Беларуска паступіла ў NYU. На шэсць тысяч месцаў было 100 тысяч заявак
21 чэрвеня, 2021

Беларуска паступіла ў NYU. На шэсць тысяч месцаў было 100 тысяч заявак


Аліна Мельнікава з Наваполацка паступіла ў Нью-Ёркскі ўніверсітэт (NYU). Пра шлях да вялікай мары яна распавяла Naviny.by.

Аліна Мельнікава з Наваполацка ўжо была гераіняй нашага матэрыялу ў 2020 годзе. Дзяўчына распавядала, як ёй вучыцца ў Тбіліскай школе, якая падтрымліваецца Еўрапейскім Саюзам. Навучанне ў школе ідзе па ўніверсальнай перадуніверсітэцкай праграме International Baccalaureate (IB), распрацаванай яшчэ ў 1968 годзе ў Швейцарыі, а выкладанне па IB вядзецца ў 156 краінах. Трапіла ў школу Аліна пасля сканчэння 10 класаў у Наваполацку. Адбор ішоў паўгода.

На другі год навучання істотна паўплывалі пандэмія і падзеі ў Беларусі. У Грузіі аб’яўлялі лакдаўн, дзеці траплялі то на дыстанс, то на самаізаляцыю пасля прылёту з Беларусі.

Пасля канікулаў вучняў зноў пачалі збіраць у жніўні 2020 года. Аліна распавядае, што ёй прапанавалі ляцець у Тбілісі якраз 9 жніўня, але яна адмовілася: «Я з’ехала на два тыдні пазней: хацела ўбачыць на ўласныя вочы, што адбываецца ў Беларусі».

У 2020–2021 навучальным годзе навучанне даволі доўга адбывалася анлайн – можна было або заставацца ў Грузіі, або жыць дома. Паралельна Аліна займалася паступленнем ва ўніверсітэт з прыцэлам на спецыяльнасць, звязаную з мастацтвам:

«Дзесьці ў чэрвені 2020 года я абрала для паступлення Нью-Ёркскі ўніверсітэт і пачала рыхтавацца згодна з крытэрамі для паступлення. У жніўні адкрывалася заяўка на ранняе рашэнне, і да лістапада ў мяне быў час, каб сабраць дакументы, усё запоўніць і адправіць. Ранняе рашэнне прадугледжвае, што пры станоўчым адказе ўніверсітэта нельга адмовіцца ад месца. Я зразумела, што хачу займацца мастацтвам, яшчэ ў малодшай школе, у Наваполацку хадзіла ў мастацкую школу, паглыблена вывучала гэты кірунак у Тбілісі. У Нью-Ёркскім універсітэце абрала кірунак калабарацыйнага мастацтва ў Цішаўскай школе мастацтваў. Гэта спецыяльнасць на сутыку дысцыплінаў: драматургіі, кінавытворчасці і медыя, музыказнаўства, фатаграфіі, прадзюсавання і бізнесу».

  • Alina Melnikava
  • One of Alina’s artworks

Аліна падкрэслівае, што яе хутчэй прыцягнула спецыяльнасць, чым сам Нью-Ёрк. Яна не належыць да тых, хто яго любіць завочна і вывучае анлайн. Нават пасля паступлення, кажа, часу бліжэй пазнаёміцца з горадам асабліва не было.

Кампусы Нью-Ёркскага ўніверсітэта знаходзяцца ў розных частках горада. Цішаўская школа – на Брадвеі на Манхэтэне. Гэты ўніверсітэт – альма-матар 38 нобелеўскіх лаўрэатаў у розных галінах і 26 уладальнікаў Пулітцэраўскай прэміі, 22 уладальнікаў «Оскара». Сярод іх знакамітыя рэжысёры Вудзі Ален і Марцін Скарсэзэ. Уладальніца «Оскара-2021» за фільм «Зямля качэўнікаў» Хлоя Чжаа вывучала кінавытворчасць таксама ў Цішаўскай школе мастацтваў. Слухала лекцыі ва ўніверсітэце зорка Галівуда Анджэліна Джалі. Там вучыліся прынцы, будучыя мэры і губернатары.

Аліна жартуе, што калі ўніверсітэт прымае студэнтаў, там не ведаюць, хто з іх стане будучым Вудзі Аленам:

«Універсітэт працуе з 1831 года. І такія выпускнікі, як Ален і іншыя знакамітасці, – гэта, хутчэй, сінтэз якаснага выкладання і іх асабістых імкненняў. Сёлета прыёмная камісія атрымала больш за 100 тысяч заявак на шэсць з паловай тысяч месцаў. Колькі было заявак на 40 месцаў на спецыяльнасць калабарацыйнага мастацтва ў Цішаўскай школе, я не ведаю. Гэта канфідэнцыйная інфармацыя».

