Як кампанія можа стаць больш экалагічнай?

Червень 3, 2021

  • Чаму мая кампанія павінна стаць больш экалагічнай?
  • Чаму менавіта рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць?
  • Як рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць дапамагае знізіць выдаткі?
  • Як укараніць рэсурсаэфектыўную і чыстую вытворчасць?
  • На якую падтрымку могуць разлічваць кампаніі?
  • Як я магу выкарыстоўваць «зялёныя» тэхналогіі ў Беларусі?
Картка %1 з %2

Чаму мая кампанія павінна стаць больш экалагічнай?

Экалагічны падыход да вытворчасці — гэта адказнае стаўленне да прадпрымальніцтва. І ў той жа час ён выгадны бізнесу. Па-першае, такі падыход зніжае агульныя вытворчыя выдаткі, робіць лагістыку і энергаспажыванне больш эфектыўнымі.

gen2

Па-другое, ён дазваляе прадпрыемствам пашырыць сваю вытворчасць з найменшым уздзеяннем на навакольнае асяроддзе. Выкананне экалагічных стандартаў і патрабаванняў рынку — гэта таксама шлях да добрых стасункаў з кліентамі і партнёрамі.

У цэлым, гэтыя перавагі робяць кампаніі больш канкурэнтаздольнымі на нацыянальным і міжнародным рынках.

Напрыклад, у межах ініцыятыў Еўрапейскага Cаюза распрацавана 2000 спосабаў рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці для 357 малых і сярэдніх прадпрыемстваў у краінах Усходняга партнёрства. Тэрмін акупнасці гэтых захадаў меншы за 5 гадоў. Яны дапамогуць кампаніям штогод эканоміць да 10 мільёнаў еўра. Акрамя таго атрымаецца зберагчы:​

  • 158 ГВт·гадз энергіі – столькі спажываюць 43 000 сярэдніх дамашніх гаспадарак ЕС з двух-трох чалавек;
  • 1 394 490 м3 вады – столькі выкарыстоўваюць 12 563 сярэднія еўрапейскія дамашнія гаспадаркі;
  • 44 210 т сыравіны.

Згаданыя захады таксама штогод змяншаюць на 81 115 тон выкіды CO2 (гэта як прыбраць з гарадскіх вуліц 17 644 аўтамабілі) і на 22 694 тоны скарачаюць утварэнне цвёрдых адыходаў (такую колькасць вырабляюць 4 364 жыхары ЕС).

Эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў стымулюе тэхналагічныя інавацыі і стварэнне «зялёных» працоўных месцаў, дае карысць спажыўцам за кошт больш экалагічных прадуктаў і адкрывае мясцовым кампаніям новыя экспартныя рынкі і магчымасці для бізнесу.

Пандэмія COVID-19 закранула многія прадпрыемствы. Спыніліся цэлыя галіны эканомікі. У такіх умовах марнатраўства – рызыка для бізнесу. Калі аптымальна выкарыстоўваць сыравіну, энергію і ваду, а таксама ўдасканаліць працоўныя працэсы, то можна знізіць выдаткі і павысіць якасць, што важна для аднаўлення эканомікі. І ў гэтым дапаможа рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць, бо яна прадугледжвае прадуманае выкарыстанне абмежаваных рэсурсаў для дасягнення максімальнай выгады. Больш эфектыўны кантроль працэсаў, паляпшэнне ўмоваў працы, бяспечнае кіраванне хімічнымі рэчывамі, пераход на найлепшыя тэхналогіі, энергаэфектыўнасць, скарачэнне і пераацэнка адыходаў, інавацыі для стварэння экалагічна чыстых прадуктаў – гэтыя і іншыя стратэгіі рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці дапамогуць прадпрыемствам хутчэй аднавіцца.

Эфектыўныя і экалагічныя метады вытворчасці, тэхналогіі і прамысловы сімбіёз (калі адыходы аднаго прадпрыемства робяцца рэсурсамі для іншага) – гэта першыя крокі. Падрабязней пра дзейнасць EU4Environment па стварэнні пілотных экаіндустрыяльных паркаў можна прачытаць тут.

Чаму менавіта рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць?

Метады рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці прымяняюцца па-рознаму: можна змяняць саму прадукцыю або ўдасканальваць тэхналогіі ды кіраванне вытворчым працэсам. Усе гэтыя дзеянні ўзаемазвязаныя, яны дазваляюць кампаніі паўторна выкарыстоўваць рэсурсы і перапрацоўваць адыходы.

