Усё, што трэба ведаць пра вакцынацыю ў часы COVID-19

10 снежня, 2021

  • У чым карысць вакцынацыі?
  • Ці ўсе прышчэпкі ад COVID-19 бяспечныя?
  • Як ЕС і СААЗ дапамагаюць з вакцынацыяй?
  • Ці надоўга вакцына абараняе ад COVID-19? Калі ўсе гэта скончыцца?
  • Многія з маіх сяброў і сваякоў вераць у розныя тэорыі змовы і з падазрэннем ставяцца да вакцыны. Як я магу іх пераканаць?
  • Акрамя вакцынацыі якія яшчэ ініцыятывы дапамагаюць змагацца з крызісам COVID-19?
Картка %1 з %2

У чым карысць вакцынацыі?

Сёння існуюць вакцыны, якія абараняюць як мінімум ад 20 хваробаў, такіх як дыфтэрыя, слупняк, грып і адзёр. Гэтыя вакцыны штогод ратуюць ад смерці да 3 млн чалавек, то бок у сярэднім пяць жыццяў за хвіліну. Дзякуючы ім дзеці растуць больш здаровымі і больш людзей шчасна дажываюць да старасці.

Прышчэпкі – гэта неад’емная частка сістэмы аховы здароўя. За апошнія сто гадоў яны значна павялічылі працягласць і якасць нашага жыцця. Большасць з нас яшчэ ў дзяцінстве былі прышчэпленыя ад шэрагу хваробаў, якія ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў таму забівалі і калечылі тысячы людзей. Людзі сталага веку і людзі са слабым здароўем штогод прышчапляюцца ад новых штамаў грыпу. Добра вядома, што вакцынаваныя дзеці менш прапускаюць школу, а таму іх бацькі менш адрываюцца ад працы. Вакцыны важныя таксама і для глабальнага эканамічнага росту.

На сёння існуе некалькі прышчэпак супраць COVID-19, і ўжо сотні мільёнаў людзей былі імі вакцынаваныя. Гэтыя вакцыны фармуюць імунны адказ на вірус, абараняюць як ад самой хваробы, так і ад магчымых ускладненняў. Прышчэпка зможа абараніць вас ад развіцця цяжкай формы COVID-19.

Прышчапляючыся самі, вы таксама дапамагаеце абараняць людзей вакол вас. Вы з меншай верагоднасцю заразіце кагосьці іншага – напрыклад, вашых пажылых бацькоў або бабуляў і дзядуляў, у якіх рызыка цяжка захварэць на COVID-19 вышэйшая, або лекараў і медсясцёр, ад якіх залежыць наша здароўе.

Прышчэпка ад COVID-19 дапамагае пазбегнуць цяжкай хады хваробы і смерці ад яе. Аднак пакуль дакладна не вядома, у якой ступені вакцынацыя прадухіляе далейшую перадачу інфекцыі. Чым больш мы дазваляем вірусу распаўсюджвацца, тым больш  у яго магчымасцяў спазнаць мутацыю і ператварыцца ў больш небяспечныя штамы. Таму важна не забывацца і пра іншыя прафілактычныя захады – напрыклад, захоўваць дыстанцыю, насіць маскі, часта мыць рукі і як належыць праветрываць памяшканне.

Ці ўсе прышчэпкі ад COVID-19 бяспечныя?

Усе вакцыны супраць COVID-19, дазволеныя ў ЕС, правяраюцца Еўрапейскім агенцтвам па лекавых сродках (EMA) і праходзяць строгі кантроль бяспекі. СААЗ у супрацоўніцтве з ЕС і іншымі партнёрамі з усяго свету працуе над тым, каб дазволеныя вакцыны адпавядалі самым высокім стандартам бяспекі.

На дадзены момант EMA ўхваліла чатыры вакцыны для выкарыстання ў Еўрапейскім саюзе – вытворчасці кампаній Pfizer-BioNTech, AstraZeneca, Moderna і Johnson & Johnson. Чатыры іншыя на сённяшні дзень знаходзяцца на разглядзе, у тым ліку расійская «Спутник. СААЗ дазволіла выкарыстоўваць сем вакцынаў: чатыры вакцыны, ухваленыя EMA, а таксама Sinopharm, Sinovac and COVAXIN.

