Дзеючая праграма Усходняга партнёрства «20 вынікаў да 2020 года» падыходзіць да канца. Зараз неабходна выпрацаваць новыя прынцыпы сумеснай працы. З чэрвеня мінулага года Еўрапейская камісія праводзіла публічныя кансультацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, урада, бізнесу і медыя з краін Усходняга партнёрства, каб сумесна сфармаваць доўгатэрміновыя палітычныя мэты.
У выніку гэтых кансультацый сумесна быў створаны праект новай палітыкі Усходняга партнёрства. Новая палітыка скіраваная на паляпшэнне жыцця грамадзян і ўстойлівае развіццё краін-партнёраў. Палітыка таксама закліканая ўмацаваць пазіцыі Еўрапейскага cаюза ў свеце.
Пра Усходняе партнёрства і яго мэты чытайце ў картках.
У цэлым і ЕС і краіны-партнёры задаволеныя вынікамі сумеснай працы за апошнія 10 гадоў. У новай палітыцы вылучана пяць асноўных напрамкаў, якія дапамогуць партнёрству лепш адказваць выклікам часу і больш арыентавацца на звычайных грамадзян.
У новай палітыцы навакольнае асяроддзе і лічбавізацыя сталі прыярытэтнымі напрамкамі. Яна таксама будзе прасоўваць гендарную роўнасць, стварэнне працоўных месцаў і эканамічных магчымасцей, у прыватнасці для моладзі.
Адзін з асноўных напрамкаў палітыкі — павышэнне ўстойлівасці. На практыцы гэта азначае падтрымку рэформ па мадэрнізацыі эканомікі, развіцці дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і ахове навакольнага асяроддзя, якія дазволяць атрымаць доўгатэрміновы эфект і будуць спрыяць стабільнаму развіццю краін і іх бяспекі.
У сферы эканомікі ЕС прапануе паглыбіць эканамічную інтэграцыю, а таксама павялічыць аб’ём гандлю, які за апошняе дзесяцігоддзе ўжо павялічыўся амаль удвая. ЕС будзе і далей падтрымліваць рэалізацыю Пагаднення аб свабодным гандлі (DCFTA) з Украінай, Грузіяй і Малдовай, а таксама пашыраць супрацоўніцтва з краінамі, якія не ўваходзяць у DCFTA, напрыклад, праз галіновыя пагадненні.
Адзін з галоўных напрамкаў сумеснай працы — развіццё цыркулярнай, «зялёнай» эканомікі, барацьба са змяненнем клімату. ЕС дапаможа краінам-партнёрам мадэрнізаваць вытворчасць, знізіць вугляродныя выкіды, выканаць свае абавязацельствы па Парыжскім пагадненні.
ЕС будзе інвеставаць у лічбавую трансфармацыю краін-партнёраў і іх інтэграцыю ў Адзіны лічбавы рынак ЕС. Сярод самых чаканых вынікаў у гэтай сферы — зніжэнне коштаў на роўмінг, пашырэнне інфраструктуры шырокапалоснай сувязі і доступу да Інтэрнэту, зручныя сістэмы электроннага кіравання.
Дэмакратыя, вяршэнства закона і правы чалавека — неабходныя ўмовы для функцыянавання рынкавай эканомікі, прыцягнення інвестыцый і ўстойлівага развіцця.
ЕС і ўрады краін-партнёраў працягнуць сумесную працу па барацьбе з карупцыяй, па забеспячэнні незалежнасці і бесстароннасці сістэмы правасуддзя, а таксама па паляпшэнні дзяржаўнага кіравання. ЕС будзе падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, незалежныя сродкі масавай інфармацыі і маніторыць ход рэформ у галіне вяршэнства права. Сур’ёзная затрымка ці нават рэгрэс рэформ у гэтай сферы прывядуць да скарачэння фінансавання ЕС.
ЕС распрацаваў стратэгію для барацьбы з дэзынфармацыяй, накіраванай супраць еўрапейскіх каштоўнасцей. Будзе больш камунікацыі аб пазітыўных выніках супрацоўніцтва ЕС і краін-партнёраў, працы з моладдзю і навучальных праграм па супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам.
