Звярніце ўвагу: 17 бясплатных магчымасцяў для моладзі Беларусі

18 лістапада, 2022
У адказ на рэпрэсіі і гвалт з боку дзяржавы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ЕС павялічыў адрасную дапамогу грамадзянскай супольнасці, у тым ліку моладзі. Быў прыняты пакет дапамогі ў памеры 24 мільёнаў еўра, які скіраваны непасрэдна да людзей Беларусі, у прыватнасці грамадзянскай супольнасці, моладзі і малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Нягледзечы на тое, што ўлады Беларусі прыпынілі свой удзел ва Усходнім партнёрстве, а ЕС паступова ўводзіў абмежавальныя меры супраць Беларусі, для маладых беларусаў застаецца шэраг магчымасцяў, як унутры краіны, так і за мяжой.

  • Калі вы студэнт
  • Для актывістаў грамадзянскай супольнасці, маладых лідараў і валанцёраў
  • Калі вы ўсё яшчэ вучыцеся ў школе
  • Стажыроўкі і трэнінгі
  • Для маладых спецыялістаў
Картка %1 з %2

Калі вы студэнт

Erasmus+

ЕС прапануе шырокі спектр магчымасцяў для навучання па праграме Erasmus+, у тым ліку абмен студэнтамі з еўрапейскімі універсітэтамі на ўзроўні бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры – абмен адбываецца ў рамках праграмы, па якой вы навучаецеся, і могуць доўжыцца ад аднаго семестру да аднаго году. Праграма пакрывае вашы выдаткі на навучанне і пражыванне! Можна таксама падаць заяўку на стыпендыю Erasmus+ для атрымання ступені магістра ў вядучых еўрапейскіх універсітэтах.

Для ўдзелу ў праграме абменаў, трэба звярнуцца ў аддзел міжнародных сувязяў у сваім універсітэце – там раскажуць, якія ёсць магчымасці па вашай спецыяльнасці, і дапамогуць падаць заяўку.

Для атрымання ступені магістра вам неабходна азнаёміцца з каталогам сумесных магістарскіх ступеняў Erasmus Mundus, у якім пералічаныя курсы, якія прапануюць стыпендыі Erasmus у наступным навучальным годзе (на дадзены момант у спісе 163 курсы), потым скантактавацца з адпаведным універсітэтам, каб падаць заяўку на курс і стыпендыю.

Стыпендыі Каледжа Еўропы

Каледж Еўропы прапануе вялікую колькасць стыпендыяў выпускнікам універсітэтаў з Беларусі і іншых краінаў Еўрапейскай палітыкі добрасуседства для навучання ў магістратуры. Стыпендыі таксама даступныя для студэнтаў з краінаў Усходняга партнёрства, што фінансуюцца праграмай EU4Youth. Прыём заявак на 2023/2024 навучальны год пачнецца ў кастрычніку 2022 году і завершыцца ў сярэдзіне студзеня 2023 году. Можаце папярэдне зарэгістравацца прама зараз на coleuropenatolin.eu, каб атрымліваць напамін пра пачатак набору заявак.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ)

Заснаваны ў 1992 годзе ў Мінску і перанесены ў 2005 годзе ў Вільню, ЕГУ – гэта ўніверсітэт, мэтай якога з’яўляецца ўмацаванне грамадзянскай супольнасці праз гуманітарныя і сацыяльныя навукі. Ён арыентаваны на студэнтаў з Беларусі і рэгіёну,  большасць курсаў выкладаецца на беларускай ці рускай мовах. Гранты ЕС, якія пакрываюць 50% або 100% кошту навучання, выдзяляюцца на падставе партфоліа студэнта, дзе адлюстроўваюцца акадэмічныя, грамадскія і творчыя дасягненні. Надзвычайны фонд ЕГУ падтрымлівае студэнтаў, якія па палітычных матывах былі адлічаныя ці не могуць вучыцца ва ўніверсітэтах Беларусі. Даведацца больш.

EU4Belarus – SALT (Падтрымка далейшай адукацыі і навучання)

Гэтая праграма прапанавала фінансавую падтрымку анлайн-курсаў, курсаў павышэння кваліфікацыі або міжнародных экзаменаў для рэпрэсаваных беларусаў або якія знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсіяў, а таксама стыпендыі для беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Польшчы, Чэхіі, Літвы і Латвіі. Абодва конкурсы на дадзены момант зачыненыя, але прыём новых заявак на атрыманне стыпендыяў будзе адкрыты ў 2023 годзе. У 2021 годзе ў рамках праграмы было выдзелена 160 стыпендыяў, а яшчэ 40 павінны былі быць размеркаваныя ў 2022 годзе. Націсніце тут, каб даведацца пра любыя дадатковыя магчымасці ў рамках гэтай праграмы.