Як і ўсе іншыя вакцыны, прышчэпкі супраць COVID-19 прайшлі пільную, шматэтапную праверку, у тым ліку маштабныя выпрабаванні, у якіх задзейнічалі дзясяткі тысяч чалавек. Гэтыя выпрабаванні праводзяцца, каб выявіць агульныя пабочныя эфекты або іншыя праблемы, звязаныя з бяспечным ужываннем вакцынаў.

Сапраўды, вакцыны супраць COVID-19 распрацавалі і ўхвалілі ў рэкордна кароткія тэрміны, але не за кошт кампрамісу ў пытаннях бяспекі. Наадварот, беспрэцэдэнтнае міжнароднае супрацоўніцтва і велізарныя аб’ёмы фінансавання дазволілі правесці маштабныя клінічныя выпрабаванні ў рэальных умовах. Звычайна яны патрабуюць значна большага часу, калі гэта магчыма наогул.

Але і пасля ўкаранення вакцынаў супраць COVID-19 СААЗ працягвае супрацоўнічаць з іх вытворцамі, прадстаўнікамі сферы аховы здароўя ў кожнай краіне ды іншымі адказнымі асобамі. Такім чынам ідзе ўвесьчасны маніторынг любых праблемаў, звязаных з бяспекай прышчэпак.

Пасля прышчэпкі ад COVID-19, як і пасля любога леку, могуць узнікнуць пабочныя эфекты. Звычайна гэта прыкмета таго, што вакцына працуе: яна стымулюе імунную сістэму, падрыхтоўваючы арганізм да барацьбы з хваробай. Аднак такія пабочныя эфекты цягнуцца нядоўга (24–48 гадзін), а сур’ёзныя пабочныя эфекты (напрыклад, алергічная рэакцыя) надзвычай рэдкія. Праўду кажучы, захварэць на COVID-19 – і магчыма, цяжка — нашмат больш рызыкоўна, чым зрабіць прышчэпку.

Даведацца пра тое, якія вакцыны праходзяць праверку, атрымліваюць дазвол ці ўжо дазволеныя, вы можаце на сайце Еўрапейскага агенцтва па лекавых сродках. Актуальную інфармацыю пра бяспеку вакцынаў таксама можна знайсці на сайце СААЗ.

Як ЕС і СААЗ дапамагаюць з вакцынацыяй?

Летась Еўрапейскі саюз уклаў больш за 1 млрд еўра ў даследаванні ў сферы вакцынаў – распрацоўку прышчэпак і новых метадаў лячэння COVID-19. Менавіта ў ЕС і ЗША была створаная новая тэхналогія мРНК, якая мела вырашальнае значэнне для хуткай распрацоўкі некалькіх прышчэпак. У прыватнасці, ЕС выдзеліў буйныя сродкі на стварэнне вакцыны Pfizer-BioNTech. За апошняе дзесяцігоддзе BioNTech атрымала ад ЕС на даследаванні больш за 9 млн еўра, а ў 2020 годзе – пазыку ў 100 млн еўра ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.

Еўрапейскі саюз аказвае значную падтрымку краінам Усходняга партнёрства у справе вакцынацыі. Пастаўка вакцынаў ажыццяўляецца або праз механізм COVAX, або праз механізм грамадзянскай абароны ЕС. На сярэдзіну лістапада 2021 года больш за 10 мільёнаў доз вакцынаў было перададзеныя краінам Усходняга партнёрства.

Еўрапейскі саюз з’яўляецца адным з найбуйнейшых прыхільнікаў механізму COVAX, беспрэцэдэнтнага глабальнага супрацоўніцтва па паскарэнні распрацоўкі, вытворчасці і забеспячэнні справядлівага доступу да вакцынаў ад COVID-19. Еўрасаюзаўская “Каманда Еўропа” (Team Europe), якая аб’ядноўвае рэсурсы ЕС, яго дзяржаваў-членаў і еўрапейскіх фінансавых інстытутаў, падтрымлівае COVAX сумай у амаль 3 мільярды еўра, у тым ліку 1 мільярд еўра з бюджэту ЕС.

