Расійская агрэсія супраць Украіны: Еўракамісія прапануе шосты пакет санкцыяў
5 траўня, 2022

Расійская агрэсія супраць Украіны: Еўракамісія прапануе шосты пакет санкцыяў


Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен сёння прадставіла шосты пакет санкцыяў супраць Расіі.

Па-першае, ЕС склаў спіс высокапастаўленых афіцэраў і іншых асобаў, якія здзейснілі ваенныя злачынствы ў Бучы і нясуць адказнасць за бесчалавечную аблогу горада Марыупаля. “Гэта дасылае яшчэ адзін важны сігнал усім вінаватым ў вайне, распаленай Крамлём: мы ведаем, хто вы, і вы будзеце прыцягнутыя да адказнасці“,- заявіла Урсула фон дэр Ляен.

Па-другое, ЕС адключае ад сістэмы SWIFT Сбербанк, найбуйнейшы расійскі банк, і яшчэ два іншыя буйныя банкі. На думку Еўрапейскай камісіі, гэтыя банкі маюць сістэмнае значэнне для расійскай фінансавай сістэмы і здольнасці Пуціна весці разбуральную дзейнасць. “Гэта ўмацуе поўную ізаляцыю расійскага фінансавага сектара ад сусветнай сістэмы“,- зазначыла Старшыня Еўракамісіі.

Па-трэцяе, ЕС забараняе выходзіць на сваіх частотах тром буйным расійскім дзяржаўным вяшчальным кампаніям. Ім больш не будзе дазволена распаўсюджваць свой кантэнт у ЕС, у якім-кольвек выглядзе або форме: праз кабельнае ці спадарожнікавае вяшчанне, у інтэрнэце або праз прыкладанні для смартфонаў.

Мы вызначылі гэтыя тэлеканалы як рупары, якія агрэсіўна пашыраюць пуцінскую хлусню і прапаганду. Мы не павінны больш даваць ім магчымасць для распаўсюджвання хлусні”,- заявіла фон дэр Ляен. “Акрамя таго, Крэмль апабіраецца на бухгалтараў, кансультантаў і паліттэхнолагаў з Еўропы. І зараз гэта спыніцца. Мы забараняем аказваць гэтыя паслугі расійскім кампаніям”.

Еўрапейская камісія таксама прапануе ўвесці забарону на расійскую нафту. Гэта будзе поўная забарона на імпарт усёй расійскай нафты, што дастаўляецца марскім шляхам і праз нафтапровады, сырой і ачышчанай. ЕС задбае пра тое, каб паэтапна адмовіцца ад расійскай нафты у такой манеры, каб гэта дазволіла ЕС і яго партнёрам забяспечыць альтэрнатыўныя маршруты паставак і мінімізаваць уплыў на сусветныя рынкі.

Менавіта таму мы цягам шасці месяцаў паступова спынім пастаўкі сырой нафты з Расіі, а да канца года –  прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Такім чынам, мы максімальна ўзмацняем ціск на Расію і адначасова мінімізуем спадарожную шкоду для нас і нашых партнёраў ва ўсім свеце”,- сказала фон дэр Ляен.

Старшыня Еўракамісіі заявіла, што ўсе гэтыя крокі накіраваныя на тое, каб пазбавіць расійскую эканоміку здольнасці да дыверсіфікацыі і мадэрнізацыі. “Пуцін хацеў сцерці Украіну з карты зямлі. У яго відавочна нічога не атрымаецца. Наадварот: Украіна ўзнялася і аб’ядналася. І ён, наадварот, топіць сваю ўласную краіну – Расію”,- сказала на заканчэнне Старшыня.

Яна зазначыла, што “ЕС хоча, каб Украіна выйграла гэтую вайну“, і ён дапаможа ўкраінцам аднавіць сваю краіну для наступнага пакалення. Менавіта таму Еўрапейская камісія таксама прапануе пачаць працу над далёкасяжным пакетам захадаў аднаўлення для Украіны. Гэты пакет павінен забяспечыць велізарныя інвестыцыі для задавальнення патрэбаў і правядзення неабходных рэформаў. Ён павінен засяродзіцца на ліквідацыі існуючых слабых бакоў украінскай эканомікі і закласці падмурак для доўгатэрміновага ўстойлівага росту.

 Даведацца больш:

Прэс-рэліз



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,