Вольны Беларускі Ўніверсітэт

Вольны Беларускі Ўніверсітэт і Фонд міжнароднай салідарнасці (Польшча) пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюзу запусцілі адукацыйны праект для беларусаў, які прапануе доступ да незалежных высакаякасных адукацыйных еўрапейскіх праграмаў. На працягу наступных двух гадоў 13 бясплатных курсаў будуць даступныя для беларусаў, зацікаўленых у павышэнні сваёй прафесійнай кваліфікацыі або атрыманні дадатковай інфармацыі пра дэмакратычныя рэформы. Большасць курсаў будуць праводзіцца анлайн і кожны курс будзе пацверджаны і сертыфікаваны прызнанай еўрапейскай установай. Восеньскі семестр 2022 года складаецца з трох курсаў: міні-магістр дзяржаўнага кіравання (MPA), міні-МВА і праграмы “Лідары пераменаў”. Націсніце тут, каб даведацца больш або падпісвайцеся на ВБЎ у Facebook, Telegram, Instagram і Linkedin.

Паслы еўрапейскай моладзі

Ініцыятыва Паслы еўрапейскай моладзі (YEAs) – гэта непалітычная, добраахвотная, дынамічная камунікацыйная сетка, якая яднае маладых людзей з Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Рэспублікі Малдова, Украіны, а таксама дзяржаваў-членаў ЕС і Злучанага Каралеўства. Мэта сеткі – павышэнне абазнанасці пра супрацоўніцтва ЕС з усходнімі краінамі-партнёрамі, дэманстрацыя адчувальных вынікаў гэтага супрацоўніцтва, садзейнічанне палітычнаму дыялогу па розных тэмах. На дадзены момант налічваецца больш за 500 актыўных Паслоў еўрапейскай моладзі, якія прадстаўляюць больш за 34 розных нацыянальнасцяў.  Сетка адкрытая для маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў, зацікаўленых у публічнай дыпламатыі і інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці. На дадзены момант у Беларусі няма ніякіх мерапрыемстваў, але маладыя беларусы, што пакінулі краіну, актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці ў рамках сеткі ў суседніх ці іншых краінах ЕС. Заяўкі прымаюцца кожны год, звычайна восенню.

Для актывістаў грамадзянскай супольнасці, маладых лідараў і валанцёраў

Моладзевыя абмены ў рамках Erasmus+

Erasmus+ не толькі для студэнтаў. Сапраўды, у апошнія гады тысячы маладых людзей і моладзевых работнікаў з Беларусі ўзялі ўдзел у сумесных моладзевых праектах Erasmus+ (абмены, трэнінгі, палітычныя дэбаты, валанцёрства). Моладзевыя абмены Erasmus+ адкрытыя для ўсіх ва ўзросце ад 13 да 30 гадоў. Працягласць такога абмену ад 5 да 21 дня. Гэтыя абмены адбываюцца праз моладзевыя арганізацыі, падаць заяўку непасрэдна як прыватная асоба нельга. Каб даведацца больш, кантактуйце з моладзевым Інфармацыйным цэнтрам Erasmus+ Моладзь у Беларусі: старонка ў Facebook, тэлефон 375 33 325-86-54, электронная пошта info.belarus@salto-youth.net.

Еўрапейскі корпус салідарнасці

Адзін са спосабаў атрымаць досвед за мяжой – стаць валанцёрам у рамках Еўрапейскага корпусу салідарнасці, дзе для маладых беларусаў адкрыта мноства магчымасцяў. Гэта ўнікальны спосаб пазнаёміцца з рознымі культурамі і завесці новых сяброў, а таксама дапамагчы іншым і навучыцца новаму. У праграме могуць удзельнічаць маладыя людзі ад 17 да 30 гадоў, праграмы доўжацца ад двух тыдняў да 12 месяцаў. Валанцёрскія праекты могуць ажыццяўляцца ў любым пункце ЕС або яго краін-партнёраў і ў такіх разнастайных сферах, як культура, моладзь, спорт, дзеці, культурная спадчына, мастацтва, абарона жывёлаў або навакольнага асяроддзя. Даведацца, як падаць заяўку, і азнаёміцца з сотнямі прапановаў можна на партале Корпусу еўрапейскай салідарнасці.

