Як ЕС будзе супрацоўнічаць з Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай пасля 2020 года?

8 красавіка, 2020

  • Навошта ЕС распрацаваў новую палітыку ў дачыненні да Усходняга партнёрства?
  • Чым новая палітыка адрозніваецца ад старой?
  • Што канкрэтна будзе зроблена і якія вынікі чакаюцца?
  • ЕС абяцае разам вырашаць агульныя праблемы. А як наконт каранавіруса?
  • Калі пачнецца рэалізацыя новай палітыкі і колькі грошай у яе інвестуе ЕС?
  • Якія вынікі палітыкі Усходняга партнёрства ўжо дасягнутыя?
Картка %1 з %2

Навошта ЕС распрацаваў новую палітыку ў дачыненні да Усходняга партнёрства?

Дзеючая праграма Усходняга партнёрства «20 вынікаў да 2020 года» падыходзіць да канца. Зараз неабходна выпрацаваць новыя прынцыпы сумеснай працы. З чэрвеня мінулага года Еўрапейская камісія праводзіла публічныя кансультацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, урада, бізнесу і медыя з краін Усходняга партнёрства, каб сумесна сфармаваць доўгатэрміновыя палітычныя мэты.

 

У выніку гэтых кансультацый сумесна быў створаны праект новай палітыкі Усходняга партнёрства. Новая палітыка скіраваная на паляпшэнне жыцця грамадзян і ўстойлівае развіццё краін-партнёраў. Палітыка таксама закліканая ўмацаваць пазіцыі Еўрапейскага cаюза ў свеце.

Пра Усходняе партнёрства і яго мэты чытайце ў картках.

Чым новая палітыка адрозніваецца ад старой?

У цэлым і ЕС і краіны-партнёры задаволеныя вынікамі сумеснай працы за апошнія 10 гадоў. У новай палітыцы вылучана пяць асноўных напрамкаў, якія дапамогуць партнёрству лепш адказваць выклікам часу і больш арыентавацца на звычайных грамадзян.

  • Устойлівая эканоміка.
  • Забеспячэнне вяршэнства закона і бяспекі.
  • Ахова навакольнага асяроддзя і клімату.
  • Лічбавая трансфармацыя.
  • Інклюзіўнае грамадства.

У новай палітыцы навакольнае асяроддзе і лічбавізацыя сталі прыярытэтнымі напрамкамі. Яна таксама будзе прасоўваць гендарную роўнасць, стварэнне працоўных месцаў і эканамічных магчымасцей, у прыватнасці для моладзі.

 

Што канкрэтна будзе зроблена і якія вынікі чакаюцца?

Адзін з асноўных напрамкаў палітыкі — павышэнне ўстойлівасці. На практыцы гэта азначае падтрымку рэформ па мадэрнізацыі эканомікі, развіцці дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і ахове навакольнага асяроддзя, якія дазволяць атрымаць доўгатэрміновы эфект і будуць спрыяць стабільнаму развіццю краін і іх бяспекі.

У сферы эканомікі ЕС прапануе паглыбіць эканамічную інтэграцыю, а таксама павялічыць аб’ём гандлю, які за апошняе дзесяцігоддзе ўжо павялічыўся амаль удвая. ЕС будзе і далей падтрымліваць рэалізацыю Пагаднення аб свабодным гандлі (DCFTA) з Украінай, Грузіяй і Малдовай, а таксама пашыраць супрацоўніцтва з краінамі, якія не ўваходзяць у DCFTA, напрыклад, праз галіновыя пагадненні.  

Адзін з галоўных напрамкаў сумеснай працы — развіццё цыркулярнай, «зялёнай» эканомікі, барацьба са змяненнем клімату. ЕС дапаможа краінам-партнёрам мадэрнізаваць вытворчасць, знізіць вугляродныя выкіды, выканаць свае абавязацельствы па Парыжскім пагадненні.

ЕС будзе інвеставаць у лічбавую трансфармацыю краін-партнёраў і іх інтэграцыю ў Адзіны лічбавы рынак ЕС. Сярод самых чаканых вынікаў у гэтай сферы — зніжэнне коштаў на роўмінг, пашырэнне інфраструктуры шырокапалоснай сувязі і доступу да Інтэрнэту, зручныя сістэмы электроннага кіравання.

Дэмакратыя, вяршэнства закона і правы чалавека — неабходныя ўмовы для функцыянавання рынкавай эканомікі, прыцягнення інвестыцый і ўстойлівага развіцця.

ЕС і ўрады краін-партнёраў працягнуць сумесную працу па барацьбе з карупцыяй, па забеспячэнні незалежнасці і бесстароннасці сістэмы правасуддзя, а таксама па паляпшэнні дзяржаўнага кіравання. ЕС будзе падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, незалежныя сродкі масавай інфармацыі і маніторыць ход рэформ у галіне вяршэнства права. Сур’ёзная затрымка ці нават рэгрэс рэформ у гэтай сферы прывядуць да скарачэння фінансавання ЕС.

