Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: Украіна, Грузія і Малдова дэманструюць добры ўзровень нарматыўна-прававога збліжэння з ЕС

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: Украіна, Грузія і Малдова дэманструюць добры ўзровень нарматыўна-прававога збліжэння з ЕС

Красавiк 1, 2022

30 сакавіка Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства апублікаваў Індэкс Усходняга партнёрства 2020-21 гг.- свой маніторынг, які дапамагае ацаніць паказчыкі шасці краінаў Усходняга партнёрства і іх прагрэс на шляху да ўстойлівага дэмакратычнага развіцця і еўрапейскай інтэграцыі.

Публікацыя галоўным чынам прысвечаная Грузіі, Малдове і Украіне, паколькі гэтыя тры краіны былі вымушаныя тэрмінова падаць заяўку на сяброўства ў ЕС у адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны.

Вынікі паказваюць, што ўсе тры краіны ўжо дамагліся значнага нарматыўна-прававога збліжэння з ЕС, а гэта кажа пра тое, што яны знаходзяцца на шляху да выканання Капенгагенскіх крытэраў, якім павінны адпавядаць усе патэнцыйныя кандыдаты, каб падаць заяўку і ў канчатковым выніку далучыцца да ЕС.

Індэкс Усходняга партнёрства адзначае, што пачынаючы з 2015 года ва ўсіх гэтых трох краінах назіраецца няўхільнае набліжэнне да стандартаў, акрэсленых Капенгагенскімі крытэрамі – дзейная рынкавая эканоміка, стабільная дэмакратыя, моцная прававая дзяржава і прыняцце ўсяго заканадаўства ЕС. Розная ступень прагрэсу была зафіксаваная ў сферах дэмакратычных правоў і выбараў, правоў чалавека і абароны ад катаванняў, падсправаздачнасці дзяржавы, свабоды слова і сходаў ды дзяржаўнага кіравання.

Згодна з вынікамі, прагрэс не заўсёды быў лінейным, таксама канстатаваліся інерцыя і адкат назад: “Усе тры краіны працягваюць мець праблемы ў змаганні з карупцыяй, а Грузія і Украіна страцілі значную колькасць балаў у тым, што тычыцца незалежнасці сваіх судовых органаў.” У той жа час прагрэс, дасягнуты за апошнія сем гадоў, адлюстроўвае далёкасяжныя наступствы Пагадненняў аб асацыяцыі (ПА) трох краінаў і Пагадненняў аб паглыбленай і ўсёабдымнай зоне вольнага гандлю (DCFTA) з ЕС, а таксама ролю, якую працягвае граць дапамога ЕС у забеспячэнні дэмакратычнага развіцця ў адпаведнасці з супольнасцёвым здабыткам ЕС,  гаворыцца ў маніторынгу ФГО УП.

За той жа перыяд Арменія, якая займае чацвёртае месца па індыкатарах Індэксу УП, таксама палепшыла свае паказчыкі, асабліва па паказчыках, што тычацца дэмакратыі і належнага кіравання, “але была менш паспяховай што да палітыкі канвергенцыі”, – падкрэсліваецца ў гэтым дакуменце. Паказчыкі гэтай краіны адлюстроўваюць як прагрэс, дасягнуты да яе выхаду з пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, так і дэмакратычныя рэформы, якія былі рэалізаваныя пасля аксамітнай рэвалюцыі 2018 года.

Беларусь і Азербайджан застаюцца ў ніжняй частцы рэйтынгу Індэксу УП. У 2020-21 гадах абедзве краіны набралі больш нізкія балы, чым у папярэдніх выпусках Індэксу, што сведчыць пра тое, што разрыў паміж двума горшымі паказчыкамі і чатырма вядучымі краінамі стаў адчувальна большым.

Форум робіць выснову: “Вынікі Індэксу Усходняга партнёрства 2020-21 гг сведчаць пра тое, што выбар еўрапейскага шляху ў спалучэнні з сустрэчным прызнаннем з боку ЕС еўрапейскай перспектывы і адпаведнай фінансавай, адміністрацыйнай і тэхнічнай базай можа матываваць і скіроўваць спраўны прагрэс да дэмакратыі“. І дадае, што прадстаўленне статусу кандыдата на далучэнне да ЕС Украіне, Малдове і Грузіі павялічыць дапамогу з боку ЕС і працягне падтрымліваць іх прасоўванне па шляху да дзейнай рынкавай эканомікі, стабільнай дэмакратыі і моцнай прававой дзяржавы, на якім ужо ідзе тройка краінаў, што заключылі ПА з ЕС.

Даведацца больш:

Прэс-рэліз




Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам B&S Europe.

Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных.
© Еўрапейскі Саюз,