Стыпендыі Грамадзянскай супольнасці

ЕС падтрымлівае маладых лідараў і актывістаў грамадзянскай супольнасці з Беларусі і краінаў Усходняга партнёрства ў рамках Стыпендыяльнай праграмы для грамадзянскай супольнасці УП. Кожны год праграма дапамагае 20 актывістам грамадзянскай супольнасці ў іх намаганнях ажыццявіць пазітыўныя сацыяльныя змены ў сваіх супольнасцях, прапаноўваючы індывідуальнае навучанне, гранты ў памеры 5000 еўра і магчымасці пашыраць кола кантактаў і далучацца да сетак. Падрабязную інфармацыю пра ўсіх стыпендыятаў праграмы ад самога яе пачатку ў 2017 годзе і сферах іх інтарэсаў можна знайсці тут. Заяўкі, прыём якіх на дадзены момант адкрыты да 15 кастрычніка, звычайна прымаюцца кожны год восенню. Сачыце за абнаўленнямі тут.

Social Camp

Social Camp -–гэта адукацыйны і ментарскі праект для беларусаў, якія пражываюць як у Беларусі, так і за мяжой. У перыяд з кастрычніка 2022 па кастрычнік 2024 году праект прапануе адукацыйныя анлайн-праграмы (на розныя тэмы: ад крытычнага мыслення да сацыяльнага прадпрымальніцтва, адвакатавання і мастацтва вядзення перамоваў), што падзеленыя на блокі тэорыі, навыкаў і практыкі, ментарства і суб-грантынгу ў памеры ад 5000 да 20 000 еўра для ідэяў, скіраваных на развіццё мясцовых супольнасцяў. Больш падрабязная інфармацыя пра магчымасці знаходзіцца на вэб-старонцы праекту ww.socialcamp.org .

Выпускнікі EU4Youth

Сетка выпускнікоў EU4Youth аб’ядноўвае маладых бенефіцыяраў (ва ўзросце 18-30 гадоў) праграмы Erasmus+ для моладзі і Корпусу еўрапейскай салідарнасці, грантавых праектаў EU4Youth, сеткі Паслоў еўрапейскай моладзі, а таксама іншых рэгіянальных праграмаў, арыентаваных на моладзь па ўсім Усходнім партнёрстве. Сетка прапануе выпускнікам магчымасць камунікавання з малазабяспечанымі маладымі людзьмі ў Беларусі і падтрымліваць іх у тым, каб яны сталі больш актыўнымі ў сваіх супольнасцях і актыўна ўдзельнічалі ў праграмах мабільнасці ЕС. Заяўкі прымаюцца адзін раз на год, звычайна восенню, і ад кожнай краіны выбіраецца да 15 выпускнікоў для ўдзелу ў праграме на працягу 10 месяцаў.

Калі вы ўсё яшчэ вучыцеся ў школе

Моладзевыя абмены ў рамках Erasmus+

Erasmus+ прызначаны не толькі для студэнтаў: праграма таксама прапануе моладзевыя абмены, якія яны адкрытыя для ўсіх ва ўзросце ад 13 да 30 гадоў. Тыпы дзейнасці: семінары, практыкаванні, дэбаты, ролевыя гульні, імпрэзы на свежым паветры і шмат іншага. Гэтыя абмены адбываюцца праз моладзевыя арганізацыі, падаць заяўку непасрэдна як прыватная асоба нельга. Каб даведацца больш, кантактуйце з моладзевым Інфармацыйным цэнтрам Erasmus+ Моладзь у Беларусі: старонка ў Facebook, тэлефон 375 33 325-86-54, электронная пошта info.belarus@salto-youth.net.

Еўрапейская школа Усходняга партнёрства:

Еўрапейская школа Усходняга партнёрства у Тбілісі прапануе двухгадовую праграму міжнароднага бакалаўрыяту (IB) для навучэнцаў з усіх шасці краінаў УП, у тым ліку і Беларусі, з поўнай стыпендыяй, якая выплачваецца Еўрапейскім саюзам і пакрывае кошт навучання, пражыванне і паездкі дадому на вакацыі. Але колькасць месцаў абмежаваная – усяго 35 на год – – таму вы павінны адпавядаць пэўным умовам і прайсці конкурс, каб падаць заяўку. Ад моманту запуску праграмы ў 2018 годзе 145 навучэнцаў атрымалі стыпендыі, скончылі школу з дыпломам IB і працягнулі навучанне ў вядучых універсітэтах па ўсім свеце. Наступная група навучэнцаў будзе набірацца для ўдзелу ў праграме IB 2023-2025 гадоў.