Новая ініцыятыва ЕС па пастаўцы вакцынаў на суму 35 мільёнаў еўра, якая ажыццяўляецца пад эгідай Польшчы, накіраваная на павелічэнне паставак вакцынаў за кошт кампенсацыі кошту вакцынаў, якімі дзяржавы-члены ЕС дзеляцца з краінамі Усходняга партнёрства.

Але самі па сабе вакцыны – гэта толькі палова справы. Не менш важнай з’яўляецца і інфраструктура для вакцынацыі. Пачынаючы з лютага 2021 года ЕС і Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) сумесна робяць сур’ёзныя намаганні па падтрымцы разгортвання вакцынаў ад COVID-19 ва ўсіх шасці краінах Усходняга партнёрства. Пры агульным бюджэце ў 40 мільёнаў еўра на тры гады гэта найбуйнейшае сумеснае дзеянне ЕС і СААЗ, што калі-небудзь ажыццяўлялася ў еўрапейскім рэгіёне СААЗ.

Падтрымка ЕС у рамках гэтай праграмы ўключае навучанне кіраўнікоў аховы здароўя і медыцынскага персаналу, які ўдзельнічае ў кампаніі вакцынацыі, ключавую матэрыяльна-тэхнічную падтрымку для дастаўкі і перадачы вакцынаў і расходных матэрыялаў, дадзеныя пра вакцынацыі і маніторынг яе бяспекі, камунікаванне і ўзаемадзеянне з грамадскасцю, а таксама падтрымку ў распрацоўцы лічбавага сертыфіката COVID.

У выніку гэтай падтрымкі ЕС на сённяшні дзень прызнаў эквівалентнасць лічбавых COVID-сертыфікатаў, распрацаваных Украінай, Арменіяй, Грузіяй і Рэспублікай Малдова.  Гэта азначае, што грамадзяне гэтых краін могуць уязджаць у ЕС па сваіх нацыянальных сертыфікатах вакцынацыі, а грамадзяне ЕС у гэтыя краіны – з еўрапейскім сертыфікатам. Апроч гэта га, вядзецца праца з Азербайджанам па выкананні патрабаванняў, неабходных для ўзаемнага прызнання сертыфікатаў.

Ці надоўга вакцына абараняе ад COVID-19? Калі ўсе гэта скончыцца?

Дадзеныя даследаванняў кажуць аб тым, што даступныя на сённяшні дзень вакцыны даволі надзейна абараняюць ад цяжкіх формаў захворвання і смерці ад яе. Ступень абароны можа залежаць ад тыпу прышчэпкі і ўзроставай групы чалавека. Акрамя таго, з часам дзеянне вакцыны аслабляецца – чалавек можа заразіцца COVID-19 і перанесці яго ў лёгкай форме. Каб абараніць сябе, зрабіце прадугледжаную колькасць доз прышчэпкі і працягвайце выконваць іншыя немедыкаментозныя захады прафілактыкі супраць COVID-19.

Многія з маіх сяброў і сваякоў вераць у розныя тэорыі змовы і з падазрэннем ставяцца да вакцыны. Як я магу іх пераканаць?

Усе мы ведаем хаця б аднаго чалавека, які настроены катэгарычна супраць вакцынацыі. Гэта можа быць сябар, любімы чалавек, калега або сусед. Часта такі страх выкліканы верай у антывакцынавыя тэорыі змовы.

На жаль, крызіс, выкліканы эпідэміяй COVID-19, стварыў добрую глебу для распаўсюджвання дэзынфармацыі не толькі ў краінах Усходняга партнёрства, але і ва ўсім свеце, у тым ліку ў Еўрапейскім Саюзе і ЗША.

Непраўдзівая інфармацыя і тэорыі змовы незалежна ад таго, ці распаўсюджваюцца яны наўмысна, каб напалохаць людзей, або абсалютна шчыра – ад знаёмага да знаёмага, выкарыстоўваюць нашы страхі і змушаюць мацней сумнявацца ў неабходнасці прышчапіцца.

Людзі атрымліваюць недакладную інфармацыю са СМІ, падчас асабістых зносінаў або з сацсетак. Але ўсё часцей інфадэмію падсілкоўваюць менавіта сацыяльныя сеткі. Прасоўваючы папулярныя допісы, алгарытмы сацыяльных сетак фактычна дапамагаюць хлуслівай інфармацыі хутчэй распаўсюджвацца і ахопліваць больш карыстальнікаў.

