Стартапы Усходняга партнёрства паказалі на ClimateLaunchpad інавацыі ў сферы чыстых тэхналогій
24 красавіка, 2020

Стартапы Усходняга партнёрства паказалі на ClimateLaunchpad інавацыі ў сферы чыстых тэхналогій


14 і 15 лістапада ў Амстэрдаме, Нідэрланды, адбыўся Глабальны фінал 2019 года найбуйнейшага ў свеце конкурсу ідэй для «зялёнага» бізнесу. Конкурс, вядомы як  ClimateLaunchpad, падтрымлівае ЕС. Яго мэта — вылучыць кампаніі з найбольшым патэнцыялам для барацьбы з глабальным кліматычным крызісам праз свае энергаэферкыўныя рашэнні.

Падгузнікі ў якасці паліва

Сёлета была прадстаўлена рэкордная колькасць прадпрымальнікаў: 2 601 заявак на ўдзел у нацыянальных конкурсах у 53 краінах. Затым колькасць стартапаў скарацілі да 131. У Амстэрдаме кожны з іх прадстаўляла як мінімум 2 чалавекі.

Абсалютным пераможцам конкурсу ў гэтым годзе быў абвешчаны кенійскі стартап  Leafy Ke, які працуе над атрыманнем чыстага паліва. Іх інавацыя — ужыванне выкарыстаных падгузнікаў у якасці паліва ў хатніх умовах. 

Акрамя таго, бачнае месца занялі ідэі з некалькіх краін Усходняга партнёрства. Украінскі стартап выйшаў у фінал, а значыць, быў прызнаны адным з 16-ці найлепшых стартапаў у свеце ў вобласці чыстых тэхналогій.

CO2  для паскарэння росту раслін

Заснаваны ў сакавіку гэтага года, Кіеўскі стартап Carbominer прапануе рашэнне для ўлоўлівання вуглякіслага газу, каб задаволіць патрэбы аператараў цяпліц у танным і экалагічна чыстым CO2.

«Як бацька пяцярых дзяцей, я быў занепакоены пытаннем патэнцыйнага росту алергій у сучаснага насельніцтва ў сувязі з павышэннем канцэнтрацыі CO2. Я інжынер, падзяліўся з жонкай ідэяй стварыць невялікае прыстасаванне, якое б улоўлівала вуглярод у спальні нашых дзяцей, каб зменшыць колькасць вуглякіслага газу, які яны ўдыхаюць. Першы прататып пацвердзіў канцэпцыю, і неўзабаве мы пачалі думаць, як нашу тэхналогію захопу можна выкарыстаць іншымі спосабамі», — кажа генеральны дырэктар Carbominer Нік Асейка.

  • ClimateLaunchpad, Amsterdam
  • Kenyan startup “Leafy Ke”
  • ClimateLaunchpad, Amsterdam

Ідэя распрацоўкі аналагічнай устаноўкі для ўлоўлівання CO2 для раслінаводства паўстала неўзабаве пасля стварэння Carbominer.

Нік, яго дачка Віка і дзелавы партнёр Майкл ўжо распрацавалі прататып — меншы па памеры, партатыўны і, што немалаважна, нашмат таннейшы за прылады канкурэнтаў. Некалькі украінскіх цяпліц ужо праявілі зацікаўленасць набыць у Carbominer прыладу, каб улоўліваць CO2. Гэта можа паскорыць рост раслін на 30-40% і значна павялічыць даход прадпрыемстваў.

Партнёры плануюць распрацаваць прататып прамысловага маштабу да сакавіка наступнага года. Сачыце за навінамі.

Іншыя стартапы з краін Усходняга партнёрства, якія звярнулі на сябе ўвагу

Яшчэ адзін стартап, які прадставілі ў Амстэрдаме — малдаўская Nida. Каманда выступіла з інавацыйнай ідэяй вытворчасці аднаразовых кубкаў і талерак з макухі — адходаў з вінаграду.

  • Ukrainian startup “Carbominer”

«Малдова з’яўляецца адной з вядучых краін-вытворцаў віна ў свеце, але большая частка адходаў ад вінаграду выкідваецца на палі. Наша ідэя заключаецца ў тым, каб рабіць кубкі і талеркі з гэтых адходаў, а затым прадаваць іх у кавярні», — кажа Даніэла Лука, спецыяліст Nida па развіцці бізнесу.

Інавацыйная ідэя ад Nida уражвае, яна можа дапамагчы вырашыць адну з асноўных глабальных праблем — нашу залежнасць ад пластыку і празмернае яго выкарыстанне.

Ловячы вецер

Тым часам, азербайджанскі стартап Airflec, распрацоўвае разумную прыладу, якую размяшчаюць на багажніку аўтамабіля. Калі аўтамабіль рухаецца, прылада ловіць вецер і генеруе дадатковую электрычнасць. Гэтая дадатковая энергія павялічвае дальнасць руху да 10% і скарачае час зарадкі.

«Прылада не замінае аэрадынаміцы аўтамабіля, і калі кіроўца адпускае педаль газу, яна фактычна спрыяе зніжэнню хуткасці. Нават калі аўтамабіль прыпаркаваны, прылада ўлоўлівае любы вецер, генеруючы дадатковую электраэнергію», — кажа генеральны дырэктар і сузаснавальнік Airflec Айдан Гадзірзадэ.