Паслы еўрапейскай моладзі

Ініцыятыва Паслы еўрапейскай моладзі (YEAs) адкрытая для маладых людзей ва ўзросце ад 16 гадоў. Таму, калі вас цікавіць аб’яднаная Еўропа і яе каштоўнасці, вы хочаце набыць новыя навыкі і завесці новых сяброў, падавайце заяўку, каб далучыцца да гэтай сеткі, якая аб’ядноўвае больш за 500 маладых людзей з краінаў Усходняга партнёрства і ЕС. На дадзены момант у Беларусі няма ніякіх мерапрыемстваў, але маладыя беларусы, што пакінулі краіну, актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці ў рамках сеткі ў суседніх ці іншых краінах ЕС. Звярніце ўвагу, што кандыдаты ва ўзросце 16-17 гадоў могуць удзельнічаць толькі ў анлайн-мерапрыемствах і мясцовых імпрэзах у сваіх краінах, а не за мяжой. Заяўкі прымаюцца кожны год, звычайна восенню.

Стажыроўкі і трэнінгі

Стажыроўкі Эразмус+

Erasmus+ падтрымлівае часовае працаўладкаванне і стажыроўкі за мяжой для бакалаўраў, магістраў і дактарантаў, а таксама нядаўніх выпускнікоў (на працягу аднаго году пасля заканчэння навучання). Але стажыроўка павінна адпавядаць ступені адукацыі і па магчымасці быць часткай навучальнай праграмы. Пра магчымасці працаўладкавання і стажыровак варта ўдакладняць праз універсітэт, у якім праходзіць навучанне. Стажыроўка можа доўжыцца ад двух да дванаццаці месяцаў, пры гэтым грант Erasmus+ пакрывае расходы.

Праграма стажыровак “Сіняя кніга”

Двойчы на год ЕС прапануе пяцімесячныя аплатныя стажыроўкі ў Еўрапейскай камісіі, яе службах і агенцтвах, у асноўным у Бруселі, але таксама ў Люксембургу і іншых краінах Еўрапейскага саюзу. Конкурс у асноўным прызначаны для грамадзянаў ЕС, але абмежаваную колькасць месцаў таксама выдзяляецца для грамадзянаў краін, якія не ўваходзяць у ЕС. Можна падаваць заяўку, калі вы выпускнік ВНУ любой спецыяльнасці, маеце ніякі або меншы за 6 тыдняў досвед працы ў інстытуце, органе, агенцтве або прадстаўніцтве ЕС і вельмі добра валодаеце англійскай, нямецкай ці французскай мовамі. Даведацца больш.

Стажыроўка ім. Рабэра Шумана ў Еўрапейскім парламенце

Двойчы на год Еўрапейскі парламент прапануе розныя стажыроўкі ў сваім Сакратарыяце, у тым ліку для заяўнікаў з-за межаў Еўрапейскага саюзу. Стажыроўка магчымая тэрмінам на пяць месяцаў і адкрытая для ўсіх асобаў старэй за 18 гадоў, якія маюць дыплом універсітэцкага ўзроўню. Мэта стажыровак ім. Р. Шумана – спрыяць еўрапейскай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы ўдзельнікаў, а таксама палепшыць разуменне працы Еўрапейскага парламенту. Апошні тэрмін падачы заявак – канец траўня і кастрычніка штогод. Націсніце тут, каб даведацца больш.

Для маладых спецыялістаў

Women in Tech

Праграма “Women in Tech” мае на мэце падтрымку беларускіх жанчынаў у сферы інфармацыйных тэхналогіяў, заахвочванне навуковых даследаванняў і садзейнічанне гендарнай роўнасці ў гэтай галіне. Пры падтрымцы ЕС праект прапануе анлайн-курсы і магчымасці займацца даследаваннямі для беларускіх жанчынаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Прыклад – бясплатная трохмесячная праграма “Login to Tech” для жанчынаў, якія хочуць пачаць кар’еру ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў, але не ведаюць, з чаго пачаць. Неўзабаве таксама будзе абвешчаны набор на іншыя ІТ-курсы і праграмы.

EU4Youth

Праграма EU4Youth неўзабаве запусціць серыю праектаў, накіраваных на развіццё лічбавых навыкаў у моладзі, асабліва з уразлівых і абяздоленых групаў, а таксама на развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва і навыкаў кіравання кар’ерай, звязаных з прасоўваннем моладзевага прадпрымальніцтва ў зялёнай і лічбавай эканоміцы. У рамках папярэдняга пакету праектаў EU4Youth дзясяткі школаў Беларусі ўзялі ўдзел у праекце “Школьны сад“, у рамках якога таксама былі створаныя бізнес-інкубатары для навучання моладзі сучаснай сельскай гаспадарцы ў дэпрэсіўных сельскіх раёнах. Сотні маладых беларусаў прайшлі навучанне і атрымалі адпаведныя матэрыялы. Сачыце за старонкай EU4Youth, каб быць у курсе новых абвестак.

Убудаваць
The recommended iFrame size is 100% width and 750px height


Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам B&S Europe.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,