Аналіз на падставе рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці дапамагае кампаніі зразумець, што менавіта зробіць яе больш устойлівай:

  • пільны адбор сыравіны і крыніц энергіі (прыярытэт аднаўляльным крыніцам энергіі);
  • удасканаленне вытворчых працэсаў за кошт адказнага кіравання, эфектыўнай працы ды інавацыйных і экалагічна бяспечных тэхналогій;
  • выключэнне або скарачэнне выкарыстання таксічных і небяспечных матэрыялаў;
  • зніжэнне колькасці адыходаў, сцёкавых водаў і выкідаў;
  • ацэнка рэшткаў і адыходаў і супрацоўніцтва паміж кампаніямі па іх выкарыстанні.

Досвед паказвае, што больш за 60% рэсурсаэфектыўных і чыстых варыянтаў вытворчасці альбо танна ўкараняюцца, альбо адносна хутка акупляюцца – ад некалькіх месяцаў да трох гадоў. Гэта дазваляе кампаніям дамагчыся эканоміі сродкаў без дадатковых капіталаўкладанняў.

Апрача эканамічных выгадаў рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць паляпшае экалагічныя і сацыяльныя паказчыкі кампаній і, адпаведна, іх імідж на рынку. Дзякуючы такой вытворчасці прадпрыемствам прасцей атрымаць «зялёныя» крэдыты, якія нацыянальныя і міжнародныя фінансавыя ўстановы выдаюць на рэалізацыю дарагіх праектаў. Акрамя таго, рэсурсаэфектыўная вытворчасць адкрывае прадпрыемствам доступ да фінансавых механізмаў, якія стымулююць скарачаць выкіды парніковых газаў — павышаць энергаэфектыўнасць і пераходзіць на аднаўляльную энергію.

Як рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць дапамагае знізіць выдаткі?

Рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць – прызнаны ў свеце інструмент аптымізацыі рэсурсаў на ўсіх тыпах прадпрыемстваў:

  • Вытворчыя працэсы: укараніць рэсурсаэфектыўную і чыстую вытворчасць – гэта берагчы рэсурсы і ў той жа час адмаўляцца ад таксічных, небяспечных матэрыялаў, скарачаць сцёкі, выкіды і адыходы непасрэдна на месцы іх з’яўлення.
  • Прадукцыя: метадалогія рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці дапамагае прааналізаваць патрэбу ў рэсурсах па ўсім ланцугу стварэння кошту і на працягу ўсяго жыццёвага цыклу прадукту. Яна прасоўвае прынцыпы экадызайну, якія павялічваюць тэрмін службы прадукту, даўгавечнасць, рамонтапрыдатнасць і/або прыдатнасць для перапрацоўкі, што памяншае негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.
  • Прадпрыемствы сферы паслуг: рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць дапамагае ўкараніць метады кіравання, тэхналогіі і лагістыку, якія зніжаюць энергазатраты пры карыстанні будынкамі і транспартам. У выніку кампанія больш адказна вядзе закупкі і больш актыўна ўкараняе праграмы ўтылізацыі, а адыходы скарачаюцца да мінімуму. Акрамя таго абслуговыя кампаніі праяўляюць вялікую цікавасць да распрацовак па безадыходнай вытворчасці (у сферы рамонту і паўторнага выкарыстання).

Напрыклад, вызначыўшы крыніцы адыходаў і знайшоўшы прычыны іх утварэння, харчовая кампанія выявіла на лініі па вытворчасці вафель страты, роўныя 15% забракаванай прадукцыі. Прадпрыемства выправіла рэцэптуру прадукту, узмацніла кантроль над вытворчасцю і абнавіла частку абсталявання. У выніку вафлі сталі смачнейшыя, а брак прадукцыі знізіўся да 5%.

Як укараніць рэсурсаэфектыўную і чыстую вытворчасць?

Рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць рэалізуецца па схеме: «Плануй — Выконвай — Правярай — Дзейнічай».

  • «Плануй» – настроіцца на дзеянне: кіраўніцтва кампаніі выказвае гатоўнасць засяродзіцца на распрацоўцы прадукту, закупках, вытворчасці, продажы і абслугоўванні. Потым у кампаніі ствараецца каманда па рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці. Яна правядзе першапачатковую ацэнку, якая выявіць неэфектыўнасць і страты і дазволіць вызначыць прыярытэты для далейшых дзеянняў.
  • «Выконвай» – ацэнка: праводзіцца дэталёвая ацэнка найбольш істотных рэсурсных плыняў з пункту гледжання выдаткаў і ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Праектаванне на аснове экалагічных прынцыпаў дапаможа знайсці аптымальныя варыянты рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці (выбар зыходных матэрыялаў і адпаведнай тэхналогіі, палепшаны кантроль тэхпрацэсаў, унутраная і знешняя перапрацоўка адходаў). Пасля ацэньваецца, якія варыянты рэсурсаэфектыўнай вытворчасці можна ажыццявіць з тэхнічнага, эканамічнага і экалагічнага пункту гледжання. З улікам гэтага для кампаніі распрацоўваецца план дзеянняў.
  • «Правярай» – маніторынг: сістэма маніторынгу на аснове экалагічнай вытворчасці сочыць за ключавымі паказчыкамі эфектыўнасці і іншымі індыкатарамі, устаноўленымі на этапе ацэнкі, кантралюе выкарыстанне рэсурсаў і вызначае сапраўдны кошт адыходаў і выкідаў. Гэта дазваляе ўвесь час знаходзіць новыя магчымасці для паляпшэнняў.
  • «Дзейнічай» – устойлівая інтэграцыя з сістэмай кіравання: рыхтуецца план дзеянняў, працэдура ацэнкі і камунікацыйная стратэгія. Усё гэта забяспечыць рэалізацыю праектаў рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці з прыцягненнем розных аддзелаў кампаніі.