  • Startup from Moldova, Nida
  • Aydan Gadirzade, Azerbaijani startup “Airflec”

Канчатковы прадукт, гатовы да камерцыялізацыі, з’явіцца ў наступным годзе пасля завяршэння эксперыментаў у аэрадынамічнай трубе.

Разумная і чыстая сістэма

Для нармальнага функцыянавання сонечныя панэлі трэба рэгулярна ачышчаць. Грузінская кампанія Irnero распрацавала недарагую разумную сістэму самаачысткі для сонечных панэлей, якая працуе без удзелу чалавека. Сістэму можна ўсталяваць на любых сонечных панэлях, ёй можна кіраваць пры дапамозе мабільнага дадатку.

«Наша інавацыя ідэальна падыходзіць для выкарыстання ў цяжкадаступных месцах, якія складана чысціць. Інтэлектуальная электронная сістэма выяўляе, калі панэль забруджаная, і аўтаматычна ачышчаецца. Гэта пазбаўляе ад неабходнасці дорага плаціць за працу каманды спецыялістаў, каб яны прыйшлі і ачысцілі панэлі», — тлумачыць заснавальнік Irnero Лука Патчкорыя.

Irnero ўжо мае пагадненне аб супрацоўніцтве з найбуйнейшым вытворцам сонечных панэлей у рэгіёне і неўзабаве прыступіць да масавай вытворчасці.

Біявадарод з адходаў

Нарэшце, кампанія з Арменіі распрацавала метад атрымання біявадароду з рэштак віна, кавы і піва. Канечны прадукт не забруджвае навакольнае асяроддзе і з’яўляецца ўзнаўляльнай крыніцай энергіі. У параўнанні з іншымі працэсамі вытворчасці біявадароду, дадзеная тэхналогія на 100% заснаваная на адходах, і няма неабходнасці ў высокіх тэмпературах падчас вытворчасці.

Ці можаце ў наступным годзе на іх месцы быць вы?

Праграма ClimateLaunchpad складаецца з чатырох этапаў: вучэбны лагер, інтэнсіўны трэнінг, нацыянальны фінал і глабальны гранд-фінал. Прадпрымальнікі або стартапы могуць падаць заяўку ў сваёй краіне. Ад кожнай краіны выбіраецца не менш за сем інавацый. Затым яны наведваюць двухдзённы навучальны лагер, за якім ідзе шэсць інтэнсіўных сесій коўчынгу для ўдасканалення прэзентацыі і бізнес-мадэлі. Сесіі праводзяцца прыкладна ў 70 месцах па ўсім свеце. У іх прымаюць удзел трэнеры-члены супольнасці з арганізацыі EIT Climate-KIC, якая стаіць за ClimateLaunchpad і падтрымліваецца ЕС.

  • Luka Patchkoria, Georgian startup “Irnero”

Пасля гэтага каманды гатовыя выступіць перад журы ў нацыянальным фінале. Нарэшце, пераможцы кожнага нацыянальнага фіналу атрымліваюць магчымасць спаборнічаць у глабальным гранд-фінале, які кожны год праводзіцца ў новым месцы.

Вырашэнне праблем

Адным з трэнераў ClimateLaunchpad з’яўляецца сп. Рон Блумерс, які мае 25-гадовы практычны досвед працы з экалагічна чыстымі тэхналогіямі, аднаўляльнымі крыніцамі энергіі і стартапамі.

«Падчас ClimateLaunchpad мы звычайна сустракаемся з двума сузаснавальнікамі, якія маюць ідэю. Мы даем ім падмурак для таго, каб ператварыць свае ідэі ў стартапы, і вучым асновам прадпрымальніцтва», — кажа ён.

У Блумерса таксама ёсць некалькі парад для прадпрымальнікаў у сферы чыстых тэхналогій, якія толькі пачынаюць свой шлях. «На працягу першых двух гадоў вы будзеце пастаянна сутыкацца з новымі праблемамі — гэта дадзенасць. Поспех залежыць ад таго, наколькі хутка вы зможаце вырашыць гэтыя праблемы».

Пераможцы Глабальнага фіналу атрымалі грашовыя прызы, а ўсе фіналісты, уключаючы Carbominer, стануць удзельнікамі праграмы-акселератара EIT Climate-KIC для прадпрымальнікаў у сферы чыстых тэхналогій.

Крок за крокам

Прадпрымальнік у сферы чыстых тэхналогій Франс Наўта заснаваў ClimateLaunchpad ў 2014 годзе. Яго мантра была простая: калі вы хочаце вырашыць складаную праблему, дайце яе прадпрымальнікам і вырашайце яе паэтапна. Адсюль паўстаў дэвіз ClimateLaunchpad — «вырашаць праблему змянення клімату стартап за стартапам».

  • ClimateLaunchpad, Amsterdam
  • ClimateLaunchpad, Amsterdam
  • ClimateLaunchpad, Amsterdam

Больш падрабязна аб усіх фіналістах можна даведацца тут.

Хочаце падаць заяўку? Глядзіце тут спіс нацыянальных кантактаў, якія могуць дапамагчы парадай.

Аўтар: Том О’Конэл



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,