незалежнасць як журналіста і падарваць грамадскі давер да сваіх рэпартажаў.

BBC лічыць, што ўся дзейнасць супрацоўнікаў у сацыяльных сетках, незалежна ад таго, ці гаворка ідзе пра афіцыйныя акаўнты BBC або асабістыя акаўнты, усё падпарадкоўваецца рэдакцыйным правілам карпарацыі. Там напісана:
«Мы павінны асабліва клапаціцца аб захаванні нашай бесстароннасці ў сацыяльных сетках, як у нашай прафесійнай, так і ў асабістай дзейнасці… Супрацоўнікі BBC павінны пазбягаць псавання рэпутацыі BBC сваімі дзеяннямі ў сацыяльных сетках». Як гэта працуе на практыцы?

Ніна Хеладзе

TOK TV, Грузія

Транскрыпт: “Для нас вельмі важныя паводзіны журналіста ў сацыяльных сетках, свабода выказвання і прафесійныя стандарты. На этапе найму новага супрацоўніка мы інфармуем патэнцыйнага кандыдата аб тым, што яму/ёй прыйдзецца ўлічваць пэўныя абмежаванні адносна паводзін у сацыяльных сетках. У нас ёсць рэкамендацыі, як паводзіць сябе ў сацыяльных сетках, а таксама мы прытрымліваемся правілаў хартыі журналісцкай этыкі.
У той жа час мы не абмяжоўваем журналістаў сачыць за старонкамі палітыкаў ці палітычных суполак або ўваходзіць у такія суполкі ў сацыяльных сетках. Але мы ім кажам, што яны павінны ўстрымлівацца ад каментавання пастоў і ўступлення ў адкрытыя дыскусіі, а таксама ад рэагавання на пасты, каб гэтыя паводзіны не былі інтэрпрэтаваныя як меркаванне рэдакцыі. У нашай практыцы быў выпадак, калі пад чужым допісам у фэйсбуку прадстаўнік апазіцыйнай партыі адказаў на каментар нашага журналіста, на што наш журналіст таксама адказаў, а потым пагадзіўся з крытыкай. Неўзабаве мы звязаліся з гэтым журналістам і папрасілі яго выдаліць каментар. Ён пагадзіўся з нашым падыходам і выдаліў тэкст. Некалькі месяцаў таму ў нас быў амаль падобны выпадак, калі адзін журналіст выкарыстаў у пасце цынічны выраз у адрас аднаго вельмі вядомага палітычнага дзеяча, які мы таксама папрасілі выдаліць, і ён быў выдалены.”

А як наконт экспертаў, якія ўдзельнічаюць у асвятленні навін? Інфармацыйныя арганізацыі павінны быць уважлівымі да таго, што навукоўцы, іншыя журналісты, працаўнікі дабрачынных арганізацый або эканамічныя аглядальнікі могуць выказваць неаб’ектыўныя або прадузятыя меркаванні. У гэтым выпадку вы заўсёды павінны быць гатовымі прадставіць дадатковую інфармацыю пра эксперта, напрыклад, ягоныя сувязі або фінансаванне, каб аўдыторыя магла мець кантэкст для поглядаў эксперта.

Канфлікт інтарэсаў

Канфлікт інтарэсаў узнікае, калі ў журналіста або аўтара ёсць сувязі, якія могуць падрываць іх здольнасць быць бесстароннімі. Гэта можа быць фінансавая сувязь (навукоўца атрымлівае грошы ад вытворцы цукру за падрыхтоўку справаздачы аб тым, ці шкодзіць спажыванне цукру здароўю), асабістая сувязь (журналістка замужам за салдатам, які зараз знаходзіцца ў зоне ваенных дзеянняў) або сацыяльная сувязь (вядоўца навінаў – актыўны сябра палітычнай партыі).
Часта праблема канфлікту інтарэсаў заключаецца ва ўспрыманні аўдыторыяй. Журналіст можа быць у стане выконваць сваю працу бесстаронна і справядліва, але аўдыторыя можа разумна сумнявацца, ці паўплываюць сувязі журналіста на ягоную/ейную бесстароннасць і добрасумленнасць.