ЕС распрацаваў стратэгію для барацьбы з дэзынфармацыяй, накіраванай супраць еўрапейскіх каштоўнасцей. Будзе больш камунікацыі аб пазітыўных выніках супрацоўніцтва ЕС і краін-партнёраў, працы з моладдзю і навучальных праграм па супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам.

ЕС абяцае разам вырашаць агульныя праблемы. А як наконт каранавіруса?

ЕС будзе аказваць падтрымку краінам-партнёрам у галіне аховы здароўя — мадэрнізаваць медыцынскія ўстановы, укараняць электронныя сістэмы, навучаць медыцынскі персанал, рабіць медыцынскую дапамогу даступнай для ўсіх. Гэта дапаможа больш эфектыўна лячыць інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні, у тым ліку і каранавірус (COVID-19).

ЕС таксама працуе над змякчэннем сацыяльна-эканамічных наступстваў крызісу.

Калі пачнецца рэалізацыя новай палітыкі і колькі грошай у яе інвестуе ЕС?

Новая палітыка павінна быць адобрана ў ходзе Саміту Усходняга партнёрства, у якім прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. У другім паўгоддзі пасля далейшых перамоў з ключавымі зацікаўленымі бакамі Еўрапейская камісія і Еўрапейская служба знешніх сувязей прапануюць спіс рэалістычных задач і чаканых вынікаў супрацоўніцтва.

Канкрэтная сума інвестыцый будзе вядомая пасля адабрэння ЕС Шматгадовай праграмы фінансавання.

Якія вынікі палітыкі Усходняга партнёрства ўжо дасягнутыя?

Апошнія 10 гадоў Усходняе партнёрства развівалася на аснове агульных каштоўнасцей, узаемных інтарэсаў і абавязацельстваў, а таксама сумеснай адказнасці. Гэтае стратэгічнае партнёрства ўмацавалася і атрымала развіццё дзякуючы важным пагадненням аб асацыяцыі і свабодным гандлі, аб пашыраным партнёрстве, спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі і іншых. Кансультацыі, праведзеныя ў 2019 годзе, паказалі, што Усходняе партнёрства прыносіць пазітыўныя вынікі грамадзянам Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Сярод пазітыўных зрухаў у рамках праграмы «20 вынікаў да 2020 года» — прагрэс ва ўмацаванні эканомікі, грамадства і сувязей паміж шасцю краінамі і ЕС.

За апошняе дзесяцігоддзе тавараабарот паміж ЕС і краінамі-партнёрамі павялічыўся амаль у два разы. ЕС з’яўляецца гандлёвым партнёрам нумар адзін для Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны, другім – для Арменіі і Беларусі. Больш за 125 тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў у шасці краінах скарысталіся фінансаваннем ЕС, забяспечыўшы 250 тысяч людзей працай. Толькі ў 2018 годзе 7250 кампаній, узначаленых жанчынамі, атрымалі больш за 60 млн еўра на развіццё свайго бізнесу.

Для паляпшэння транспартных зносін было выдзелена 20 млн еўра на пашырэнне еўрапейскай сеткі TEN-T, што дазволіць да 2030 года пабудаваць і адрамантаваць 4800 км аўтамабільных дарог і чыгункі.

Новыя муніцыпальныя аўтобусныя аўтапаркі, энергаэфектыўныя жылыя дамы і рэформы сістэм цэнтральнага ацяплення – вынікі працы Фонду E5P па энергаэфектыўнасці і экалогіі, які прадаставіў больш за 150 млн еўра ў выглядзе інвестыцыйных грантаў. Яны дапамаглі палепшыць жыццё 8 млн чалавек.

Усходняе партнёрства таксама прыносіць карысць моладзі і навукоўцам-даследчыкам: 23 тысячы маладых людзей атрымалі гранты ад EU4Youth і дапамогу ў працаўладкаванні, а 915 даследчыкаў з шасці краін атрымалі фінансаванне на навуковую дзейнасць ад фонду Марыі Кюры.

З 2016 года дзякуючы праграме Erasmus+ 32 тысячы студэнтаў і выкладчыкаў прынялі ўдзел у акадэмічных абменах, а 46 тысяч — у іншых моладзевых праграмах па абмене, уключаючы валанцёрскія.

 

Дасягнутыя некаторыя поспехі ў паляпшэнні якасці кіравання, аднак яшчэ трэба будзе шмат зрабіць у сферы барацьбы з карупцыяй, забеспячэння вяршэнства закона, умацавання незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасці.

Убудаваць
The recommended iFrame size is 100% width and 750px height


САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ


Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,