Выпуск-2021: Еўрапейская школа Усходняга партнёрства завяршае навучальны год анлайн-выпускным
8 верасня, 2021

Выпуск-2021: Еўрапейская школа Усходняга партнёрства завяршае навучальны год анлайн-выпускным


22 чэрвеня Еўрапейская школа Усходняга партнёрства адзначыла свой другі выпуск віртуальнай цырымоніяй, арганізаванай Новай школай Міжнароднай школай Грузіі. Да выпускнікоў з шасці краін УП, іх бацькоў і выкладчыкаў далучыліся анлайн Міхеіл Чхенкелі, міністр адукацыі і навукі Грузіі, Лоўрэнс Мэрэдыт, дырэктар дэпартамента Усходняга суседства Еўрапейскай камісіі, Грэтэ Фарэма, намесніца генеральнага сакратара і выканаўчая дырэктарка Упраўлення ААН па абслугоўванні праектаў (ЮНОПС) і іншыя высокапастаўленыя асобы. Яны павіншавалі выпускнікоў з паспяховым заканчэннем школы, нягледзячы на складанасці праз пандэмію.

Усе 34 выпускнікі – 24 дзяўчыны і 10 юнакоў – атрымалі дыплом «Міжнароднага бакалаўрыяту» (IB). Траціна з іх ужо запрошаныя вучыцца ў вядомыя ўніверсітэты Іспаніі, Нідэрландаў, Венгрыі, Італіі, Бельгіі, Эстоніі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Катара, Турцыі, ЗША і Канады, атрымаўшы поўную або частковую стыпендыю на навучанне.

«Поспех выпускнікоў гэтага года — гэта таксама ўрок стойкасці і рашучасці. Вы “сышлі ў анлайн” і змаглі атрымаць урокі з цяжкасцяў, з якімі вам давялося сутыкнуцца. Вы праявілі мэтанакіраванасць і энтузіязм. Новая школа дапамагла вам вырасці асабіста і стаць больш незалежнымі», – сказаў на цырымоніі ўручэння дыпломаў Лоўрэнс Мэрэдыт, дырэктар дэпартамента Усходняга суседства Еўрапейскай камісіі.

З 2018 года – пачатку стыпендыяльнай праграмы – 105 школьнікаў з розных гарадоў шасці краін Усходняга партнёрства змаглі паступіць на цалкам фінансаваную ЕС двухгадовую адукацыйную праграму. Усяго Еўрапейскую школу скончылі 64 вучні – 44 дзяўчыны і 20 юнакоў. Дыплом міжнароднага ўзору дазволіць ім зрабіць кар’еру ў такіх галінах, як эканоміка, біяхімічная інжынерыя, фізіка, сацыяльныя навукі, мастацтва і культура, камунікацыі і СМІ, міжнародныя адносіны, медыцына, права, гуманітарныя навукі і камп’ютарныя тэхналогіі. Яшчэ 40 школьнікаў паступяць у 2021–2023 навучальных гадах, прайшоўшы конкурсны адбор, які складаецца з падачы заяўкі, пісьмовага тэсту і сумоўя.

Дзякуючы гэтай ініцыятыве ЕС старшакласнікі з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны атрымліваюць высакаякасную адукацыю па праграме «Міжнароднага бакалаўрыяту» (IB Diploma Programme) і веды пра ЕС. Выпускнікі школы паступаюць у вядучыя сусветныя ВНУ і ўладкоўваюцца на высокааплатную працу.Праект спрыяе супрацоўніцтву, міжкультурнаму ўзаемаразуменню, талерантнасці і ўмацаванню фундаментальных каштоўнасцяў.

Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ЮНОПС у партнёрстве з Новай школай – Міжнароднай школай Грузіі, Міністэрствам адукацыі і навукі Грузіі і арганізацыяй «Міжнародны бакалаўрыят».

Болей даведайцеся ў прэс-рэлізе.



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,