  • Ёсць тэма пра буйную тэхналагічную фірму ў вашым рэгіёне, якая сцвярджае, што кампанія незаконна здабывала асабістыя дадзеныя кліентаў і прадавала іх удзельнікам палітычных кампаній. Ваш рэпарцёр выдатна разбіраецца ў тэхнічнай тэматыцы, але з’яўляецца пляменніцай уладальніка кампаніі і мае такое ж прозвішча. Яна выкладала ў сацыяльных сетках фотаздымкі са сваім дзядзям. Вы як рэдактар рэдакцыі ведаеце, што яна будзе асвятляць гісторыю бесстаронна, але што вы павінны зрабіць?

  • У вас няма выбару, акрамя таго, як адправіць іншага рэпарцёра, нават калі вы ведаеце, што яна будзе абʼектыўнай. Успрыманне прадузятасці нанясе шкоду рэпутацыі вашай арганізацыі. Рэпарцёрка таксама можа быць не ў стане быць настолькі бесстаронняй, як хацелася б – супрацьстаяць несвядомым перадузятасцям вельмі цяжка, і не варта ад яе гэтага чакаць.

Усіх супрацоўнікаў трэба прасіць заявіць аб любых асабістых інтарэсах, якія патэнцыйна могуць паўплываць на іх працу. Менеджары павінны выкарыстоўваць сваё меркаванне пры прыняцці рашэння аб тым, якія дзеянні неабходныя. Гэта будзе залежаць ад тыпу тэмаў, якія асвятляе журналіст, іх ролі ў асвятленні, досведу і асяроддзя, у якім яны працуюць. Напрыклад, наяўнасць вядоўцы, які/якая з’яўляецца актыўным сябрам палітычнай партыі, можа перарасці ў патэнцыйны канфлікт інтарэсаў толькі падчас выбараў або калі ёсць канкрэтная палітычная тэма.

ВЫБАРЫ: Падчас асвятлення выбараў важна ведаць і прытрымлівацца спецыфічных мясцовых правілаў, інструкцый і абмежаванняў.

Справядлівасць

Справядлівасць мае значэнне. Справядлівасць мае значэнне ўнутры рэдакцыі. Важна пераканацца, што кожны мае інструменты для выканання сваёй працы, кожнага паважаюць і заахвочваюць выконваць сваю працу як мага лепш. Роўнасць магчымасцяў для жанчын і прадстаўнікоў меншасцяў мае жыццёва важнае значэнне для рэдакцыі, таму што гэта дапамагае выхоўваць лепшых журналістаў і шырокі спектр тэмаў. Справядлівасць мае значэнне і па-за межамі рэдакцыі. Журналісты павінны шчыра ставіцца да памочнікаў і крыніц, а таксама быць шчырымі з героямі.
Адным з найбольш фундаментальных аспектаў справядлівасці з’яўляецца права на адказ. Гэта азначае, што журналісты павінны ўпарта працаваць, каб даць тым, супраць каго былі высунутыя абвінавачанні, права абараніць сябе, незалежна ад таго, зʼяўляюцца яны прыватнымі асобамі або арганізацыямі. Гэта заўсёды павінна быць пазіцыяй рэдакцыі па змаўчанні, за выключэннем выпадкаў, калі існуе відавочная грамадская цікавасць або праблемы законнасці, бяспекі або канфідэнцыяльнасці, якія азначаюць, што вы павінны схаваць некаторую інфармацыю. Звычайна такое рашэнне прымае высокапастаўлены супрацоўнік рэдакцыі.

  • Вы рэдактар. У вашага рэпарцёра ёсць эксклюзіў пра тое, як урад даў каштоўны кантракт палітычнаму донару, не прайшоўшы належных працэдур закупак. Ваш рэпарцёр прайшоў усе неабходныя крокі для збору інфармацыі, пераправерыў усе абвінавачанні, атрымаў дакументальныя доказы і верыфікаваў факты. Апошні крок – даць ураду права на адказ. Але яны тармозяць. Вы хочаце заўтра апублікаваць матэрыял, але прэс-сакратар урада не адказвае на вашыя званкі, і вы падазраяце, што яны спрабуюць затрымаць выпуск артыкула. Што бы вы зрабілі?

  • Вы звязваецеся з прэс-сакратаром урада па электроннай пошце і праз паведамленні і кажаце яму/ёй, што ў іх ёсць 24 гадзіны, каб адказаць. Калі яны не адкажуць у гэты тэрмін, вы публікуеце, што звярнуліся да ўрада па каментар, і яны не адказалі. Пры неабходнасці вы можаце звярнуцца да папярэдніх заяваў урада па гэтай праблеме і знайсці цытату, якую вы можаце выкарыстаць («у траўні мінулага года міністр урада паабяцаў выконваць усе належныя працэдуры»). Калі пасля публікацыі ўрад адкажа, вы апублікуеце, як апдэйт да матэрыяла.