Праект EUvsDisinfo, галоўны інструмент ЕС па барацьбе з дэзынфармацыяй, рэгулярна адсочвае і аналізуе распаўсюджванне дэзынфармацыі пра прышчэпкі і яе ўплыў на грамадскую думку і развейвае міфы.

Каманда EUvsDisinfo склала рэкамендацыі, як камунікаваць з тымі, хто скептычна ставіцца да вакцынаў і распаўсюджвае пра іх непраўдзівую інфармацыю. Дапаможнік раіць захоўваць спакой, праяўляць разуменне, знаходзіць агульную мову, звяртацца да надзейных крыніцаў інфармацыі і мысліць крытычна.

Акрамя вакцынацыі якія яшчэ ініцыятывы дапамагаюць змагацца з крызісам COVID-19?

Еўрапейскі саюз ужо выдзеліў больш за 2,5 млрд еўра на неадкладную дапамогу, падтрымку нацыянальных сістэм аховы здароўя і сацыяльна-эканамічнае аднаўленне краін Усходняга партнёрства.

ЕС сумесна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў межах ініцыятывы «Салідарнасць у імя здароўя» не толькі пастаўляе вакцыны, але і падтрымлівае сферу аховы здароўя праз пастаўкі медыцынскага абсталявання і сродкаў індывідуальнай абароны. Ужо было перададзена больш за 11 млн адзінак сродкаў індывідуальнай абароны, 12 тысяч лабараторных камплектаў, больш за 1500 апаратаў ШВЛ, канцэнтратараў кіслароду і пульсаксіметраў, а таксама больш за 20 тысяч тэстаў ПЛР.

На падтрымку найбольш уразлівых групаў насельніцтва ЕС выдзеліў больш за 11 млн еўра. Гранты да 60 тыс. еўра даюцца арганізацыям грамадзянскай супольнасці ў рамках Праграмы салідарнасці Усходняга партнёрства падчас COVID-19. Гэтыя сродкі ідуць на арганізацыю дыстанцыйнага навучання ў мясцовых школах, дапамогу жанчынам, якія страцілі працу, або дастаўку прадуктаў харчавання людзям сталага ўзросту і інвалідам. Другая праграма – «COVID-19: устойлівасць і развіццё грамадзянскай супольнасці» – падтрымлівае грамадзянскую супольнасць у аказанні неабходнай дапамогі найбольш уразлівым пластам насельніцтва, а СМІ – у змаганні з дэзынфармацыяй пра пандэмію.

У гэты выключна цяжкі час ЕС таксама дапамагае выжыць малому бізнесу. У цесным супрацоўніцтве з фінансавымі ўстановамі з краінаў ЕС і глабальнымі інстытутамі ЕС робіць больш даступнымі крэдыты ў мясцовай валюце для малога бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў, дапамагае ім падаць заяўкі на гранты для развіцця бізнесу. Гэтая падтрымка ажыццяўляецца праз ініцыятыву EU4Business. Зайдзіце на сайт EU4Business, каб даведацца, як ЕС падтрымлівае прадпрыемствы ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і ва Украіне падчас пандэміі COVID-19.

Еўрапейскі фонд устойлівага развіцца выдзяліў 500 млн еўра для забеспячэння фінансавай ліквіданасці ў рэгіёне Усходняга партнёрства.  Еўрапейскія фінансавыя інстытуты, такія як Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, згулялі ключавую ролю ў падтрымцы бізнесу ў выглядзе крэдытаў. Гэтыя банкі таксама інвеставалі ў падтрымку сістэм аховы здароўя, павышэнне эканамічнай устойлівасці, лічбавізацыю і зялёныя тэхналогіі. Гэтыя сродкі пайшлі на экстранную падтрымку краін Усходняга партнёрства і на доўгатэрміновыя праекты, якія забяспечаць устойлівае аднаўленне пасля пандэміі.

Убудаваць
The recommended iFrame size is 100% width and 750px height


САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ


Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС") на 2020-2024 гады. Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні і Службы знешніх дзеянняў ЕС. Праект рэалізуецца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,