ЕС абвясціў пра новы інвестыцыйна-эканамічны план для Усходняга партнёрства
19 ліпеня, 2021

ЕС абвясціў пра новы інвестыцыйна-эканамічны план для Усходняга партнёрства


2 чэрвеня Еўрапейская камісія і Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль прапанавалі новыя прыярытэты супрацоўніцтва з краінамі Усходняга партнёрства (УП) на бліжэйшыя гады. У адпаведнасці з пяццю доўгатэрміновымі мэтамі палітыкі гэтыя прыярытэты павысяць устойлівасць краін УП.

Новы парадак дня будзе падмацаваны інвестыцыйна-эканамічным планам, які прадугледжвае 2,3 мільярда еўра ў выглядзе грантаў, змешанага фінансавання і гарантый. Надалей на яго мерапрыемствы ЕС можа накіраваць да 17 мільярдаў еўра дзяржаўных і прыватных інвестыцый.

Гэты план закладзе аснову для абмеркавання будучай палітыкі Усходняга партнёрства, у тым ліку на саміце УП, запланаваным на снежань 2021 года.

Усёабдымная праграма накіраваная на пашырэнне гандлю, эканамічны рост і павелічэнне працоўных месцаў, развіццё шляхоў зносін, умацаванне дэмакратычных інстытутаў і вяршэнства закона, падтрымку пераходу да «зялёных» і лічбавых тэхналогій і стварэнне справядлівага, інклюзіўнага і раўнапраўнага грамадства.

«Усходняе партнёрства вельмі важнае для Еўрапейскага Саюза. Мы хочам сфармаваць парадак дня, які б адпавядаў беспрэцэдэнтным выклікам і магчымасцям сучаснасці і будучыні, – зазначыўВярхоўны прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль. — Мы будзем садзейнічаць дэмакратыі, належнаму кіраванню і вяршэнству права, якія так важныя для дасягнення пазітыўных, канкрэтных вынікаў нашага супрацоўніцтва. Гэта адносіцца і да Беларусі, народ якой мы працягнем падтрымліваць у межах Усходняга партнёрства».

«Мы прапаноўваем амбітны інвестыцыйна-эканамічны план, які будзе стымуляваць эканамічны рост, стварэнне працоўных месцаў і спрычыніцца да росквіту ў рэгіёне Усходняга партнёрства. План уключае ў сябе флагманскія праграмы для кожнай краіны Усходняга партнёрства, у тым ліку падтрымку будучай дэмакратычнай Беларусі, – сказаў камісар па пытаннях суседства і пашырэння Олівер Вархеі. – Новы парадак дня падтрымае сацыяльна-эканамічнае аднаўленне пасля пандэміі COVID-19, умацуе эканамічныя ўзаемадачыненні і створыць гандлёвыя маршруты паміж ЕС і краінамі Усходняга партнёрства».

Комплексны парадак дня, прысвечаны аднаўленню, устойлівасці і рэформам, уключае дзесяць галоўных мэтаў да 2025 года з канкрэтнымі паказчыкамі ва ўсіх прыярытэтных галінах супрацоўніцтва. Яны прадугледжваюць дадатковую падтрымку 500 000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, будаўніцтва або мадэрнізацыю паводле стандартаў ЕС 3000 км аўтамабільных дарог і чыгункі, супрацьдзеянне гібрыдным і кіберпагрозам, барацьбу з карупцыяй, скарачэнне спажывання энергіі як мінімум на 20% у 250 000 хатніх гаспадарак, паляпшэнне водазабеспячэння і якасці паветра, падключэнне 80% хатніх гаспадарак да высакахуткаснага інтэрнэту, дапамогу ў вакцынацыі медыцынскіх работнікаў, дадатковую падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, а таксама магчымасці мабільнасці для 70 000 студэнтаў, даследчыкаў і маладых людзей.

У новым парадку дня таксама прапаноўваецца перагледзець шматбаковую архітэктуру Усходняга партнёрства, каб яна адпавядала новым прыярытэтам і мэтам.

Рэгіянальны інвестыцыйна-эканамічны план падтрымае сацыяльна-эканамічнае аднаўленне пасля COVID-19 паводле прынцыпу «адрадзіць лепшае». У плане акрэсленыя інвестыцыі і флагманскія ініцыятывы, што былі вызначаныя сумесна з краінамі-партнёрамі з улікам іх прыярытэтаў, патрэбаў і амбіцый.

Даведацца больш:

Прэс-рэліз



Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,