Як атрымаць фінансаванне ЕС на даследаванні і інавацыі ў Беларусі?

24 верасня, 2019

  • У мяне ёсць ідэя для навуковага даследавання, магу я атрымаць фінансаванне ад ЕС?
  • Гучыць выдатна! Але з чаго пачаць?
  • Як падаць заяўку? Гэта складана?
  • Ці могуць атрымаць фінансаванне прыватныя асобы?
  • Якія шансы беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў на атрыманне грантаў?
  • Можна атрымаць фінансаванне для інавацыйнай кампаніі?
  • Якія гранты яшчэ можна атрымаць на інавацыйныя праекты?
Картка %1 з %2

У мяне ёсць ідэя для навуковага даследавання, магу я атрымаць фінансаванне ад ЕС?

Беларускія арганізацыі могуць атрымаць фінансаванне ад праграмы  «Гарызонт 2020». Гэта самая маштабная праграма за ўсю гісторыю Еўрапейскага cаюза па падтрымцы даследаванняў і інавацый. Яе агульны бюджэт на 2018–2020 гг. складае каля 30 млрд. еўра.

 

«Гарызонт 2020» адкрыты для навукоўцаў і даследчыкаў з усяго свету. Сярод краін па-за ЕС і асацыяваных краін. На самой справе Беларусь мае выдатны паказчык удзелу ў «Гарызонт 2020» і зарэкамендавала сябе ў сферы супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі.

Гучыць выдатна! Але з чаго пачаць?

Для пачатку зайдзіце на сайт Нацыянальнага інфармацыйнага офіса праграм ЕС па навуцы і інавацыях, які падтрымлівае беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў ужо больш за дзесяць гадоў. «Гарызонт 2020» фінансуе даследчыя праекты ва ўсіх абласцях — ад космасу да гуманітарных навук, ад сельскай гаспадаркі да біятэхналогій і энергетыкі … Нацыянальны інфармацыйны офіс падкажа вам тыя напрамкі, дзе ваш удзел будзе мець найбольшыя шанцы на поспех. Гэта такія вобласці, як лідарства ў прамысловых тэхналогіях, ахова здароўя, зялёная энергетыка або грамадства, таму што менавіта тут існуе высокая верагоднасць таго, што інтарэсы ЕС і Беларусі супадуць у плане распрацоўкі канкрэтных тэхналогій і вырашэння сацыяльных праблем.

Як падаць заяўку? Гэта складана?

Нават калі ў вас за плячыма гады вучобы ва ўніверсітэце і доктарская ступень, запаўненне заяўкі можа стаць цяжкай задачай, але тым не менш выканальнай!

Трэба паставіцца да працэсу сур’ёзна. Перш за ўсё трэба мець на ўвазе, што хоць некаторыя магчымасці даступныя індывідуальным асобам, большасць праектаў ўсё ж з’яўляюцца сумеснымі. Таму вам трэба пастарацца праз свой універсітэт або інстытут знайсці партнёраў за мяжой. Паколькі Беларусь не з’яўляецца членам ЕС або асацыяванай краінай «Гарызонт 2020», то беларускія партнёры павінны аб’ядноўвацца з арганізацыямі як мінімум з трох розных краін ЕС або асацыіраваных краін (Малдовы, Украіны, Грузіі і Арменіі).

Да таго ж вы не будзеце запаўняць заяўку самастойна: гэта сумесная праца, якая выконваецца пад кіраўніцтвам каардынатара. Каардынатар размяркоўвае задачы паміж партнёрамі, збірае вынікі, афармляе заяўку і падае яе.

Нацыянальны інфармацыйны офіс стварыў практычны дапаможнік ў пяць крокаў – ад ідэі да заяўкі, які дапамагае прайсці ўвесь працэс і дае практычныя рэкамендацыі на кожным з пяці этапаў:

  1. Даведайцеся як працуе «Гарызонт 2020».
  2. Знайдзіце адпаведны конкурс і тэму.
  3. Выпрацуйце ўласную стратэгію для ўдзелу ў конкурсе.
  4. Зарэгіструйце сваю арганізацыю.
  5. Падрыхтуйце і падайце заяўку.