 

На якую падтрымку могуць разлічваць кампаніі?

Еўрапейскі Саюз падтрымлівае краіны Усходняга партнёрства ў іх пераходзе да больш «зялёнай», эфектыўнай і ўстойлівай эканомікі. У той жа час ЕС вырашае праблемы навакольнага асяроддзя і дбае пра экалагічны дабрабыт грамадзян, аказваючы тэхнічную і фінансавую дапамогу.

Рэсурсаэфектыўная і больш чыстая вытворчасць — адзін з прыярытэтных кірункаў праграмы EU4Environment. У межах EU4Environment і пры тэхнічнай падтрымцы ЮНІДА нацыянальныя партнёры па рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і ва Украіне спрыяюць пераходу кампаній на гэтыя прынцыпы. Нацыянальныя партнёры кансультуюць бізнес, праводзяць аўдыты, навучаюць экспертаў і дапамагаюць атрымаць фінансаванне на «зялёныя» праекты.

Еўрапейскі Саюз таксама фінансуе «зялёныя» інвестыцыі ў партнёрстве з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, такімі як Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Нямецкі банк развіцця KfW. Гэта робіцца ў межах ініцыятывы EU4Business, Зялёнага фонду для росту і ініцыятывы FINTECC у межах EU4Climate. У 2020 годзе Еўрапейскі Саюз даў гарантыю на суму да 100 мільёнаў еўра для падтрымкі інвестыцый ЕБРР прыкладна ў 300 мільёнаў еўра і дадатковых крэдытаў ад прыватных фінансавых устаноў на агульную суму большую за 500 мільёнаў еўра. Сярод іншага гэтая падтрымка будзе накіраваная на аднаўленне пасля COVID-19 за кошт «зялёных» інвестыцый, у тым ліку ў краінах Усходняга партнёрства.

Даведацца падрабязнасці можна ў інструкцыі для прадпрыемстваў, як атрымаць фінансаванне на рэсурсаэфектыўную і больш чыстую вытворчасць.

Як я магу выкарыстоўваць «зялёныя» тэхналогіі ў Беларусі?

Вам варта звязацца з Нацыянальным цэнтрам рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці ў Беларусі – нацыянальным партнёрам фінансаванай Еўрапейскім Саюзам ініцыятывы EU4Environment. Цэнтр дапамагае прадпрыемствам скараціць страты рэсурсаў і энергіі і знізіць выдаткі на вытворчасць тавараў або аказанне паслуг. Цэнтр таксама прапануе адукацыйныя праграмы і навучальныя курсы па розных пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці. Акрамя таго, ён праводзіць карпаратыўнае навучанне для кампаній, якія жадаюць даведацца больш пра эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў (вады, сыравіны, энергіі) і перапрацоўцы. Цэнтр дапамагае праводзіць аўдыт эфектыўнага выкарыстання матэрыялаў, спажывання энергіі і выпрацоўкі адыходаў. Ён таксама распрацоўвае прапановы, як павысіць рэсурсаэфектыўнасць, і дапамагае прадпрыемствам прыцягнуць інвестыцыі ў праекты рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці.

Клубы рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці, створаныя ў межах EU4Environment, ужо дзейнічаюць у Мінску, Маладзечне, Слуцку, Вілейцы, Барысаве і Оршы. Яны кансультуюць мясцовыя прадпрыемствы і дапамагаюць практычна.

Тут можна даведацца пра некаторыя паспяховыя праекты ў Беларусі, у тым ліку прадпрыемтва па вытворчасці харчовай прадукцыі, дарожнага рамонтна-будаўнічага прадпрыемства і прадпрыемства па разліве бутэляванай вады.

Убудаваць

Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам B&S Europe.

Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных.
© Еўрапейскі Саюз,