Справядлівасць цесна звязана з пытаннямі дакладнасці і бесстароннасці, якія мы ўжо разглядалі. Дакладнасць дапаўняе справядлівасць, таму што яна дакладна і прапарцыйна адлюстроўвае факты. Бесстароннасць таксама спрыяе справядлівасці, таму што яна дае магчымасць выказваць розныя пункты гледжання і дапамагае пазбегнуць таго, каб у наратыве дамінавала меркаванне магутных арганізацый або большасці. Гэта пра тое, каб адлюстраваць погляды як мага большай колькасці людзей, у тым ліку тых, каму часта не прыдаюць важнага значэння або выключаюць. Здаровыя этычныя працэсы ў рэдакцыі будуць адлюстроўвацца на тым, як журналісты паводзяць сябе па-за межамі рэдакцыі.

Аліна Гірне

Diez Moldova

Транскрыпт: “Уся наша дзейнасць і місія сканцэнтраваны на нашай аўдыторыі. Мы б не былі журналістамі, калі б не было аўдыторыі, якую трэба інфармаваць. З часам мы даведаліся, што для таго, каб заслужыць давер чытачоў, рэдакцыя павінна прытрымлівацца этычных прынцыпаў ва ўсіх відах дзейнасці, у тым ліку камерцыйнай. Публічна кажыце пра свае этычныя прынцыпы, каб аўдыторыя магла бачыць іх у вашых матэрыялах. Вазьміце на сябе адказнасць за памылкі ў публікацыях. На любую зваротную сувязь рэагуйце канструктыўна. Прытрымлівайцеся заяўленай місіі і каштоўнасцяў і расказвайце пра каманду з канкрэтнымі імёнамі і тварамі.”

Як пачаць

Напісанне шэрагу рэдакцыйных правілаў можа здацца немагчымым на пачатку, але памятайце, што гэта не павінна быць складаным. Многія вядомыя інфармацыйныя арганізацыі, такія як BBC або New York Times, публікуюць сваю рэдакцыйную палітыку. Можа быць ужо існуе нацыянальны або рэгіянальны кодэкс журналісцкай этыкі. Гэта можа быць карысным для пачатку, каб улічыць патрэбы вашай арганізацыі і як акрэсліць асноўныя прынцыпы, на якіх грунтуецца праца вашай рэдакцыі. Кожная інфармацыйная арганізацыя будзе мець сваю ўнікальную сітуацыю, і ніякі адзіны набор рэдакцыйных правілаў не падыдзе для кожнай рэдакцыі.

Аліна Гірне

Diez Moldova

Транскрыпт: “У Diez мы стваралі сваю рэдакцыйную палітыку на працягу нашай 10-гадовай дзейнасці. Мы не мелі яе на паперы напачатку, таму што нам патрэбны быў час, каб распрацаваць сваю місію, каб набрацца вопыту, зрабіць памылкі і лепш зразумець патрэбы нашай аўдыторыі, каб пачаць распрацоўку дакументу, які будзе накіроўваць нашу дзейнасць. Мы заўсёды прытрымліваліся агульнага этычнага кодэксу, але неўзабаве зразумелі, што наяўнасць унутранага дакументу вельмі важная для нас, бо мы займаем асаблівае значэнне сярод нашых калег з іншых рэдакцый. У нас ёсць пэўная аўдыторыя, на якую мы арыентуемся, – моладзь з Малдовы, румынская і рускамоўная моладзь. Мы арыентуемся на нішавыя тэмы, якія былі б ім цікавыя, і ўдзельнічаем у многіх адукацыйных праектах. Акрамя таго, што мы сабралі з нашага досведу, мы прааналізавалі рэдакцыйныя палітыкі іншых СМІ, і гэта дапамагло нам параўнаць нашыя бачанні і звярнуцца да тых, якія адпавядаюць нашай арганізацыі.”