У «Гарызонт 2020» ёсць таксама анлайн дапаможнік для ўдзельнікаў (на англійскай мове), які адказвае на самыя розныя пытанні — ад выбару адпаведнага конкурсу і пошуку партнёраў да кіравання грантам, выплат і аўдыту.

Ці могуць атрымаць фінансаванне прыватныя асобы?

Калі вы даследчык і імкняцеся зрабіць кар’еру за мяжой, то ў рамках «Гарызонт 2020» вы можаце падаць заяўку на індывідуальную стыпендыю па праграме імя Марыі Складоўскай-Кюры (Marie Skłodowska-Curie Actions, MSCA). Каб падаць заяўку, у вас павінна быць ступень кандыдата навук або як мінімум чатырохгадовы вопыт даследчай працы. Фінансаванне могуць атрымаць даследаванні па ўсіх дысцыплінах — ад фізікі да лінгвістыкі, ад навук пра здароўе да матэматычнага мадэлявання. Гранты на тэрмін да двух гадоў пакрываюць выдаткі на пражыванне, паездкі і сямейныя выдаткі. ЕС таксама кампенсуе некаторыя выдаткі на навучанне, наладжванне навуковых сувязей і даследаванні, а таксама ускосныя выдаткі па праекце (якія менавіта чытайце ў дапаможніку для заяўнікаў), Грант прысуджаецца прымаючай арганізацыі, звычайна ўніверсітэту, даследчаму цэнтру або кампаніі ў Еўропе.

Аспіранты або маладыя даследчыкі таксама могуць атрымаць магчымасць да чатырох год на пастаяннай аснове займацца даследаваннямі ў рамках Інавацыйных навучальных сетак MSCA. У гэтым выпадку заяўку трэба падаваць не на «Гарызонт 2020», а на праект Інавацыйных навучальных сетак. Каб знайсці адпаведны праект, наведайце партал EURAXESS Jobs & Funding.

У рамках праграмы Імя Марыі Складоўскай-Кюры праводзіцца «Абмен навуковым і інавацыйным персаналам» (RISE), які фінансуе кароткатэрміновыя абмены персаналам паміж навуковымі, прамысловымі і камерцыйнымі арганізацыямі па ўсім свеце. У іх могуць прыняць удзел даследчыкі з любой краіны і любога ўзроўню – пачынаючы з тых, хто піша доктарскую дысертацыю, і заканчваючы дасведчанымі даследчыкамі. Дзеянне праграмы таксама распаўсюджваецца на супрацоўнікаў, якія займаюць кіруючыя, тэхнічныя або адміністрацыйныя пасады.

Еўрапейскі даследчы савет (ERC) таксама прадастаўляе фінансаванне на правядзенне даследаванняў у Еўропе. Са стартавым грантам ERC навукоўцы любой нацыянальнасці з досведам працы 2-7 год пасля атрымання вучонай ступені могуць атрымаць да 1,5 млн. еўра на пяць гадоў даследаванняў. Яшчэ больш прывабныя гранты прадастаўляюцца дасведчаным даследчыкам.

Якія шансы беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў на атрыманне грантаў?

Шансы высокія! Да верасня 2018 года было пададзена 586 заявак, узровень паспяховасці склаў 15 %, што адпавядае сярэдняму паказчыку праграмы ў цэлым. Ад пачатку ахопу праграмай Беларусі ў 2014 годзе да жніўня 2019 года «Гарызонт 2020» падтрымаў 47 праект з удзелам беларускіх партнёраў. Пры гэтым, беларускія партнёры ў рамках гэтых праектаў атрымалі фінансаванне на агульную суму 6,5 млн. еўра. Варта таксама адзначыць, што сярод трэціх краін, якія ўдзельнічаюць у праграме Марыі Складоўскай-Кюры, Беларусь нязменна ўваходзіць у лік першай дзясяткі. Да канца 2018 года 165 індывідуальных даследчыкаў з Беларусі, якія працуюць у 22 праектах, атрымалі фінансаванне ў рамках праграмы Імя Марыі Складоўскай-Кюры.