ЕС будзе аказваць падтрымку краінам-партнёрам у галіне аховы здароўя — мадэрнізаваць медыцынскія ўстановы, укараняць электронныя сістэмы, навучаць медыцынскі персанал, рабіць медыцынскую дапамогу даступнай для ўсіх. Гэта дапаможа больш эфектыўна лячыць інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні, у тым ліку і каранавірус (COVID-19).
ЕС таксама працуе над змякчэннем сацыяльна-эканамічных наступстваў крызісу.
Новая палітыка павінна быць адобрана ў ходзе Саміту Усходняга партнёрства, у якім прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. У другім паўгоддзі пасля далейшых перамоў з ключавымі зацікаўленымі бакамі Еўрапейская камісія і Еўрапейская служба знешніх сувязей прапануюць спіс рэалістычных задач і чаканых вынікаў супрацоўніцтва.
Канкрэтная сума інвестыцый будзе вядомая пасля адабрэння ЕС Шматгадовай праграмы фінансавання.
Апошнія 10 гадоў Усходняе партнёрства развівалася на аснове агульных каштоўнасцей, узаемных інтарэсаў і абавязацельстваў, а таксама сумеснай адказнасці. Гэтае стратэгічнае партнёрства ўмацавалася і атрымала развіццё дзякуючы важным пагадненням аб асацыяцыі і свабодным гандлі, аб пашыраным партнёрстве, спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі і іншых. Кансультацыі, праведзеныя ў 2019 годзе, паказалі, што Усходняе партнёрства прыносіць пазітыўныя вынікі грамадзянам Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Сярод пазітыўных зрухаў у рамках праграмы «20 вынікаў да 2020 года» — прагрэс ва ўмацаванні эканомікі, грамадства і сувязей паміж шасцю краінамі і ЕС.
За апошняе дзесяцігоддзе тавараабарот паміж ЕС і краінамі-партнёрамі павялічыўся амаль у два разы. ЕС з’яўляецца гандлёвым партнёрам нумар адзін для Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны, другім – для Арменіі і Беларусі. Больш за 125 тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў у шасці краінах скарысталіся фінансаваннем ЕС, забяспечыўшы 250 тысяч людзей працай. Толькі ў 2018 годзе 7250 кампаній, узначаленых жанчынамі, атрымалі больш за 60 млн еўра на развіццё свайго бізнесу.
Для паляпшэння транспартных зносін было выдзелена 20 млн еўра на пашырэнне еўрапейскай сеткі TEN-T, што дазволіць да 2030 года пабудаваць і адрамантаваць 4800 км аўтамабільных дарог і чыгункі.
Новыя муніцыпальныя аўтобусныя аўтапаркі, энергаэфектыўныя жылыя дамы і рэформы сістэм цэнтральнага ацяплення – вынікі працы Фонду E5P па энергаэфектыўнасці і экалогіі, які прадаставіў больш за 150 млн еўра ў выглядзе інвестыцыйных грантаў. Яны дапамаглі палепшыць жыццё 8 млн чалавек.
Усходняе партнёрства таксама прыносіць карысць моладзі і навукоўцам-даследчыкам: 23 тысячы маладых людзей атрымалі гранты ад EU4Youth і дапамогу ў працаўладкаванні, а 915 даследчыкаў з шасці краін атрымалі фінансаванне на навуковую дзейнасць ад фонду Марыі Кюры.
З 2016 года дзякуючы праграме Erasmus+ 32 тысячы студэнтаў і выкладчыкаў прынялі ўдзел у акадэмічных абменах, а 46 тысяч — у іншых моладзевых праграмах па абмене, уключаючы валанцёрскія.
Дасягнутыя некаторыя поспехі ў паляпшэнні якасці кіравання, аднак яшчэ трэба будзе шмат зрабіць у сферы барацьбы з карупцыяй, забеспячэння вяршэнства закона, умацавання незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасці.
Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?
Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам B&S Europe.
Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,