Каб стварыць рэдакцыйную палітыку, вам трэба разумець асноўныя задачы і выклікі вашай арганізацыі. Гэта павінна быць адлюстравана ў вашай рэдакцыйнай палітыцы. Напрыклад, калі вы працуеце ў асяроддзі, дзе распаўсюджана дэзынфармацыя і ілжывы карыстальніцкі кантэнт, вы можаце падкрэсліць неабходнасць верыфікацыі крыніц і праверкі фактаў. Калі вы часта бачыце, як калегі публікуюць свае асабістыя меркаванні ў сацыяльных сетках, вы можаце засяродзіцца на бесстароннасці і на тым, як нават уяўная прадузятасць можа пашкодзіць адносінам паміж СМІ і яе аўдыторыяй.

Падумайце аб дылемах і праблемах, з якімі вы і вашы калегі сутыкнуліся, і абмяркуйце, як найлепшым чынам выпрацаваць агульныя прынцыпы, якімі б кіраваліся журналісты ў падобных сітуацыях. Новыя выклікі, такія як канфлікты, змены ў заканадаўстве або тэхналагічныя навінкі, павінны быць адлюстраваны ў рэдакцыйных рэкамендацыях. Рэдакцыйная палітыка можа і павінна рэгулярна аднаўляцца.

Аліна Гірне

Diez Moldova

Транскрыпт: “Звычайна арганізацыя павінна пераглядаць сваю рэдакцыйную палітыку кожны год. На практыцы вы робіце гэта кожны дзень або, лепш сказаць, кожны раз, калі гэта неабходна, улічваючы, што могуць адбыцца новыя сітуацыі, і таму новыя правілы павінны прыменяцца ў адпаведнасці з такімі сітуацыямі. Напрыклад, калі б узнікла тэрміновая сітуацыя, якая патрабавала б больш пастоў у сацыяльных сетках, то нам, верагодна, спатрэбіліся б інструкцыі, як працаваць там. Акрамя таго, многія старыя сітуацыі могуць з часам страціць сваю актуальнасць. Такім чынам, так жа як і мы абнаўляем жывую тэкставую трансляцыю, так жа мы павінны сачыць за нашымі рэдакцыйнымі рэкамендацыямі.”

Рэдакцыйная палітыка існуе не для таго, каб спыніць вас асвятляць тэмы. Наадварот, яна для таго, каб паказаць вам, як зрабіць так, каб ваш кантэнт быў максімальна надзейным, дакладным, бесстароннім і справядлівым. Такім чынам, вашы навіны змогуць вытрымаць пільную ўвагу, і ваша аўдыторыя зможа ім давяраць.

Ніл Макінтош

News Scotsman UK

Транскрыпт: “Я думаю, што давер пачынаецца з таго, як мы збіраем інфармацыю, таму рэдакцыйная палітыка – гэта інструкцыі, якія мы маем адносна таго, як мы збіраем інфармацыю, як мы яе прадстаўляем. Гэта таксама і пра падрыхтоўку журналістаў, пра разуменне таго, як далёка мы пойдзем, каб знайсці тэму або сабраць інфармацыю. Пра тое, што мы не будзем не ў якім разе рабіць, каб збіраць інфармацыю; да якой ступені мы будзем ціснуць на людзей, якія, напрыклад, сталі ахвярамі трагедыі, ці як далёка мы можам зайсці, каб атрымаць інфармацыю, якая не з’яўляецца асабліва публічнай. Безумоўна, у журналістыцы неабходна ўвесь час даследаваць межы гэтага. Але рэдакцыйная палітыка дапамагае нам зразумець, дзе ляжаць гэтыя межы. Усё пачынаецца з яе. Але таксама залежыць ад таго, як мы прадстаўляем інфармацыю, як мы яе рэдагуем, таму мы ніхто не адмяняе палітыку ўраўнаважання, незалежна ад таго, у нас тэкставы матэрыял ці відэа. Нават калі мы павінны распавесці гісторыю ў сціснутым выглядзе, мы павінны пераканацца, што робім гэта справядліва. І яшчэ ёсць кантэкст, у якім мы прадстаўляем нашу тэму. Так што выявы, якія мы выбіраем, або відэа, якое мы выбіраем, разам з публікацыяй, асяроддзе, у якой гісторыя размяшчаецца, – усе гэтыя рэчы абіраюцца з пункту гледжання чытача. Кожны раз мы павінны пытацца ў сябе, што патрэбна чытачу ад нас у гэтым матэрыяле?”


Падобная тэматыка


Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,