Але «Гарызонт 2020» — гэта не толькі грошы. Праекты ствараюць умовы для лепшага ўзаемадзеяння паміж беларускімі навукоўцамі і іх міжнароднымі калегамі, а таксама дзелавымі партнёрамі з ЕС і ўсяго свету.

Напрыклад, у рамках праекта SUPERTWIN праграмы «Гарызонт 2020» група даследчыкаў з Цэнтра квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з навукоўцамі са Швейцарыі, Італіі, Францыі і Нідэрландаў стварае новы мікраскоп на аснове асаблівых квантавых станаў святла. 

Больш падрабязна пра SUPERTWIN і пра іншыя праекты з удзелам Беларусі вы можаце прачытаць у артыкуле і паслухаць інтэрв’ю даследчыкаў у падкасце. Поўны спіс фінансаваных беларускіх праектаў можна ўбачыць тут.

Можна атрымаць фінансаванне для інавацыйнай кампаніі?

У рамках «Гарызонт 2020» прадугледжана спецыяльная падтрымка інавацый у бізнесе, але яна даступная толькі краінам-сябрам ЕС і асацыяваным краінам. Тым не менш, беларускія кампаніі, у тым ліку МСП, могуць удзельнічаць у праектах праграмы «Гарызонт 2020» у якасці партнёраў, паколькі часта менавіта бізнес адыгрывае ключавую ролю ва ўжыванні многіх тэхналогій, якія фінансуюцца.

У цэлым, чакаецца, што 20 % ад агульнага сукупнага бюджэту (гэта звыш 8 млрд. еўра) на праекты ў галіне сацыяльных праблем і лідарства ў галіне дапаможных і прамысловых тэхналогій пойдуць малым і сярэднім прадпрыемствам. Большасць з іх уваходзяць у кансорцыумы, якія ўдзельнічаюць у сумесных праектах ЕС у галіне даследаванняў і інавацый.

Якія гранты яшчэ можна атрымаць на інавацыйныя праекты?

Акрамя праграмы «Гарызонт 2020», ёсць шмат іншых крыніц фінансавання, якія прадастаўляюцца ЕС на інавацыі і даследаванні.

Калі вы займаецеся бізнесам: вы можаце таксама падаць заяўку на розныя варыянты фінансавання і падтрымкі ў рамках ініцыятывы EU4Business. Беларускія прадпрымальнікі могуць таксама атрымаць дапамогу ад Еўрапейскай сеткі падтрымкі прадпрымальніцтва, у пошуку дзелавых і тэхналагічных партнёраў па ўсёй Еўропе і за яе межамі.

Калі вы вучоны ці студэнт: Erasmus+ прапануе мноства магчымасцей для даследаванняў і акадэмічных абменаў ва ўсіх абласцях і на ўсіх узроўнях. Прачытайце нашы карткі Erasmus+.

Даследчыкі з акадэмічнага асяродку ці сферы бізнесу могуць стаць партнёрамі ў рамках COST (Еўрапейскае супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогіі). COST фінансуе сеткі супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогіі, якія спрыяюць развіццю даследаванняў, інавацый і прафесійнай кар’еры. Працягласць фінансавання – чатыры гады.

Калі вы занятыя ў сферы культуры: арганізацыі з Беларусі могуць прыняць удзел у праектах праграмы ЕС «Крэатыўная Еўропа» ў складзе кансорцыума партнёраў.

Каб быць у курсе ўсіх навін, падзей і магчымасцяў, звязаных з падтрымкай даследаванняў і інавацыяў з боку ЕС, падпішыцеся на апавяшчэнні пра навіны ад EU NEIGHBOURS east.

Убудаваць
The recommended iFrame size is 100% width and 750px height


Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,