У агульнай заяўцы ў NYU было неабходна прадставіць ацэнкі са школы ў Наваполацку і Міжнароднай школы ў Тбілісі, дзве рэкамендацыі ад настаўнікаў, а таксама прайсці тэст на веданне англійскай мовы. Неабходна было напісаць два эсэ — адно пра сябе, другое пра тое, чаму абрала менавіта Нью-Ёркскі ўніверсітэт. Такія эсэ пішуць усе заяўнікі – ці хочуць яны вучыцца медыцыне або мастацтву.

Калі Аліна пісала пра сябе, не закранала тэму беларускіх падзеяў: «Я зыходзіла з таго, што ў такім глабальным універсітэце ведаюць пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. З Беларусі маглі быць і іншыя заяўкі. Я вырашыла, што больш канкурэнтным будзе сфакусавацца на гісторыі майго дзяцінства, якая дапамагла мне раскрыць сябе як асобу, чым на падзеях, што так ці інакш паўплывалі на ўсіх беларусаў. Я пісала пра тое, як мы з бацькамі знайшлі ў лесе самотнае птушаня шэрай валасянкі, узялі яго дадому, і гэта напэўна дапамагло мне паглядзець на свет з іншага боку. Паколькі птушка апынулася насякомаеднай, у яе практычна не было шанцаў выжыць ва ўмовах гарадской кватэры. Але яна жыве ў нас ужо дзесяць гадоў. Я перанесла гэтую гісторыю на жыццё людзей і распавяла пра тое, што наша свабода палягае на ўменні адаптавацца да новых сітуацый і выходзіць з зоны камфорту».

У рамках заяўкі на канкрэтную спецыяльнасць калабарацыйнага мастацтва Аліна таксама прайшла інтэрв’ю, напісала яшчэ два эсэ на тэму творчых праектаў, якія яна хоча ажыццявіць з дапамогай ведаў, атрыманых ва ўніверсітэце. Адправіла рэзюмэ, маналог і здымкі сваіх мастацкіх працаў.

  • Alina with her family – photo credits: @fortunata_latushko
  • Alina in Tbilisi

У снежні ёй адказалі з прапановай месца ў спісе чакання: «Заставалася чакаць».

Аліна падала дакументы ў некалькі іншых універсітэтаў у ЗША, у некаторыя яе былі гатовыя прыняць, але прапанаваныя там спецыяльнасці, інфраструктура і якасць адукацыі, як яна лічыць, былі горшымі.

У школе ў Тбілісі ў 12-м класе было шмат тэстаў і экзаменаў, на пошукі альтэрнатыўных варыянтаў часу не заставалася. Надышоў дзень 1 красавіка. Аліна была ў Грузіі, дзе і атрымала ліст з NYU з віншаваннем і прапановай стыпендыі, якая пакрывала большую частку выдаткаў на адукацыю, пражыванне і харчаванне на тэрыторыі кампуса.

«Такія ўмовы для замежных студэнтаў – рэдкасць, – кажа Аліна. – У NYU ж стыпендыі даюць толькі на падставе заяўкі, а не матэрыяльнага становішча сям’і. Таму паступленне ў дадзены ўніверсітэт – гэта ў першую чаргу гады руплівай працы ў абранай дысцыпліне».

Зараз Аліна збірае дакументы для візы і выбірае прадметы на наступны семестр. Прыляцеўшы ў ЗША, зробіць прышчэпку ад кавіда – усіх студэнтаў будуць вакцынаваць, каб прадухіліць далейшае распаўсюджванне віруса і зрабіць іх знаходжанне ў кампусе бяспечным.

«Я не люблю мець чаканні. Усё адно нешта будзе выглядаць не так, як я сабе ўяўляю. Я не падладжваю сваё жыццё пад канкрэтную ВНУ, бо лічу, што ў першую чаргу трэба займацца тым, што табе самому цікава. Паступленне ў пэўны ўніверсітэт – гэта, хутчэй, бонус, бо кожны з нас ідзе сваім унікальным жыццёвым шляхам і мае сваё азначэнне поспеху», – кажа Аліна Мельнікава.

  • Alina during her studies in Tbilisi
  • Alina with other students of the Tbilisi European School

Ці вернецца дзяўчына ў Беларусь, «будзе залежаць ад таго, ці пашырацца тут магчымасці для людзей, якія займаюцца мастацтвам».

«У любым разе, я лічу, што магу зрабіць большы ўнёсак у паляпшэнне Беларусі, інвестуючы ў сваю адукацыю і наступныя магчымасці будаваць кар’еру ў індустрыі мастацтва», – падсумавала Аліна.

Аўтар: Алена Спасюк

Артыкул падрыхтаваны і апублікаваны на рускай мове на сайце Naviny.by

© Naviny.by



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,